Пошук

27.06.2024 09:25   Тэкст: Дамінік Запаснік / Фота: Юрый Ціхановіч / Catholic.by

22 чэрвеня ў крыпце Святога Дамініка і біскупа Віта, што нядаўна была адкрыта пасля рэстаўрацыі ў сутарэннях касцёла святога Арханёла Міхала ў Навагрудку (Гродзенская дыяцэзія), адбыўся канцэрт.

Творы барочнай музыкі эпохі Рэнесенсу выканаў на спінэце вядомы клавесініст Дзмітрый Зубаў. На культурнае мерапрыемства ў навагрудскай святыні сабралася вялікая колькасць ахвотных, многіх з якіх, на жаль, невялікая крыпта не змагла змясціць.

Канцэрт адбыўся ў межах арганнага фестывалю «Ars Magna Organi», які з чэрвеня па кастрычнік праходзіць у святынях Пінскай і Гродзенскай дыяцэзій, і быў прысвечаны юбілею 400-годдзя касцёла святога Арханёла Міхала ў Навагрудку, што адзначаецца сёлета.

Выканаўца сольнага канцэрта Дзмітрый Зубаў пэўны час быў галоўным дырыжорам Дзяржаўнага камернага аркестра Рэспублікі Беларусь, дырыжорам Нацыянальнага акадэмічнага вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, а таксама галоўным запрошаным дырыжорам філармоніі.

З 2001 года кіруе заснаваным ім ансамблем старажытнай музыкі «Камерныя салісты Мінска», які спецыялізуецца на выкананні музыкі эпохі барока, галантнага стылю і ранняй класікі. Музыкант вядзе актыўную дзейнасць як клавесініст, выступаючы як у камерных ансамблях, так і ў якасці саліста. У яго рэпертуары, сярод іншага, Першая і Другая часткі «Добра тэмпераванага клавіра» і «Гольдберг-варыяцыі» Ёгана Себасцьяна Баха.

 

Абноўлена 27.06.2024 09:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця