Пошук

28.10.2024 13:14   Фота: Станіслаў Бервячонак / Catholic.by

У нядзелю 27 кастрычніка арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў Імшу падзякі ў гродзенскай катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя за 35 гадоў біскупскага служэння.

На пачатку Эўхарыстыі заслужаны іерарх павіншаваў новага біскупа Гродзенскага Уладзіміра Гуляя, пажадаўшы яму Божага благаслаўлення, апекі Божай Маці і апекуноў дыяцзіі ў яго біскупскам служэнні.

рцыбіскуп Кандрусевіч таксама падзякаваў біскупу эмэрыту Аляксандру Кашкевічу за яго 33-гадовае служэнне ў якасці першага ардынарыя дыяцэзіі, які стаў архітэктарам яе станаўлення, пажадаў яму Божага благаслаўлення ў далейшым служэнні Касцёлу і запрасіў у «клуб біскупаў эмэрытаў».

У прамоўленай гаміліі іерарх засяродзіўся на ўрыўку з нядзельнага Евангелля пра аздараўленне Езусам сляпога Бартымея. Пры гэтым арцыбіскуп звярнуў увагу на праблему духоўнай слепаты, адзначыўшы, што для таго, каб вылечыцца ад яе, неабходна звярнуцца да Бога, як гэта зрабіў сляпы жабрак Бартымей.

«Наша краіна ў мінулым стагоддзі была паддадзена суроваму выпрабаванню палітыкай ваяўнічага атэізму, які імкнуўся ўчыніць нас духоўна сляпымі. Але Божы люд вытрымаў, прыкладам чаго можа служыць сённяшняя гродзенская катэдра, дзе людзі 28 гадоў маліліся самі без святара і сцераглі касцёл ад пагрозы закрыцця», — узгадаў заслужаны іерарх. 14 лютага 1988 года ксёндз Тадэвуш Кандрусевіч увайшоў у гэтую святыню як першы пробашч пасля амаль трох дзесяцігоддзяў адсутнасці святара, а 28 кастрычніка наступнага года адбыўся яго інгрэс як першага пасля Другой сусветнай вайны біскупа ў Беларусі.

«У 1991 годзе ў гэтым касцёле адбылося пасвячэнне першага Гродзенскага біскупа Аляксандра Кашкевіча. Потым прыйшоў час на пасвячэнне біскупа Антонія Дзям’янкі, арцыбіскупа Юзафа Станеўскага і біскупа Уладзіміра Гуляя. Гэтыя падзеі паказалі, што Бог піша гісторыю і ставіць апошнюю кропу над „і“, за што Яму хвала», — сказаў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Ён дадаў, што яго біскупскае служэнне распачалося ў гродзенскай катэдры і таму ён не можа абмінуць яе, «каб падзякаваць Богу і людзям за іх малітвы ў яго інтэнцыі ў спрыяльныя часы і ў часы выпрабаванняў». Заўважыўшы, што біскуп таксама чалавек і можа памыляцца, заслужаны іерарх перапрасіў за недахопы ў сваім служэнні і папрасіў маліцца аб благаслаўленні на далейшае служэнне.

Гродзенскім вернікам арцыбіскуп Кандрусевіч пажадаў заставацца верным свайму хрысціянскаму пакліканню, каб не быць духоўна сляпымі і жыць духам Евангелля.

Пасля Імшы гродзенцы павіншавалі іерарха з 35-годдзем біскупскага служэння, а дзеці праспявалі адмысловую ружацовую малітву і падаравалі зрблены з цукерак ружанец. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падзякаваў за віншаванне, а падарунак вярнуў дзецям з пажаданнем адчуць слодыч не толькі цукерак, але і ружанцовай малітвы.

28 кастрычніка, у свята святых апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша, арцыбіскуп Кандрусевіч адзначае свае імяніны.

 

Абноўлена 28.10.2024 13:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.