Пошук

06.10.2026 19:20   Фота: Таццяна Дуенкова, Рыта Ляховіч / Catholic.by

3 кастрычніка ў Магілёве адбыўся юбілейны Х Ружанцовы кангрэс, мэтай якога з’яўляецца пашырэнне Ружанцовай малітвы сярод вернікаў, а таксама паглыбленне іх хрысціянскай фармацыі ў цэлым.

У Кангрэсе прыняло ўдзел 16 святароў, 4 законныя сястры і каля 170 чалавек з 14 парафій усіх дыяцэзій Беларусі, а таксама вернікі Грэка-каталіцкай Царквы. Узначаліў юбілейны Кангрэс Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Гаспадаром і мадэратарам Кангрэса быў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. Быў прысутны таксама новапрызначаны Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў Беларусі айцец студыт Лявонцій Тумоўскі.

У гэтым годзе адказнасць за змест кангрэса ўзялі на сябе айцы кармэліты. Яны адкрылі прысутным значэнне блізкіх адносін з Марыяй, Маці Езуса Хрыста і нашай Маці, для фарміравання ў верніках хрысціянскага духу.

Дакладчыкі-айцы кармэліты прадставілі гэта на прыкладзе вядомых кармэліцкіх святых: святой Тэрэзы ад Езуса, святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса, святога Яна ад Крыжа і святога Рафала Каліноўскага.

Айцец Юрый Находка ОСD у сваім дакладзе паказаў, што святая Тэрэза ад Езуса ставілася да Марыі як да Маці ў сваім асабістым жыцці, а потым зрабіла Марыю Настаяцельніцай у лявонційжыцці новых, рэфармаваных кляштараў. Такім чынам святая Тэрэза здяйсніла справу аднаўлення духоўнага жыцця ў ордэне.

Айцец Пётр Фроштэга ОСD праз гісторыю жыцця святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса аргументаваў, што беднасць у розных аспектах, якую чалавек заўважае ў сабе, не пазбаўляе яго Божай любові, а, наадварот, робіць яго гатовым хутчэй прыняць Божую ласку і прыносіць прыгожы плён любові да Бога.

Айцец Андрэй Авен ОСD пры дапамозе фрагментаў твораў святога Яна ад Крыжа пераконваў прысутных, што «цёмная ноч» у духоўным жыцці хрысціяніна не з’яўляецца знакам яго няўмеласці ці граху, але неабходным крокам на шляху развіцця душы ў працэсе прыпадабнення да Марыі і Езуса.

Айцец Аркадзь Куляха ОСD прадставіў постаць святога Рафала Каліноўскага як апекуна і заступніка тых, хто ў наш час змагаецца з цяжкасцямі ў веры. Менавіта ён, нягледзячы на крызыс веры ў маладосці, маючы ў сваім сэрцы прывязанасць да Марыі, пад Яе апекай перамог сумненні і, уступаючы ў зрэлым узросце ў ордэн Кармелітаў, дайшоў да святасці праз вернасць штодзённым абавязкам, якія ён вырашыў зрабіць сваім дарам для Бога.

Айцы кармэліты падрыхтавалі таксама разважанні да 20-і ружанцовых таямніцаў, выкарыстоўваючы ў іх думкі і выказванні гэтых чатырох вялікіх святых Кармэлю. Разважанні змяшчаюцца ў адну невялікую кніжку, якую дзякуючы каталіцкаму выдавецтву «Про Хрысто» атрымалася надрукаваць і падарыць усім удзельнікам Кангрэсу.

«Мы верым, што словы, як пачутыя ў дакладах, так і змешчаныя ў разважаннях, будуць яшчэ доўга карміць нас і дапамагаць нам у духоўным узрастанні. Чакаем Вас, тых, хто прысутнічаў, і новых удзельнікаў кангрэсу праз год у кастрычніку 2027 года ў Магілёве»,

— запрашае айцец Браніслаў Дашкевіч OP, прадстаўнік аргкамітэта Кангрэса.

Абноўлена 06.10.2026 20:58
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця