Пошук

29.04.2024 09:37   Тэкст і фота: Дамінік Запаснік / Catholic.by

27 красавіка пры касцёле святога Арханёла Міхала ў Навагрудку (Гродзенская дыяцэзія) адбылося ўрачыстае адкрыццё і пасвячэнне крыпты-капліцы святога Дамініка і біскупа Віта, адноўленай мясцовымі вернікамі разам з іх пробашчам, ксяндзом Юрыем Жэгарыным.

Падзея была прымеркавана да юбілею 400-годдзя навагрудскага касцёла святога Арханёла Міхала, які адзначаецца сёлета. Урачыстасць узначаліў біскуп намінат Уладзімір Гуляй. Святакаванне пачалося са святой Імшы, якая сабрала навагрудчан і гасцей з розных куткоў Беларусі. У прамоўленай гаміліі біскуп намінат заклікаў вернікаў «абудзіць у сэрцах жаданне прыняць сённяшняе слова і прасіць Святога Духа, каб вёў да больш поўнага разумення Божага слова».

Святар, які 25 мая прыме біскупскае пасвячэнне, заахвоціў кожнага з прысутных задаць сабе пытанне: «Ці я ведаю Езуса? Што я ведаю пра Езуса, акрамя асноўных ведаў па катэхізісе? Ці магу я расказаць пра Яго таму, хто ніколі пра Яго не чуў?..»

Прапаведнік таксама заахвоціў звярнуць увагу на досвед веры адносна прысутнасці Божай у жыцці, адзначыўшы, што Езус, шукае кожнай магчымасці дастукацца да сэрца сваіх дзяцей.

 

Біскуп намінат падкрэсліў, што неабходна зрабіць грунтоўны рахунак сумлення, ці не занядбоўваецца заданне, акрэсленае самім Хрыстом, каб абвяшчаць Добрую Вестку ў сучасным свеце. «Часам мы скардзімся на сённяшні „бязбожны свет“, можа, паказваем пальцам на людзей, якія жывуць не ў адпаведнасці з этычнымі прынцыпамі. Аднак мы не задумваемся, чаму яны не вераць ці чаму занядбалі сваё жыццё. Насамрэч гэтыя людзі не столькі „няверуючыя“, колькі „тыя, хто не ведае“. Яны не ведаюць праўдзівага Бога; яны не бачылі твару міласэрнасці і любові ў сваім жыцці. Чалавек, які ведае сапраўднае аблічча Бога, не можа адмовіцца ад Яго. Чалавек, які спазнаў і ведае, што такое любоў, не можа не жадаць цалкам пагрузіцца ў яе.

Нашыя сэрцы і ўчынкі могуць і павінны выклікаць у іншых прагненне Бога, прагненне пазнаць сапраўднае аблічча Айца», — сцвердзіў прамоўца.

На заканчэнне гаміліі біскуп намінат Гуляй заахвоціў прысутных «адкрыцца на Духа Божага і дазволіць Яму перамяніць нас у жывую „копію“ Езуса».

Пасля святой Імшы святары і вернікі перайшлі ў крыпту-капліцу, дзе спевам парафіяльнага хора распачалася другая частка мерапрыемства: урачыстае адкрыццё для наведвання гэтага гістарычнага месца.

Біскуп намінат прачытаў малітву пасвячэння і падзякаваў пробашчу і вернікам за грунтоўна зробленую працу і прыкладзеныя намаганні.

У мерапрыемстве ўрачыстага адкрыцця ўзялі удзел прадстаўнікі мясцовай улады на чале з начальнікам аддзела ідэалагічнай працы і па справах моладзі Навагрудскага райвыканкама Наталляй Жышко, якая выказала задавальненне ад таго, што гораду падораны яшчэ адзін вельмі важны гістарычны, культурны і духоўны аб’ект.

На заканчэнне вядомы беларускі мастак-графік, кніжны ілюстратар Павел Татарнікаў прадставіў удзельнікам урачыстасці мапы-рэканструкцыі горада Навагрудка з розных часовых эпох — вынік сваёй шматгадовай даследчыцкай і творчай працы. Свае працы ён перадаў у дар касцёлу святога Арханёла Міхала.

Крыпта-капліца святога Дамініка і біскупа Віта размешчана ў найстарэйшай частцы касцёла, пабудаванай чатыры стагоддзі таму. У ёй знаходзяцца пахаванні манахаў дамініканаў, а таксама фундатараў касцёла — сям’і Хрыстафора Хадкевіча. У адной з ніш крыпты была змешчана копія вядомага гістарычнага артэфакта — келіха святой Ядзвігі, а таксама многія гістарычныя рэчы з фондаў парафіі святога Арханёла Міхала ў Навагрудку.

Навагрудскай зямлі быў вернуты адзін з самых старых некропаляў у Беларусі і падорана ўнікальная ў пэўным сэнсе культурна-духоўная прастора.

Невыпадкова гэтае месца было аддадзена пад асаблівае заступніцтва святога Дамініка і біскупа Віта. Святы Дамінік — заснавальнік дамініканскага ордэна, духоўныя сыны якога прычынiлiся да ўзвядзення гэтай святыні, кляштара, школы і крыпты ў Навагрудку. Яны захавалі і памножылі культурнае і духоўнае багацце гэтай зямлi. Складана пераацаніць іх значэнне, разумеючы, што менавіта яны далі выхаванне і адукацыю Адаму Міцкевічу, прызнанаму ўсім светам літаратурным геніем XIX стагоддзя.

Другім заступнікам гэтага месца з’яўляецца біскуп Віт, таксама дамініканец, якi ўвайшоў ў гісторыю як першы біскуп гэтых земляў, які клапаціўся пра духоўнае развіццё нашых продкаў у тыя далёкія часы. Ён быў верным духоўным сынам святога Дамініка і блiзкiм супрацоўнікам святога Яцэка. Пасля сваёй смерці біскуп Віт застаўся ў памяцi тутэйшых людзей як заступнік усіх, хто з верай просіць яго аб хадайніцтве перад Богам. Біскуп Віт, паводле меркаванняў гісторыкаў, у сярдзіне ХІІІ стагоддзя быў тым, хто ахрысціў Міндоўга і пашыраў хрысціянства на гэтых землях. Ён заснаваў першае біскупства, касцёл і кляштар дамініканаў у Любчы на Навагрудчыне.

             
Абноўлена 17.05.2024 14:07
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця