4 жніўня ў гродзенскай катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя адзначылі 360-ю гадавіну знаходжання ў Гродне абраза Маці Божай Кангрэгацкай, Апякункі студэнтаў і Заступніцы города над Нёманам.
Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, урачыстую цэлебрацыю святой Імшы з гэтай нагоды ўзначаліў у катэдральным касцёле Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Разам з ім маліліся біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй.
Жыхары і госці горада сабраліся на Эўхарыстыі, каб на ўзор папярэдніх пакаленняў даверыць Богу свае штодзённыя клопаты дзякуючы дапамозе нябеснай Заступніцы.
Перад Імшой было здзейснена благаслаўленне адрэстраўраванага аргана катэдры. Рэстаўрацыя працягвалася два з паловай гады.
Урачыстасць упрыгожыў спевам хор «Vox Domini» («Голас Пана») гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля.
На пачатку Эўхарыстыі была прачытана гісторыя з’яўлення абраза ў гродзенскай катэдры.
Ікона Маці Божай Кангрэгацкай, якую называюць таксама Студэнцкай, выканана на медным лісце памерамі 22 на 17 см. З’яўляецца барочным спісам з іконы Маці Божай Снежнай з рымскай базылікі Святой Марыі Вялікай.
Абраз быў прывезены з Рыма ў першай палове XVII стагоддзя правінцыялам айцоў дамініканаў і пазней падораны канцлеру ВКЛ Альбрэхту Станіславу Радзівілу.
Потым быў уласнасцю Войцеха Жэляроўскага, уладальніка сядзібы Кульбакі каля Гродна, які падараваў яе кангрэгацыі студэнтаў пры гродзенскім езуіцкім калегіюме. Са жніўня 1664 года абраз урачыста перанеслі ў гродзенскі езуіцкі касцёл святых Пятра і Паўла. З гэтага часу Маці Божую на абразе сталі называць Кангрэгацкай ці Студэнцкай і лічыць Апякункай студэнцкай моладзі і горада Гродна. У 1686 годзе абраз быў прызнаны цудадзейным. У 1705 годзе ён быў усталяваны ў студэнцкай капліцы новазбудаванага Фарнага касцёла, дзе і знаходзіцца дагэтуль. 28 жніўня 2005 года з дазволу Папы Яна Паўла II абраз быў каранаваны.
У гаміліі на Імшы арцыбіскуп Станеўскі нагадаў, што з часу знаходжання абраза ў Гродне дзякуючы матчынай апецы Панны Марыі здзяйсняліся цуды фізічнага і духоўнага аздараўлення. Іерарх дадаў, што аб тым, колькі ласкаў атрымалі жыхары горада і наваколля праз заступніцтва Найсвяцейшай Маці, сведчаць шматлікія вотумы вакол абраза.
Па словах арцыбіскупа, Маці Божая і сёння спяшаецца дапамагаць кожнаму, а Яе любоў выяўляецца рознымі спосабамі.
Напрыканцы Эўхарыстыі біскупы памаліліся перад цудадзейным абразом.
Пробашч катэдральнай парафіі ксёндз канонік Ян Кучынскі падзякаваў удзельнікам літургіі за прысутнасць і супольную малітву. Святар выказаў асаблівую падзяку рэстаўратарам аргана: Аляксандру Бурдзялёву, Мікалаю Лёлю і яго сынам, ахвярадаўцам, з чыёй дапамогай адбылася рэстаўрацыя, а таксама парафіянам.
Пасля на аргане былі выкананы творы духоўнай і класічнай музыкі.