Пошук

17.12.2025 17:27   Паводле: grodnensis.by

14 снежня каля 7 гадзін раніцы здарыўся пажар у касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і Святога Язафата Кунцэвіча ў Сапоцкіне каля Гродна.

Для мясцовых вернікаў гэта вялікая трагедыя, прычым здарылася яна ў час падрыхтоўкі да святаў Божага Нараджэння.

Сапоцкінскі касцёл належыць да найстарэйшых каталіцкіх святыняў Беларусі. Яго гісторыя ўзыходзіць да XVIII стагоддзя. Спачатку на яго месцы быў драўляны касцёл, які пазней быў перабудаваны ў мураваны. У розныя гістарычныя перыяды святыня перажывала войны, змену ўладаў, рэлігійныя ганенні, у XIX стагоддзі рэстаўравалася, а ў савецкія часы была зачынена і выкарыстоўвалася не па прызначэнні.

Варта адзначыць, што 15 снежня 1989 года ў касцёле таксама здарыўся пажар, падчас якога згарэў галоўны алтар.

За апошнія гады дзякуючы мясцовым вернікам касцёл быў адноўлены пад кіраўніцтвам пробашча ксяндза Антонія Абухоўскага. Быў заменены дах, прайшоў унутраны рамонт, а сёлета пачаўся знешні. Усё гэта было знішчана пажарам: пашкоджаны дах, кроквавая сістэма па ўсёй плошчы будынка, закураны сцены, столь, унутранае ўбранства, цалкам згарэла сакрыстыя і ўсё, што ў ёй было, у тым ліку літургічнае начынне і ўбранне, касцёльныя кнігі.

Адразу ж пасля пажару парафіяне і іншыя неабыякавыя прыступілі да прывядзення святыні ў парадак уласнымі сіламі. Прыбралі спаленыя часткі даху, пачалі мыць сцены.

Цяпер месцам малітвы парафіяльнай супольнасці стаў канферэнцыйны зал у Доме міласэрнасці каля касцёла.

Працягваецца высвятленне прычын пажару, над чым працуюць спецыялісты і адпаведныя органы.

Усе, хто хацеў бы дапамагчы аднаўленню касцёла, могуць пералічыць сродкі на рахунак парафіі. Пробашч і парафіяне загадзя дзякуюць за кожнае ахвяраванне, а таксама выказваюць падзяку ўсім, хто ўдзельнічаў у гашэнні агню і падтрымаў парафію малітвай.

  • Банкаўскія рэквізіты парафіі:

РО «Религиозная община приход костела Вознесения на небеса Пресвятой Девы Марии и святого Иосафата в г. п. Сопоцкин Гродненского района Гродненской епархии Римско-католической Церкви в Республике Беларусь»

УНП 500030886
р/с BY56 AKBB3015 0000 4672 4400 0000
БИК AKBBBY2X

добровольные пожертвования на восстановление костёла

Абноўлена 17.12.2025 17:28
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця