Пошук

08.11.2024 14:39   Тэкст: Кс. Андрэй Рылка / Фота: Кс. Чэслаў Ладыка / Catholic.by

Увечары 7 лістапада каталіцкія біскупы Беларусі завяршылі першыя адмысловыя рэкалекцыі для епіскапату, якія праводзіў для іх дапаможны біскуп архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве (Расія) Мікалай Дубінін OFMConv.

Заключным момантам духоўных практыкаванняў для іерархаў стала святая Імша ў Пінскай катэдральнай базыліцы Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Усіх сабраных у галоўнай святыні дыяцэзіі прывітаў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

Цэлебрацыю ўзначаліў Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Распачынаючы літургію, арцыпастыр заахвоціў сабраных біскупаў, святароў і парафіянаў, каб у межах актавы малітваў за памерлых, якую ў гэтыя дні перажывае Паўсюдны Касцёл, узнесці да Міласэрнага Бога малітвы за спачылае духавенства і кансэкраваных асобаў, якія служылі Касцёлу ў нашай краіне.

Асабліва арцыбіскуп Станеўскі заахвоціў памаліцца за святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка з нагоды 110-й гадавіны з дня яго нараджэння, якая адзначалася сёлета 21 кастрычніка.

Гамілію да ўдзельнікаў літургіі прамовіў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч. У ёй заслужаны іерарх нагадаў вернікам пра дар жыцця і служэння кардынала Свёнтка.

Яго наступнік на Мінска-Магілёўскай катэдры падкрэсліў, што ён як добры пастыр стаў сапраўдным прыкладам веры і бязмежнага даверу да Пана Бога, нягледзячы на розныя драматычныя сітуацыі, якія перажываў у сваім жыцці.

На заканчэнне святой Імшы арцыбіскуп Станеўскі заахвоціў вернікаў маліцца аб новых пакліканнях да святарства, асабліва ў нашых парафіях. Таксама іерарх заклікаў усіх вернікаў маліцца за маладыя сужэнствы і сем’і, каб яны былі адкрытыя на Божы дар новага жыцця, якім з’яўляецца кожнае дзіця.

«Бо ў адкрытых на Бога сем’ях перадусім нараджаюцца святарскія пакліканні», — дадаў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Пасля заканчэння літургіі біскупы разам з мясцовымі парафіянамі памаліліся каля труны Слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага, першага біскупа Пінскай дыяцэзіі, а таксама ў крыпце катэдры, дзе пахаваны Сведка веры кардынал Казімір Свёнтэк.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця