Пошук

04.03.2024 11:55   Тэкст і фота: с. Алетэя (Ала Новік), кармэлітка Дзіцяткі Езуса / Catholic.by

У суботу 2 сакавіка ў кляштары сясцёр кармэлiтак Дзiцяткі Езуса ў Адамавічах (Гродзенская дыяцэзія, Сапоцкінскі дэканат) адбыўся дзень засяроджання для дзяўчат.

Тэмай сустрэчы стала запрашэнне «Адкрыць нанава сэрца Богу праз старонкі Апакаліпсісу».

Дзень засяроджвання — гэта аднаўленне, магчымасць зноў вярнуцца да Езуса, паразмаўляць з Ім пра тыя рэчы, якія так часта губляюцца ў мітусні і штодзённасці, і памаўчаць, калі гэта здаецца немагчымым.

Прыехаўшы на велікапосны дзень засяроджання ў адамавіцкі Кармэль, кожная з удзельніц прывезла ў сваім сэрцы тугу па зносінах з Богам.

Каб паразважаць на духоўныя тэмы, дзяўчаты звярнуліся да першых шасці раздзелаў кнігі Адкрыцця святога Яна Багаслова — Апакаліпсісу. Гэтая апошняя кніга Новага Запавету як ніякая іншая апісвае аднаўленне старога жыцця і яго перамяненне ў жыццё вечнае.

Як заўважыў духоўны кіраўнік, які праводзіў дзень засяроджання, «нам часцей за ўсё здаецца, што гэта кніга пра канец свету, але гэта далёка не так.

Разважаючы над радкамі Бібліі, мы адкрываем гісторыю не толькі чалавецтва, але і духоўнае жыццё кожнага з нас», — зазначыў святар.

Увага ўдзельніц асаблівым чынам была звернута на сем пячатак сэрца, пераадоленне якіх у Божай прысутнасці становіцца шляхам духоўнага ўзрастання: самота, нянавісць, спроба заслужыць падараванае нам шчасце, смерць, непрыняцце Божага Слова, хаос вакол і ўнутры чалавека…

Сёмую пячатку мае моц зняць толькі Бог: адбываецца аздараўленне Праўдай. Зняцце пячатак — гэта шлях пакут чалавечай натуры і балючага вызвалення ад эгаізму.

Падтрымкай на нялёгкім духоўным шляху становіцца прыклад устойлівасці і вернасці Хрыста Збаўцы. Праходзячы ў малітве Крыжовы шлях, несучы Яго Крыж у сваіх руках, сабраныя ў Адамавічах дзяўчаты стараліся знайсці адказы на многія пытанні: «Якая пячатка закрывае маё сэрца? што я гатовая ахвяраваць дзеля Праўды? ці я гатовая выйсці з натоўпу да Езуса?..»

Дзень засяроджання — гэта таксама час зносін адна з адной, з сёстрамі і духоўным кіраўніком. Гэта час радасці як ад простага знаходжання побач, так і ад глыбокай малітвы падчас Адарацыі. Дзень засяроджання ў Адамавічах — гэта выхад не толькі за межы горада, але і са свайго звычайнага стану душы.

 

Абноўлена 04.03.2024 12:02
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа