Пошук

05.11.2024 18:45   Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота Аляксандры Шчыглінскай

5 лістапада ў будынку былой Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску распачаліся рэкалекцыі для каталіцкіх біскупаў Беларусі.

Такія адмысловыя духоўныя практыкаванні для епіскапату ў нашай краіне праходзяць упершыню. Праводзіць рэкалекцыі, у якіх бяруць удзел усе каталіцкія біскупы Беларусі і Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, дапаможны біскуп архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве Мікалай Дубінін OFMConv.

Тэма рэкалекцый натхнёная старазавпаветнай кніга Прыпавесцяў Саламона: «Дай настаўленне мудраму, і ён будзе яшчэ мудрэйшым» (пар. Прып 9, 9).

Як патлумачыў Catholic.by Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Пінск нездарма быў выбраны месцам правядзення першых рэкалекцый для беларускіх іерархаў.

«У дні, калі Касцёл асаблівым чынам моліцца за памерлых, у тым ліку і за спачылае духавенства, мы вырашылі сабрацца менавіта ў Пінску, дзе ў крыпце пад катэдральным касцёлам пахаваны першы Старшыня беларускага епіскапату святой памяці кардынал Казімір Свёнтэк», — сказаў арцыбіскуп Станеўскі.

Іерарх дадаў, што пасля заканчэння рэкалекцый, у пятніцу 8 лістапада, тут жа ў Пінску плануецца правесці пасяджэнне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, каб падкрэсліць сувязь і адзінства, а таксама пераемнасць мясцовай касцёльнай іерархіі.

«Молячыся у крыпце, дзе спачываюць парэшткі кардынала Свёнтка, мы вяртаемся да вытокаў структур Касцёла на Беларусі», — адзначыў Старшыня епіскапату.

Акрамя таго, арцыбіскуп Юзаф Станеўскі заўважыў, што ў час, калі пінская семінарыя ўжо некалькі гадоў пустуе, паколькі няма кандыдатаў, тут сабраліся біскупы з усёй Беларусі, каб маліцца ў тым ліку і аб пакліканнях.

Абноўлена 05.11.2024 18:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа