У нядзелю 26 кастрычніка, падчас святкавання галоўных урачыстасцей 100-годдзя Пінскай дыяцэзіі, у парафіяльным касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Брэсце адбывалася штогадовая Сустрэча моладзі Пінскай дыяцэзіі. Адметнасцю сёлетняй сустрэчы была прысутнасць на ёй спецыяльнага пасланніка Папы Льва XIV кардынала Клаўдыё Гуджэроці, Прэфекта Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў, які на пачатку сустрэчы звярнуўся да маладых людзей з адмысловай катэхезай.
Кардынал Клаўдыё Гуджэроці распачаў сваю катэхезу з прывітальнага слова да сабраных. Пажартаваўшы пра свой узровень рускай мовы, якую «вывучаў на вуліцы», дастойны госць, аднак, сарваў бурныя апладысменты ― валоданне мовай у іерарха якраз выдатнае. Спецыяльны пасланнік Папы Льва XIV перадаў гарачае прывітанне вернікам ад Святога Айца і запэўніў у яго айцоўскай любові.
«Ідзі і зрабі, каб яны ўсміхаліся», ― працытаваў сваё заданне ад Папы кардынал Гуджэроці, чым выклікаў чарговую хвалю апладысментаў.
«Католік, які не ўсміхаецца, ― гэта не католік», ― жартаўлівым тонам перадаў важную біблійную праўду прамоўца (пар. 1 Тэс 5, 16).
Папскі легат распачаў сваё разважанне, засяродзіўшыся на таямніцы Божай любові, і заахвоціў прысутных яшчэ раз з захапленнем асэнсаваць стварэнне чалавека.
«Менавіта з любові Бог, які з’яўляецца вечным, усемагутным, які ўсё ведае, паклікаў да жыцця кожнага з нас, а таксама стварыў вялікую, прыгожую зямлю, якая называецца Беларусь»,
― зрабіў чарговы камплімент беларусам кардынал.
Па словах іерарха, калі мы хочам адчуваць сябе членамі Касцёла, мы павінны ўсвядоміць, як моцна Бог любіць кожнага з нас як асобу. Ён любіць нас не толькі як супольнасць вернікаў, але кожнага персанальна: ведае нашае імя, кім мы з’яўляемся, якія надзеі носім у сэрцы, ― і хоча, каб мы былі шчаслівымі.
«А вы хочаце быць шчаслівымі? ― распачаў дыялог з вернікамі дастойны госць. ― Так? То, значыць, гэта няпраўда, што беларусы заўсёды сур’ёзныя і сумныя? Не? Гэта добры адказ! А пакажыце мне, дзе знаходзіцца гэтая радасць! Пакажаце, каб я мог перадаць Папу?!»
Пачуўшы ў адказ працяглыя апладысменты і радасныя воклічы, кардынал запэўніў, што ўсё перадасць Святому Айцу.
Вяртаючыся да тэмы Божай любові да чалавека, прамоўца акцэнтаваў, што яна з’яўляецца вечнай, як і сам чалавек.
«Збіраючыся ў гэтым касцёле, мы ведаем, што тут нас чакае Пан Бог, бо хоча кожнага абняць і пацалаваць. <…> Наш Касцёл ― гэта сям’я. Спадзяюся, што ў вас усіх заўсёды будзе добрая сям’я: спакойная, ціхая, поўная любові. Але нават калі гэта не так, Касцёл для вас заўжды будзе сям’ёй, і не таму, што мы малайцы, а таму што нас з‘яднаў Езус Хрыстус»,
― растлумачыў пасланнік Святога Айца.
Па словах іерарха, як бы ні было цяжка ў жыцці, мы заўсёды ведаем, куды ісці, бо маем дзве пуцяводныя зоркі: Езуса і Марыю. Дзякуючы Езусу і Марыі, мы можам аказаць дапамогу і іншым, каму таксама цяжка. У прысутных кардынал удакладніў, ці гатовыя яны дапамагчы ў цяжкую хвіліну іншым людзям, нават тым, хто здаецца дзіўным і не падабаецца, на што атрымаў станоўчы адказ.
«Кожны чалавек важны. Калі мы гэта разумеем, то разумеем, чым з’яўляецца Касцёл і ў чым заключаецца галоўнае пасланне Езуса. Гэта галоўнае, што павінны вам перадаць святары і біскупы, прысутныя сярод вас»,
― канстатаваў пасланнік Папы.
Падкрэсліўшы важнасць святарскага стану, прамоўца заклікаў паразважаць, ці не з’яўляецца святарства і кансэкраванае жыццё нашым уласным жыццёвым пакліканнем.
Кардынал запытаў прысутных, ці ведаюць яны, як перакладаецца слова «Евангелле». Пачуўшы станоўчы адказ, папскі пасланнік, аднак, прызнаў, што сённяшняму чалавеку часта бывае цяжка паверыць у тое, што навіны могуць быць добрымі: тэлевізар увесь час транслюе інфармацыю пра войны ў свеце, пра тое, як людзі ненавідзяць адно аднаго.
«Будучыня свету ― гэта любоў. Вы верыце ў гэта?»
― іерарх задаў чарговае пытанне сабраным. Пачуўшы «так», дастойны госць сказаў, што ў такім выпадку ўсе сапраўды могуць лічыць сябе вернікамі.
Па словах кардынала, Езус заклікае кожнага глядзець шырэй і далей, заўважаць дэталі, якія не асабліва заўважныя пры беглым поглядзе. «Скардзіцца, што ўсё дрэнна, можа кожны ― для гэтага нават не трэба быць вернікам. Вернік жа верыць у будучыню, што будзе «новае неба і новая зямля» (пар. Ап 21,1), ― гэта, уласна, і робіць нас вернікамі, тымі, якія працуюць для нябеснага Ерузалема», ― адзначыў іерарх, узгадаўшы пры гэтым ваенны канфлікт у Палестыне. ― Вы бачыце, якая складаная і жахлівая сітуацыя побач з зямным Ерузалемам. Ёсць кволая надзея, што будзе крыху больш міру, паглядзім… Вы ж належыце да нябеснага Ерузалема, бо вы вечныя».
«Зямное жыццё ― гэта часовая пілігрымка, такая ж, напрыклад, як у Будслаў, дзе я не раз бываў. Распачаўшы сваё служэнне ў Беларусі, я адразу паехаў да Маці Божай Будслаўскай маліцца, каб мая місія была плённай.
Тады я быў маладзейшым і здаравейшым, а зараз што? Бедны, стары, баліць спіна… Але я хаджу! Мы павінны памятаць, што нашае цела ў любым выглядзе ― гэта люстэрка, у якім бачнае Божае Аблічча», ― падзяліўся ўспамінамі і разважаннямі кардынал Гуджэроці.
Напрыканцы сваёй катэхезы пасланнік Папы падсумаваў сутнасць свайго удзелу ў святкаванні 100-годдзя Пінскай дыяцэзіі, падкрэсліўшы, што перадусім гэта «лучнасць мясцовага Касцёла з Паўсюдным».
Іерарх адзначыў, што Яго Святасць Папа Леў XIV, якога «кардыналы так хутка выбралі, што не паспелі нават прагаладацца», накіраваў яго дзякаваць беларусам за захаванне веры ў старажытны горад, дзе калісьці была заключаная унія. Прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў запэўніў, што ў Ватыкане вельмі напружана працуюць над пытаннем рэлігійнай свабоды.
Пасля катэхезы прадстаўнік Святога Айца пажадаў пагутарыць з моладдзю Пінскай дыяцэзіі. У радаснай і нязмушанай атмасферы абмяркоўваліся фундаментальныя для кожнага каталіцкага верніка пытанні.
Першым пытаннем да дзяўчат і хлопцаў з боку іерарха было, чаму ён ці яна католік.
Прагучалі наступныя адказы:
- «У касцёле мяне ахрысцілі бацькі. Люблю касцёл, сакрамэнты… »,
- «Веру мне перадалі бацькі, і я ім за гэта ўдзячная…»,
- «Я католік, бо веру, што пасля смерці мая душа будзе збаўленая»,
- «Я ў касцёле, бо тут мой дом. Я ведаю, што Бог мяне любіць і людзі мяне любяць» і інш.
Усімі адказамі кардынал быў задаволены і заўважыў, што вельмі важна, атрымаўшы веру ў дар, свядома ў ёй узрастаць.
Затым дастойны госць запытаўся ў прысутных, што яму трэба перадаць Папу.
- «Што мы чакаем яго ў Беларусі!» (гучныя апладысменты),
- «Што мы молімся за яго і просім аб малітве за нас».
- «Перадайце Папу: на Беларусі Бог жыве!» ― словамі з верша Уладзіміра Караткевіча адказаў адзін з юнакоў.
Пад радасныя воклічы і гучныя воплескі кардынал паабяцаў, што ўсё гэта Папа пачуе ад яго праз тры-чатыры дні.
Прадстаўнік Святога Айца таксама пацікавіўся, што маладыя вернікі адчуваюць, калі прымаюць Камунію.
«Радасць і спакой», «Палёгку ў душы», «Паяднанне з Богам», «Сэнс жыцця», ― былі адказы, якія таксама задаволілі кардынала.
Папскі легат пажадаў пачуць, што такое сэнс жыцця, які прагучаў у адным з адказаў.
― Радасць і любоў, ― без ваганняў адказала адна з верніц.
― А ці вашыя сэрцы поўныя любові і радасці? ― запытаўся кардынал Гуджэроці.
― Мы на шляху да гэтага, ― пачулася з боку прысутных, пасля чаго раздаліся працяглыя воплескі.
Ватыканскі дыпламат пацікавіўся ў маладой аўдыторыі, якое значэнне для яе мае паўсюдная еднасць Касцёла, усведамленне, што ўсе народы ― часткі Касцёла ― моляцца і падтрымліваюць адно аднаго?
Гэтае «няпростае філасофскае пытанне», як яго назваў кардынал, крыху збянтэжыла моладзь, аднак маладыя людзі трапна і сугучна з папскім дэвізам In Illo uno unum («У Ім адзіным мы адзіныя») заўважылі, што ў Хрысце не мае вялікага значэння, да якога народу мы належым, бо ў Ім мы ўсе адно.
У працяг гэтай думкі пасланнік Папы прывёў словы святога Аўгустына: «Вы Цела Хрыста». Кардынал растлумачыў, што кожны з нас, як член Касцёла, павінен усведамляць, што ён частка Цела Хрыста. Толькі калі мы гэта з радасцю ўсведамляем, нашае «амэн» пасля прыняцця Камуніі гучыць пераканаўча.
Напрыканцы глыбокага і цёплага дыялогу з моладдзю высокі госць з Ватыкана заахвоціў прысутных да малітвы за Папу і запытаўся, ці можа ён запэўніць Святога Айца, што ў Беларусі штодня за яго будуць маліцца. Маладыя вернікі шчырым сэрцам адказалі: «Так!».
Пасля катэхезы кардынал Гуджэроці падышоў да маладых людзей, з якімі адбыўся кароткі прыватны дыялог. Удзячная за прамоўленае слова моладзь у асобе адважнай яе прадстаўніцы ўручыла папскаму пасланніку букет валошкаў ― сімвал краіны, у якую ён прыбыў з Ватыкану.































































































