Паштовая марка з выявай Дзевы Марыі Настаўніцы моладзі выйшла ў абарачэнне ў Польшчы з нагоды 75-годдзя аб’яўленняў Маці Божай у варшаўскіх Сякерках.
Сёння гэта варшаўскі раён Макотаў. Марку наміналам у 2,60 злотых можна набыць з 24 лютага.
Выяву Маці Божай на марцы намалявала Марыя Валенберг-Клюзе. Мастачка — аўтар дзвюх выяў, якія паказваюць Дзеву Марыю ў Сякерках, а таксама супольнае аб’яўленне Марыі і Езуса.
Абраз Маці Божай яна намалявала згодна з аб’яўленнямі, якія атрымала Уладзіслава Папіс (Фрончак) 8 верасня 1943 года.
Візіянерка апісала тую падзею наступным чынам: «Я пабачыла Найсвяцейшую Маці, але як жа Яна па-іншаму выглядала! Ёй было каля 40 гадоў. На белую сукенку ў Яе быў накінуты каралеўскі плашч валошкавага колеру, які быў аздоблены залатым кантам. На руцэ Яна трымала Дзіцятка ў белай сукенцы. У Яе былі валасы каштанавага колеру, а на галаве — карона. Дзіцятка таксама мела карону. Ад Яе постаці прамяніліся павага і веліч. Гэта была Валадарка. Яна глядзела на нас з любоўю, усміхалася».
Аб’яўленні Найсвяцейшай Панны Марыі і Езуса Хрыста, сведкай якіх у дзяцінстве была Уладзіслава Фрончак, адбываліся з 3 мая 1943 г. да 15 верасня 1949 г. Яны далі пачатак асабліваму культу Маці Божай на варшаўскіх Сякерках.
З самага пачатку тых падзей жыхары Варшавы збіраліся ў месцы аб’яўленняў на супольную малітву.
У 1980 годзе кардынал Стэфан Вішыньскі даручыў апеку над месцам аб’яўленняў разам з капліцай ордэну айцоў піяраў, якія маюць харызму апекі і выхавання дзяцей і моладзі, асабліва бедных, у духу мудрасці і пабожнасці.