Пошук

04.03.2024 15:20   Паводле: КАІ / Пераклад і адаптацыя: Аляксандра Шпілеўская / Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота Гжэгажа Галонзкі

У суботу 2 сакавіка Папа Францішак сустрэўся на аўдыенцыі з удзельнікамі італьянскай асацыяцыі Talità Kum, што аб’ядноўвае бацькоў, якія страцілі дзіця.

Як адзначае Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, Папа Францішак не чытаў «красамоўных лекцый» бацькам з асацыяцыі Talità Kum з паўночнаітальянскага горада Вічэнца, якія страцілі дзіця, таму што, як ён падкрэсліў у сваёй прамове, «страта дзіцяці — гэта вопыт, які не прымае тэарэтычных разважанняў і адкідае банальнасць рэлігійных або сентыментальных словаў, пустых заахвочванняў або дзяжурных фраз, якія, спрабуючы суцешыць, яшчэ больш раняць тых, хто, як і вы, кожны дзень вядзе цяжкую ўнутраную барацьбу».

Асацыяцыя Talità Kum — гэта група бацькоў, якія збіраюцца разам, каб справіцца са стратай сваіх дзяцей. Яны робяць гэта садзячы вішнёвы сад, дзе кожнае вішнёвае дрэўца ўяўляе сабой памерлае дзіця.

Папа Францішак не прамаўляў асабіста, бо ўсё яшчэ хварэе на лёгкі грып, а даручыў прачытаць сваю прамову ксяндзу Філіпо Чампанэллі, які ўжо суправаджаў яго некалькі разоў на мінулым тыдні і чытаў яго прамовы. Гэты святар знаёмы беларускім вернікам, паколькі некалькі гадоў працаваў у нашай краіне ў якасці сакратара Апостальскай нунцыятуры ў Мінску.

Папа падкрэсліў, што «боль, асабліва калі ён такі невыносны і невытлумачальны, павінен трымацца толькі за нітку малітвы, якая кліча да Бога днём і ноччу, якая часам выяўляецца ў адсутнасці словаў, якая не спрабуе вырашыць драму, але наадварот, змяшчае пытанні, якія пастаянна вяртаюцца».

Па словах Папы, пытанне «чаму гэта здарылася са мной» — гэта тое, што «палае ўнутры» і «трывожыць сэрца».

Святы Айцец заўважыў, што «няма нічога горшага, чым замоўчваць боль, замоўчваць пакуты, ліквідаваць траўму без барацьбы з ёй, бо наш свет у сваёй спешцы і вар’яцтве часта спакушае нас».

Аднак такія пытанні аб прычынах — гэта «малітва», як і малітва бацькі, які просіць Езуса аздаравіць яго цяжка хворую дачку, і «Пан пакідае свае справы і ідзе з ім». Боль падштурхоўвае яго запытацца чаму, «бо наша пакута таксама трапляе глыбока ў сэрца Бога». Па дарозе прыходзіць вестка, што дачка памерла, але Езус кажа, што яму не трэба баяцца, працягвае свой шлях, а калі прыходзіць у дом, бярэ дзяўчынку за руку і падымае яе.

У якасці высновы Папа падкрэсліў:

«Гэта гаворыць нам пра нешта важнае: у пакутах першы адказ Бога — гэта не разважанні або тэорыя. Ён ідзе з намі, Ён побач з намі. Езус дазволіў нашаму болю дакрануцца да Яго, Ён ідзе тым жа шляхам, што і мы, і не пакідае нас адных, але вызваляе ад цяжару, які нас прыгнятае, несучы яго за нас і з намі».

Таксама і сёння Езус жадае прыйсці ў «дамы нашых сэрцаў і дамы нашых сем’яў, разбураных смерцю» і «быць побач з намі».

Святы Айцец падзякаваў асацыяцыі бацькоў з паўночнай Італіі за тое, што яны далі «гэтаму Евангеллю» месца, «каб Езус мог прыйсці ў ваш дом», «выцерці вашыя слёзы і запэўніць, што за смерцю не застаецца апошняе слова». Таму што «Пан не пакідае без суцяшэння. Калі вы працягваеце прыносіць да Яго слёзы і пытанні, Ён дае вам унутраную ўпэўненасць, якая з’яўляецца крыніцай супакою: Ён дае вам узрастаць ва ўпэўненасці, што Ён любіць вас пяшчотай сваёй любові».

Напрыканцы прамовы Папа Францішак падкрэсліў, што надзея на ўваскрасенне, якая заквітнела ў велікодную раніцу, «гэта тое, што Пан цяпер хоча пасеяць у вашых сэрцах».

«Жадаю, каб вы прынялі яе, дазволілі ёй расці, захоўвалі яе сярод слёзаў. І жадаю, каб вы адчулі не толькі Божыя абдымкі, але таксама маю спагаду і блізкасць Касцёла, які любіць вас і жадае суправаджаць вас», — завяршыў прамову Папа Францішак.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.