Айцец Штэфан Ліпке, езуіт, якога 12 верасня Святы Айцец Папа Францішак прызначыў дапаможным біскупам дыяцэзіі Перамянення Пана ў Новасібірску (Расійская Федэрацыя), надаўшы яму тытулярную катэдру ў Арэне, прыме біскупскае пасвячэнне 2 лютага 2025 года.
18 кастрычніка Апостальскі Нунцый у Расійскай Федэрацыі арцыбіскуп. Джаванні Д’Аньела ўручыў біскупу намінату Штэфану Ліпке SI з Вялікапольска-Мазавецкай правінцыі Таварыства Езуса рашэнне Папы Францішка адносна даты прыняцця ім біскупскага пасвячэння.
Раней, у сувязі з няскончанымі справамі, звязанымі з папярэдняй працай (між іншым, з 2018 года езуіт быў рэктарам Інстытута святога Тамаша ў Маскве і выкладаў у шэрагу ВНУ ў расійскай сталіцы), айцец Ліпке папрасіў у Святога Айца дыспенсацыю ад нормы кананічнага права, паводле якой біскупскае пасвячэнне павінна адбыцца ў трохмесячны тэрмін з даты атрымання пісьмовай намінацыі.
У выніку было вызначана, што біскупскае пасвячэнне айца Штэфана Ліпке адбудзецца 2 лютага ў 11.00 па мясцовым часе (GMT+7 або Мінск+4) у катэдры Перамянення Пана ў Новасібірску.
Галоўным пасвячаючым біскупам будзе сабрат айца Штэфана Ліпке па Таварыстве Езуса, першы пастыр створанай святым Янам Паўлам ІІ у 1991 годзе дыяцэзіі ў Новасібірску біскуп Юзаф Верт SІ, які да гэтага часу з’яўляецца яе ардынарыем. Асіставаць яму будуць біскуп Клеменс Пікель, ардынарый дыяцэзіі святога Клімэнта ў Саратаве (Расія) і яшчэ адзін езуіт, біскуп Антуан Ільгіт SI, дапаможны біскуп Апостальскага вікарыята Анатоліі з цэнтрам у горадзе Іскендэрун (Турцыя).