
18 сакавіка 2025 года ў Мінску прайшло 94-е пленарнае пасяджэнне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
У пасяджэнні ўзялі ўдзел Старшыня ККББ Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, біскуп Юрый Касабуцкі, Генеральны сакратар, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, біскуп Андрэй Зноска, архімандрыт Сяргей Гаек, Апостальскі адміністратар для Грэка-каталікоў у Беларусі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Аляксандр Кашкевіч, біскуп Казімір Велікаселец, Часовы Павераны ў справах Апостальскай Нунцыятуры ў Рэспубліцы Беларусь ксёндз прэлат Крыштаф Сэрока.

З нагоды 12-й гадавіны абрання папы Францішка на пасаду біскупа Рыма, якая адзначалася 13 сакавіка, біскупы скіравалі Святому Айцу словы віншавання, у якіх запэўнілі аб сваёй малітве за Намесніка Хрыста.

Былі абмеркаваны наступныя пытанні:
- Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Старшыня ККББ, прадставіў справаздачу з побыту ў Рыме 19-21 лютага 2025 года, дзе адбыліся шэраг сустрэч з прадстаўнікамі Апостальскай Сталіцы і працаўнікамі Рымскай Курыі; сярод іх былі сустрэчы з дзяржаўным сакратаром кардыналам П’етро Паралінам, кардыналам Клаўдыё Гуджэроцці, арцыбіскупам Полам Рычардам Галахерам.
- Была абмеркавана справа пілігрымак у Рым з Беларусі у сувязі з юбілейным 2025 годам. Арганізоўваюцца пілігрымкі для святароў, моладзі, семінарыстаў, манаскіх супольнасцяў і інш.
- Біскупы абмеркавалі душпастырства беларускамоўных вернікаў за мяжой.
- Была абмеркавана справа далейшай працы інтэрнэт-партала Сatholic.by. Біскупы прынялі просьбу ксяндза д-ра Аляксандра Уласа аб звальненні яго з пасады дырэктара сайта. Іерархі падзякавалі ксяндзу Аляксандру за яго шматгадовую плённую працу на гэтай пасадзе. Новым дырэктарам Сatholic.by быў прызначаны ксёндз маг. ліц. Павел Эйсмант.
- Зацверджаны і аддадзены на канчатковае дапрацаванне “Агульны спеўнік літургічных песняў”.
- Быў зацверджаны статут Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры ККББ.
- Былі абмеркаваныя пытанні, звязаныя з прадстаўленнем і падпісаннем пакета дакументаў на перарэгістрацыю ККББ.
- Абмеркаваны план правядзення Агульнабеларускіх дзён моладзі 20-22 чэрвеня ў Гродне і Урачыстасцяў у гонар Маці Божай у Будславе, якія адбудуцца з 4 па 5 ліпеня.
На пасяджэнні былі разгледжаны таксама іншыя бягучыя пытанні з жыцця Касцёла ў Беларусі.

Пасяджэнне завяршылася супольнай малітвай.
Мінск, 18 сакавіка 2025 года
✠ Юрый Касабуцкі
Генеральны Сакратар ККББ
Ксёндз канонік Юрый Ясевіч
Дапаможны Сакратар ККББ



