Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, кіруе вернікам Касцёла ў Беларусі сваё слова на Тыдзень бацькоўскай любові, які адзначаецца ў нашай краіне з 14 па 21 кастрычніка.
Дарагія браты і сёстры, любыя бацькі, дарагія дзеці!
Ужо ў трэці раз у нашай краіне адзначаецца Тыдзень бацькоўскай любові, які распачынаецца 14 кастрычніка ў Дзень маці і завершыцца 21 кастрычніка ў Дзень бацькі, аб’яднаўшы гэтыя дзве даты. З гэтай нагоды мы звяртаем увагу на бацькоўства, выхаванне, а ў сувязі з гэтым — на адносіны бацькоў і дзяцей. Мяркую, што і раней, і сёння ў працэсе выхавання вялікае значэнне маюць не толькі і не столькі словы, колькі асабісты прыклад бацькоў, спавіты любоўю: узаемнай любоўю бацькоў і дзяцей.
Таму бацькі — перадусім працавітыя, сумленныя, любячыя, патрабавальныя, гатовы дапамагчы, чулыя, цярплівыя, радасныя, спагадлівыя, камунікабельныя, шчаслівыя.
Кажуць, што ідэальных бацькаў няма, аднак бацькі, якія па-сапраўднаму любяць сваіх дзяцей, стараюцца «наблізіць іх да Неба», але ж не робяць гэтага прымусам. Сваёй любоўю, а не сілаю, яны здабываюць пашану і паслухмянасць дзяцей.
Любячыя бацькі заўсёды маюць час для сваіх дзетак: яны ўмеюць іх слухаць, прымаць іх меркаванні, погляды і чаканні. Іх любові заўсёды спадарожнічае адказнасць.
Любыя дзеці, вядома, што той, каго вядуць, мае права ведаць мэту падарожжа. Сёння кажуць, што дзеці самі вырашаюць, калі адпусціць руку бацькоў, якая яшчэ нядаўна была для іх неабходнай апорай, і пайсці па жыцці самастойна. Але ўчынкі, словы, а можа, толькі позірк бацькоў доўгі час былі адказам на іх просьбы, падзякі, перапрашэнні, і добра, калі яны надалей суправаджаюць чалавека па жыцці: памятайма пра гэта. Дзеці, якія самі становяцца бацькамі, заўсёды застаюцца дзецьмі для сваіх бацькоў. Касцёл і дзяржава — гэта «сям’я сем’яў», а сям’я Богам моцная.
Хочацца таксама заахвоціць нас, дзецей, каб мы часта казалі сваім бацькам, што іх любім: праз усмешку, словы, учынкі або малітву за бацькоў, якія ўжо адышлі з гэта свету да Нябеснага Айца.
Дарагія бацькі, вы пакліканыя да асаблівага задання. Вас Бог паклікаў да вышэйшага стану, і Ён таксама надзяляе вас неабходнымі ласкамі.
Жадаю вам, дарагія мамы і таты, каб вы пачулі ад сваіх дзетак словы: «Я вас вельмі люблю. Дзякуй вам за жыццё і веру; за тое, што вы навучылі мяне любіць».
Усім вам, браты і сёстры ў Хрыстовым Касцёле, і ўсім, чые шчырыя сэрцы чакаюць Любові, якая прыносіць суцяшэнне, сілу, прабачэнне, прымірэнне і глыбокую радасць, жадаю спакою сэрца, штодзённай святасці і Божага благаслаўлення на рэалізацыю бацькоўскага паклікання. Няхай Нябесны Айцец дасць кожнаму духоўныя і зямныя даброты.
З айцоўскім благаслаўленнем на перажыванне Тыдня бацькоўскай любові,
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
г. Мінск, 14 кастрычніка 2024 г.