
29 кастрычніка біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй прызначыў новага прэфекта Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Ім стаў ксёндз доктар Андрэй Скамарошка, да гэтага часу вікарый лідскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа і катэхетычны візітатар Лідскага дэканату.
Да сваіх новых абавязкаў святар прыступіць 10 лістапада.
Біскуп падзякаваў ксяндзу Андрэю за ранейшае служэнне і ўдзяліў пастырскае благаслаўленне на выкананне новых адказных абавязкаў, якія заключаюцца ў фармацыі будучых святароў.
Да ксяндза Андрэя прэфектам гродзенскай семінарыі быў ксёндз Ян Раманоўскі. Ён стаў яе рэктарам пасля таго, як ранейшага рэктара, ксяндза каноніка Віталія Вайцяхоўскага, біскуп Гродзенскі прызначыў пробашчам ашмянскай парафіі Святога Міхала Арханёла ў Ашмянах на месца раптоўна памерлага ксяндза Яна Варанецкага і адміністратарам парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса і Анёлаў Ахоўнікаў у Анжадаве (Гродзенская дыяцэзія, Ашмянскі дэканат).
Ксёндз Андрэй Скамарошка нарадзіўся 18 ліпеня 1991 года, паходзіць з парафіі Адшукання Святога Крыжа ў Гродне. Прэзбітэрскае пасвячэнне, удзеленае біскупам Аляксандрам Кашкевічам, прыняў 4 чэрвеня 2016 года ў гродзенскай катэдры Святога Францішка Ксаверыя.
У 2024 годзе абараніў доктарскую дысертацыю па тэалогіі “Евангелізацыйнае вымярэнне літургіі Праваслаўнай Царквы”, падрыхтаваную ў Вармінска-Мазурскім універсітэце ў Ольштыне (Польшча).







