Пошук

04.07.2026 21:22   Тэкст: Ганна Краснадэмская / Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

4 ліпеня ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай прайшлі цэнтральныя ўрачыстасці сёлетняга Будслаўскага фэсту, падчас якога ў 35-гадавіну аднаўлення іерархічных структур адбылося прысвячэнне Касцёла ў Беларусі Найдаражэйшай Крыві Пана нашага Езуса Хрыста.

Спевам «Табе навек хвала, о велічная Дзева…» ў выкананні хору мінскай катэдральнай парафіі пад кіраўніцтвам Сафіі Голуб і пад акампанемент галоўнага арганіста мінскай катэдры Уладзіміра Неўдаха распачалася святарская працэсія да прыгожа аздобленага палявога алтара, перад якім сабраліся шматлікія пілігрымы.

Усіх прысутных шчыра прывітаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Словы прывітання прагучалі перадусім у адрас Апостальскага нунцыя Іньяцыё Чэффаліа і прадстаўнікоў нунцыятуры на чале з яе сакратаром Кшыштафам Сэрока, а таксама ў адрас біскупаў-юбіляраў: арцыбіскупа эмэрыта Тадэвуша Кандрусевіча, які сёлета адзначыў 45-годдзе святарства, і біскупа эмэрыта Аляксандра Кашкевіча, які ў сваю чаргу адзначыў 50-годдзе святарства і 35-годдзе біскупскага пасвячэння.

Таксама арцыпастыр Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі прывітаў віцэ-старшыню Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі біскупа Віцебскага Алега Буткевіча, дыяцэзіяльнага біскупа Пінскай дыяцэзіі Антонія Дзям’янку разам з дапаможным біскупам Андрэем Зноскам, сакратара Канферэнцыі Біскупаў і Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Юрыя Касабуцкага, біскупа Гродзенскага Уладзіміра Гуляя, адказнага за сёлетні фэст у Будславе Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB, Апостальскага адміністратара для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека.

У Духоўным цэнтры беларускіх католікаў арцыбіскуп Станеўскі прывітаў таксама прадстаўнікоў традыцыйных на беларускіх землях канфесій: прадстаўніка Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха Усяе Беларусі, муфтыя Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Беларусі Абу-Бекір Шабановіча, прадстаўніка галоўнага рабіна Аб’яднання прагрэсіўнага юдаізму Грыгорыя Абрамовіча.

Словы прывітання былі скіраваныя таксама да прадстаўнікоў дзяржаўнай улады: намесніка Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў пры Савеце Міністраў Герасімені Сяргея Сяргеевіча, старшыні Мядзельскага райвыканкама Прановіча Аляксандра Васільевіча, прадстаўніцы старшыні Саюза жынчын у Беларусі Салдаценка Іны Генадзеўны, старшыні Беларускага Фонда міру Місько Максіма Уладзіміравіча.

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі прывітаў таксама прадстаўнікоў дыпламатычных пляцовак, акрэдытаваных пры Урадзе Рэспублікі Беларусь: прадстаўніка Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Расійскай Федэрацыі Грызлова Барыса Вячаслававіча, Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Венгрыі Зіту Ілону Бенчык, Часовага паверанага ў справах Італьянскай Рэспублікі Тамаза П’етра Маркеджані, Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Швейцарыі Крысціну Хонэгер Залатухін, Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Германіі Катрын аус дэм Зiпэн, Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Славакіі Ёзэфа Мігаша.

Словы прывітання прагучалі таксама ў адрас усіх пілігрымаў, якія прыбылі ў Будслаў з розных куткоў Беларусі, і ў адрас кусташа Нацыянальнага санктуарыя ксяндза каноніка Аляксея Раманчука і будслаўскай парафіяльнай супольнасці, якую ён узначальвае, з падзякай за гасціннасць.

Іерарх падзякаваў таксама дзяржаве за дапамогу ў аднаўленні будслаўскай святыні і стварэнні тут Духоўнага цэнтра, а таксама музея «Крокі веры».

Пасля запрашэння прысутных да малітвы ў «беларускай Кане Галілейскай» арцыбіскуп Станеўскі ўзначаліў урачыстую Эўхарыстыю. Галоўны цэлебрант прамовіў таксама гамілію падчас святой Імшы.

У ёй арцыбіскуп Станеўскі адзначыў, што сёлетнія ўрачыстасці падзякі за 35 год аднаўлення структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі праходзяць пад дэвізам «Богу — хвала, Марыі — давер, Касцёлу — вернасць». Роўна столькі ж год прайшло і з моманту аднаўлення пілігрымак да Маці Божай у Будслаў.

Іерарх выказаў асаблівую падзяку тым пілігрымам, якія 35 год таму пасля доўгага перыяду заняпаду веры ў краіне аднавілі добрую традыцыю ўшанавання гэтага святога месца, святарам і кансэкраваным асобам, якія мелі адвагу апрануць сутану ці габіт і сведчыць аб сваёй веры, святарам, якія арганізоўвалі пілігрымкі: спачыламу ксяндзу Міхалу Сапелю, прысутнаму ксяндзу прэлату Уладзіславу Завальнюку, ксяндзу прэлату Эдмунду Даўгіловічу-Навіцкаму, ксяндзу прэлату Францішку Кіселю, а таксама першым семінарыстам гродзенскай семінарыі.

Прамоўца падзякаваў таксама ўсім, хто прыняў удзел у духоўнай падрыхтоўцы да сёлетняга прысвячэння Касцёла ў Беларусі Найдаражэйшай Крыві Хрыста — Агульнабеларускай навэнне на працягу дзевяці месяцаў, асабліва моладзі і першакамунійным дзецям.

Праз сакрамэнты паяднання і Эўхарыстыі іерарх заклікаў да абнаўлення жыцця.

«Хрыстус прыходзіць да нас, каб абудзіць нашае жыццё, надаць яму новае вымярэнне і сэнс, каб унутрана ўзбагаціць нас, зрабіць нас мужнымі і высакароднымі. Эўхарыстыя — гэта пасілак, які мае моц, каб давесці нас да вечнага жыцця. “Хто спажывае Маё Цела і п’е Маю Кроў, мае жыццё вечнае”» (Ян 6, 54), — навучаў арцыпастыр сабраных словамі Евангелля, заахвочваючы да эўхарыстычнай пабожнасці і годнага прыняцця Камуніі.

Іерарх запэўніў, што на гэтым шляху кожнага падтрымае Багародзіца, якая ў Кане Галілейскай убачыла патрэбы людзей і заступілася (пар. Ян 2, 1-11):

«Таму мы сёння, як нашы продкі на працягу стагоддзяў звяртаемся да Найсвяцейшай Панны Марыі, нашай нябеснай Маці. Яна — узор таго, як трэба адклікацца на Божую ласку, як паводзіць сябе ў тых справах, якія нам трэба здзейсніць, вучыцца ў Яе, і ўрэшце станавіцца падобнымі да Яе, як дзеці падобныя да сваёй маці».

Напрыканцы гаміліі галоўны цэлебрант пажадаў усім спазнаць адкупленчую сілу Крыві Хрыста і чулую апеку Яго Маці.

У працэсіі з дарамі да галоўнага алтара, якія ўвасаблялі «трывалае адзінства хвалы Богу, даверу Марыі і вернасці Касцёлу», апрача вады, віна і гостыі, вернікамі былі прынесеныя запаленая свечка як сімвал Езуса Хрыста, Святла свету, свежыя кветкі як адлюстраванне духоўнай прыгажосці, чысціні і любові ў сэрцах, аддадзеных Богу, і ружанец як малітоўны ланцуг, які яднае з Богам праз разважанне таямніц з жыцця Езуса і Марыі.

Напрыканцы святой Імшы арцыбіскуп Станеўскі перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам здзейсніў малітоўны акт прысвячэння Касцёла ў Беларусі Найдаражэйшай Крыві Хрыста як выраз удзячнасці Богу за 35 гадоў аднаўлення структураў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.

«Дзякуючы за атрыманыя ласкі падчас шматвекавой дзейнасці Каталіцкага Касцёла на нашых землях і за 35 гадоў аднаўлення структур Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі, а таксама просячы прабачэння за ўсе ўчыненыя грахі і правіны, прысвячаем Тваёй, Езу, Найдаражэйшай Крыві, Каталіцкі Касцёл у Беларусі, нашыя супольнасці, нашыя сем’і, дзяцей і моладзь, а таксама нашу Айчыну. Ойча спрадвечны і літасцівы, праз Найдаражэйшую Кроў Твайго Сына, нашага Збаўцы, благаславі наш Касцёл, нашу Мінска-Магілёўскую мітраполію і архідыяцэзію ў Мінску і Магілёве, дыяцэзіі ў Пінску, Гродне і Віцебску, усіх біскупаў прэзбітэраў, кансэкраваных асобаў, усіх вернікаў і ўвесь наш народ. Найдаражэйшай Крыві Езуса мы давяраем сёння лёс свету і лёс кожнага чалавека»,

— прамаўляў арцыпастыр словы ўрачыстай малітвы.

«Просім Цябе, наш Усемагутны Божа, праз Найдаражэйшую Кроў Твайго Сына, умацуй нашую веру, ажыві надзею, аднаві любоў, адары нашу краіну і ўвесь свет Тваім благаслаўлёным спакоем. О Езу, наш Пан і Збаўца, няхай Твая Найдаражэйшая Кроў пранікне ў кожнага чалавека, у яго справы, прыносячы ўсім нам паводле Божай волі Тваёй вызваленне, ачышчэнне, аздараўленне і асвячэнне. Няхай заяснее хвала Тваёй, Хрыстэ, Крыві і аб’явіцца Яе моц. Прымаем усё, што ты нам, Пане, сёння спашлеш дзеля хвалы Тваёй Крыві, дзеля карысці святога Касцёла і як уміласціўленне за нашыя грахі, складаючы ўсё гэта ў келіху Тваёй Крыві праз заступніцтва Марыі. Няхай моц Божая, якая выплывае з Эўхарыстыі, пранікае ў нашыя сэрцы, перамяняючы нас і праз нас, моцаю Духа Святога, перамяняе аблічча нашай зямлі», — узносіў малітоўныя просьбы арцыбіскуп Станеўскі.

Пасля акту прысвячэння адбылася эўхарыстычная працэсія з Найсвяцейшым Сакрамэнтам, у якой з пашанай неслі копію абраза Маці Божай Будслаўскай.

Напрыканцы галоўных урачыстасцяў да сабраных звярнуўся з прамовай Апостальскі Нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа. У прамове прадстаўнік Святога Айца выказаў глыбокую ўдзячнасць усім сабраным, якія прыбылі не толькі з Беларусі, але і з Літвы, Польшчы і Расіі, за такую шматлікую і адданую прысутнасць.

«Ваша вера — гэта каштоўны дар для ўсяго Касцёла і светлы знак духоўнай жыццяздольнасці гэтай дарагой зямлі»,

— адзначыў прамоўца.

Ватыканскі іерарх падкрэсліў таксама, што 35-я ўгодкі аднаўлення іерархічных структур Касцёла ў Беларусі напаўняюць сэрцы ўдзячнасцю за гэты шлях, за ўсіх пастыраў і кансэкраваных асобаў, якія вялі народ да Бога і захоўвалі веру, калі гэта здавалася немагчымым, і за ўсіх, хто з пакорай і вытрываласцю працягвае будаваць Касцёл.

«Маці Божай Будслаўскай мы даручаем Касцёл у Беларусі, каб ён працягваў быць знакам надзеі, суцяшэння і еднасці для нас усіх»,

— прамовіў прадстаўнік Святога Айца.

«Паломніцтва, якое прывяло вас сюды, гэта не проста штогадовая падзея, але вобраз хрысціянскага жыцця. Пілігрымаваць — значыць не толькі адправіцца ў дарогу, пакінуць свой дом, свае звычкі, але перадусім выйсці са свайго “я”, са сваёй бяспекі, каб адкрыцца на Бога і на братоў <…>. Ваша падарожжа — гэта маўклівае прапаведаванне, якое гаворыць больш за многія словы», — падкрэсліў арцыбіскуп Чэффаліа.

Іерарх адзначыў таксама, што пілігрымка — гэта не ізаляваны вопыт, а супольны шлях, калі ўсе крочаць разам як Касцёл, падтрымліваючы і несучы цяжары адно аднаго.

«У гэтай будслаўскай святыні Марыя прымае нас як Маці, ёй мы давяраем нашыя сем’і, моладзь, дзяцей, пажылых людзей, хворых і тых, хто носіць у сэрцы бачныя і нябачныя раны. Давяраем ёй і нашу ўмілаваную Беларусь, каб яна заўсёды была зямлёй супакою, узаемнай павагі, шчырага дыялогу і сапраўднага агульнага дабра. Маці Божая Будслаўская вучыць нас берагчы атрыманую веру і перадаваць яе з пакорай і мужнасцю, нагадваючы нам, што сапраўдная веліч Касцёла праяўляецца ў шчодрым служэнні, у любові, перажыванай з цярплівасцю, і ў штодзённай вернасці Евангеллю», — падсумаваў  прамоўца.

Апостальскі нунцый заахвоціў прысутных несці святло Будслава ў свае парафіі і хатнія касцёлы і ад імя Святога Айца благаславіў усіх апостальскім благаслаўленнем.

Пасля з заключным словам, перапоўненым падзякай да ўсіх, хто спрычыніўся да арганізацыі сёлетняй урачыстасці, звярнуўся кусташ Нацыянальнага санктуарыя ксёндз канонік Аляксей Раманчук, які ўпершыню ў гэтай якасці перажыў Будслаўскі фэст.

«Будслаў зноў паказаў, што мы адна вялікая, жывая і прыгожая каталіцкая сям’я. Маё сэрца напоўненае ўдзячнасцю. Арганізацыя такога маштабнага свята — гэта праца тысяч нябачных рук, і сёння я хачу сказаць кожнаму з вас “дзякуй” ад усяго сэрца»,

— сказаў ксёндз Аляксей і скіраваў словы ўдзячнасці да біскупаў, святароў, музыкаў, «творцаў прыгажосці» (фларыстаў) і валанцёраў.

Шчырую падзяку кусташ санктуарыя выказаў таксама прадстаўнікам дзяржаўнай улады, мясцовага кіравання і ўсіх адказных службаў за вырашэнне шматлікіх пытанняў і канструктыўнае супрацоўніцтва, дзякуючы чаму быў забяспечаны належны арганізацыйны ўзровень урачыстасці.

Ксёндз Аляксей падзяліўся таксама радаснай навіной, што пры падтрымцы дзяржавы будслаўская святыня будзе і надалей змяняцца ў лепшы бок, «набываючы сваю былую веліч».

За ўдзел ва ўрачыстасцях пастыр будслаўскай супольнасці падзякаваў таксама ўсім пілігрымам і гасцям, пажадаў ім шчаслівай і лёгкай дарогі і заклікаў заўсёды вяртацца да Маці.

Арцыбіскуп Станеўскі ў сваю чаргу падзякаваў за ўдзел прадстаўнікам дыпламатычнага корпусу і розных рэлігійных канфесій у Беларусі, біскупу Аляксандру Яшэўскаму SDB, адказнаму за правядзенне фэсту, валанцёрам, скаўтам, якія «заўсёды напагатове», і ўдзяліў на заканчэнне ўрачыстасцяў у Нацыянальным санктуарыі Беларусі — Духоўным цэнтры беларускіх католікаў ― усім прысутным пастырскае благаслаўленне.

Шмат фота ТУТ >>>

Абноўлена 05.07.2026 00:08
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.