Пошук

21.06.2019 15:54   Падрыхтаваў: Мікола Гракаў / Фота: Яна Лабачэўская / Catholic.by

Ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста з удзелам Пінскага біскупа Антонія Дзям’янкі ў Лагішыне адзначылі 40-годдзе святарства кс. Тадэвуша Шэшкі FDP, кусташа санктуарыя Маці Божай Каралевы Палесся.

Традыцыйна ў гэты дзень вуліцамі мястэчка, асвячанага цудадзейнай прысутнасцю Маці Божай Лагішынскай, праходзіць Эўхарыстычная працэсія. Як адзначыў біскуп Дзям’янка, яна з’яўляецца вобразам хрысціянскага жыцця: крочыць наперад за Езусам у Эўхарыстыі. Па словах іерарха, мы становімся перад таямніцай прысутнасці Езуса сярод нас, аддаем Яму пашану і вызнаем веру ў Яго.

«На працягу года мы прыходзім да Бога ў касцёл, а сёння Ён, паводле словаў песні, „прыходзіць наведаць нашае жыллё і даведацца, як жывуць Яго дзеці“.

Просім, каб Ён нас благаславіў! Каб месца нашага пражывання было адпаведным для духоўнага ўзрастання і падрыхтоўкі да прабывання з Ім у небе, бо гэта — канчатковая мэта нашага жыцця. У гэтым дапамагае нам Касцёл і слугі Хрыстовага алтара, святары», — адзначыў біскуп Антоні.

Тым больш, дадаў іерарх, важна ў такі дзень узгадаць 40 гадоў адданага святарскага служэння кс. Тадэвуша Шэшкі, пробашча Лагішынскай і Целяханскай парафій, дэкана Пінскага, кусташа дыяцэзіяльнага санктуарыя Маці Божай Каралевы Палесся. Пры гэтым біскуп Антоні падкрэсліў, што юбіляр з’яўляецца духоўным сынам святога Луіджы Арыёнэ і ў сваім жыці і служэнні заўсёды застаецца верным дэвізу гэтай супольнасці кансэкраванага жыцця — «Аднавіць усё ў Хрысце».

Ксёндз Тадэвуш прыехаў у Беларусь з-за мяжы, але ён усім сэрцам палюбіў нашу краіну, яе народ, і прысвяціў простаму палескаму люду ўсё сваё жыццё і ўсю цеплыню свайго вялікага святарскага сэрца.

Шчыра працуючы на ніве Пана, ён можа цешыцца тым, што яго пастырскі клопат не дарэмны. Дзякуючы намаганням яго і яго паплечнікаў у многіх мясцінах Столінскага, Драгічынскага, Лунінецкага, Ганцавіцкага, Іванаўскага і Пінскага раёнаў аднавілі сваю дзейнасць каталіцкія парафіі, якія здаўна тут існавалі.

Біскуп Антоні нагадаў, што ксёндз Тадэвуш Шэшка цесна супрацоўнічаў з кардыналам Казімірам Свёнткам, актыўна ўдзельнічаў і ўдзельнічае ў фармацыі семінарыстаў у Пінску. Як асаблівую заслугу святара іерарх адзначыў з’яўленне ў Лагішыне першага ў Беларусі каталіцкага «Дома міласэрнасці» для людзей старэйшага ўзросту, які існуе дзякуючы служэнню айцоў арыяністаў і руплівасці ксяндза Тадэвуша.

«Дзверы гэтай дабрачыннай установы адчынены для патрабуючых розных веравызнанняў і тых, хто шукае Бога. Тут на практыцы рэалізуецца евангельская прыпавесць аб міласэрным самараніне», — сцвердзіў пастыр Пінскай дыяцэзіі.

Разам з тым ён звярнуў увагу на пэўны красамоўны факт.

Калі ў прыгожым і чыстым «Доме міласэрнасці», які функцыянуе па высокіх сучасных стандартах, створаны цудоўныя і камфортныя ўмовы для жыцця яго пастаяльцаў, то сам ксёндз Тадэвуш, па прыкладзе кардынала Казіміра Свёнтка, жыве надзвычай проста і сціпла, у старой драўлянай хаціне без асаблівых выгодаў.

Біскуп Пінскі пажадаў юбіляру шматлікіх Божых ласкаў, дароў Духа Святога, дабразычлівых супрацоўнікаў, каб ён і надалей адважна абвяшчаў свету словамі святарскага настаўлення і прыкладам уласнага жыцця, што Хрыстус жыве ў Касцеле і з’яўляецца адзіным Збаўцам свету. Разам з пастырам дыяцэзіі свайго шматгадовага пробашча шчыра павіншавалі таксама вернікі лагішынскай парафіі.

Пасля св. Імшы адбылася Эўхарыстычная працэсія, у якой Езус Хрыстус, прысутны ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, прайшоў па вуліцах сціплага палескага мястэчка, паказваючы яго жыхарам шлях у валадарства бязмежай Божай любові, якое пачынаецца тут, на зямлі, у канкрэтных справах міласэрнага служэння бліжнім.

Абноўлена 21.06.2019 16:05
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця