Міжнародная дыяконія евангелізацыі і вызвалення «Каштоўная пярліна» руху «Святло-Жыццё» 22 студзеня зладзіла ў Мінску евангелізацыйны канцэрт.
З падобнай ініцыятывай удзельнікі супольнасці выступілі не ўпершыню. Папярэдні падобны канцэрт адбыўся паўтара гады таму ў мінскім касцёле святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл).
Як адзначаюць арганізатары, пасля гэтага было вялікае запатрабаванне ад людзей, каб зрабіць чарговы канцэрт. Звычайна гэта экуменічныя канцэрты, у якіх бяруць удзел выканаўцы з розных хрысціянскіх канфесій, таксама і публіка.
На канцэрты трапляюць і тыя, хто яшчэ не прыйшоў да сталай веры, таму гэта — выдатная нагода, каб у нязмушанай, прыязнай атмасферы распавесці ім пра Божую любоў праз спевы і сведчанні тых, хто яе адчуў у сваім жыцці.
У суботнім канцэрце прагучалі спевы ў выкананні Ядзі Багдановіч з гуртом El'Quint, гурта «Супольнасці Нябеснага Айца», Валянціна з царквы «Гефсіманія» і Уладзіслава з царквы «Збаўленне», Юлі Фраловай з Уладзікам Петрашкевічам. Падчас канцэрту былі моманты супольнай малітвы праслаўлення і падзякі. Напрыканцы ўсе прысутныя разам памаліліся за Айчыну.
Арганізатары плануюць праводзіць падобныя канцэрты часцей, каб спяваць разам для Хрыста, праслаўляць Яго і дзяліцца Ягонай любоўю з іншымі. Зацікаўленыя ў тым, каб узяць удзел у наступных евангелізацыйных канцэртах, могуць звязацца з арганізатарамі па тэлефоне:
+375 (29) 570 87 48 — Юлія Фралова