
26 верасня біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, адказны ў ККББ за фармацыю семінарыстаў і святароў, прызначыў новага рэктара Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.
Як інфармуе партал grodnensis.by, новым кіраўніком духоўнай навучальнай установы стаўся ксёндз Ян Раманоўскі, які дагэтуль выконваў функцыю яе прэфекта.
Ксёндз канонік Віталій Вайцяхоўскі, які з 2018 года служыў на пасадзе рэктара семінарыі, прызначаны пробашчам парафіі святога Міхала Арханёла ў Ашмянах і адміністратарам парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса і Анёлаў Ахоўнікаў у Анжадаве (Ашмянскі дэканат).
Ксёндз Ян Раманоўскі нарадзіўся 10 лістапада 1987 г., паходзіць з парафіі Маці Божай Ружанцовай у Радуні. Прэзбітэрскае пасвячэнне, удзеленае біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам, прыняў 26 мая 2012 г. у гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя.
З 2012 па 2015 год быў вікарыем гродзенскай парафіі Адшукання Святога Крыжа. З 2015 па 2017 год вучыўся ва ўніверсітэце ў Памплоне (Іспанія). Прэфектам семінарыі ў Гродне быў з 2017 па 2025 год.
Ксёндз канонік Віталій Вайцяхоўскі нарадзіўся 9 кастрычніка 1979 г., паходзіць з парафіі святых Космы і Дам’яна ў Астраўцы. Прэзбітэрскае пасвячэнне, удзеленае біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам, прыняў 29 мая 2004 г.
З 2007 па 2011 год вывучаў тэарэтычную філасофію ў Люблінскім каталіцкім універсітэце (Польшча).
З 2011 года выкладаў у гродзенскай семінарыі. Быў пробашчам парафіі св. Антонія і Аб’яўлення Пана ў Каменцы і адміністратарам парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Дзембраве (Шчучынскі дэканат). Рэктарам семінарыі ў Гродне быў з 2018 па 2025 год.







