Пошук

07.05.2024 08:33   Тэкст: Лаліта Арлоўская / Catholicnews.by / Фота: Васіліна Аўчыннікава / Catholicnews.by

4 мая ў Віцебску прайшоў фінал конкурсу на веданне Святога Пісання. Месцам яго правядзення ўжо традыцыйна стаў катэдральны касцёл Езуса Міласэрнага.

Як паведамляецца на сайце Catholicnews.by, сёлета ўдзельнікам была прапанавана наступная тэма конкурсу: «Цуды Езуса Хрыста ў Евангеллях», а старэйшая катэгорыя была пашырана да 17-і гадоў. «Неаднойчы катэхеты прасілі пашырыць узроставую катэгорыю ўдзельнікаў.

Што датычыцца тэмы конкурсу, цуды Езуса паказваюць дзейнасць Езуса Хрыста на зямлі, таму павінны наблізіць чытача да Яго асобы. Да таго ж цуды вельмі вобразна апісаныя ў Евангеллях, іх лягчэй запомніць», — кажа сястра Марыя Шамовіч BDNP, дырэктар катэхетычнага аддзела, арганізатар конкурсу.

Перад урачыстым адкрыццём конкурсу ўдзельнікі сабраліся на святой Імшы, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Напачатку іерарх прывітаў прысутных святароў, катэхетаў, дзяцей і моладзь і пажадаў поспехаў удзельнікам конкурсу, дадаўшы: «Памятайце, вы ўжо пераможцы».

Потым біскуп падзякаваў арганізатарам конкурсу: Нацыянальнаму Caritas і яго дырэктару ксяндзу каноніку Андрэю Аніскевічу, Віцебскаму Caritas і яго дырэктару ксяндзу Аляксандру Сапелю SDS, сястры Марыі Шамовіч BDNP, сястры Мажэне Вельгус BDNP і іншым. Пастыр таксама падзякаваў катэхетам за добрую падрыхтоўку ўдзельнікаў.

У прамоўленай гаміліі біскуп Буткевіч яшчэ раз павіншаваў удзельнікаў з распачаццем фіналу конкурсу і пажадаў ім, каб набытыя веды не толькі дапамаглі перамагчы, а кранулі сэрца і засталіся ў іх жыцці на доўгія гады.

Пасля святой Імшы ўдзельнікі сабраліся на падворку каля касцёла, дзе адбылося адкрыццё фіналу конкурсу. Вядучая прывітала канкурсантаў, іх душпастыраў і катэхетаў, а таксама прадставіла журы. Падчас адкрыцця ўдзельнікі былі азнаёмленыя з правіламі конкурсу.

Конкурс праходзіў у два этапы. Першы этап доўжыўся 45 хвілін, на працягу якіх кожны ўдзельнік мог атрымаць 30 балаў. Пасля таго, як работы першага этапу былі правераныя, журы адабрала па сем лепшых работ удзельнікаў з кожнай катэгорыі, якія былі дапушчаныя да другога этапу. Другі этап доўжыўся 30 хвілін, і на ім можна было набраць 10 балаў. Пасля таго, як усё было праверана, пачалася няпростая і адказная праца вызначэння пераможцаў.

У вольны час удзельнікі конкурсу забаўляліся гульнямі і танцамі на двары.

Цікавыя забавы і конкурсы арганізавалі сястра Мажэна Вельгус разам з моладдзю віцебскай парафіі святога Антонія.

Пасля другога этапу і кароткага перапынку пачалася цырымонія ўзнагароджвання. Кожны ўдзельнік фіналу атрымаў з рук біскупа Алега Буткевіча дыплом і прыз. Без увагі не засталіся і катэхеты, якія на працягу ўсяго года рыхтавалі ўдзельнікаў. Нарэшце былі аб’яўлены пераможцы.

Пераможцамі ў I катэгорыі (да 11 гадоў) сталі:

  • 1 месца: Мілана Роман, парафія Маці Божай Ружанцовай ў мястэчку Ракаў (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія);
  • 2 месца: Андрэй Чучкоў, парафія святога Уладзіслава у Віцебску;
  • 3 месца: Андрэй Хілько, парафія святога Яна Хрысціцеля ў Мінску;

Пераможцамі ў II катэгорыі (да 17 гадоў) сталі:

  • 1 месца: Паліна Сіняўская, парафія Святой Тройцы у Глыбокім;
  • 2 месца: Дар’я Якубовіч, парафія Нараджэння Маці Божай у Браславе;
  • 3 месца: Яна Кароль — парафія Нараджэння Маці Божай у Браславе.

Сваім уражаннем падзялілася пераможца конкурсу ў малодшай катэгорыі Мілана Роман:

«У гэтым годзе замест дзвюх кніг мы рыхтаваліся па чатырох, гэта было нашмат цяжэй. Канечне, я доўга рыхтавалася, але не чакала, што перамагу. Думала, можа, буду на трэцім месцы».

На заканчэнні ўсе ўдзельнікі, катэхеты і арганізатары сабраліся на прыступках касцёла, каб зрабіць агульнае фота.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.