Пошук

06.11.2026 23:10   Аляксандр Панчанка / Vatican News BY / Фота: Vatican Media / Catholic.by

6 лістапада Папа Леў XIV у межай свайго чарговага апостальскага падарожжа ў Лацінскую Амерыку прыляцеў ва Уругвай. Пасля трынаццаці з паловай гадзін палёту самалёт з Папам на борце прызямліўся ў міжнародным аэрапорце імя генерала Сесарэа Берыса, які знаходзіцца ў дваццаці кіламетрах ад сталіцы дзяржавы Мантэвідэа.

Інфармацыя пра здароўе Пантыфіка з першых вуснаў

Падчас палёту ва Уругвай Леў XIV распавёў журналістам пра сваё самаадчуванне пасля аперацыі, мэты апостальскага падарожжа і чаканні ад сустрэч у трох краінах Лацінскай Амерыкі, паведамляе карэспандэнт Vatican News Сальваторэ Чэрнуцыа.

Многія сумняваліся, што пасля аперацыі па выдаленні пухліны Леў XIV зможа адправіцца ў падарожжа. Сам жа Папа — ніколі.

«З першага дня я не меў ніякіх сумневаў: быў перакананы, што падарожжа павінна адбыцца», — сказаў ён, вітаючы 82 журналістаў, прысутных на борце самалёта. Пантыфік адзначыў, што адчувае сябе добра, і падзякаваў Богу і ўрачам, у тым ліку тым, якія суправаджаюць яго ў паездцы.

Папа адзначыў, што пасля аперацыі яшчэ больш адчувае абавязак быць побач з хворымі.

Ён выказаўся пра важнасць даступнасці медыцынскай дапамогі для ўсіх, а людзям, якія хварэюць на рак, параіў не баяцца і звярнуў увагу на значэнне ранняй дыягностыкі і рэгулярных абследаванняў.

Леў XIV таксама паведаміў, што падчас знаходжання ў клініцы Джэмэлі чытаў брэвіярый, малітоўнік і газеты. Да гульні ў тэніс ён пакуль не вярнуўся, але спадзяецца аднавіць яе ў будучыні.

Галоўная мэта падарожжа

Галоўнай мэтай шостага апостальскага падарожжа ў Лацінскую Амерыку Пантыфік назваў сустрэчу з народамі і культурамі Уругвая, Аргенціны і Перу, а таксама перадачу ім «паслання надзеі».

Гаворачы пра візіт у Перу, Леў XIV сказаў, што гэта будзе яго своеасаблівае «вяртанне дадому», бо ў гэтай краіне ён больш за дваццаць гадоў служыў спачатку місіянерам, а пазней таксама біскупам. «Для мяне гэта адзін з маіх шматлікіх дамоў. Я шчаслівы, што магу вярнуцца», — прызнаўся Святы Айцец.

Візіт у Аргенціну Леў XIV назваў знакам пашаны да свайго папярэдніка Папы Францішка, бо наведае яго радзіму, куды той так і не змог прыехаць падчас свайго пантыфікату.

Першыя крокі Папы па уругвайскай зямлі

Святога Айца сустракаў ля трапу прэзідэнт Уругвая Яманду Орсі, які займае найвышэйшую дзяржаўную пасаду з сакавіка 2025 года.

Леў XIV прывітаў прадстаўнікоў мясцовага Касцёла, а потым накіраваўся на аўтамабілі на тэрыторыю базы ўругвайскіх ваенна-паветраных сіл, дзе адбылося прадстаўленне членаў афіцыйнай урадавай дэлегацыі.

Адтуль папскі картэж накіраваўся на Плошчу Незалежнасці ў Мантэвідэа — галоўную плошчу сталіцы, дзе размяшчаюцца рэзідэнцыя кіраўніка дзяржавы і іншыя важныя дзяржаўныя ўстановы. Тут была запланавана афіцыйная цырымонія прывітання Пантыфіка з удзелам прадстаўнікоў уругвайскіх уладаў, грамадзянскай супольнасці, бізнесу, дзеячаў культуры, дыпламатаў і ганаровых гасцей, у тым ліку трох былых прэзідэнтаў краіны. 

Абноўлена 07.11.2026 00:20
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.