Пошук


2 красавіка, у Вялікі чацвер, у катэдры св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбылася Імша Хрызма, якую цэлебраваў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.

Да ўдзелу ў гэтай асаблівай літургіі, якая здзяйсняецца толькі ў Вялікі чацвер, запрашаюцца ўсе святары мясцовага Касцёла. Такім чынам падкрэсліваюцца адзінства і непадзельнасць Хрыстовага святарства і духоўная сувязь, якая злучае ўсё духавенства дыяцэзіі разам з біскупам. На гэтай літургіі здзяйсняецца асвячэнне алею хворых і катэхуменаў і кансэкрацыя алею хрызма, неабходных для ўдзялення сакрамэнтаў.

Падтрымаць малітвай служэнне святароў маглі і іншыя ўдзельнікі літургіі: законныя сёстры, семінарысты, міністранты, вернікі парафій Гродна і наваколля.

Разважаючы над літургічнымі чытаннямі гэтага дня, біскуп Гродзенскі ў гаміліі звярнуў увагу на апісанае там прыйсце Езуса Хрыста ў Назарэт месца Яго зямнога паходжання, дзе Ён рос, выхоўваўся, «узрастаў у мудрасці».

Іерарх адзначыў, што Езус нездарма вяртаецца перад пачаткам сваёй публічнай дзейнасці ў гэтае «месца пачаткаў», «месца Яго аб’яўлення». Біскуп нагадаў, што для святароў дыяцэзіі такім месцам пачатку іх душпастырскага паходжання і служэння з’яўляецца катэдра.

«Тут у сакрамэнце пасвячэння нашы рукі былі літаральным чынам намашчаны Духам Хрыста. Бо Пан не толькі абраў нас калісьці і паклікаў, але і праліў на нас намашчэнне свайго Духа, таго ж, які сышоў на апосталаў. І, як мы добра ведаем, Ён зрабіў гэта не з-за якіхсьці нашых заслуг гэтае намашчэнне мы атрымалі выключна з чыстай ласкі. І атрымалі не для якогасьці нашага асабістага задавальнення ці камфорту, а для служэння, служэння Богу і людзям. Намашчаныя тут Духам Хрыста, мы выйшлі адсюль, каб служыць і даць жыццё», сказаў біскуп.

«Мы з’яўляемся святарамі на самой справе не з-за нашых заслуг, а з чыстай ласкі, падкрэсліў іерарх. Таму ўсё, чым у выніку мы як святары жывём, што робім і як робім, усё, чым і як служым людзям, мае крыніцу ў нашай вернасці і адзінстве з Духам Хрыста, якім мы былі намашчаны».

На Імшы Хрызма святары аднаўляюць абяцанні, дадзеныя ў час пасвячэння, гэта садзейнічае таму, каб яны атрымалі духоўную моц нa далейшае служэнне, адрадзілі ў сабе душпастырскую руплівасць, мацней любілі Езуса Хрыста і Яго Касцёл. Па словах біскупа, аднаўленне гэтых абяцанняў сведчыць, што святарам «патрэбна ўнутраная сувязь з Хрыстом, больш за тое, прыпадабненне да Яго»  значыць «адмаўленне ад таго, што толькі наша, ад той самарэалізацыі, пра якую так часта гаворыцца».

«Трэба, каб мы не прэтэндавалі мець права на сваё жыццё, а аддалі яго ў распараджэнне Кагосьці іншага — Хрыста. Трэба, каб я пытаўся не аб тым, што я з гэтага атрымаю, а аб тым, што я магу даць Яму, а тым самым — іншым»,

патлумачыў біскуп.

«Галоўнае ва ўсіх абставінах, нягледзячы на цяжкасці, прабываць у сувязі з Езусам, слухаць і абвяшчаць Божае слова і будаваць супольнасць на фундаменце ўзаемнага слухання, праўды і міласэрнасці, сказаў іерарх. У кожнай складанай жыццёвай сітуацыі трэба найперш спрабаваць убачыць, што ў цэнтры не я, а Бог». На думку біскупа, святарам варта «пачаць хаця б са звычайнай чалавечай маральнасці і сумленнасці, з праўды аб сабе, са шчырасці, з жадання слухаць і з павагі да кожнага, з таго, што ў мяне ёсць не толькі ўласныя справы, але і справы іншых».

Біскуп адзначыў, што, калі Езус Хрыстус пасля ўваскрасення паслаў свайго Духа разгубленым і напалоханым апосталам, то «гэта Ён зрабіў іх адважнымі пастырамі Божай аўчарні, а не яны самі». «Перад намі зноў святыя дні мукі, смерці і ўваскрасення Хрыста, дні, калі Ён, Уваскрослы, дае і нам свайго Духа, нагадаў іерарх святарам. Ён вядзе і нас і сочыць за тым, каб Яго рука заўсёды была на нас і каб нас падтрымлівала Яго плячо, каб і мы маглі сказаць, што з намі Яго вернасць і ласка».

Біскуп падзякаваў святарам за служэнне, асабліва ў насычаны перыяд посту, калі яны прысвячаюць шмат часу яднанню людзей з Богам у сакрамэнце пакаяння. Ён падзякаваў таксама ўсім вернікам дыяцэзіі, папрасіўшы іх працягваць маліцца за духавенства і аб новых, шматлікіх і святых пакліканнях да служэння ў Касцёле.

У канцы літургіі ад імя ўсіх дыяцэзіяльных святароў, а таксама святароў і сясцёр з манаскіх супольнасцяў, якія служаць у Гродзенскай дыяцэзіі, з віншаваннямі да біскупа Уладзіміра звярнуўся канцлер курыі ксёндз канонік Аляксандр Мацкевіч. Ад імя Каардынацыйнай групы вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі віншаванні іерархам выказаў айцец Аляксандр Махнач SP.

Абноўлена 04.04.2026 00:22
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця