Вынікі рэгістрацыі ўдзельнікаў на VІ Дыяцэзіяльны конкурс на веданне Святога Пісання, які арганізуе Катэхетычны аддзел Віцебскай дыяцэзіі, сведчаць пра тое, што мерапрыемства сёлета набыло агульнабеларускі маштаб.
Для ўдзелу ў конкурсе, які будзе прысвечаны тэме «Цуды Езуса Хрыста ў Евангеллях», зарэгістраваліся ахвотныя з усіх дыяцэзій Касцёла на Беларусі.
Як паведамляецца на сайце Catholicnews.by, першы, парафіяльны этап конкурсу адбудзецца 6 і 7 красавіка ў парафіях. Другі этап, дэканальны, пройдзе 20 і 21 красавіка ў дэканатах.
Фінал конкурсу адбудзецца 4 мая ў катэдры Езуса Міласэрнага ў Віцебску.
Удзельнікі будуць падзелены на дзве ўзроставыя катэгорыі: І катэгорыя — дзеці ад 7 да 11 гадоў уключна, ІІ катэгорыя —падлеткі ад 12 да 17 гадоў уключна.
Па выніках рэгістрацыі, у VI Дыяцэзіяльным конкурсе на веданне Святога Пісання выказалі жаданне ўдзельнічаць 337 ахвотных з усіх дыяцэзій Беларусі.
- Мінска-Магілеўская архідыяцэзія: 7 парафій, 87 удзельнікаў (І катэгорыя — 39 дзяцей, ІІ катэгорыя — 48 дзяцей).
- Гродзенская дыяцэзія: 1 парафія, 20 удзельнікаў (І катэгорыя — 9 дзяцей, ІІ катэгорыя — 11 дзяцей).
- Пінская дыяцэзія: 1 парафія, 5 удзельнікаў (І катэгорыя — 2 дзяцей, ІІ катэгорыя — 3 дзяцей).
- Віцебская дыяцэзія: 19 парафій, 222 удзельнікі (І катэгорыя — 93 дзяцей, 2 катэгорыя — 132 дзяцей).
У папярэднія гады ў конкурсе бралі ўдзел дзеці і падлеткі з дзвюх дыяцэзій: Віцебскай і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.