
Палескія карані веры
Божы Провід вызначыў яму складаны лёс. Нарадзіўся ён у 1945 годзе на Палессі ў вёсцы Старая Воля Пружанскага раёна ў каталіцкай сям’і з глыбокімі і моцнымі каранямі веры. Дзякуючы гэтаму, нягледзячы на адсутнасць святара, ён быў выхаваны ў духу традыцыйнага каталіцызму, што сфарміравала ў ім духоўны воблік будучага святара і біскупа.
Пасля службы ў войску паехаў у Вільнюс, дзе працаваў электразваршчыкам. Тады ў Вільнюсе дзейнічала 10 касцёлаў са сваімі душпастырамі, што дало яму новыя магчымасці рэгулярнага ўдзелу ў Эўхарыстыі і іншых сакрамэнтах.
Пакліканне ля Вострай Брамы
Так сталася, што ў тыя часы я таксама жыў і працаваў у Вільнюсе, і мы маліліся ў тым самым касцёле святой Тэрэзы Авільскай пры Вострай Браме. Мы бачылі адзін аднаго на набажэнствах, хоць і не ведалі, хто ёсць хто.
Паводле слоў біскупа Казіміра, аднойчы, выходзячы з касцёла, мы адначасова абмакнулі пальцы ў крапільніцу з асвячонай вадой, каб перажагнацца. Гэта было сімвалічна, бо ў падножжа Маці Божай Міласэрнасці мы адчулі пакліканне да святарства, каб потым рэалізаваць яго на беларускай зямлі.
У тыя часы ваяўнічага атэізму ён таемна рыхтаваўся да святарства пад кіраўніцтвам ксяндза прэлата Вацлава Пянткоўскага ў Мядзведзічах. Потым, аднак, атрымаў дазвол, каб працягваць фармацыю ў Рыжскай духоўнай семінарыі. Падчас вучобы ён сустракаўся са мной, ужо як са святаром. Яму бракавала літаратуры, і я дзяліўся з ім сваімі кнігамі, каб дапамагчы ў яго фармацыі.
Супольная праца на ніве Пана
Пасля яго прэзбітэрскага пасвячэння ў 1984 годзе мы сустракаліся рэдка, бо працавалі далёка адзін ад аднаго. Аднак я шмат добрага чуў пра яго як пра адданага пастыра, будаўніка жывога Касцёла і змагара за правы вернікаў.
Пасля майго вяртання з Расіі ў Беларусь у 2007 годзе нашыя сустрэчы сталі частымі.
Размаўляючы і працуючы з ім, я бачыў, што ён жыў праблемамі Касцёла і іх вырашэнню прысвячаў усё сваё жыццё.
Калі ў 2011 годзе я быў прызначаны апостальскім адміністратарам Пінскай дыяцэзіі, наша супрацоўніцтва стала яшчэ больш шчыльным. Я ахвотна даручаў яму розныя пастырскія і адміністрацыйныя заданні.
Святар паводле Сэрца Езуса
Памерлы біскуп праявіў сябе як пастыр паводле Сэрца Езуса. Ён пакінуў пасля сябе глыбокі след: пабудаваў і аднавіў шмат касцёлаў, клапаціўся пра пакліканні, праводзіў рэкалекцыі. Яго казанні былі напоўненыя маральна здаровым вучэннем і крылатымі выслоўямі святых.
Ён адзначаўся эўхарыстычнай пабожнасцю, сціпласцю і пакорай.
Адным словам, быў «соллю зямлі і святлом свету», як кажа Езус у Евангеллі на Пятую Звычайную нядзелю. Усім гэтым ён заслужыў вялікі аўтарытэт сярод вернікаў, святароў і дзяржаўнай улады.
Апошняя споведзь
Божы Провід так распарадзіўся, што біскуп Казімір адышоў па нябесную ўзнагароду ў пабудаванай ім капліцы ў Гомелі. Раніцай 8 лютага 2026 года ён цэлебраваў Імшу, потым сам прыехаў у капліцу, пачаў спавядаць — і яму стала дрэнна.
Яго марай было пабудаваць касцёл у Гомелі, і завяршэнне гэтай будовы застаецца заданнем для ўвекавечання яго памяці.
Яго смерць падчас споведзі вельмі сімвалічная. Папа Бэнэдыкт XVI казаў, што святар павінен быць спецыялістам па спатканні чалавека з Богам. Светлай памяці біскуп Казімір да апошняй хвіліны жыцця рэалізоўваў гэтае пакліканне. Няхай Маці Божая Міласэрнасці прывядзе яго да спаткання з Богам у краіне вечнага шчасця.

