Пошук

07.11.2024 20:20   Тэкст: Кс. Андрэй Рылка / Фота: Кс. Чэслаў Ладыка / Catholic.by

Біскупы Беларусі ў межах духоўных практыкаванняў, якія яны перажываюць у Пінску, 6 лістапада наведалі некаторыя мясціны, звязаныя з духоўнай спадчынай Пінскага рэгіёна.

Спачатку беларускія біскупы разам з рэкалекцыяністам, дапаможным біскупам архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве Мікалаем Дубініным OFMConv, наведалі гарадскі некропаль Пінска — найстарэйшыя могілкі на вуліцы Спакойнай.

Там каля памятнага крыжа на месцы былой капліцы Маці Божай Балеснай яны памаліліся за спачылых біскупаў, святароў, кансэкраваных асобаў, а таксама за свецкіх вернікаў, якія адышлі ў вечнасць.

Таксама іерархі памаліліся каля магіл бацькоў біскупа Пінскага Казіміра Букрабы (†1946), а таксама каля пахаванняў бліжэйшых супрацоўнікаў Слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага: легендарных святароў ксяндза прэлата доктара Вітальда Чачота і ксяндза прэлата Лявона Святаполк-Мірскага, выкладчыкаў каталіцкай Духоўнай акадэміі ў Санкт-Пецярбургу на мяжы ХІХ–ХХ стагоддзяў, якія стаялі ля вытокаў Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта, а таксама дапамагалі ў арганізацыі курыяльных структур Пінскай дыяцэзіі больш за сто гадоў таму.

Біскупы наведалі таксама знакамітую «хатку кардынала» — дом у Пінску на вуліцы Шаўчэнкі 12, дзе на працягу доўгіх дзесяцігоддзяў свайго служэння жыў першы і адзіны беларускі кардынал Казімір Свёнтэк, першы Мітрапаліт Мінгска-Магілёўскі і першы Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

У маленькім дамку, а дакладней, у яго палове, якую займаў Сведка веры, усё засталося так, як было пры яго жыцці.

Асаблівым момантам малітвы і роздуму стала для іерархаў наведванне дыяцэзіяльнага санктуарыя Маці Божай Каралевы Палесся, Апякункі Пінскай дыяцэзіі, у мястэчку Лагішын.

Пасля малітвы ў санктуарыі біскупы завіталі ў лагішынскі Дом міласэрнасці для пажылых людзей. Там іерархі сустрэліся з супрацоўнікамі і пастаяльцамі ўстановы і ўдзялілі ім сваё пастырскае благаслаўленне.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.