Пошук

22.10.2024 14:33   Тэкст і фота: с. Алетэя (Ала Новік), кармэлітка Дзіцяткі Езуса / Catholic.by

У суботу 19 кастрычніка ў кляштары сясцёр кармэлiтак Дзiцяткі Езуса ў Адамавічах (Гродзенская дыяцэзія, Сапоцкінскі дэканат) адбыўся дзень засяроджання для дзяўчат.

Тэмай восеньскай сустрэчы сталі словы, натхнёныя Святым Пісаннем: «Апрануцца ў стрыманасць, сціпласць і пабожнасць» (пар. 1 Цім 2, 9).

Эмоцыі і пачуцці — гэта неад’емная частка чалавечага жыцця, але нярэдка яны становяцца перашкодай у зносінах з Богам, у пазнанні сябе і іншых. Тады чалавек пачынае перажываць: «Езу, я зноў не адчуваю Тваёй прысутнасці…», «я не вартая Тваёй любові, таму што так часта злуюся…», «адчуваю апатыю, дзе Твая радасць?..» Менавіта над гэтым працавалі сабраныя на дзень засяроджання дзяўчаты.

Раскрываючы актуальную для іх тэму, духоўны кіраўнік патлумачыў, што няма дрэнных ці добрых, правільных ці няправільных эмоцый: усё, што Бог уклаў у нас, само па сабе добрае.

Але ёсць эмоцыі, якія цяжка перажываюцца; на іх і была звернута асаблівая ўвага.

Цэнтральная думка, вакол якой будаваліся разважанні, была такая, што нашыя эмоцыі — гэта не нашыя ворагі. Не варта ўцякаць ад іх ці, наадварот, празмерна на іх факусавацца. Эмоцыі — гэта індыкатар, які паказвае на «запаленчы працэс» у сэрцы; на тое, што варта змяніць, каб быць шчаслівым. Гэта нялёгка, але выйсце з розных складаных сітуацый, прабачэнне сябе ці іншага, стрыманасць, давер Богу, вучаць стала падыходзіць да перажыванняў і такім чынам вызваляюць.

Быў на дні засяроджання час для маўчання, малітвы, Адарацыі, шпацыра і дыялогу паміж дзяўчатамi.

Кожная з удзельніц старалася ў гэты дзень падумаць над сваімі эмоцыямі, паспрабаваць іх прыняць, была магчымасць абмеркаваць гэтую тэму. І хоць усе разумеюць, што гэта доўгі працэс, але дзяўчаты былі радасныя, таму што гэта яшчэ адна цудоўная дарога, якую можна прайсці з нашым нябесным Айцом.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця