Пошук

20.09.2024 11:03   Паводле: Vatican News BY / Catholic.by
Фота: Vatican News BY

16 і 17 верасня ў Ватыкане адбывалася гашэнне паштовай маркі, прысвечанай 360-годдзю знаходжання ў Гродне цудадзейнага абраза Маці Божай Кангрэгацкай (Студэнцкай).

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Ватыкан сумесна з Беларуссю выпусціў паштовую марку, прысвечаную абразу Маці Божай, які захоўваецца ў катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне.

У XVII стагоддзі копія рымскага абраза Маці Божай Снежнай з базылікі Святой Марыі Вялікай была ахвяравана кангрэгацыі студэнтаў езуіцкага калегіюма. З тых часоў не толькі студэнты, але і многія вернікі з Гродна і ваколіц пачалі ўшаноўваць Маці Божую Кангрэгацкую ў якасці сваёй заступніцы.

У 1664 годзе абраз быў урачыста перанесены ў езуіцкі касцёл святых Пятра і Паўла ў Гродне, а з пачатку XVIII стагоддзя захоўваецца ў асобнай капліцы фарнага касцёла, цяперашняй катэдральнай базылікі.

28 жніўня 2005 года, з дазволу Святога Пасаду, абраз быў урачыста каранаваны папскімі каронамі. Менавіта ў такім выглядзе ён і адлюстраваны на сумеснай беларуска-ватыканскай паштовай марцы, гашэнне якой адбывалася ў Ватыкане 16 і 17 верасня.

Кошт маркі складае 1,30 еўра. Наклад: 99 тысяч.

Гашэнне беларускага аналага маркі, намінал якой «Р» адпавядае тарыфу на перасылку міжнароднай простай пісьмовай карэспандэнцыі (лістоў, бандэроляў) масай да 20 грамаў, уключна з прыярытэтнай, адбывалася 16 верасня ў гродзенскай катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя з удзелам Апостальскага нунцыя Антэ Ёзіча. Яно стала апошнім афіцыйным мерапрыемствам у Беларусі з удзелам ватыканскага дыпламата, які завяршыў сваю місію ў нашай краіне і 19 верасня вылецеў на месца новага служэння ў Грузіі і Арменіі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця