Пошук

12.12.2023 16:28   Vatican News
Ілюстрацыйнае фота: istockphoto

Дыкастэрыя веравучэння дала адказ на два пытанні кардынала Матэо Дзупі аб пахаванні праху памерлых вернікаў пасля крэмацыі.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, сутыкаючыся са шматразовым павелічэннем колькасці выпадкаў крэмацыі і развейвання праху і жадаючы даць адпаведны адказ родным памерлых згодна з хрысціянскім вучэннем пра ўваскрасенне цела і належную да яго павагу, арцыбіскуп Балонні даслаў у Дыкастэрыю веравучэння запыт, які складаецца з двух пытанняў.

  • Першае пытанне: улічваючы кананічную забарону на развейванне праху нябожчыка, ці можна захоўваць прах ахрышчаных у адным асвячоным месцы, падобна таму, як гэта адбываецца ў асуарыях (месца захоўвання парэштак і костак), указаўшы асабістыя дадзеныя кожнага памерлага?
  • Другое пытанне: ці дазваляецца членам сям’і хаваць частку праху асобна, у месцы, якое мела важнае значэнне для нябожчыка?

Дыкастэрыя дала станоўчы адказ на абодва пытанні.

У дакуменце, падпісаным прэфектам кардыналам Віктарам Фэрнандэсам і ўхваленым Папам Францішкам 9 снежня 2023 года, нагадваецца, што, паводле інструкцыі Ad resurgendum cum Christo, пахаванне праху павінна адбывацца ў святым месцы (на могілках) або ў месцы, спецыяльна адведзеным для гэтага адпаведнымі касцёльнымі ўладамі. Гэта дазваляе захаваць нябожчыка ў памяці і малітвах сваякоў і хрысціянскай супольнасці, пазбегнуць адсутнасці павагі, а таксама непрыстойных ці забабонных практык.

У адказе ведамства Святога Пасаду нагадвае, што наша ўваскрасенне адбудзецца ў тым целе, у якім мы жывем, але гэта не азначае «ідэнтычнага аднаўлення часціц матэрыі, з якіх складалася цела». Не будучы простым ажыўленнем мерцвяка, уваскрасенне можа адбыцца нават у выпадку поўнага знішчэння або развейвання цела. «Гэта дапамагае зразумець, чаму на многіх могілках прах памерлых хаваюць разам, без падзелу на асобныя месцы», — гаворыцца ў дакуменце.

Падкрэсліваецца, што «прах нябожчыка паходзіць ад матэрыяльных парэшткаў, якія былі часткай пройдзенага чалавекам гістарычнага шляху, таму Касцёл з асаблівым клопатам і адданасцю ставіцца да рэліквій святых». Прах памерлых, які «мы хаваем у святым месцы, прыдатным для малітвы», таксама выклікае ў нас святую павагу.

У адказе Дыкастэрыі веравучэння гаворыцца пра магчымасць «вылучыць асаблівае і пастаяннае святое месца для сумеснага пахавання і захоўвання праху ахрышчаных памерлых, з указаннем асабістых дадзеных нябожчыка, каб не страціць памяць». Такім чынам, Касцёл дапускае магчымасць пахавання праху памерлых у адным агульным месцы, як гэта адбываецца ў асуарыях, з асобным надпісам пра кожнага нябожчыка.

Нарэшце, выключыўшы «ўсялякага роду двухсэнсоўнасці пантэістычнай, натуралістычнай або нігілістычнай прыроды», і ў адпаведнасці з грамадзянскімі нормамі, калі прах нябожчыка пахаваны ў святым месцы, касцёльныя ўлады могуць разгледзець просьбу сям’і аб пахаванні мінімальнай часткі праху памерлага сваяка ў значным для яго месцы.

Адказваючы на пытанне ватыканскіх СМІ, Дыкастэрыя веравучэння растлумачыла, што яе адказ носіць не толькі кананічны, але і душпастырскі характар і скіраваны на тое, каб дапамагчы сем’ям зрабіць выбар, беручы пад увагу ўсе фактары.

Другое пытанне ўзнікла ў выніку дыялогу кардынала Дзупі з біскупамі з розных краін, і адказ на яго быў дадзены з тэалагічнага, а не з грамадзянскага пункту гледжання, улічваючы, што законы некаторых краін не дазваляюць падзяляць прах нябожчыка.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця