Пошук

08.10.2024 13:31   Тэкст: а. Раман Шульц ОР / Фота: Таццяна Дуенкава, Вольга Беразоўская / Catholic.by

5 кастрычніка, у першую суботу Ружанцовага месяца, у Магілёве прайшоў Восьмы ружанцовы кангрэс, арганізаваны айцамі дамініканамі.

У сёлетнім кагрэсе, які сабраў у горадзе на Дняпры больш за 230 удзельнікаў з розных мясцін Беларусі, узялі ўдзел таксама наймалодшы ў нашай краіне каталіцкі іерарх Андрэй Зноска, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі, і Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.

Прысутнічалі таксама духоўныя і кансэкравныя асобы, прадстаўнікі руху «Легіён Марыі» і суполак «Жывога Ружанца», якіх біскуп Зноска назваў «элітай Касцёла».

Адказны за Магілёўскі рэгіён Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, які ад самага пачатку падтрымліваў ініцыятыву правядзення Ружанцовых кангрэсаў, а цяпер бярэ ўдзел у працы Сіноду Біскупаў у Рыме, сустрэўся са Святым Айцом Папам Францішкам і распавёў яму пра гэтае мерапрыемства, якое адбылося ў старадаўняй магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава. Святы Айцец перадаў удзельнікам кангрэса прывітанне і папрасіў аб малітве.

Сёлетні Ружанцовы кангрэс быў прысвечаны тэме «Марыя і Ружанец у францішканскай духоўнасці», а таксама 30-годдзю дзейнасці ў Беларусі касцёльнага руху «Легіён Марыі».

Гэтаму руху быў прысвечаны першы даклад, які прадставіў яго духоўны кіраўнік айцец Юрый Находка OCD: «Роля Маці Божай і ружанцовай малітвы ў фармацыі і апостальстве легіянераў Марыі». Пасля дакладу біскуп Зноска прапанаваў сабраным паразважаць над тым, што трэба зрабіць для таго, каб Легіён не стаў выключна «местачковым», ізаляваным, але заставаўся паўсюдным. На думку іерарха, для гэтага важна падтрымліваць сувязь з суполкамі Легіёну, якія існуюць у свеце, глядзець, куды яны ідуць, і браць з іх добры прыклад.

З дакладамі выступілі таксама прадстаўнікі трох адгалінаванняў францішканскага ордэна: бэрнардын, капуцын і канвентуальны францішканін. Айцец Стэфан Пупейка OFM прадставіў даклад «Марыйная духоўнасць у жыцці святога Францішка Асізскага», у якім яскрава і жыва распавёў пра Заснавальніка ордэна. Даклад брата Андрэя Багдановіча OFMCap называўся «Марыя і ружанец у жыцці францішканаў капуцынаў». Дакладчык распавёў пра тое, як марыйнасць адлюстравана ў канстытуцыі гэтай галіны ордэна, а таксама як праяўлялася ў жыцці пяці вядомых капуцынаў: святога айца Піо, святога Леапольда Мандзіча, благаслаўлёнага Салануса Кэйсі, благаслаўлёнага Ганарата Казмінскага і Слугі Божага брата Калікста Клочка.

Свой даклад на тэму «Беззаганная ў думцы і жыцці святога Максімільяна Марыі Кольбэ і францішканскай канвентуальнай традыцыі» aйцец Яўген Голуб OFMConv пачаўся з кур’ёзнай заўвагі, што «Бог рукамі дамініканіна сабраў францішканаў у касцёле кармэлітаў».

Дакладчык распавёў пра Беззаганую Маці ў жыцці святога Максіміліяна Кольбэ.

Францішкане прывезлі на кангрэс не толькі даклады, але таксама рэліквіі сваіх святых: Францішка Асізскага, Антонія Падуанскага, святога Максімільяна Кольбэ, благаслаўлёнага Ганрата Казмінскага, благаслаўлёных мучанікаў Германа Стэмпеня і Ахілеса Пухалы.

Рэлікварыі былі з пашанаю змешчаны ў касцёле каля абмоны, і многія з прысутных падчас перапынкаў падыходзілі да іх, каб у ціхай малітве прасіць заступніцтва святых і благаслаўлёных.

Як штогод, дзякуючы супрацоўніцтву з каталіцкім выдавецтвам «Pro Christo» з дапамогаю дабрачынцаў да кангрэса была выдадзена чарговая новая кніга. Сёлета бібліятэчку кагрэса папоўніў збор ружанцовых разважанняў святога Яна Паўла ІІ, святой сястры Фаўстыны Кавальскай, святой Тэрэзы Калькуцкай, святога айца Піо, а таксама Папы Францішка і кардынала Казіміра Свёнтка. Акрамя таго, у кнізе змешчаны артыкулы на тэму Ружанца і акт даручэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі. Удзельнікі руху Легіён Марыі, якія прысутнічалі на кангрэсе, падаравалі ўсім сабраным кнігу, у якой апавядаецца пра харызму, малітвы і служэнне легіянераў.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця