28 сакавіка, у Вялікі чацвер, у катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне адбылася Імша Хрызма, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Да цэлебрацыі ў галоўнай святыні горада над Нёманам далучыўся арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, а таксама каля 120-і святароў з розных парафій Гродзенскай дыяцэзіі.
Удзел у гэтай Імшы прэзбітэрыя на чале з пастырам падкрэслівае адзінства і непадзельнасць Хрыстовага святарства, а таксама духоўная сувязь, якая злучае святароў з біскупам і паміж сабою.
Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, на Імшы сабраліся і шматлікія іншыя ўдзельнікі: сёстры законныя, семінарысты, прадстаўнікі літургічнай службы алтара, вернікі Гродна і наваколля. Яны прыйшлі падтрымаць малітвай служэнне сваіх святароў, якія штодзень абвяшчаюць ім Божае слова і ўдзяляюць сакрамэнты.
Гамілію прамовіў арцыбіскуп Кандрусевіч. Ён нагадаў, што словы Хрыста аб намашчэнні Духам Святым адносяцца да кожнага святара і што гэтае намашчэнне здзяйсняецца праз ускладанне рук біскупа і малітву пасвячэння.
Шмат увагі ў гаміліі заслужаны іерарх прысвяціў належнаму выкананню святарскіх функцый.
Адносна функцыі навучання ён патлумачыў, што сіла абвяшчэння Евангелля паходзіць не з нашых думак, а з перададзенай Богам праўды. Па словах арцыбіскупа, «прапанова хрысціянства „па зніжанай цане“ з выкарыстаннем мовы канфармізму з мэтай быць папулярным — не сапраўдная евангелізацыя, а прыстасаванне да густу грамадскай думкі».
«Мы павінны быць слугамі каштоўнасцяў, якіх свет не можа даць. Наша сіла ў Божай праўдзе. За маўчаннем ідзе згода. Калі мы сёння маўчым на маральныя тэмы, то заўтра будзем несці наступствы гэтага маўчання», — сказаў арцыбіскуп эмэрыт.
Надзвычай важнай у сённяшні час ён назваў функцыю асвячэння. «Хрыстус устанавіў сакрамэнты, а Касцёл зацвердзіў парадак іх цэлебрацыі, і ніхто не мае права яго змяняць», — заўважыў іерарх, дадаўшы, што «вернікі маюць права на належную цэлебрацыю літургіі, якая служыць справе збаўлення і евангелізацыі», і што «літургічная „творчасць“, якая пераходзіць устаноўленыя Касцёлам чырвоныя лініі, недапушчальная».
Арцыбіскуп нагадаў таксама пра функцыю кіраўніцтва Божым народам, якая «павінна выконвацца ў духу служэння».
«Мы не валадары народа, даручанага нашай духоўнай апецы, а яго слугі», — сказаў ён, заўважыўшы, што з гэтай прычыны «важна ведаць жыццёвую сітуацыю людзей, каб раіць і накіроўваць іх на шлях збаўлення». Таму, па словах іерарха, святар павінен «пастаянна ўдасканальвацца і быць чалавекам малітвы, памятаючы словы Хрыста, што без Яго мы нічога не можам зрабіць».
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч завяршыў гамілію зваротам-заахвотаю: «Прэзбітэрый Касцёла на Гродзеншчыне! Будзь духоўным кіраўніком даручанага тваёй апецы Божага народа. Настаўляй у час і не ў час. <…> Будзь адной сям’ёй, з’яднанай повязямі святарства, каб пра цябе казалі: „Як добра, калі браты жывуць разам“. In nomine Domini — у імя Пана — адважна ідзі ў новае заўтра і вядзі даручаны табе Божы народ у нябесны Ерузалем».
Духавенства аднавіла на Імшы святарскія абяцанні, просячы ў Бога трываласці нa далейшыя гады служэння і моцы духу ў рэалізацыі задач, якія ставіць Хрыстус. Aднаўленне абяцанняў стала для святароў нагодай аднавіць у сабе першасную руплівасць, зноў запаліць полымя любові да Хрыста і Яго Касцёла, абудзіць у сэрцах давер да Езуса, усемагутнага ў міласэрнасці і прабачэнні.
Падчас Эўхарыстыі aдбылося благаслаўленне алею хворых і кансэкрацыя алею Хрызма, якія на працягу бліжэйшага года будуць выкарыстоўвацца для ўдзялення сакрамэнтаў.
Ад імя ўсіх дыяцэзіяльных і манаскіх святароў, якія служаць у Касцёле на Гродзеншчыне, а таксама сясцёр законных са словамі віншавання да біскупа Аляксандра Кашкевіча і арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які 35 гадоў таму распачаў у Гродне сваё біскупскае служэнне, звярнуўся генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі ксёндз канонік Аляксандр Мацкевіч.
На заканчэнне літургіі біскуп Кашкевіч падзякаваў святарам за служэнне, якое яны ахвярна і рупліва нясуць у Касцёле на Гродзеншчыне, асабліва ў насычаны працай перыяд Вялікага посту, калі яны прысвячалі шмат часу яднанню людзей з Богам у сакрамэнце споведзі.