Пошук

17.09.2024 09:09   Паводле: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Grodnensis.by / Відэа: Grodnensis.by / Catholic.by

16 верасня ў катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне адбылося ўрачыстае гашэнне паштовай маркі, прысвечанай цудадзейнаму абразу Маці Божай Кангрэгацкай, або Студэнцкай, які ўжо больш за тры з паловай стагоддзі ўшаноўваецца ў горадзе над Нёманам.

Як адзначае Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, марка была сумесна выпушчана Рэспублікай Беларусь і Ватыканам.

Яе гашэнне стала апошнім афіцыйным мерапрыемствам у Беларусі з удзелам Апостальскага нунцыя Антэ Ёзіча, які завяршыў сваё амаль чатырохгадовае служэнне ў нашай краіне і ў бліжэйшыя дні скіруецца на новую місію ў прадстаўніцтве Святога Пасаду ў Грузіі і Арменіі.

У мерапрыемстве ўдзельнічалі старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, сакратар Апостальскай нунцыятуры ў Мінску ксёндз прэлат Кшыштаф Сэрокa, які да прызначэння новага нунцыя будзе выконваць абавязкі Часовага паверанага ў справах Святога Пасаду ў Беларусі, духавенства, кансэкраваныя асобы, студэнты Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

Сярод запрошаных гасцей былі намеснік Міністра замежных спраў Беларусі Юрый Амбразевіч і намеснік Міністра сувязі і інфарматызацыі Ганна Рабава. Прысутнічалі прадстаўнікi абласной і гарадской уладаў, а таксама Праваслаўнай Царквы і лютэранскай супольнасці Гродна.

Напачатку пробашч гродзенскай катэдральнай парафіі ксёндз канонік Ян Кучынскі пазнаёміў удзельнікаў з гісторыяй абраза Маці Божай Кангрэгацкай, пасля чаго з прывітальным словам да прысутных звярнуўся біскуп Кашкевіч. Пастыр Касцёла Гродзенскай дыяцэзіі падкрэсліў, што Гродна прыцягвае мноства людзей сваёй самабытнай гісторыяй.

«Шмат турыстаў і пілігрымаў застаецца пад вялікім уражаннем і ад наведвання нашай катэдральнай базылікі, у якой мы цяпер знаходзімся.

А сустрэча з Маці Божай Кангрэгацкай, якую называюць таксама Студэнцкай, пакідае ў сэрцы незвычайны спакой і радасць, заахвочвае чыніць дабро і будаваць мір у свеце», — сказаў біскуп, нагадаўшы, што сёлета адзначаецца 360-я гадавіна прысутнасці абраза Маці Божай Кангрэгацкай на Гродзеншчыне. Біскуп выказаў надзею на тое, што ўрачыстасць гашэння паштовай маркі з выяваю абраза «прычыніцца да яшчэ большага ўзрастання веры, адкрыцця на хрысціянскія каштоўнасці і любові да Бога ў нашым народзе».

Намеснік міністра Амбразевіч у сваім слове адзначыў, што Святы Пасад заўсёды быў надзейным партнёрам Рэспублікі Беларусь на міжнароднай арэне. Дыпламат нагадаў пра супольныя прыярытэты абодвух бакоў — імкненне да сацыяльнай справядлівасці і захаванне традыцыйных каштоўнасцяў — і выказаў надзею на далейшае развіццё двухбаковых адносін дзеля дабра ўсяго беларускага народа.

Нунцый Ёзіч у сваёй прамове назваў вялікім гонарам для сябе тое, што яго апошні афіцыйны візіт у якасці Апостальскага нунцыя ў Беларусі прысвечаны цудадзейнаму абразу Нябеснай Маці, які на працягу некалькіх стагоддзяў ахоўваў беларускі народ і дагэтуль застаецца мэтай пілігрымак для жыхароў не толькі Гродзеншчыны, але і ўсёй краіны.

Прадстаўнік Папы дадаў, што вельмі ўдзячны беларускай і ватыканскай поштам за ўвагу да гэтай святыні і да беларускіх вернікаў, якія яе ўшаноўваюць, а таксама за сумеснае выданне на беларускай і італьянскай мовах маркі, якая адлюстроўвае абраз Маці Божай Кангрэгацкай і паказвае веру беларускага народа.

Апостальскі нунцый падзякаваў прадстаўнікам уладаў Рэспублікі Беларусь за прысутнасць і за падтрымку гэтага супольна рэалізаванага праекта.

Сваю прамову нунцый Аніэ Ёзіч завяршыў такімі словамі:

«Я прашу Маці Божую, прадстаўленую ў цудадзейным Гродзенскім абразе, каб Яна ахоўвала гэты горад і натхняла ўвесь беларускі народ ісці за тымі каштоўнасцямі, якія ніколі не згасаюць, але нясуць збаўленне ўсяму чалавецтву».

Арцыбіскуп Станеўскі ў слове да прысутных заўважыў, што гродзенская катэдра доўгі час з’яўляецца месцам сустрэчы чалавека з Богам і чалавека з чалавекам. Старшыня ККББ выказаў упэўненасць у тым, што сумесная беларуска-ватыканская паштовая марка «разам з нашымі добрымі словамі і справамі паляціць, як голуб міру, на паштоўках і канвертах беларускай і ватыканскай поштаў, абвяшчаючы добрую вестку па ўсім свеце дзеля захавання міру і сяброўства між народамі».

Намеснік міністра Рабава падкрэсліла, што дзень, калі адбываецца гэтая памятная падзея, вельмі важны, напаўняе жаданнем адкрывацца на духоўнае і будаваць адзінства ў грамадстве.

Канверты першага дня з маркамі пагасілі спецыяльным штэмпелем усе, хто звярнуўся з прамовамі да ўдзельнікаў цырымоніі.

 

Абноўлена 17.09.2024 11:20
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа