Пошук

08.11.2024 12:33   Паводле: Deon.pl / Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота Віктара Ведзеня

8 лістапада прыпадае апошні дзень актавы — прывілеяванага часу асаблівых малітваў за спачылых, калі католікі могуць атрымаць поўны адпуст, які можна ахвяраваць за кагосьці з памерлых.

А ці могуць памерлыя бачыць і чуць нас, жывых? Гэтую тэму ў гаміліі на Успамін усіх памерлых вернікаў закрануў ксёндз Матэвуш Шэршань, міхаліт з Польшчы.

«Ёсць такія дні, калі ў сваім жыцці я адчуваю прысутнасць сваіх памерлых блізкіх, продкаў <…>, у тым ліку тых, якіх я асабіста ніколі не ведаў. Такім чынам у мяне ёсць пэўны досвед існавання нябачнага, звышнатуральнага свету: свету, які можна ўбачыць толькі пасля смерці.

У сувязі з гэтым у мяне ўзнікае пытанне, якое скіроўвае маю пабожнасць і маё духоўнае жыццё да Неба, і тады я пытаюся ў сябе: ці бачаць і чуюць нашы памерлыя тое, што мы робім на зямлі? Які адказ дае Касцёл?» — прапануе паразважаць ксёндз Матэвуш Шэршань.

Святар адзначае, што для веруючага чалавека відавочна існаванне свету духаў, і ўзгадвае біблійны аповед пра караля Саўла, які папрасіў чараўніцу выклікаць духа прарока Самуэля. Яна выканала просьбу Саўла, але Біблія выразна асуджае гэты ўчынак.

«Нельга непакоіць памерлых, нельга выклікаць духаў, бо гэта дрэнна скончваецца, і для Саўла таксама дрэнна скончылася.

Але разам з тым гэты фрагмент гаворыць пра тое, што людзі на зямлі могуць наладжваць кантакт з памерлымі, што памерлыя чуюць, што мы гаворым, і бачаць, што мы робім», — заўважае міхаліт.

«Што на гэты конт кажа Новы Запавет?» — пытаецца святар і ўзгадвае прыпавесць Езуса пра багацея і жабрака з Евангелля паводле Лукі (гл. Лк 16, 19–31). Пасля смерці багач трапіў у пекла, а жабрак — на ўлонне Абрагама.

«Багаты чалавек лічыць, што мёртвыя могуць прыйсці да жывых і папярэдзіць аб долі, якая чакае іх пасля смерці. Але Абрагам кажа, што гэта немагчыма, бо „паміж намі і вамі пакладзена вялізная прорва“», — гаворыць ксёндз Матэвуш.

«Катэхізіс Каталіцкага Касцёла кажа, што ёсць катэгорыя душаў, адносна якіх мы ўпэўненыя, што яны нас чуюць і бачаць. Больш за тое, мы таксама можам звярнуцца да іх, мы можам маліцца ім. Хто гэтая група? Гэта святыя <…>. Мы можам звяртацца да іх у малітве, бо яны ведаюць, адчуваюць і чуюць тое, што мы робім. Таму культ святых існаваў у Касцёле ад пачатку», — заўважае святар, і задае наступнае пытанне: «А што ж з душамі ў чысцы?»

«Мы не ведаем, ці яны нас бачаць і чуюць, але часам адчуваем нейкую дзівосную прысутнасць і нават просьбу аб малітве», — сцвярджае міхаліт, і пытаецца далей: «А што з тымі, якія трапілі ў пекла? Ці яны нас бачаць і чуюць?»

«Я думаю так: лепш было б, каб яны нас не бачылі і не чулі, бо асуджаныя душы не маюць доступу да свету жывых. Як кажа Абрагам, паміж намі і імі „пакладзена вялізная прорва, так што тыя, хто хоча, не могуць перайсці адсюль да вас, ні адтуль да нас не могуць перайсці“. Катэхізіс Касцёла развівае гэтую думку і кажа так: „Касцёл ад пачатку ўшаноўваў памяць памерлых і ахвяроўваў ім розную дапамогу, а ў прыватнасці Эўхарыстычную ахвяру, каб пасля ачышчэння маглі дайсці да шчаслівага бачання Бога“. Касцёл таксама заахвочвае да міласціны, адпустаў і спраў пакаяння за памерлых. Прыйдзем жа ім на дапамогу і памятайма пра іх. <…> Катэхізіс дадае: „Без ваганняў трэба прыходзіць на дапамогу тым, якія адышлі, і ахвяраваць за іх нашыя малітвы“», — нагадвае вучэнне Касцёла ксёндз Матэвуш Шэршань.

Абноўлена 08.11.2024 12:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.