Пошук

22.07.2017 15:42   а. Андрэй Авен OCD / Catholic.by

«...І ў час жніва я скажу жняцам: збярыце спачатку каласоўнік і звяжыце яго ў пучкі, каб спаліць; а пшаніцу збярыце ў гумно маё»

Дарагія браты і сёстры!

У Святым Пісанні, а асабліва ў Новым Запавеце, сімвалы і знакі, якія Езус адкрывае сваім вучням, вельмі часта становяцца зразумелымі як знакі канца свету.

Зрэшты, сённяшняя прыпавесць не выключэнне. Аднак габрэі былі вельмі прывязаныя да Ерузалемскай святыні. Без яе нават не ўяўлялі свайго рэлігійнага жыцця. Яны ганарыліся ёй, лічылі яе домам Божым. Святыня гарантавала ім Божае благаслаўленне і дабрабыт.

І ведаеце, усё было б добра, каб не памылка, якая заключалася ў празмернай прывязанасці габрэяў да Ерузалемскай святыні: у нейкі момант яны пачалі лічыць, што іх святыня сама па сабе з’яўляецца гарантам і бяспекай, што абароніць выбраны народ ад ворага. Памылка ў тым, што не моцны давер і надзея на Бога, а толькі само існаванне святыні служыла для многіх габрэяў пачуццём бяспекі.

У гэтым і заключаўся трагізм тагачасных габрэяў, і не толькі іх, бо сродак палічылі за мэту, а сімвал пераблыталі з тым, што ён павінен сімвалізаваць. Таму свой давер мелі не столькі ў Богу, колькі ў справах рук сваіх, якія атаясамлялі з Богам. Аднак, дарагія браты і сёстры, толькі сапраўдная жывая вера дае чалавеку доступ да Бога і гарантуе Яго апеку. Без веры, мае дарагія, ані святыня, ані касцёлы, ані святыя абразы, ані нават малітва і сакрамэнты не маюць збаўчага значэння. Належыць пра гэта памятаць, каб не трапіць у пастку фармалізму ці рэлігійнага магізму.

Магчыма, аб гэтым думаў Езус, калі перасцерагаў сваіх вучняў ад рознага роду падману і хлусні. Менавіта ад таго, што людзі ад Імя Бога направа і налева раскідваюцца пустымі абяцаннямі, сумніўнымі аб’яўленнямі, фальшывай інтэрпрэтацыяй Божага слова, зманлівымі цудамі і г. д. Асабліва сёння, у наш час, існуе шэраг шматлікіх сектаў, якія базуюцца на здабыванні грошай. У эпоху нігілістычнай філасофіі, чалавеказгубнай ідэалогіі, фальшывага містыцызму вельмі лёгка згубіць веру. Дарэчы, гэты падман пагражае свету не толькі сёння — заўсёды так было. Хоць, можа, тады не выкарыстоўваліся такія тэхнічныя магчымасці як цяпер. Аднак, не ў тэхніцы справа, але ў ашуканстве.

Бо ўсе падобныя ідэалогіі і сродкі служаць толькі аднаму: каб ашукаць чалавека, адцягнуць яго ад Бога, зацягнуць у няволю. І гэта вельмі проста зрабіць, калі замест веры, асабістай сувязі з Богам, чалавек прывязваецца да сваіх уяўленняў, вобразаў Бога. На жаль, вельмі часта гэтыя вобразы супярэчаць таму, аб чым навучае Касцёл і Традыцыя.

Езус звяртаў вялікую ўвагу на навучанне, падкрэсліваючы важнасць трывання ў супольнасці Касцёла. Ён сам асабіста, а таксама праз сваіх вучняў, праводзіў шмат часу, абвяшчаючы Божае слова, навучаючы, молячыся. Вялікую колькасць часу праводзіў разам з апосталамі і вучнямі, тлумачачы ім сваю навуку. Калі казаў пра Святога Духа, то перадусім дзеля таго, каб гарантаваць Касцёлу вернасць праўдзе. Бо Езус ведаў, што ад правільнага мыслення залежаць правільныя ўчынкі.

Дарагія! Праўда можа трываць толькі ў супольнасці, ажыўленай Святым Духам. Вернасць праўдзе вельмі складаная ў тым выпадку, калі чалавек адзін. Супольнасць людзей, якія аднолькава думаюць, якія маюць адно да аднаго давер, звязаныя адзін з адным. Такая супольнасць дае чалавеку сілу. І гэта з’яўляецца першым заданнем Касцёла: збіраць людзей у адно, каб даваць ім сілу. Толькі не палітычную ці грамадскую, але сілу веры, малітвы, братэрства, сілу вернасці.

Гэта не сіла, скіраваная супраць кагосьці, але сіла, скіраваная да Бога, да праўды і дабра. Невыпадкова большасць апакаліптычных знакаў, якія абвяшчаюць апошнія часы, заснаваны на вобразе знішчэння адносін між людзьмі і народамі, на ўзнікненні недаверу і нянавісці ў сем’ях, грамадствах, народах. Адзіны паратунак — гэта застацца верным праўдзе і любові. А Касцёл нам служыць у гэтым дапамогай. Не губляйма гэтага шансу! Амэн.

Абноўлена 04.06.2020 22:53
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця