Пошук

 
18.07.2009 18:24
І. Значэнне адпачынку: час, прысвечаны Богу Сёння мы сабраліся, каб у Імя Божае распачаць пілігрымку ў Будслаў. Магчыма, многія людзі, гледзячы на вас, будуць здзіўляцца: чаму час уласнага адпачынку вы прысвячаеце рэлігійным мэтам? Няўжо не лепш было б паехаць куды-небудзь на мора або, прынамсі, на лецішча? Аднак нам нельга забывацца пра тое, што чалавек з’яўляецца адзінствам душы і цела. Адпачынак чалавека — гэта не толькі «перадых» для змучанага цела, але таксама дыханне для душы. А чалавечая душа адпачывае толькі ў кантакце з Богам, і гэты кантакт нясе з сабою адкрыццё сэнсу жыцця чалавека і дае сілы любіць бліжняга. У такім свеце, якім ён з’яўляецца сёння, — прасякнутым духам спаборніцтва, шалёным імкненнем да поспеху, — умацаванне цела і духу проста неабходнае. Асабліва гэта датычыць людзей, якія жывуць у горадзе, бо ўмовы іх жыцця часта пазбаўленыя месца для цішыні, роздуму ці адпачынку на ўлонні прыроды. Бэнэдыкт XVI сказаў такія словы пра час летняга адпачынку: «Канікулы — гэта таксама дні, калі можна прысвяціць больш часу малітве, чытанню і разважанням над глыбінным сэнсам жыцця (...). Час канікулаў — гэта таксама выключная нагода для таго, каб сузіраць невымоўную прыгажосць прыроды, цудоўную „кнігу“, даступную ўсім, вялікім і малым» (17.07.2005 г.) . Таму пілігрымка, напоўненая малітвай і слуханнем Божага Слова, злучаная з сузіраннем прыроды, рэкаў і лясоў, з’яўляецца вельмі добрым спосабам правесці частку свайго адпачынку. Так павінен адпачываць чалавек, які шануе праўду пра тое, што ў яго ёсць не толькі цела, але і душа. Той, хто клапоціцца выключна пра адпачынак цела, няхай не здзіўляецца, што пазней яму не хапае духоўных сілаў, сталай веры, здольнай супрацьстаяць спакусам роспачы, дэпрэсіі, уцёкам ад сваёй штодзённасці, імкненню да поспеху за кошт іншых і нават за кошт уласнай сям’і. Кантакт з прыродай дапамагае чалавеку бачыць сябе такім, які ён ёсць. Мы адкрываем, што з’яўляемся стварэннем малым, але выключным. Мы можам усвядоміць, што наш дух адкрыты на Бясконцасць і таму «здольны адкрыць Бога». Пытанне пра сэнс жыцця можа дапамагчы нам убачыць у навакольным свеце дабро, прыгажосць і дзеянне Божага Провіду. Такая сустрэча з прыродай адкрывае нас для пакланення і малітвы.   ІІ. Усе мы пілігрымуем да Бога Пілігрымка ў Будслаў з’яўляецца своеасаблівым сімвалам нашага жыцця, гэта як бы вандраванне ў дом Нябеснага Айца. На шляхі пілігрымкі ў дом Спрадвечнага ўваходзіць той, хто распачынае духоўную або ўнутраную пілігрымку. Гэта імкненне да святасці. У Катэхізісе Каталіцкага Касцёла напісана: «Святасць немагчымая без самаадрачэння і духоўнай барацьбы. Духоўнае развіццё прадугледжвае аскезу і пакаянне, якія паступова вядуць да жыцця ў супакоі і радасці благаслаўленняў» (ККК 2015) . Першым крокам аскезы і пакаяння з’яўляецца пазнанне самога сябе, а для гэтага неабходныя намаганні і адрачэнні. У пасланнях Апосталаў чытаем такія словы: «Калі кажам, што не маем граху, ашукваем саміх сябе, і няма ў нас праўды» (пар. 1 Ян 1, 8–9) . Такім чынам, кожны чалавек мае ў сабе пэўную супярэчнасць, якая знішчае ў ім належныя адносіны да рэчаў, да іншых асобаў і да Бога. У сучасным свеце наша ўнутраная супярэчнасць праяўляецца ў нястрымным імкненні да багацця, улады, прэстыжу і выгоднага жыцця. Ачышчэнне ад гэтых наступстваў першароднага граху з’яўляецца крытэрыем сталай індывідуальнасці і веры. Святы Аўгустын нагадвае нам пра вельмі важны прынцып, які пабуджае нас да працы над сабою: «Бог стварыў цябе без цябе, але Ён не збаўляе цябе без цябе». Колькі ж падчас пілігрымкі мы маем бясцэнных нагодаў для таго, каб пазнаць саміх сябе, колькі разоў мы адкрывалі розныя праявы нашага эгаізму і пыхі, якія ў нашым штодзённым жыцці не заўважаем? Са здзіўленнем мы можам прачытаць у Катэхізісе, што вынікам адмовы ад аскезы, змяншэння чуйнасці ў адносінах да сябе, занядбання імкнення да святасці з’яўляецца дэпрэсія і заняпад духу (пар. ККК, 2733) — сучасныя хваробы чалавека. Аскеза вядзе да пазнання ўласнай слабасці, да адкрыцця таго, што наша воля вельмі лёгка паддаецца розным спакусам. Чалавек, які практыкуе адрачэнне і пакаянне, прыходзіць да пакоры як першага плоду аскезы. Чалавек пакорны не здзіўляецца свайму ўбоству, бо яно вядзе яго да большага даверу і дапамагае вытрываць у пастаянстве. Дэпрэсія і заняпад духу — гэта вынік адкрыцця свайго ўбоства, пра якое мы не падазравалі. Мы ўражаны ўласнай слабасцю і не можам прымірыцца з такім абліччам саміх сябе. Ва ўнутранай пілігрымцы да святасці мы не адны. Езус становіцца для нас сябрам у Эўхарыстыі. Еднасць з Ім праз спажыванне Яго Цела і Крыві вызваляе ў нас сілы дабра, якое перамагае зло ў нашым сэрцы. Такім чынам можа распачацца перамена свету — з сэрца чалавека, які імкнецца да святасці. Бэнэдыкт XVI так акрэсліў неабходныя сродкі для зямнога вандравання: «Для таго, каб ісці наперад у зямной пілігрымцы да Нябеснай Айчыны, нам усім неабходны спажытак Слова і Хлеба вечнага жыцця, якія з’яўляюцца непадзельнымі» (22.02.2006 г.) .   ІІІ. Пілігрымка мае на мэце паглыбленне сувязі з Марыяй Вы пілігрымуеце да Маці Божай Будслаўскай, каб шукаць у Яе падтрымкі ва ўнутраным пілігрымаванні да святасці, скарбу нашага жыцця, які ні іржа не знішчыць, ні злодзей не скрадзе, і за які варта аддаць усё, што маем, нават жыццё, як гэта ўчыніў святы Андрэй Баболя, трохсотпяцідзесятую гадавіну мучаніцкай смерці якога мы адзначалі ў маі гэтага года. Марыя з’яўляецца нашай найпершай дапамогай, бо, хоць сярод усіх чалавечых стварэнняў Яна была найбліжэй да Бога, але як пакорная Слуга з дня ў дзень вандравала ў своеасаблівай пілігрымцы веры (пар. Lumen gentium, 58) . Яна была здольная нястомна разважаць у сваім сэрцы пра словы, якія Бог скіраваў да Яе, і праз Святое Пісанне, і праз падзеі жыцця Яе Сына. Яна таксама можа навучыць нас слухаць Езуса ў падзеях нашага жыцця, спрабуючы бачыць у іх пасланні Божага Провіду. Урэшце, слухаць Яго ў братах, асабліва ў малых і ўбогіх, для якіх сам Езус патрабуе нашай дзейснай любові. Слухаць Хрыста і быць паслухмяным Яго голасу — гэта частка нашага пілігрымавання да святасці. Найсвяцейшая Панна ўсім сваім жыццём увасабляла таямніцу Эўхарыстыі. Эўхарыстычны Хлеб, які мы прымаем, — гэта беззаганнае Цела Яе Сына. Бэнэдыкт XVI нагадаў у энцыкліцы пра Эўхарыстыю пра тое, што «хрысціянская старажытнасць акрэслівала гэтым самым выразам — Corpus Christi — Цела, народжанае з Дзевы Марыі, Цела Эўхарыстычнае, а таксама тое Цела, якім з’яўляецца Касцёл» (Sacrosanctum Concilium, 15) . Марыя вызнала сваю «эўхарыстычную веру» яшчэ да таго, як была ўстаноўлена Эўхарыстыя. Гэта здзейснілася праз факт ахвяравання Ёю свайго дзявочага ўлоння, каб магло здзейсніцца Уцелаўленне Божага Слова. Марыя з’яўляецца для нас найпершай неабходнай дапамогай у нашай зямной пілігрымцы ў Нябесную Айчыну. Менавіта ў Яе школе мы можам вучыцца прымаць спажытак Божага Слова і Хлеба жыцця вечнага, якія Бэнэдыкт XVI назваў непадзельнымі і неабходнымі для кожнага пілігрыма. Пілігрымка ў Будслаў з’яўляецца своеасаблівым знакам. Мы, народы Усходняй Еўропы, нагадваем усяму кантыненту пра яго хрысціянскія карані. Гэтая пілігрымка з’яўляецца ўвасабленнем гарачага жадання Слугі Божага Яна Паўла ІІ, які ў 1982 годзе ў Сант’яго-дэ-Кампастэла заклікаў: «Я, біскуп Рыма і пастыр паўсюднага Касцёла, звяртаю да цябе, Еўропа, з Сант’яго заклік, поўны любові: абудзі сама сябе, знайдзі сама сябе, будзь сабою, адкрый свае пачаткі; ажыві свае карані, ажыві тыя сапраўдныя каштоўнасці, якія ўчынілі тваю гісторыю цудоўнай, а тваю прысутнасць сярод іншых кантынентаў — благаслаўлёнай».
18.07.2009 18:46
Зварот Мiтрапалiта Тадэвуша Кандрусевiча да духавенства, кансэкраваных асобаў, свецкіх вернікаў i ўсiх людзей добрай волi ў сувязi з прызначэннем арцыбiскупам Мiтрапалiтам Мiнска-Магiлёўскiм   Глыбокапаважаныя святары, манахi i манахiнi, вернiкi, усе людзi добрай волi! 1. У свята святога Мацвея, апостала і евангелiста, 21 верасня 2007 года Святы Айцец Бэнэдыкт XVІ прызначыў мяне новым Мiнска-Магiлёўскiм Мiтрапалiтам. У гэты такі важны для мяне дзень з патрэбы сэрца звяртаюся да вас як ваш новы i адначасова былы бiскуп. Бог пiша гiсторыю, i мы — у Ягоных руках. 25 лiпеня 1989 г., у дзень святога Апостала Якуба, Слуга Божы Ян Павел II прызначыў мяне Мiнскiм бiскупам у якасцi Апостальскага Адмiнiстратара для католiкаў лацiнскага абраду ў Беларусi. Так што сваё бiскупскае служэнне я пачынаў у Айчыне. Гэта быў асаблiвы час, час пачатку духоўнага адраджэння Бацькаўшчыны пасля многiх дзесяцiгоддзяў зняволення Касцёла. Я добра памятаю той энтузiязм, з якiм мы бралiся за адбудову каталiцкiх структураў, змагалiся за вяртанне касцёлаў, шукалi святароў, утваралi Вышэйшую духоўную семiнарыю ў Гродне, каб рыхтаваць сваiх, беларускiх, слугаў алтара, друкавалi катэхiзісы, iмшалы i рэлiгiйную лiтаратуру на беларускай мове.   2. 13 красавiка 1991 года Апостальская Сталiца ўстанавiла новыя структуры Каталiцкага Касцёла ў Беларусi, Расii i Казахстане. Ксёндз прэлат Казiмiр Свёнтэк быў прызначаны першым Мiнска-Магiлёўскiм арцыбiскупам Мiтрапалiтам i адначасова Апостальскiм Адмiнiстратарам Пiнскай дыяцэзii, а ксёндз Аляксандр Кашкевiч — ардынарыем Гродзенскай дыяцэзii. Я быў пераведзены ў Маскву Апостальскiм Адмiнiстратарам для католiкаў лацiнскага абраду Еўрапейскай часткi Расii.   3. Больш за 16 гадоў я прысвяцiў служэнню ў Расii, дзе трэба было клапацiцца як пра адраджэнне Каталiцкага Касцёла, так i пра наладжванне адносiнаў з іншымi веравызнаннямi (перш за усё — з Рускай Праваслаўнай Царквою) i з грамадствам. Практычна трэба было распачынаць з пачатку. Дзякуючы ахвярнай працы святароў, манахаў i манахiняў, простых вернiкаў нам сумесна ўдалося адрадзiць зруйнаваны багаборчым рэжымам Касцёл у Расii. Былi ўстаноўленыя яго нармальныя структуры. У Санкт-Пецярбургу дзейнiчае Вышэйшая духоўная семiнарыя «Марыя — Каралева Апосталаў». Буйна развiлася выдавецкая дзейнасць. Толькi ў архiдыяцэзii Мацi Божай у Маскве за гэты час было выдадзена больш за 600 найменняў розных рэлiгiйных кнiг. Выходзiць штотыднёвік «Святло Евангелля». Выдадзены два тамы Расiйскай каталiцкай энцыклапедыi i ўжо здадзены ў друк трэцi. Выдаецца 6 часопiсаў. У Маскве i Санкт-Пецярбургу ёсць свае каталіцкія радыёпраграмы. У сталiцы Расii знаходзiцца велiчная i вельмi прыгожая катэдра, каля якой пабудаваныя новая курыя з залай для канферэнцый i парафiяльны дом. Устаноўлены i актыўна дзейнiчаюць патрэбныя для нармальнага функцыянавання касцёльныя камiсii i дабрачынныя арганiзацыi. Нямала было зроблена для развiцця мiжхрысцiянскага i мiжрэлiгiйнага дыялогу, хоць у гэтай галiне яшчэ неабходна шмат працы, ахвяры i малiтвы. Каталiцкi Касцёл у Расii хоць i малы, але за апошнiя 16 гадоў ён стаў неaд’емнай часткай расiйскага грамадства i робiць усё магчымае для яго духоўнага адраджэння. Я ад’язджаю з Расii, пакiдаючы ў ёй частку свайго сэрца.   4. У той самы час Каталiцкi Касцёл — гэта Сусветны Касцёл, якiм кiруе наступнiк святога апостала Пятра. У волi Папы Рымскага я заўсёды бачыў i сёння бачу волю самога Бога. Гэта — крэда майго святарскага i бiскупскага служэння. Таму з пачуццём велiзарнай адказнасцi я прымаю новае прызначэнне, якое вяртае мяне ў родную Беларусь. Я вяртаюся, каб далей працягнуць распачатае 18 гадоў таму назад служэнне першага бiскупа на Беларусi ў сучаснай яе гiсторыi i — з вялiкай удзячнасцю — тую вялікую і неацэнную працу, якую выканаў у Мiнска-Магiлёўскай архідыяцэзii i ў Касцёле на Беларусi Сведка веры кардынал Казiмiр Свёнтэк i ў апошнi год — Апостальскi Адмiнiстратар бiскуп Антонi Дзям’янка. Сёння мы можам бачыць пэўную пераемнасць. У 1991 годзе кардынал Казiмiр Свёнтэк змянiў мяне, цяпер я атрымаў накiраванне туды, дзе ён ахвярна служыў да 2006 года.   5. Дарагiя святары Мiнска-Магiлёўскай архiдыяцэзii! Вы несяце галоўную адказнасць за духоўны стан нашых парафiй, супольнасцяў i вернiкаў. Дзякуючы за ахвярную працу, сёння звяртаюся да вас як ваш новапрызначаны бiскуп: заўсёды будзьце верныя свайму святарскаму паклiканню; будзьце «спецыялiстамi» па сустрэчы чалавека з Богам i вядзiце людзей да Яго, як да гэтага заклiкае Святы Айцец Бэнэдыкт XVI. Няхай Эўхарыстыя, слова Божае i святарскiя абяцанні будуць для вас крынiцаю сiлы, патрэбнай для спаўнення вашых нялёгкiх абавязкаў. Спадзяюся на плённае супрацоўнiцтва i адкрыты дыялог.   6. Дарагiя манахi, манахiнi i асобы кансэкраванага жыцця! Манаства з’яўляецца багаццем усяго Касцёла. Як няма манаства без Касцёла, так i няма манаства па-за Касцёлам. Жадаю росквiту i плённай працы для розных харызмаў манаства, якiя сваiм суквеццем узбагачаюць мясцовы Касцёл. Спадзяюся на вашу дапамогу, супрацоўнiцтва і далейшае сумленнае служэнне духоўнаму адраджэнню, будаўнiцтву касцёльнай супольнасцi Мiнска-Магiлёўскай архiдыяцэзіi.   7. Дарагiя вернiкi! Бiскуп, святары, манахi, манахiнi, вернiкi — усе разам яны складаюць сапраўдны Касцёл, iмя якому — Народ Божы. Вернiкi — яго галоўная частка. Бiскуп разам са святарамi, прадстаўнiкамi iнстытутаў манаства i супольнасцяў кансэкраванага жыцця паклiканы служыць для вас. Менавiта да вас перш за ўсё мяне пасылае Святы Айцец Бэнэдыкт XVI, каб мы ўсе разам маглi працаваць для праслаўлення Бога і збаўлення душаў. Словамi святога Аўгустына кажу сёння вам: «Хачу быць для вас усiх бiскупам i разам з вамi быць хрысцiянiнам».   8. З глыбокай надзеяй звяртаюся да прадстаўнікоў іншых канфесiй i рэлiгiй. Усе мы паклiканыя садзейнiчаць адраджэнню i ўмацаванню духоўнасцi ў нашай краiне, а таксама развiццю дыялога як памiж намi, так i з грамадствам. Са словамi вялiкай павагi i ўдзячнасцi я асобна звяртаюся да Мiтрапалiта Мiнскага i Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусi Фiларэта. Перад небяспечнымi выклiкамi сучаснага секулярызму i маральнага рэлятывiзму Каталiцкi Касцёл i Праваслаўная Царква займаюць аднолькавыя пазiцыi i гатовыя супрацоўнiчаць у справе абароны i ўкаранення хрысцiянскiх каштоўнасцяў. Спадзяюся, што наша супрацоўнiцтва будзе развiвацца далей i прынясе добры плён для нашай Бацькаўшчыны.   9. Звяртаюся да дзяржаўных уладаў Рэспублiкi Беларусь, Мiнска i Магiлёва, іншых адмiнiстратыўных цэнтраў нашай архiдыяцэзіi. Каталiцкi Касцёл iснуе ў Беларусi на працягу многiх стагоддзяў i мае сваю традыцыю. Пасля многiх дзясяцiгоддзяў зняволення ён зноў устаў на ногi i дынамiчна развiваецца. I дзяржаўныя ўлады, i Касцёл — усе мы разам павiнны служыць людзям. Недастаткова клапацiцца толькi пра матэрыяльны дастатак чалавека, бо ён, акрамя цела, мае i душу, якая, у сваю чаргу, патрабуе належнай павагi i апекi. Вядома, што духоўна здаровы i маральны чалавек будзе добрым i сумленным грамадзянiнам. Перад намi паўстаюць тыя ж самыя пытаннi i праблемы. Гэта, перш за усё, праблемы сям’i, дэмаграфii, алкагалiзму, наркаманii, выхавання моладзi, развiцця дабрачыннасцi i г.д. Молячыся за дзяржаўныя ўлады, я спадзяюся на ўзаемнае паразуменне ў нашых адносiнах i плённае ўзаемадзеянне на карысць Айчыне.   10. Паважаныя браты i сёстры, усе людзi добрай волi! У 1991 годзе, калi я атрымаў прызначэнне ў Расiю, я працытаваў кнiгу Быцця, калi Бог сказаў Абраму: «Выйдзi са сваёй роднай зямлi i з дому айца твайго ў зямлю, якую табе пакажу» (Быц 12, 1) . Сёння Божым Провiдам я вяртаюся на сваю родную зямлю. У кнiзе Зыходу гаворыцца, што Iзраэль перамагаў амалiкiцянаў, калi Майсей малiўся з паднятымi ўгору рукамi. Але калi яму было цяжка доўга трымаць iх паднятымi, тады Аарон i Ор падтрымлiвалi iх (пар. Зых 17, 11–13) . Давяраючы сваё служэнне ў Мiнска-Магiлёўскай архiдыяцэзii Божай Мацi i Апекуну Беларусi святому Мiхалу Арханёлу, прашу вас малiцца за мяне, каб я мог годна выканаць даручанае Богам праз Папу Бэнэдыкта XVI служэнне ў Беларусi, каб мы ўсе маглi перамагчы зло, пераадолець секулярызм, маральны рэлятывiзм i лiбералiзм на хвалу Пана i для збаўлення людзей. Дэвiзам свайго бiскупскага служэння я выбраў словы Quis ut Deus — «Хто ж як Бог». Па-старагабрэйску гэта — iмя святога Арханёла Міхала, апекуна Беларусі. Дарагiя суайчыннiкi! Для вас Бог заўсёды быў на першым месцы. Давайце супольна зробiм усё магчымае, каб небяспечныя выклiкi нашага часу не аддалiлi нас ад Яго i каб Ён заўсёды ўзмацняў нас i заставаўся крынiцай нашай радасцi i надзеi! На гэты шлях няхай усiх нас благаславiць усемагутны Бог: Айцец + i Сын, i Дух Святы. Арцыбіскуп Мiтрапалiт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевiч Масква, 21 верасня 2007 г. Свята св. Мацвея, апостала i евангелiста
18.07.2009 18:51
Браты і сёстры ў Хрысце Пану! 21 верасня 2007 года Святы Ацец Бэнэдыкт XVI прызначыў Яго Эксцэленцыю Арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які да гэтага часу з’яўляўся Мітрапалітам архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве, Мітрапалітам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. На працягу года я спаўняў абавязкі Апостальскага Адміністратара Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і жадаў бы сёння з гэтай нагоды выказаць сваю шчырую ўдзячнасць усім тым, хто працаваў на карысць Касцёла. Сардэчную падзяку выказваю сваім найбліжэйшым супрацоўнікам, святарам — як законнікам, так і дыяцэзіяльным святарам, — за добрасумленную працу на жніве Пана. Свае словы скіроўваю ў адрас клерыкаў з просьбай вытрываць у пакліканні. Дзякую сёстрам і братам законным за супрацоўніцтва і дапамогу ў розных служэннях, а таксама за іх працу. Дзякую ўсім тым, хто з дапамогаю друкаванага слова і аўдыёвізуальных сродкаў пашыраў Добрую Навіну ў чалавечых сэрцах. Дзякую вам, народзе Божы, за веліч вашых сэрцаў у прыняцці Божых праўдаў і за вашае сведчанне веры ў розныя перыяды гісторыі Касцёла на Беларусі. За ўсё ўчыненае вамі дабро і зразуменне няхай усіх вас благаславіць Добры Бог. У нашых малітвах будзем з удзячнасцю памятаць пра папярэдняга Мітрапаліта кардынала Казіміра Свёнтка. Будзем маліцца за арцыбіскупа Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча. Ад вашага і ад свайго імя я даслаў арцыбіскупу тэлеграму з віншаваннямі. Пра дзень урачыстага ўваходу ў мінскую архікатэдру арцыбіскупа Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча будзе зроблена спецыяльнае паведамленне. Біскуп Антоні Дзям’янка Апостальскі Адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
21.07.2009 15:16
Быць гатовым да прыйсця Хрыста Шаноўныя браты ў біскупскім і святарскім служэнні, кансэкраваныя асобы, вернікі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі! 1. Сардэчна вітаю ўсіх вас і віншую з пачаткам новага літургічнага года, які распачынаецца Адвэнтам. Слова «адвэнт» мае лацінскае паходжанне і азначае «прыйсце», якога чакаюць. Узнікае лагічнае пытанне: каго ж мы чакаем, хто павінен прыйсці? Касцёл адказвае: Хрыстус. Але ж Ён ужо прыйшоў, і 7 гадоў таму мы святкавалі Вялікі Юбілей двухтысячагоддзя Нараджэння Хрыста. Так, сапраўды, гістарычны Адвэнт скончыўся. Аднак мы жывем, чакаючы другога прыйсця Хрыста ў хвале. І кожны літургічны год зноў і зноў прапануючы нам таямніцу нашага збаўлення, вядзе да гэтай мэты. У гэтай таямніцы асаблівае і найбольш важнае месца займае таямніца Уцелаўлення Бога, гэта значыць — таямніца Нараджэння Хрыста, да якой Касцёл вядзе нас у перыяд Адвэнту. 2. У сённяшнім Евангеллі мы чуем недвухсэнсоўны заклік: чуваць і быць гатовымі да прыйсця Хрыста, бо мы не ведаем ні дня, ні гадзіны, калі Ён прыйдзе (пар. Мц 24, 44) . Таму неабходна абудзіцца са сну, як заклікае ў Пасланні да Рымлянаў святы Апостал Павел (пар. Рым 13, 11) . Гэта не што іншае, як праграма Адвэнту. З мэтаю яе рэалізацыі на «авансцэне» Адвэнту з’яўляецца «адвэнтавы» прарок — святы Ян Хрысціцель, становячыся своеасаблівым звяном паміж Старым і Новым Запаветамі. З перыяду напружанага чакання Збаўцы ён уводзіць чалавецтва ў рэальнасць Яго прысутнасці ў гэтым свеце. Менавіта ён заклікаў пакаяцца і падрыхтаваць дарогу Пану, які надыходзіць (пар. Мц 3, 2–3) , і менавіта ён прадставіў Яго людзям, кажучы: «Вось Ягнё Божае; вось Той, хто бярэ на сябе грахі свету» (пар. Ян 1, 29) . Заклік святога Яна Хрысціцеля падрыхтаваць шлях Пану, які надыходзіць, не страціў сваёй актуальнасці і ў наш час. Усім добра вядома, што па дрэннай, няроўнай, выбоістай дарозе або па горнай дарозе са шматлікімі крутымі паваротамі, са стромымі ўздымамі і спускамі ехаць небяспечна, і далёка па ёй не заедзеш. Але ж для поўнага і гарманічнага развіцця чалавека недастаткова мець добрыя дарогі, развітую інфраструктуру і эканоміку. Неабходна звярнуць увагу і на яго ўнутраную, духоўную складальную. Якая яна сёння ў чалавека, які жыве ўжо ў XXI стагоддзі, у постмадэрнісцкі час? Ці прысутнічае ў нашым штодзённым жыцці Хрыстус? Ці з’яўляемся мы Яго сведкамі? Што аб’ядноўвае нас з Касцёлам — жыццё ў ласцы, ці, можа, толькі пасведчанне хросту? Сапраўдныя, яўныя мы хрысціяне ці ананімныя? Ці з гатоўнасцю мы адчыняем дзверы Хрысту, які прыходзіць у Евангеллі, у сакрамэнтах і ў служэнні Касцёла? Ці, можа, гэтыя дзверы зачынены на сем замкоў? Магчыма, на шляху да нашага сэрца мноства завалаў, а дарога стромкая, выбоістая, з незлічонымі спускамі і ўздымамі? Такімі перашкодамі з’яўляюцца нашыя грахі. Менавіта яны ўскладняюць шлях Пану, які надыходзіць. А без Яго, як Ён сам кажа, мы нічога не можам зрабіць (пар. Ян 15, 5) . А зрабіць трэба нямала. Куды ні кінем позірк — паўсюль праявы амаральнасці і рэлігійнай абыякавасці, і гэта ва ўмовах, калі існуюць вялікія магчымасці для ўзрастання ў веры, у цнотах і ў хрысціянскім сведчанні. Сучасная сям’я перажывае крызіс. Яе знішчаюць разводы і сужэнская нявернасць. Бачым, што ў пагардзе знаходзіцца бясцэнны Божы дар — чалавечае жыццё, якое забіваюць яшчэ да нараджэння. Прычым усё гэта адбываецца са згоды маці і, нярэдка, пад уплывам бацькі; здзяйсняецца ў абсталяваных па апошнім слове тэхнікі медыцынскіх кабінетах; ажыццяўляецца ўрачамі, якія далі клятву Гіпакрата і пакліканыя захоўваць жыццё. Але ж эмбрыён — гэта ўжо чалавек, гэта жыццё: кожны з нас у свой час быў эмбрыёнам. Да ўжо звыклага, на жаль, п’янства далучаецца наркаманія, якая знішчае чалавека, асабліва маладога. Квітнее прастытуцыя, а безадказная эратычная любоў вядзе да дэградацыі чалавека, які становіцца «таварам», як гаворыць Папа Бэнэдыкт XVI у сваёй першай энцыкліцы «Бог ёсць любоў» (пар. DCE, 4–5) . Чумой нашага часу стаў СНІД, які распаўсюджваецца вельмі хутка. Шмат маладых людзей паводзяць сябе на паказ амаральна, нават не задумваючыся пра тое, што ўводзяць у спакусу іншых, асабліва дзяцей. У свеце так шмат праяваў сацыяльнай несправядлівасці, насілля, тэрарызму, міжнацыянальных канфліктаў, ксенафобіі і іншых жахлівых з’яваў!.. Прычына гэтых і іншых праблемаў сучаснага грамадства — яго секулярызацыя, якая праяўляецца найперш у рэлігійнай неадукаванасці і абыякавасці, ва ўзрастанні амаральнасці, у адсутнасці пачуцця граху, у маральным рэлятывізме, што адмаўляе непарушнасць маральных нормаў, у такім жыцці, як быццам Бог не існуе. Яго месца ўсё часцей і часцей займае імкненне да ўзбагачэння і задавальненняў. Але ж хлеба і відовішчаў (гэта значыць задавальненняў) прагнулі таксама старажытныя рымляне. А дзе сёння тая вялікая і магутная Рымская імперыя?! Жыццё без Бога вядзе да таго, што замест стварэння цывілізацыі любові і жыцця чалавецтва стварае цывілізацыю несправядлівасці, нянавісці і смерці. Прычым гаворка ідзе як пра фізічную смерць — бо цывілізаваны свет старэе, — так і пра смерць духоўную, бо, жывучы амаральна, створаны паводле вобразу і падабенства Божага чалавек (пар. Быц 1, 27) губляе сваё Боскае аблічча. Словам, сучасны чалавек заражаны бацылаю сур’ёзнай духоўнай хваробы. Гэта — вірус бездухоўнасці з усімі наступствамі, якія ён цягне за сабою, што відаць простым вокам. 3. Таму цалкам натуральна ўзнікае пытанне: што рабіць? Дзе шукаць выратавання? Які ўрач і з дапамогай якіх лекаў можа вылечыць сучаснага, духоўна хворага чалавека? Калі фарысеі папракалі Хрыста ў тым, што Ён ходзіць у дамы мытнікаў і сустракаецца з грэшнікамі, Езус адказаў ім, што лекар патрэбны хвораму, а не здароваму (пар. Мц 9, 12) . Гэта значыць, што ў духоўным сэнсе гэтым лекарам з’яўляецца Ён сам. Хрыстус можа вылечыць таксама сучасны свет, які тоне ў грэшным віры секулярызму. Аднак для таго, каб урач паставіў дыягназ і прадпісаў адпаведныя лекі, неабходна спачатку прыйсці да яго на прыём. У нашым выпадку неабходна сустрэцца з Хрыстом, перадусім у сакрамэнце пакаяння. Умоўна кажучы, трэба пайсці «на прыём» да святара — у канфесіянал. Нездарма Хрыстус кажа аздароўленым пракажоным: «Ідзіце, пакажыцеся святарам» (Мц 8, 4) , каб тыя пацвердзілі аздараўленне. Толькі святар Новага Запавету, які дзейнічае ад імя Хрыста, словамі малітвы разграшэння можа вылечыць ад граху. Вялікі ў сваёй міласэрнасці Бог (пар. Эф 2, 4) у сакрамэнце пакаяння сам прыходзіць да нас і нас лечыць. У размове з самаранкай Езус кажа пра жывую ваду, якую Ён дае (пар. Ян 4, 6–15) . Тая вада — гэта неабходная для збаўлення Божая ласка. 4. Сапраўдны сэнс Нараджэння Хрыста, да якога мы рыхтуемся падчас Адвэнту, — гэта Яго нараджэнне ў нашых душах праз Божую ласку. Для таго, каб Хрыстус — лекар нашых душаў — нарадзіўся ў нашых сэрцах і іх аздаравіў, неабходна падрыхтаваць, расчысціць для Яго шлях. Калі мы чакаем госця, то рыхтуемся да яго візіту. Ці можа быць госць, больш важны за Хрыста? У вышэй-шай ступені неразважлівым мы б назвалі тапельца, які не хапаецца за пададзены яму выратавальны круг. Не будзем прыпадабняцца да яго і пастараемся выкарыстаць кожную магчымасць для нашага духоўнага адраджэння. «Вось стаю каля дзвярэй і стукаюся. Калі хто пачуе Мой голас і адчыніць дзверы, увайду да яго і буду вячэраць з ім, а ён са Мною» (Ап 3, 20) , — кажа Хрыстус. Адзін мастак, натхнёны гэтымі словамі, намаляваў карціну: Хрыстус стаіць каля дзвярэй і стукаецца. Яго маленькі сын уважліва паглядзеў на выяву і сказаў: «Тата, ты дрэнна намаляваў гэтую карціну, бо ў дзвярах няма ручкі, і той чалавек, які ў іх стукаецца, не зможа ўвайсці, нават калі яго і запросяць». На гэта мастак адказаў: «Сыне мой, гэты чалавек — Хрыстус, і стукаецца Ён у дзверы нашых сэрцаў, якія можна адчыніць толькі знутры». Сапраўды, ніхто, акрамя нас саміх, не зможа адчыніць дзверы нашых сэрцаў і ўпусціць туды Хрыста. Ніхто, акрамя нас, не зможа падрыхтаваць Яму шлях да нас. Гэта павінны зрабіць мы самі, і гэта — асноўная і найбольш важная задача Адвэнту. Нездарма святы Аўгустын кажа: «Ты, Божа, стварыў мяне без майго ўдзелу, але збавіць мяне без мяне самога не зможаш». Бог прапануе збаўленне, але рашэнне пакідае чалавеку, шануючы свабоду яго волі. Людзі з нецярплівасцю чакаюць святаў Божага Нараджэння. У крамах ужо пачалася перадсвяточная мітусня. Мы клапоцімся пра падарункі, якіх асабліва чакаюць дзеці. Усё больш папулярным становіцца зімовы адпачынак у калядны час, і людзі загадзя плануюць, як яго правесці. Аднак гэтыя клопаты не павінны засланіць ад нас таго галоўнага, што трапна акрэсліў наш суайчыннік Адам Міцкевіч: «Чалавек, ты верыш, што Бог нарадзіўся ў Бэтлеемскай стаенцы, але бяда табе, калі Ён не народзіцца ў тваім сэрцы». 5. Для збаўлення яшчэ не дастаткова толькі верыць у тое, што крыху больш за дзве тысячы гадоў таму ў бедным бэтлеемскім заездзе адбыўся цуд Богаўцелаўлення, дзякуючы якому ў свет прыйшоў Бог з чалавечым абліччам і сэрцам, а сама чалавечая прырода была ў гэты час абагаўлёная, напоўніўшыся Боскасцю. Неабходна, каб гэтае абагаўленне стала нашым лёсам, гэта значыць, каб нашыя сэрцы сталі Бэтлеемам нашага часу і каб у іх нарадзіўся Бог. Знамянальна тое, што Адвэнт, які сёння распачынаецца, мы перажываем у Год паклікання да святасці і ў 90-ю гадавіну аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме, а таксама тое, што ў новым Літургічным годзе мы будзем адзначаць 150-гадовы юбілей аб’яўленняў Маці Божай у Люрдзе, дзе Яна пацвердзіла догмат пра сваё Беззаганнае Зачацце. Абвяшчэнне ўсіх трох частак фацімскай таямніцы не азначае яе завяршэння. Фацімская таямніца надалей актуальная, бо яна перадусім заклікае да малітвы, да пакаяння і навяртання. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падчас свайго візіту ў Бразілію 13 мая гэтага года сказаў, што фацімскія аб’яўленні з іх моцным заклікам да навяртання і пакаяння з’яўляюцца найбольш значнымі прароцтвамі сучаснасці (Бэнэдыкт XVI, Малітва Regina caeli, санктуарый у Апарэсідзе, 13 мая 2007 г.) . Праўда веры пра Беззаганнае Зачацце Найсвяцейшай Панны Марыі — гэта вельмі актуальны ў наш час заклік да духоўнай, маральнай чысціні. Усё гэта павінна асаблівым чынам стымуляваць нас да духоўнага адраджэння і імкнення да святасці ў гэты час падрыхтоўкі да Божага Нараджэння. Сёння, распачынаючы Адвэнт, прыслухаемся да словаў святога Апостала Паўла, які заклікае абудзіцца са сну (пар. Рым 13, 14) , і да закліку святога Яна Хрысціцеля падрыхтаваць шлях Пану, які надыходзіць (пар. Мц 3, 3) . Няхай жа не будзе страчаны гэты каштоўны час Адвэнту. Няхай стане ён часам ласкі, які дапаможа нам годна падрыхтавацца да святаў Нараджэння Хрыста і перажыць іх як таямніцу Богаўцелаўлення, што рэалізуецца ў нашым жыцці. На гэтым шляху духоўнага адраджэння даручаю ўсіх вас Марыі — Маці адвэнтавага чакання — і ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, і Сына, і Духа Святога. Амэн. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Рым-Мінск, 25 лістапада 2007 г. Ва ўрачыстасць Хрыста Валадара
21.07.2009 15:27
Браты ў святарскім і біскупскім служэнні, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры ў Хрысце! 1. 2008 год, які распачынаецца, у Каталіцкім Касцёле будзе адзначаны шэрагам выключна важных падзеяў, якія датычацца абвяшчэння Божага слова і яго значэння ў жыцці як кожнага верніка, так і ўсяго Касцёла. Гэта перадусім чарговы Сінод Біскупаў, прысвечаны слову Божаму ў жыцці і місіі Касцёла, які будзе праходзіць у Ватыкане ў кастрычніку, а таксама Год нястомнага прапаведніка Божага слова язычнікам святога апостала Паўла, які распачнецца 28 чэрвеня. Кіруючыся меркаваннямі больш поўнага ўдзелу ў пастырскай праграме Паўсюднага Касцёла, Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі прыняла рашэнне прысвяціць гэты год слову Божаму як крыніцы надзеі. Гэта таксама перагукаецца з вучэннем Святога Айца Бэнэдыкта XVI, пададзеным у яго апошняй энцыкліцы Spe salvi — «У надзеі мы збаўленыя», у якой Папа дае сведчанне Бібліі пра надзею (Spe salvi, 4–9) .   2. У эпоху ўзрастання секулярызму, маральнага рэлятывізму, што вядзе да адмаўлення трываласці і нязменнасці маральнага закона, прапаганды «цывілізацыі смерці» і адыходу ад «цывілізацыі жыцця», негатыўных адносінаў да маральных каштоўнасцяў, панавання духу спажывальніцтва і іншых заганаў сучаснага свету толькі Хрыстус застаецца нашай надзеяй. Ён, Слова Божае, спрадвеку існае ва ўлонні Айца (пар. Ян 1, 18) , так палюбіў нас, што дзеля нас і нашага збаўлення прыняў чалавечую натуру. Бог аб’явіўся нам з чалавечым абліччам і сэрцам, падзяліў з намі нашае жыццё ва ўсім, акрамя граху. Вызнанне гэтай праўды знаходзіцца ў сэрцы хрысціянскай веры, якая заснавана на вялікіх евангельскіх каштоўнасцях і таму можа станоўча ўплываць на жыццё, гісторыю і культуру розных народаў, — навучае Ян Павел ІІ (пар. Еcclesia іn Еuropa, 19) . Таму толькі звярнуўшыся да Хрыста, можна зноў знайсці страчаную надзею, якая надае жыццю сэнс. Хрыстус жа жыве і дзейнічае ў сваім Касцёле, у якім Ён праз Духа Святога працягвае сваю збаўчую справу (пар. Dei Verbum 7; пар. Еcclesia іn Еuropa, 22) . Перад Унебаўшэсцем Хрыстус звярнуўся да Апосталаў са словамі: «Ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Вучыце іх захоўваць усё, што Я загадаў вам. І вось Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку» (Мц 28, 19–20) . Ідучы за гэтым запаветам Пана, Касцёл нястомна абвяшчае Евангелле надзеі (пар. Еcclesia іn Еuropa, 45) , каб свет паверыў і жыў надзеяй. Гэта місія Касцёла, бо вера нараджаецца са слухання. Як жа можна паверыць, не пачуўшы? А як можна пачуць, калі ніхто не абвяшчае? (пар. Рым 10, 14.17) , — падкрэслівае святы Апостал Павел.   3. Святое Пісанне часта называюць «Кнігай надзеі». І сапраўды, Стары Запавет — гэта час месіянскай надзеі. Новы Запавет — час яшчэ не спраўджанай надзеі чакання другога прыйсця Хрыста ў хвале. Надзея Старога Запавету здзейснілася праз прыйсце ў свет Сына Божага і Яго збаўчую місію. Пакаленні людзей Новага Запавету жывуць надзеяй Яго новага прыйсця ў хвале. Пра надзею апавядаюць ужо першыя старонкі Старога Запавету. Можа гэта выглядае і парадаксальна, але пакаранне за грэх прабацькоў адначасова стала крыніцаю надзеі. Бог сказаў злому духу: «устанаўлю варожасць паміж табою і паміж жанчынаю, і паміж патомствам тваім, і паміж яе патомствам. Яно сатрэ табе галаву, а ты сатрэш яго пяту» (Быц 3, 15) . Гэтыя словы сталі прадказаннем перамогі над сіламі зла і такім чынам далі надзею. Таму нездарма гэты тэкст называецца «Протаевангеллем» ці «першай Добрай Навіной». Надзеяй на ўдзел у гэтай перамозе жыло чалавецтва да часу прыйсця ў свет Хрыста і Яго Уваскрасення. Гэтую надзею абуджалі, падтрымлівалі і ажыўлялі запаветы Бога з выбраным народам. Прадметам гэтых запаветаў часта былі матэрыяльныя і зямныя даброты, благаслаўленне, урадлівасць, дастатак малака і мёду ў зямлі абяцанай і г.д. (пар. Быц 12, 1-3; 49; Зых 3, 8.17) . Усё гэта давала надзею на будучыню. Увесь Стары Запавет — гэта час надзеі на прыйсце ў свет Месіі і адкупленне з няволі граху, а надзея, народжаная ў момант абвяшчэння Богам Протаевангелля, стала пачаткам часу месіянскага чаканння. Новы Запавет паказвае асаблівую сувязь чалавечай надзеі з абяцаннямі Бога. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла вучыць, што «надзея — гэта багаслоўская цнота, праз якую мы жадаем як нашага шчасця Валадарства Нябеснага і вечнага жыцця, ускладаючы наша спадзяванне на абяцанні Хрыста і абапіраючыся не на свае ўласныя сілы, але на падтрымку ласкі Духа Святога» (ККК 1817) . Святы Апостал Павел — гэта апостал і адначасова багаслоў надзеі. У Пасланні да Эфесцаў ён гаворыць, што ахрышчаныя сталіся спадкаемцамі ў Хрысце, на якога раней спадзяваліся (пар. Эф 1, 11-12) . У пасланні да Рымлянаў вучыць пра надзею шчасця вечнага: «Бо мы збаўлены праз надзею» (Рым 8, 24) . «Дзякуем Богу і Айцу нашага Пана Езуса Хрыста, заўсёды молячыся за вас, бо мы пачулі пра вашую веру ў Хрысце Езусе і пра любоў, якую маеце да ўсіх святых дзеля надзеі, што захавана для вас у нябёсах» (Клс 1, 3–5) , — кажа святы Павел у Пасланні да Каласянаў. Таму жыццё хрысціяніна — гэта трыванне ў надзеі будучай хвалы. Апостал народаў асабліва падкрэслівае ролю Святога Пісання для цноты надзеі: «Усё, што напісана было раней, напісана дзеля нашага павучэння, каб мы праз вытрываласць і заахвочванне Пісанняў мелі надзею» (Рым 15, 4) . Таму на тых, хто абвяшчае Евангелле, ускладзена асаблівая адказнасць за абвяшчэнне надзеі. «Гора мне, калі я не абвяшчаю Евангелля» (1 Кар 9, 16) , — усклікае апостал Павел.   4. У жыцці кожнага чалавека і грамадства надзея павінна быць задаткам будучыні. Гэта тая цнота, якая не толькі пакідае след у гісторыі чалавецтва, але і стварае яе, каб з Божай дапамогай весці людзей ў будучыню. Пры гэтым неабходна звярнуць увагу на сувязь, якая існуе паміж надзеяй і верай, прычым у аспекце таго, што вера з’яўляецца надзеяй, як вучыць Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у сваёй энцыкліцы пра збаўленне праз надзею (пар. Spe salvi, 2) . Ужо Другі Ватыканскі Сабор падкрэсліў, што кожны чалавек павінен ісці шляхам жывой веры, якая абуджае надзею і дзейнічае праз любоў (пар. Lumen gentium, 41) , а Слуга Божы Ян Павел ІІ у сваёй Апостальскай адгартацыі «Касцёл у Еўропе» адзначае, што наша спадзяванне ўкаранёна ў Хрысце і грунтуецца на веры ў Збаўцу (пар. Ecclesia in Europa, 18–22) , якога абвяшчае Евангелле. Такім чынам, трэба з надзеяй верыць у існаванне таго, што павінна стаць прадметам нашага пазнання ці валодання. Нярэдка слова «надзея» азначае тое самае, што і «вера». Нездарма Бэнэдыкт XVI кажа, што «надзея» па сваёй сутнасці з’яўляецца цэнтральным словам біблейскай веры (пар. Spe salvi, 2) . Надзея павінна рэалізавацца ў супрацоўніцтве з Богам. Усё залежыць ад самога чалавека і ад яго добрай волі. Бог нас ні да чаго не прымушае, Ён толькі заклікае да цнатлівага жыцця. Бэнэдыкт XVI у сувязі з гэтым навучае, што чалавеку патрэбны Бог, каб мець надзею (пар. Spe salvi, 23) . У надзеі знаходзіць крыніцу імкненне чалавека пазнаваць існуючы свет і авалодваць ім. У залежнасці ад таго, чым мы імкнемся валодаць, нашая надзея можа быць праўдзівай і памылковай. Прыкладам апошняй з’яўляецца імкненне да матэрыяльных дабротаў як жыццёвай мэты, а таксама імкненне да бяздзейнага і амаральнага жыцця, наркотыкаў, алкаголю, насілля, несправядлівасці і гэтак далей. Другі Ватыканскі Сабор нагадвае, што нельга цешыць сябе памылковай надзеяй, і навучае, што сярод трывогаў нашага часу Касцёл не губляе надзеі і заўсёды імкнецца несці апостальскую вестку сучаснаму свету: «вось цяпер час спрыяльны» для таго, каб перамяніліся сэрцы, «вось цяпер дзень збаўлення» (пар. 2 Кар 6, 2; Gaudium et spes, 82) . Хрысціянін павінен жыць надзеяй і не можа быць абыякавым да таго, што з’яўляецца прадметам гэтай надзеі. Таму святы апостал Павел заклікае, каб багатыя спадзяваліся не на багацце, а на Бога (пар. 1 Цім 6, 17) . Надзея дапамагае пераадольваць неймаверныя цяжкасці і выпрабаванні. Гэта пацвярджаюць тыя, хто прайшоў праз ссылкі і канцэнтрацыйныя лагеры. Дзень пры дні яны жылі надзеяй як быццам насуперак надзеі (пар. Рым 4, 18) . Папа Бэнэдыкт XVI ставіць у прыклад в’етнамскага кардынала Нгуен ван Туана, які правёў у зняволенні трынаццаць гадоў, дзевяць якіх — у ізаляцыі. У сітуацыі, здавалася б, поўнага адчаю магчымасць слухаць Бога і размаўляць з Ім умацоўвала ў ім сілу надзеі (пар. Spe salvi, 32) . Тут таксама варта згадаць і Сведку веры кардынала Казіміра Свёнтка, які, хоць атрымаў спачатку смяротны прысуд, а потым быў асуджаны на ссылку ў лагеры, без рэшты даручыў сябе Богу і на Яго ўсклаў сваю надзею, якая яго не падвяла. Як бачым, нястомная надзея на лепшае з’яўляецца неад’емнаю часткаю сутнасці хрысціянства. Надзея з’яўляецца таксама «лекам» ад усялякіх «хваробаў», перадусім — недасканаласцяў і недахопаў. Як прырода не зносіць пустэчы, якая павінна быць запоўнена, так і ў сэрцах веруючых надзея выпраўляе недасканаласці і дапаўняе недахопы. Зло — гэта адсутнасць дабра, або маральная пустэча, таму надзея, якая запаўняе гэтую пустэчу, з’яўляецца эквівалентам дабра. Пажаданне «лепшай будучыні», дзякуючы самому пажаданню «паляпшэння», становіцца канструктыўным і нясе надзею. Жыццё кожнага чалавека — гэта чаканне, якое без надзеі было б пустой тратай часу. Дзякуючы цноце надзеі чаканне становіцца прадуктыўным, а жыццё чалавека — своеасаблівым перыядам адвэнту, які дае надзею на вечнае жыццё, пра што цудоўна кажа Святы Айцец Бэнэдыкт XVI. Дзякуючы надзеі мы можам супрацьстаяць цяжкасцям сучаснага жыцця і яго выклікам. І хоць хрысціяне не ведаюць, што іх чакае ў будучыні, тым не менш, яны ўпэўненыя, што іх жыццё не скончыцца пустэчаю. Усё гэта гарантуе ім якасна новае жыццё на гэтай зямлі (пар. Spe salvi, 1–2) .   5. Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры! Жыццё чалавека па Божай задуме павінна быць напоўнена надзеяй і імкненнем да вызначанай мэты. Таму святы Апостал Павел шкадуе аб лёсе язычнікаў, якія бядуюць, не маючы надзеі (пар. 1 Тэс 4, 13) . Аўтар Паслання да Габрэяў кажа, што надзея для душы — гэта бяспечны і моцны якар (пар. Гбр 6, 19) , а кардынал Ёзаф Ратцынгер, сённяшні Папа Бэнэдыкт XVI, падкрэслівае, што надзея, скіроўваючы чалавека да сузірання Божага аблічча, вядзе да сапраўднага духоўнага аздараўлення і насычэння (пар. W drodze do Jezusa Chrystusa, с. 29) . Год, які распачынаецца, — Год Божага слова як крыніцы надзеі — павінен наблізіць нас да Хрыста, якога мы пазнаем у Святым Пісанні, каб няўхільна трымацца вызнання надзеі (пар. Гбр 10, 23) і ніколі не адступаць ад яго (пар. Гбр 10, 35) . Сёння, ва ўрачыстасць Трох Каралёў, мы сузіраем таямніцу Аб’яўлення Пана. Бэтлеемская зорка, як сімвал надзеі, прывяла іх да Дзіцяці Езуса, у якім вачамі веры яны распазналі доўгачаканага Месію. Святы Грыгорый Назіянзскі кажа, што з Аб’яўленнем Бога завяршылася эпоха астралогіі, бо, пачынаючы з гэтага моманту, зоркі чалавечых лёсаў рухаюцца ўжо па арбітах, вызначаных Хрыстом. Гэта значыць, што надалей ужо не законы космасу ці прыроды, як меркавалі да Хрыста, кіруюць светам і чалавекам, але Бог-Асоба (пар. Spe salvi, 5) . У асобе трох Магаў, якіх традыцыя называе Каралямі, Бог аб’явіў сябе народам. Сёння праз сваё Слова Ён аб’яўляе сябе нам, людзям ужо XXI стагоддзя, аб’яўляе як надзею, бо пазнаць Бога — азначае атрымаць надзею (пар. Spe salvi, 3) . Таму няхай абвяшчэнне Евангелля надзеі стане нашай славай і сэнсам існавання, як заклікае Слуга Божы Ян Павел ІІ (пар. Ecclesia in Europa, 45) , каб кожны чалавек спадзяваўся на слова Пана (пар. Пс 130(129), 5) . Няхай Слова Божае, якое дае надзею, будзе святлом на нашым шляху (пар. Пс 119(118), 105) , каб мы не заблукалі ў свеце, поўным неонавых агнёў і адначасова прасякнутым духоўнаю цемраю. Год, які распачынаецца, няхай спрыяе ўмацаванню міжхрысціянскіх адносінаў, асабліва Каталіцкага Касцёла з Праваслаўнай Царквою. Бо Святое Пісанне разам з Традыцыяй з’яўляецца крыніцай веры як для католікаў, так і для праваслаўных. Менавіта яно і агульная пазіцыя адносна асноўных праблемаў сучаснага свету з яго выклікамі дазваляюць нам сцвярджаць, што значна больш ёсць таго, што нас аб’ядноўвае, чым таго, што падзяляе. Даручаючы ўсіх вас Марыі, Маці надзеі, на шлях абвяшчэння і захоўвання Божага Слова як крыніцы нашай надзеі ад усяго сэрца благаслаўляю ў Імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Мінск, 1 студзеня 2008 г. Урачыстасць Святой Багародзіцы Марыі
21.07.2009 16:03
Жывое слова Божае і дзейснае (Гбр 4, 12) Умілаваныя ў Хрысце браты ў біскупскім і святарскім служэнні, кансэкраваныя асобы, вернікі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі! 1. У пастырскі год Божага слова, на пачатку Вялікага посту вітаю вас словамі з Паслання да Габрэяў: «Жывое слова Божае і дзейснае» (Гбр 4, 12) . Яно павінна заахвоціць нас да пакаяння і навяртання, бо гэта — праграма Вялікага посту. Хрыстус звярнуўся да сваіх слухачоў са словамі «Кайцеся і верце ў Евангелле» (Мк 1, 15) , якія мы чулі ў Папяльцовую сераду падчас пасыпання нашых галоваў попелам. На парозе Вялікага посту паставім сабе пытанне: ці слухаем мы слова Божае, ці прымаем яго, ці пакідае яно ў нас свой след, ці вядзе да пакаяння, ці перамяняе нас духоўна, ці ўмацоўвае яно нашу веру? Бо, як падкрэслівае Папа Бэнэдыкт XVI, Вялікі пост становіцца для нас падараванаю Божым Провідам нагодаю больш глыбока спасцігнуць сэнс і значэнне нашага быцця хрысціянамі, а таксама заахвочвае нас нанава адкрыць Божую міласэрнасць (пар. ПВП 2008) . Гэты час ласкі, які пачынаецца, час нашага навяртання, павінен дапамагчы нам жыць у адпаведнасці са словам Божым (пар. Як 1, 22) , а не быць толькі пасіўнымі яго слухачамі, якія падманваюць саміх сябе і робяць выгляд, што ў жыцці можна кіравацца прынцыпамі, адрознымі ад евангельскіх. 2. Слова Божае людзі чуюць найперш праз прапаведаванне Евангелля. У сувязі з гэтым ІІ Ватыканскі Сабор заклікае, каб касцёльнае прапаведаванне брала выток і натхненне са Святога Пісання (пар. VD, 21) . Таму ў абноўленай Літургіі шчодра прадстаўлена Божае слова. Яго скарб трэба набліжаць праз прапаведаванне Добрай Навіны. Зразумела, што перад абліччам выклікаў сучаснасці чалавеку патрэбна абгрунтаванае на Бібліі, жывое і актуалізаванае абвяшчэнне Евангелля. Слуга Божы Ян Павел ІІ вучыць, што пропаведзь, якая грунтуецца на біблейскіх тэкстах святой Імшы, дапамагае вернікам глыбей пазнаваць таямніцы веры і прынцыпы хрысціянскага жыцця (пар. СТ, 48) . Карыстаючыся выразам святога апостала Паўла, што «вера залежыць ад пачутага» (Рым 10, 17) , кардынал Ёзаф Ратцынгер, цяперашні Папа Бэнэдыкт XVI, вучыць, што вера — гэта ўспрыманне таго, што пачута, а не выдумана чалавекам (пар. ВХ, с. 54) . Акрамя слухання Божага слова неабходна таксама яго чытаць і разважаць над ім. Сёння нескладана набыць рэлігійную літаратуру. Усё больш людзей чытаюць не толькі Біблію, але і малітвы Літургіі гадзінаў. У многіх парафіях праводзяцца сустрэчы па вывучэнні Бібліі. На сайце Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі з’явіўся вельмі актуальны раздзел: Lectio Divina — «Духоўнае чытанне». У той жа час відавочна, што ўзровень рэлігійнага і маральнага жыцця пакідае жадаць лепшага, пра што сведчыць небяспечнае распаўсюджванне секулярызму, маральнага рэлятывізму, лібералізму, спажывальніцтва, прапаганда безадказнай і неабмежаванай свабоды, адмаўлення ад хрысціянскіх каштоўнасцяў і каранёў, з якіх мы выраслі. Для больш дзейснага абвяшчэння Добрай Навіны ІІ Ватыканскі Сабор заклікае слугаў слова звяртацца да Святога Пісання, сумленна яго чытаючы і вывучаючы, а вернікаў заахвочвае пазнаваць Хрыста праз чытанне, слуханне і вывучэнне Боскага Пісання (пар. DV 25) . Тут дарэчы будзе ўзгадаць словы кардынала Ёзафа Ратцынгера пра тое, што «сведчанне пра Бога змаўкае там, дзе мова становіцца толькі тэхнікай паведамлення пра „штосьці“» (ВХ с. 58) . Але ж мы павінны прапаведаваць не «штосьці», а «Кагосьці», гэта значыць — Бога. Такім чынам, недахопы ва ўспрыманні Божага слова крыюцца таксама ў тым, што яно часта ўспрымаецца не як Божае, а як чалавечае слова. Гэта асабліва актуальна для сучаснага чалавека, які жыве сярод імклівай плыні словаў і інфармацыі. Яму неабходна глыбокае асэнсаванне таго, чым сапраўды з’яўляецца Божае слова, і ўсведамленне яго прыроды. Чалавечае слова служыць для наладжвання кантактаў і перадачы інфармацыі. Яно можа суцешыць і можа параніць, можа служыць для прадстаўлення праўды і яе скажэння ці нават утойвання. Сучасны свет перажывае абясцэньванне слова. Лавіна словаў, якая валіцца на чалавека ў сродках масавай інфармацыі, вядзе да таго, што ён становіцца слаба ўспрымальным да значнай і прынцыпова важнай для яго інфармацыі. На скіраванае да яго слова ён нярэдка рэагуе павярхоўна або нават абыякава, выбіраючы толькі тое, што больш яму падыходзіць. На жаль, пры недахопе веры, рэлігійнай і тэалагічнай падрыхтоўкі такая рэакцыя часта пагаршаецца тым, што Божае слова ўспрымаецца як чыста чалавечае. Акрамя таго, чалавек не свабодны ад спакусы маніпуляцыі. Нездарма Папа Бэнэдыкт XVI асцерагае, што сёння некаторыя людзі імкнуцца сфальсіфікаваць слова Хрыста і выключыць з Евангелля «нязручныя» для сучаснага чалавека праўды. Можна ўбачыць таксама спробы стварыць уражанне, што ўсё адносна і што праўды веры залежаць ад гістарычнай сітуацыі і чыста чалавечай ацэнкі (пар. Гамілія Бэнэдыкта XVI на плошчы Пілсудскага ў Варшаве 26 мая 2006 г.) . Адгаворка, што, быццам, «мяне гэта не датычыцца або не цікавіць» з’яўляецца частым і характэрным адказам на Божае слова тых, хто не жадае будаваць сваё жыццё на хрысціянскіх запаведзях. Магчыма, гэта выглядае і смешна, але ў некаторых сучасных культурах не сціхаюць спрэчкі пра тое, чаму слова Бог — мужчынскага роду, а не жаночага ці ніякага. Абмяркоўваюцца таксама пытанні, чаму Касцёл выказваецца супраць эўтаназіі, абортаў, разводаў, аднаполых саюзаў ці выкарыстання стваловых клетак для кланавання, калі многія гэтага жадаюць, а парламенты некаторых краінаў нават дэмакратычным шляхам прымаюць адпаведныя законы. У той жа час асноўная мэта абвяшчэння Божага слова, як вучыць Папа Павел VI, — моцай Евангелля перамяніць вобраз чалавечага жыцця, які супярэчыць словам Пана і Яго планам збаўлення (пар. EN 19) . Цытуючы словы благаслаўлёнай маці Тэрэзы з Калькуты пра тое, што самая вялікая беднасць чалавека — гэта няведанне Хрыста, яе думку працягвае Святы Айцец Бэнэдыкт XVI, які сцвярджае, што асноўны ўнёсак Касцёла ў развіццё чалавецтва заключаецца ў прапаведаванні праўды Хрыста (пар. ПВП 2006) . А таямніцу чалавека і яго Боскае пакліканне вернікі пазнаюць менавіта праз Аб’яўленне (GS 22) . Таму першачарговая задача Касцёла заключаецца ў тым, каб схіліць слухачоў да разважання над прыродай і функцыяй Божага слова, каб у іх сэрцах спелі глыбокія і поўныя павагі адносіны да яго, і каб яно прынесла шчодры духоўны плён. 3. Слова Божае неабходна разумець як аб’яўленне Божага плану збаўлення, які рэалізуецца ў Хрысце. Гэта таксама жывое прапаведаванне Евангелля, яго нястомнае абвяшчэнне. Нездарма першыя хрысціяне просяць Бога: «Дай слугам Тваім з усёй адвагаю абвяшчаць слова Тваё» (Дз 4, 29) , а святы апостал Павел кажа, што для прапаведавання Божага слова не можа быць абмежаванняў (пар. 2 Цім 2, 9) : «Гора мне, калі я не абвяшчаю Евангелля» (1 Кар 9, 16) . Для належнага ўспрымання Божага слова неабходна мець спецыяльны ўнутраны настрой, пра які гаворыць Хрыстус у дыспуце з юдэямі: «Хто ад Бога, той слухае словы Божыя: вы таму не слухаеце, што вы не ад Бога» (Ян 8, 47) . У прыпавесці пра сейбіта Хрыстус звяртае ўвагу не толькі на ўтоеную, унутраную моц Божага слова, але і на тое, якім розным можа быць слуханне (пар. Мц 13, 1–23) , што становіцца мерай разумення гэтага слова. Таму заўсёды актуальным застаецца напамін з Апакаліпсіса святога Яна: «Хто мае вушы, няхай слухае тое, што Дух гаворыць Касцёлам» (Ап 2, 7) . 4. «Жывое слова Божае і дзейснае» (Гбр 4, 12) , і здольнае змяняць жыццё чалавека. Гісторыя хрысціянства ведае шмат прыкладаў гэтага. Узгадаем пакліканне апосталаў. На заклік Хрыста простыя рыбакі становяцца лаўцамі чалавечых душаў (пар. Мц 4, 18–22) . Словы Пана «Ідзі за Мною» (Мц 9, 9) робяць мытніка Левія руплівым апосталам Мацвеем. Сведка смерці святога дыякана Стэфана (пар. Дз 7, 58 – 8, 1) і ганіцель Касцёла Саўл (пар. Дз 8, 3 – 9, 1–2) падчас падарожжа ў Дамаск раптоўна быў аслеплены яркім святлом з неба і страціў зрок, але пачаў бачыць вачыма душы, калі пачуў словы Пана: «Я Езус, якога ты пераследуеш» (Дз 9, 5) , і стаў апосталам Паўлам, выбраным начыннем Пана (пар. Дз 10, 15) . Тая ці іншая ўсвядомленая і прынятая ўсім сэрцам думка Святога Пісання або яе тлумачэнне можа карэнным чынам змяняць лёсы людзей. Так, святы Аўгустын, які марнаваў сваё жыццё, атрымлівае ласку навяртання і становіцца вялікім хрысціянскім мысліцелем і святым. Францыск Асізскі замест багацця і прыбытковай купецкай справы выбірае служэнне беднага вандроўнага прапаведніка. Святая Эдыта Штайн адмаўляецца ад кар’еры прафесара філасофіі і ўступае ў ордэн кармэлітак, а потым пацвярджае сваю вернасць пакліканню мучаніцкай смерцю ў Асвенціме. Святы Рафал Каліноўскі, які па адукацыі быў ваенным інжынерам, пакідае службу і таксама становіцца манахам кармэлітам. 5. Лепшаму ўспрыманню Божага Слова павінны паспрыяць інтранізацыя Бібліі ў парафіі, сем’ях і невялікіх парафіяльных групах, арганізаванае вывучэнне Святога Пісання, сумесная малітва Літургіі Гадзінаў, духоўнае чытанне — Lectio Divina , пастаноўка інсцэніровак на біблейскія сюжэты, чытанне па ролях урыўкаў з Бібліі і суправаджэнне іх адпаведнымі каментарамі, прагляд і абмеркаванне фільмаў на біблейскія тэмы, арганізацыя конкурсаў біблейскіх ведаў, правядзенне свята «Дзень Бібліі» і шмат іншых ініцыятываў. 6. Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры! Няхай Вялікі пост, які ўжо распачаўся, стане для нас часам ласкі, часам выпрабавання нашага сумлення адносна абвяшчэння Божага Слова і яго ўспрымання. Няхай Вялікі пост дапаможа прымаць Божае Слова такім чынам, каб яно стала крыніцаю надзеі і вяло да шчырага пакаяння і веры ў Евангелле (пар. Мк 1, 15) , а значыць да навяртання. Няхай не застануцца незапатрабаванымі новыя магчымасці абвяшчэння Евангелля, якія мы атрымалі дзякуючы Божаму Провіду. Няхай кожны веруючы чалавек на парозе Вялікага Посту ўсклікне: «Кажы, Пане, бо слухае слуга Твой» (пар. 1 1 Сам 3, 9) , слухае, каб прыняць Тваё Слова і кіравацца ім. Няхай Марыя, якая 150 гадоў таму аб’явіўшыся ў Люрдзе, заклікала да малітвы і навяртання, дапамагае нам весці велікапоснае «духоўнае змаганне», каб мы маглі святкаваць Вялікдзень духоўна адноўленымі (пар. ПВП 2008) . На гэты шлях абвяшчэння і ўспрымання Божага Слова, даручаючы ўсіх вас Марыі, якая захоўвала ў сэрцы сваім словы пра свайго Сына Езуса Хрыста (пар. Лк 2, 19) , ад усёй душы благаслаўляю ў імя Айца, + і Сына, і Духа Святога. Амэн. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Мінск, 2 лютага 2008 г. Свята Ахвяравання Пана       Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні: ІІ Ватыканскі Сабор. Пастырская канстытуцыя пра Касцёл у сучасным свеце Gaudium et spes (GS). II Ватыканскі Сабор. Дагматычная канстытуцыя пра Божае аб’яўленне Dei verbum (DV). Павел VI. Апостальская адгартацыя Evangelii nuntiandi (EN). Ян Павел II. Апостальская адгартацыя Catechesi tradendae (CT). Бэнэдыкт XVI. Пасланне на Вялікі пост 2006 г. (ПВП 2006). Бэнэдыкт XVI. Пасланне на Вялікі пост 2008 г.(ПВП 2008). Йозеф Ратцингер. Введение в христианство. Брюссель, 1988 (ВХ). Гамілія Бэнэдыкта XVI на плошчы Пілсудскага ў Варшаве 26 мая 2006 г. .
21.07.2009 16:37
Умілаваныя ў Змёртвыхпаўсталым Пану браты ў біскупскім і святарскім служэнні, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры! 1. «Не бойцеся, бо ведаю, што вы шукаеце Езуса ўкрыжаванага. Няма Яго тут, Ён уваскрос, як сказаў. Падыдзіце, паглядзіце на месца, дзе быў пакладзены» (Мц 28, 5–6) . Гэтыя словы Анёла, які сядзеў на камені каля ўваходу ў грабніцу Пана, сёння гучаць у нашых касцёлах і капліцах, у нашых супольнасцях. Гэтыя словы глыбока пранікаюць у нашыя сэрцы, перамяняюць іх і напаўняюць радасцю, даючы нам новую надзею. Радасным воклічам: «Хрыстус уваскрос! — Сапраўды ўваскрос!», — мы абвяшчаем праўду збаўчай урачыстасці Змёртвыхпаўстання Пана і дзелімся ёю з іншымі. Мы нясем яе ў свет, спяшаемся з ёю да іншых людзей, так, як паспяшаліся жанчыны-міраносіцы, калі, прынёсшы алеі для намашчэння, замест цела Езуса ўбачылі пустую грабніцу, куды яно тры дні таму было пакладзена. 2. Вечна жывое і заўжды актуальнае Божае слова, якое прыносіць нам гэтую радасную пасхальную вестку, павінна быць таксама і дзейсным (пар. Гбр 4, 12) , павінна заахвочваць да навяртання і духоўнага адраджэння. Для гэтага нам неабходна дазволіць Хрысту, каб Ён сваёю ласкаю ўваскрасіў нас да новага жыцця. Ці магчыма гэтага дасягнуць у наш секулярны час? Жанчыны-міраносіцы непакоіліся, кажучы адна адной: «Хто адсуне нам камень ад уваходу ў магілу?» (Мк 16, 3) . У нашым жыцці адбываецца нешта падобнае. Жыццё здалёк ад Бога і Ягонай ласкі, або нават такое жыццё, як быццам Бог наогул не існуе, становіцца тым каменем, які закрывае перад Хрыстом уваход у нашыя сэрцы. Прычым часам нам здаецца, што гэты камень такі вялікі, што ніхто не ў стане адсунуць гэты камень. Аднак праўда Уваскрасення сведчыць пра адваротнае. Няўжо ж Хрыстус, які ўскрасіў Лазара (пар. Ян 11, 38–44) і сам паўстаў з мёртвых, не зможа нас вызваліць з грахоўнай няволі? Безумоўна, Ён — міласэрны Езус — можа гэта зрабіць і робіць гэта. Трэба толькі дазволіць Яму дзейнічаць. Сам Ён нікога ні да чаго не прымушае: прапануючы сваю дапамогу, Хрыстус паважае свабоду чалавека. Таму толькі ад нас залежыць, ці прымем мы яе, ці адмовімся ад яе. Перажываючы год Божага слова — крыніцы надзеі, якая, як вучыць нас Папа Бэнэдыкт XVI, з’яўляецца асноўным словам біблейскай веры (пар. SS 2) , неабходна звярнуцца да яго сілы, каб яно разам з Традыцыяй Касцёла заахвоціла нас адсунуць камень ад уваходу ў цёмную пячору нашай душы, каб праўда Уваскрасення Пана заззяла ў нас. 3. Мы перажываем надыход вясны, якая на нашых вачах абуджае прыроду да новага жыцця. Таксама і моц Уваскрасення Хрыста, якая праяўляецца таксама ў Божым слове, павінна ажыўляць чалавека. Вядома, што дрэва з пашкоджаным карэннем сохне і памірае. Таксама і хрысціянін, які па сваёй волі адмаўляецца ад уласных каранёў і не прымае праўды пра Уваскрасенне, такім чынам асуджае сябе на духоўную смерць. Таму, каб не змарнаваць збаўчай і жыватворчай ласкі Уваскрасення Пана, неабходна заўсёды захоўваць вернасць свайму хрысціянскаму пакліканню. Недастаткова быць толькі намінальнымі і ананімнымі хрысціянамі, якіх з Касцёлам не аб’ядноўвае нічога, акрамя пасведчання хросту. Недастаткова толькі раз на год, на Вялікдзень, прыйсці ў касцёл, каб асвяціць святочныя стравы, пазахапляцца велічным спевам «Аллелюя», вялікімі натоўпамі вернікаў, а пасля зноў надоўга забыцца пра шлях да святыні. Толькі гэтага далёка не дастаткова… Пасхальныя традыцыі належыць прыняць і перажываць ва ўсёй глыбіні сэнсу гэтай галоўнай хрысціянскай урачыстасці. Так, напрыклад, асвячэнне велікодных страваў павінна дапамагаць у духоўным асэнсаванні свята Пасхі. Асвячоныя яйкі, якія з’яўляюцца сімвалам жыцця, — гэта знак таго, што Змёртвыхпаўстанне Пана вядзе да новага жыцця і дае надзею. 4. Уваскрасенне Хрыста павінна стаць часткаю нашага жыцця. Калі ўваскрослы Хрыстус стукаецца ў дзверы нашых сэрцаў, заваленыя цяжкімі камянямі грахоў, трэба перш адсунуць камяні, каб іх адчыніць. Для гэтага разам з марнатраўным сынам з евангельскай прыпавесці кожны павінен сказаць: «Ойча, я зграшыў супраць неба і перад табою» і кінуцца на шыю нашаму Міласэрнаму Айцу (пар. Лк 15, 21) . Не памёршы для граху, мы не зможам уваскрэснуць да новага жыцця. Як не было ўваскрасення Хрыста без Яго крыжовай смерці, так не можа быць і нашага вызвалення з няволі граху без збаўчага крыжа пакаяння. Неабходна ўсвядоміць сваю слабасць і звярнуцца да Хрыста са словамі злачынцы, які пакаяўся: «Узгадай мяне, Пане, калі прыйдзеш у сваё Валадарства» (Лк 23, 42) . Гэта неабходна зрабіць, каб у адказ пачуць поўнае надзеі абяцанне: «Сапраўды кажу табе, што сёння будзеш са Мною ў раі» (Лк 23, 43) . Крыж — гэта знак Божай міласэрнасці, ён вядзе нас да ўнутранай свабоды. Таму нельга абыякава абмінуць яго. Хоць чалавеку і нялёгка пакінуць свае дрэнныя схільнасці і звычкі, тым не менш неадменнаю ўмоваю ўваскрашэння да новага жыцця з’яўляецца разрыў з мінулым. Гэта і ёсць крыж нашага жыцця, але крыж, праз які дасягаецца збаўленне. 5. У вандроўцы з егіпецкай няволі ў Абяцаную зямлю юдэі з жалем узгадвалі пра тое, як яны сядзелі пры катле з мясам і елі ўдосталь хлеба (пар. Зых 16, 3) . Перад абліччам часовых цяжкасцяў яны лічылі няволю лепшаю за свабоду, абы толькі мець ежы ўдосталь. Матэрыяльныя даброты сталіся для іх вышэйшымі за дар свабоды. Калі ў жыцці месца Бога і Ягонага закону занятае ідаламі багацця, безадказнай вольнасці, амаральных асалодаў, задаволення неўпарадкаваных жаданняў, лібералізму, маральнага рэлятывізму, хлуслівай «рэлігійнай паліткарэктнасці» і іншых сучасных бажкоў, такі чалавек не зможа ва ўсёй паўнаце перажыць праўду Уваскрасення Хрыста. Замест радасці прыняцця Хрыстовых таямніцаў духоўна свабоднага чалавека яму больш даспадобы «кацёл з мясам» егіпецкай няволі ў яе новых формах. 6. Пазбаўлены ўнутранай свабоды і закуты ў кайданы грахоўнай няволі чалавек не зможа перажыць усёй глыбіні таямніцы Змёртвыхпаўстання Пана, бо Пасха — гэта пераход з няволі да свабоды, Пасха — гэта вызваленне! Беручы прыклад са святога Аўгустына мы павінны баяцца свядома абмінуць Бога, пазбягаючы сустрэчы з Ім і імкнучыся ў няволю граху, спажывальніцтва, задавальненняў і іншых формаў залежнасці. У наш постмадэрнісцкі час неабходна прыняць Уваскрослага Хрыста так, як Яго прынялі апосталы. Таямніца Змёртвыхпаўстання Пана вярнула ім страчаную надзею, а спасланы ім Святы Дух натхніў на самаадданае абвяшчэнне Добрай Навіны. 7. Уваскрослы Хрыстус сёння звяртаецца да нас са словамі: «Не бойцеся!» (Мц 28, 10) , таксама, як сказаў гэта жанчынам-міраносіцам. Словы «Не бойцеся!» сталі дэвізам служэння Слугі Божага Яна Паўла ІІ (пар. МЗ, с. 26) , трыццацігоддзе абрання якога на пасад святога Пятра мы будзе адзначацца сёлета. Яго заклік далей развівае Папа Бэнэдыкт XVI, падкрэсліваючы, што не варта баяцца Пана Бога, які нічога не забірае, а толькі дае (пар. WSP, s. 36) . Сёння, перад абліччам выклікаў секулярызму, рэлігійнай абыякавасці, а таксама праяваў адыходу ад веры, Хрыстус, які кажа: «Не бойцеся», бо «Я перамог свет» (Ян 16, 33) , перамог грэх, смерць і сатану, заклікае нас спазнаць і палюбіць праўду, якою з’яўляецца Ён сам, наш Уваскрослы Пан. Гэтая праўда даражэйшая за ўсе матэрыяльныя даброты і задавальненні гэтага свету. У святле праўды Змёртвыхпаўстання Пана, які адкрывае нам шлях да вечнага шчасця, неабходна ўсвядоміць і прыняць глыбока ў сваё сэрца тое, што з’яўляецца сапраўднаю каштоўнасцю, і адмовіцца ад ілюзій, якія вядуць да расчараванняў. Нягледзячы на тое, што сучаснаму чалавеку, асабліва маладому, пагражае вялізная колькасць небяспекаў, перадусім для яго духоўнага жыцця, яму неабходна ўважліва ўслухацца ў заклік Хрыста: «Не бойцеся!», бо, калі Езус здольны ўваскрасіць памерлага з магілы, то Яму не будзе складана вырашыць і нашыя духоўныя праблемы. Трэба толькі спадзявацца на Яго і жыць у свабодзе дзяцей Божых. 8. Мы таксама павінны з пашанаю ставіцца да новых умоваў набытай свабоды веравызнання, захоўваць і абараняць першынство Божага закону, які з’яўляецца гарантыяй дабра для кожнага чалавека. Неабходна памятаць, што свабода з’яўляецца патрабавальнай; яна не захоўваецца аўтаматычна і знішчае сябе тады, калі жадае стаць неабмежаванаю, спрыяючы развіццю маральнага рэлятывізму, як падкрэслівае Папа Бэнэдыкт XVI (пар. CPE, s. 133–135) . Таму перад абліччам небяспечных выклікаў сучаснасці нам неабходна прыняць праўду Уваскрасення Хрыста і жыць ёю; неабходна дазволіць Хрысту дзейнічаць у нас, бо будучыні не ўдасца пабудаваць толькі на мінімалісцкай этыцы, на павярхоўнай традыцыйнай рэлігійнасці, якой пагражаюць небяспекі секулярызму, маральнага рэлятывізму і «рэлігійнай паліткарэктнасці». 9. Браты і сёстры! Уваскрасенне Хрыста напоўніла апосталаў радасцю і надзеяй. Таму пасля Вялікага посту — часу нашага навяртання — узрадуемся і мы светламу святу Пасхі, святу жыцця і надзеі! Ад усяго сэрца віншую вас са збаўчаю ўрачыстасцю ўваскрасення Хрыстова. Віншую таксама хрысціянаў іншых веравызнанняў, якія сёння адзначаюць гэтае Свята святаў. Віншую вернікаў Праваслаўнай Царквы, якія перажываюць святы час падрыхтоўкі да Вялікадня і ад усёй душы жадаю, каб ён сапраўды стаў бласлаўлёным часам для нашых праваслаўных братоў і сясцёр. Перад абліччам выклікаў секулярызму мы пакліканыя да сумеснага сведчання пра хрысціянскія каштоўнасці і да іх абароны. Ад гэтага будзе залежаць, ці стане набыткам нашых сучаснікаў збаўчая праўда Уваскрасення Хрыста, якая вядзе да духоўнай свабоды. Праз заступніцтва Марыі, якая з радасцю прыняла вестку пра Змёртвыхпаўстанне Яе Сына, усім вам жадаю шчасця, радасці і шчодрых ласкаў ад Уваскрослага Збаўцы і ад шчырага сэрца благаслаўляю ў імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн. Хрыстус уваскрос! — Сапраўды ўваскрос! Мінск, 15 сакавіка 2008 г. Урачыстасць св. Юзафа   Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні: Бэнэдыкт XVI, энцыкліка Spe salvi (SS) . Иоанн Павел II, «Мысли о земном». Москва 1992 (МЗ) . Benedykt XVI, «Według serca Pana». Warszawa 2005 (WSP) . Jozeph Kardynał Ratzinger, «Czas przemian w Europie». Wydawnictwo «M», Kraków 2005 (CPE) .
14.07.2009 14:51
У ліпені 2008 г. у Івянцы (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) адбылася Міждыяцэзіяльная сустрэча моладзі, у якой прынялі ўдзел звыш дзвюх тысяч маладых людзей з усёй Беларусі. Сустрэча атрымала станоўчыя водгукі, а многія ўдзельнікі выказваліся аб жаданні прыехаць сюды на наступны год. У гэтым годзе ізноў запрашаем моладзь у Івянец, дзе 25–26 ліпеня адбудзецца МАЛІТОЎНАЯ СУСТРЭЧА МОЛАДЗІ (МСМ) Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Да ўдзелу ў сустрэчы запрашаем таксама моладзь з іншых дыяцэзій нашай краіны. Сустрэча беларускай каталіцкай моладзі заснавана на праслаўленні Бога праз малітву і спевы. У праграме прадугледжаны час на Эўхарыстыю, катэхезу, адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту, сведчаннні, а таксама канцэрты гуртоў  «Arka Noego» і «2Тм2–3» («Tymoteusz»). Удзельнікі сустрэчы будуць прымаць удзел у перэгрынацыі абраза Езуса Міласэрнага і рэліквіяў благаслаўлёнага Міхала Сапоцькі. Тэмай сустрэчы стануць сакрамэнты хросту і канфірмацыі. Падчас сустрэчы адбудзецца таксама індывідуальнае аднаўленне сакрамэнту хросту і магчымасць атрымаць сакрамэнт канфірмацыі (для папярэдне падрыхтаваных ў сваіх парафіях кандыдатаў). Сустрэча распачынаецца 25 ліпеня (субота) у 10.00 Рэгістрацыя ўдзельнікаў пачнецца 24 ліпеня (пятніца) у 15.00. Для тых, хто прыедзе 24 ліпеня, прадугледжана вячэрнія праграма  ад 18.00. Начлег удзельнікаў будзе арганізаваны ў палатачным гарадку на тэрыторыі касцёла. Просім па магчымасці ўзяць з сабой уласныя палаткі і спальныя мяшкі Пасілак забяспечваюць арганізатары сустрэчы Для ўдзелу ў сакрамэнце хросту ці канфірмацыі неабходна пасведчанне ад пробашча Заахвочваю маладых людзей да актыўнага ўдзелу ў сустрэчы і прашу душпастыраў аказаць моладзі неабходную дапамогу ў арганізацыі даезду і прабывання ў Івянцы. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
13.07.2009 15:45
Нарадзіўся нам Хрыстус Збаўца Браты ў біскупскім і святарскім служэнні, кансэкраваныя асобы, верны народ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі! 1. Сардэчна вітаю ўсіх вас і віншую са збаўчай урачыстасцю Нараджэння Пана ў год усеагульнага паклікання да святасці! Літургія сённяшняй урачыстасці адбываецца пад знакам адной надзвычай важнай весткі, што нас умацоўвае, — нарадзіўся нам Збаўца, які ёсць сама святасць. Прарок Ісая, пераносячы нас у атмасферу чакання прыйсця Хрыста сцвярджэннем, што «ідзе Збаўленне» (пар. Іс 62, 11) , адначасова гаворыць пра нараджэнне Валадара-Месіі: «Народ, які хадзіў у цемры, убачыў святло вялікае; над жыхарамі краіны смяротнага ценю заззяла святло. (…) Бо Дзіця нарадзілася нам, Сын дадзены нам; і ўлада спачыла на плячах Яго, і дадуць імя Яму: Цудоўны Дарадчык, Бог Моцны, спрадвечны Айцец, Князь супакою» (Іс 9, 1. 5) . 2. Час, у які мы сёння жывем, ужо больш не напоўнены чаканнем прыйсця Месіі-Збаўцы, як гэта было падчас першага гістарычнага Адвэнту. Вось што піша аўтар Паслання да Габрэяў: «Шмат разоў і па-рознаму прамаўляў калісьці Бог да айцоў нашых праз прарокаў, у гэтыя апошнія дні прамовіў да нас праз Сына» (Гбр 1, 1–2) . Раней Бог прамаўляў праз прарокаў, каб падрыхтаваць людзей да прыйсця свайго Сына. Цяпер, аднак, Ён дазволіў, каб прамовіў Яго Сын. Гэта выключна важнае і фундаментальнае сцвярджэнне. Неабходна адзначыць, што аўтар Паслання да Габрэяў менавіта гэтымі словамі пачынае свае разважанні, каб паказаць, што Хрыстус — гэта завяршэнне Аб’яўлення Бога (пар. Гбр 1, 13) . 3. Хто ж Ён, народжаны ў бэтлеемскай стаенцы Збаўца? Аўтары Новага Запавету, з аднаго боку, прапануюць нам адказ на гэтае пытанне, карыстаючыся паняццямі таго часу, з другога ж — гэты адказ надзвычай багаты ў тэалагічным вымярэнні. Збаўца з’яўляецца «спадкаемцам усяго» (Гбр 1, 2), — піша аўтар паслання да Габрэяў. Паняцце спадчыны мела вялікае значэнне на старажытным Усходзе. Спадкаемца — гэта той, хто ўвасабляе гаспадара і яго справы; ён мае роўныя з ім правы. Таму апостал Ян Багаслоў у сваім Евангеллі кажа, што Збаўца «прыйшоў да свайго» (пар. Ян 1, 11) . Бог стварыў свет праз свайго Сына. «Усё праз Яго сталася» (Ян 1, 3) , — падкрэслівае святы Ян Багаслоў. Папа Бэнэдыкт XVI у сувязі з гэтым у сваёй энцыкліцы Deus caritas est (Бог ёсць любоў) кажа, што «ўвесь свет быў створаны дзякуючы моцы Яго творчага слова» (пар. DCE 9) . Увесь свет сваім існаваннем абавязаны Хрысту і скіраваны да Хрыста, бо толькі ў Ім ён знаходзіць падставу і сэнс свайго існавання. Збаўца з’яўляецца ззяннем хвалы Бога і вобразам Яго постаці (пар. Гбр 1, 3) , — сцвярджае аўтар ужо цытаванага Паслання да Габрэяў. Таму Ён роўны Богу Айцу. Для таго, каб растлумачыць гэтую праўду, апостал Ян выкарыстоўвае метафару «Слова» (лпгпт) і кажа, што «Слова было ў Бога, і Богам было Слова» (Ян 1, 1) . Як Сын Божы, Збаўца з’яўляецца пасрэднікам паміж Богам і людзьмі (пар. 1 Цім 2, 5) , бо толькі Яму Бог сказаў: «Ты — Сын мой» (Гбр 1, 4) . Збаўца адорвае духоўным жыццём і святлом. Жыццё — гэта тая Божая энергія, якая гарантуе чалавеку сувязь з Богам на гэтым свеце і ў вечнасці. Не можа быць жыцця без святла. Біялагічнае жыццё знікне, калі раптам перастане свяціць сонца. Невычэрпнаю крыніцаю Божага святла і, такім чынам, крыніцаю жыцця, своеасаблівым Сонцам, што ніколі не заходзіць, з’яўляецца Сын Божы. Магчыма, для нас, людзей ужо ХХІ стагоддзя, гэтыя тэалагічна-філасофскія разважанні гучаць ужо не настолькі пераканаўча, як для хрысціянаў апостальскіх часоў. Аднак яны павінны дапамагчы нам зразумець і паглыбіць нашую ўпэўненасць у тым, што ў момант нараджэння Дзіцяці ў Бэтлееме здзейснілася штосьці непаўторнае. А менавіта, здзейснілася таямніца Богаўцелаўлення, і на свет прыйшоў такі доўгачаканы Збаўца; споўнілася прароцтва Ісаі: «валадарыць Бог твой! (…) суцешыў Пан народ свой (…). Пан адкрыў святое плячо сваё перад вачыма ўсіх народаў» (Іс 52, 7. 9. 10) . Такім чынам, чалавечая гісторыя атрымала новую якасць — яна абагавілася, у ёй з’явіўся Бог з чалавечымі абліччам і сэрцам; Бог, блізкі да людзей. Пададзеныя вышэй думкі, узятыя з Новага Запавету, таксама паказваюць, што ў таямніцы Богаўцелаўлення дабро пэўным чынам уваходзіць у гісторыю чалавецтва, як адзначае кардынал Ёзаф Ратцынгер, сённяшні Папа Бэнэдыкт XVI, ва ўступе да кнігі Слугі Божага Яна Паўла ІІ «Памяць і самасвядомасць». Тут быццё самога Бога, абсалютнага Бога ўваходзіць у тканіну гісторыі. Творца становіцца стварэннем. Дзякуючы гэтаму анталагічнаму кроку ў заплямленую высакамернасцю і эгаізмам волю чалавека ўваходзіць іншая, не скампраметаваная нічым воля. Пакора ўцелаўлення — гэта радыкальны кантраст з пыхаю, якая стала для чалавека другою натураю (пар. «Памяць і самасвядомасць», Уступ) . 4. У літургічным календары толькі дзве падзеі маюць надзвычай яскравую асаблівасць і незабыўную атмасферу, калі пачуццё чакання і цярпення перамяняецца ў радасць. Гэта — Божае Нараджэнне і Пасха. Радасць прыйсця ў свет Збаўцы і радасць Яго перамогі над злом аб’ядноўваюць дзве гэтыя падзеі падобна да таго, як мост яднае два берагі ракі. Разам з тым яны з’яўляюцца як быццам повяззю, што знітоўвае ўсё зямное жыццё Езуса Хрыста. 5. У калядную вігілію мы збіраемся за адным сталом, каб падзяліцца аплаткаю і пажадаць адно аднаму супакою, шчасця, радасці. Менавіта за агульным вігілійным сталом асаблівым чынам перажываецца таямніца супакою, якім Бог адорвае людзей добрай волі (пар. Лк 2, 14) . З гэтаю атмасфераю душэўнага супакою мы прыходзім у нашыя касцёлы, каб нанава перажываць таямніцу Богаўцелаўлення і ўслухацца ў тое, чаму вучыць нас урачыстасць Нараджэння Пана. 5.1. У першую чаргу яна кажа пра рэальнасць уваходжання Бога ў гісторыю чалавека і пра Божую любоў да яго, любоў да свету, у якім чалавек жыве. У цяжкія моманты нашага жыцця мы часта забываемся, што менавіта Сын Божы прыйшоў у гэты свет і прыняў на сябе чалавечыя пакуты, прыняў чалавечую долю і нядолю. Сын Божы на ўласным вопыце ведае, што кожны з нас перажывае і з чым не можа справіцца. Таму без боязі, што нас не зразумеюць, мы можам звяртацца да Яго, можам шукаць у Яго выйсця з цяжкай сітуацыі і дапамогу. Мы не можам забыцца пра тое, што праз уваходжанне Сына Божага ў чалавечую гісторыю Ён асвяціў і ўзвысіў да збавеннай годнасці дзейнасць чалавека. Мы павінны памятаць пра гэта, распачынаючы кожны новы дзень, бо дзякуючы Нараджэнню Хрыста нашая дзейнасць набыла новае і найвышэйшае з усіх магчымых вымярэнне. 5.2. Сённяшняя ўрачыстасць таксама кажа нам пра ўзвышэнне і хвалу простых людзей. Бо першымі, каму была дадзена ласка ўбачыць нованароджанага Збаўцу і пакланіцца Яму, былі не кіраўнікі ізраэльскага народа, не фарысеі, не старазапаветныя святары, не моцныя гэтага свету, а простыя пастухі. Менавіта яны першымі прынялі вестку пра нараджэнне Збаўцы і паверылі ёй. Менавіта іх, непрыкметных у ценю моцных і слаўных гэтага свету, узвялічыў Пан Бог і пра іх апавядае Евангелле, якое будзе абвяшчацца да канца часоў. У сувязі з гэтым мы павінны сёння запытацца ў саміх сябе: а якое нашае стаўленне да евангельскай весткі? Як мы сёння ўспрымаем Добрую Навіну, у тым ліку і пра Нараджэнне Хрыста? Ці цалкам мы яе прымаем? А можа, мы гатовыя прыняць з яе толькі тое, што адпавядае нашаму спосабу мыслення ці секулярнай культуры сучаснага свету? Мы маем перад сабою дзве магчымасці: прыпадобніцца да цара Ірада, які жадаў знішчыць усё, што нагадвала пра Хрыста, ці па прыкладзе бэтлеемскіх пастухоў паверыць і прыняць Добрую Навіну пра збаўленне. 5.3. І нарэшце, сённяшняя ўрачыстасць гаворыць нам, што важна не тое, як і дзе нарадзіўся чалавек, а тое, як ён жыве. Збаўца прыйшоў на гэты свет у крайняй галечы, Яму не знайшлося нават месца ў заездзе (пар. Лк 2, 7) . Аднак Хрыстус сваім жыццём паказаў, што вартасць чалавека вызначаюць каштоўнасці, якія ён вызнае і нясе ў сабе. У гэтым сэнсе Хрыстус пакінуў нам найлепшы прыклад для пераймання. 6. Таму Нараджэнне Пана — гэта нібы лекцыя для нас. Лекцыя, якая павінна перасцерагчы ад падзення з высокага п’едэсталу, на які мы самі сябе ўзносім. Гэта лекцыя пакоры для нас — людзей, якія, жывучы ў эпоху постмадэрнізму, спадзяюцца толькі на ўласныя сілы, на рацыянальны розум, на дасягненні навукі і тэхнікі. Гэта, нарэшце, лекцыя вытрымкі ў імкненні да дасканаласці. 7. «Бачылі мы славу Ягоную, славу, якую мае ад Айца Адзінародны» (Ян 1, 14) . Гэтае вызнанне, якое мы знаходзім у Евангеллі паводле святога Яна, павінна стаць нашым вызнаннем, вызнаннем людзей ужо ХХІ стагоддзя. Узнёслую вестку пра Нараджэнне Збаўцы нельга абвяшчаць інакш, як вызнаючы яе перад усім светам: мы адчулі на сабе, што Бог увайшоў у наш свет і ў Езусе стаў чалавекам, і гэтае вызнанне павінна стаць набыткам усіх людзей. У Хрысце матэрыяльны свет атрымаў свой цэнтр. У ім свет атрымаў «Жыццё» і «Святло». «А святло свеціць у цемры» (Ян 1, 5) , і гэта азначае, што «Жыццё» прабілася ў наш свет праз акасцянелую і закарэлую паверхню. Таму чалавек ужо не павінен навобмацак шукаць чагосьці невядомага, пра што нічога не ведае. Ён не павінен уцякаць ад рэальнасці жыцця, бо ў Хрысце яно перастала быць цёмнаю пусткаю без сэнсу. Для чалавека скончыўся шлях у невядомае, і ён у Хрысце атрымаў сваю мэту. Бог выйшаў насустрач чалавеку, дзякуючы чаму чалавек адчувае сябе ў гэтым свеце бяспечна, як у сябе дома, бо тут яго сустракае бязмежная любоў Бога. Жыццё чалавека набыло сэнс. Таму ўцёкі ад рэальнасці былі б уцёкамі ў бессэнсоўнасць. 8. Сёння, святкуючы ўрачыстасць Нараджэння Пана, мы нанава пераасэнсоўваем учалавечанне Бога, перажываем нашую ўпэўненасць ва ўсеабдымнай і бязмежнай любові Бога. Можа, гэта гучыць сентыментальна, але менавіта таямніцы Нараджэння Хрыста належыць абяцаны Богам супакой людзям добрай волі (пар. Лк 2, 14) . І толькі тады, калі мы самі нясем іншым супакой, мы абвяшчаем учалавечанне Бога і тую рэчаіснасць, якою мы самі жывем. 9. Умілаваныя ў народжаным Збаўцы браты і сёстры! Ад усяго сэрца віншую вас з Божым Нараджэннем! Віншую іншыя хрысціянскія Цэрквы і супольнасці, якія разам з намі святкуюць гэтую збавенную ўрачыстасць. Віншую вернікаў Беларускай Праваслаўнай Царквы, якія праз трынаццаць дзён будуць ушаноўваць Нараджэнне Збаўцы, і жадаю ім як найлепш падрыхтавацца да гэтага свята. Усе мы, хрысціяне розных Цэркваў і супольнасцяў, вызнаем тую ж самую праўду пра Богаўцелаўленне, што стала знакам прыйсця ў свет Бога ў вобразе чалавека, які аднавіў парушаную першароднам грахом гармонію. Хрыстус, стаўшы цэнтрам чалавечай гісторыі, для ўсіх нас з’яўляецца таксама цэнтрам прыцягнення. Гэта — імператыў, які абавязвае нас да новага бескампраміснага, пазбаўленага «рэлігійнай паліткарэктнасці» абвяшчэння праўды Евангелля і да абароны маральных каштоўнасцяў з мэтаю стварэння цывілізацыі любові і пабудовы грамадства, заснаванага на ўзаемнай павазе, узаемнай любові, справядлівасці і абяцаным Збаўцам супакоі. Ад усяго сэрца жадаю вам Божых ласкаў, здольнасці і сілаў перанесці на ўсе дні вашага жыцця атмасферу сённяшняга свята, атмасферу любові, супакою і адзінства. Радасці вам, шчасця, шчодрага Божага благаслаўлення на святы Божага Нараджэння і калядны перыяд, а таксама на ўвесь надыходзячы Новы 2008 год, які ў душпастырскай праграме Каталіцкага Касцёла на Беларусі будзе праходзіць пад дэвізам: «Слова Божае — крыніца надзеі». Выбіраючы такую тэму, наш мясцовы Касцёл імкнецца больш поўна ўдзельнічаць у жыцці Паўсюднага Касцёла. Гэта звязана з тым, што 28 чэрвеня 2008 г. распачынаецца Год святога апостала Паўла, які нястомна абвяшчаў Евангелле ўсім народам, а ў кастрычніку ў Ватыкане распачне працу чарговы Сінод Біскупаў, прысвечаны слову Божаму ў жыцці і місіі Касцёла. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у сваёй апошняй энцыкліцы Spe salvi (У надзеі мы збаўленыя) заклікае ўслухацца ў сведчанне Бібліі пра надзею, бо сапраўды слова «надзея» з’яўляецца цэнтральным словам біблейскай веры (пар. SS 2). Яшчэ раз, браты і сёстры, са святам, з Нараджэннем Хрыстовым! Даручаючы ўсіх вас заступніцтву Багародзіцы Марыі, якая нарадзіла свету Збаўцу, я дзялюся з вамі аплаткаю на знак еднасці, і ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Мінск, 8 снежня 2007 г. Урачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі
13.07.2009 13:11
Народ, які хадзіў у цемры, убачыў святло вялікае, над жыхарамі краіны змроку заззяла святло... Іс 9, 1 Бэтлеемская ноч, што ўкрывае збавенную таямніцу Божага Нараджэння, стала ў гісторыі чалавецтва парогам пераходу са Старога ў Новы Запавет. Гэтая святая ноч паклала канец шматвяковай гісторыі пазначанага цяжкімі выпрабаваннямі Старога Запавету і стала пачаткам светлай эры збаўчага Новага Запавету. Таму, наведваючы Бэтлеемскую стаенку, варта параўнаць гэтыя два розныя перыяды ў гісторыі чалавецтва на зямлі, каб глыбей усвядоміць і зразумець важнасць і значэнне прыйсця на свет Божага Слова. 1. Стары Запавет. Бог стварыў чалавека на свой вобраз і падабенства і пасяліў яго ў раі, каб ён мог прабываць са сваім Створцам. На жаль, чалавек, адораны вольнаю воляй, паддаўшыся намовам сатаны, парушыў Божую забарону пазнавання дабра і зла, і за гэта быў выгнаны з Эдэмскага саду. Для чалавека пачаліся доўгія гады, цэлыя вякі качавання і зямной вандроўкі без права непасрэднага прабывання з Богам. Бог праяўляў Сябе як усемагутны Створца, магутны Уладар, суровы Пан. А чалавек, будучы грэшным стварэннем, баяўся Бога, дрыжэў ад страху, не адважваўся вымавіць імя Бога, выкарыстоўваў замяняльнае слова «Яхвэ», на імя Бога падаў ніц, закрываў твар... А Бог? Ён з’яўляўся сярод маланак і грому, за злачынствы караў, забіваў... І чалавек усё больш аддаляўся ад Бога, адракаўся ад сапраўднага Бога, усё больш патанаў у ідалапаклонстве. Сурова пакараны, ён абяцаў выправіцца, але не надоўга, ізноў грашыў і паўторна трапляў пад гнеў Божы. Але адначасова пастаянна цеплілася ў сэрцы чалавека іскрынка тугі па прабыванні з Богам, іскрынка надзеі на прыйсце абяцанага Месіі. І так міналі дні, пражытыя з Богам і без Бога; адвэнтавыя гады чакання збаўчага Месіі. І вось дзве тысячы гадоў таму ў Бэтлеемскай стаенцы «Слова сталася целам». Прароцтвы здзейсніліся, споўніліся мары. «Народ, які хадзіў у цемры, убачыў святло вялікае, над жыхарамі краіны змроку заззяла святло» (Іс 9, 1). 2. Новы Запавет. Бог злітаваўся над змучаным людам і ў сваёй бязмежнай міласэрнасці, «калі споўніўся час, (Бог) спаслаў Сына Свайго (Адзінароднага), які нарадзіўся ад жанчыны» (гл. Гал 4, 4), які, уцелавіўшыся, пасяліўся сярод людзей, каб здзейсніць справу адкуплення роду людскога і паяднаць людзей з Богам. Стары Запавет саступіў месца Новаму Запавету, і адразу ўсё пачало адбывацца ў іншай рэчаіснасці. Сын Божы нарадзіўся немаўляткам – слабым, кволым, безабаронным, і нарадзіўся не ў палацы, нават не ў доме, а ў стаенцы, «бо не было для іх месца ў заездзе», Яго паклалі ў яслях сярод жывёлы і пастухоў. Але паколькі гэта не было звычайнае, людское дзіця, хоры нябесныя праслаўлялі Бога словамі: «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі» (Лк 2, 13-14). Так прыйшоў да людзей Бог, які – як зазначае святы Аўгустын – «стаў чалавекам, каб чалавека абагавіць». Бог стаў чалавекам, каб чалавека ўзнесці да вышыняў жыцця Божага. А калі Ён распачаў сваю публічную дзейнасць, усё больш і больш збіралася каля Яго людзей, збіралася без боязі, без асцярогі, каб пачуць з вуснаў Месіі і Настаўніка навуку, якая грунтавалася на любові да Бога і да бліжняга, а таксама, каб атрымаць цудоўныя аздараўленні. І Ён вучыў, прабачаў, літаваўся, нават плакаў, аздараўляў, уваскрашаў. Ён паказаў сябе не суровым Уладаром, але добрым Пастырам, які лічыў людзей дзецьмі Божымі. Ён дазволіў называць Бога Айцом – Абба. А як кампенсацыю Богу Айцу за грахі людзей Ён склаў на крыжы на Галгофе ахвяру свайго цела і крыві, якую пастаянна аднаўляе ва ўстаноўленай Эўхарыстыі ў заснаваным Ім Касцёле, якому даручыў клопат пра збаўленне людскіх душаў. 3. Божае Нараджэнне. Кожная ўрачыстасць Божага Нараджэння з’яўляецца для нас нагодай вярнуцца як мага больш сур’ёзна і пранікнёна да гэтага Евангелля Дзяцінства Хрыста, каб яшчэ раз аднавіць і ўмацаваць нашую веру. Калі хтосьці прыйшоў на Пастэрку толькі дзеля пэўнага рамантызму вігілійнай ночы альбо дзеля народнай традыцыі, то няхай зменіць свае намеры. Няхай узбагаціцца ўсім скарбам нашай веры ў Слова Уцелаўлёнае і няхай выспеўвае сваю радасць у нашых простых, але такіх красамоўных святочных календах. Далучаю яшчэ маю просьбу да вас, дарагія дыяцэзіяне: давайце папросім прабачэння ў Марыі, Маці Божага Дзіцяці, за той вечар у Бэтлееме, калі Яна адыходзіла ад зачыненых дзвярэй, бо ніводзін дом Яе не прыняў. Давайце адчуем хоць крыху сябе вінаватымі за тых людзей, таму што мы з’яўляемся працягам той жа самай чалавечай сям’і. Давайце папросім Маці Уцелаўлёнага Слова аб ласках для нас саміх, каб мы ніколі перад Яе Сынам і нашым Боскім Збаўцам не зачынілі дзвярэй нашых сэрцаў і каб у выніку Ён таксама не зачыніў дзвярэй перад намі, калі мы пасля доўгай зямной вандроўкі станем каля Яго дзвярэй з надзеяй у сэрцы, што Ён нам адчыніць дзверы ў першапачатковую радасць, але ўжо вечную – радасць бачыць Бога ў небе. Далучаю найлепшыя святочныя пажаданні з пастырскім благаславеннем. Кардынал Казімір Свёнтэк, Aрцыбіскуп, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі
13.07.2009 13:16
«Я – уваскрасенне і жыццё; хто верыць у Мяне, калі і памрэ, – жыць будзе» (гл. Ян 11, 25). Адзін з аўтараў гамілійных нарысаў у сваіх велікодных разважаннях падрабязна апісвае стан і паводзіны Апосталаў і евангельскіх жанчын непасрэдна пасля крыжовай смерці Езуса на Галгофе. Вучні Хрыста, Ягонае найбліжэйшае атачэнне былі так засмучаны Яго смерцю на Галгофе, што ўспамін пра абяцанне ўваскрэснуць быў для іх па-за межамі рэальнай свядомасці. Пакутлівы вобраз Яго канання на крыжы так перапоўніў іх стан і думкі, што яны не былі здольныя пакуль што думаць пра нешта іншае, як толькі пра тое, што Той, каго яны шанавалі і любілі, з Якім звязвалі свае надзеі, сапраўды памёр, і памёр смерцю ганебнаю. У гэтым сэнсе яны дазволілі праціўнікам Хрыста апярэдзіць сябе, якія аднак у тыя дні ў сваёй каварнай прадбачлівасці прыгадалі словы Хрыстовага абяцання аб уваскрасенні і паклапаціліся, каб была пастаўлена варта каля грабніцы пахаванага Езуса. А вучні тым часам купілі сто фунтаў духмяных рэчываў – ажно сто фунтаў... А жанчыны лічылі, што гэтага яшчэ замала, і паабяцалі сабе, што пасля шабату падрыхтуюць яшчэ болей, каб намасціць цела Хрыста. У гэтым другасным клопаце пра духмяныя рэчывы і намашчэнне цела заключаецца нейкая сентыментальная клапатлівасць і піетызм да памерлага, але адначасова ёсць тут перакананне, што гэтае намашчэнне робіцца не на тры дні. Гэтыя сто фунтаў і тыя дадатковыя, пра якія думалі жанчыны, указваюць на тое, што, прынамсі, у тыя хвіліны яны думалі пра намашчэнне і захаванне цела на доўгі час, а можа і назаўсёды. Знамянальна, што ўсе яны не столькі забыліся, але хутчэй за ўсё не вельмі яшчэ верылі ў тое, што гаварыў Хрыстус пра сваё ўваскрасенне. Такім чынам: апосталы не давяраюць жанчынам, якія гавораць, што бачылі Уваскрослага, а сярод іх – Марыі Магдалене, якая спачатку таксама не давярае, бо думае і гаворыць: забралі Яго і не ведаю, дзе Яго паклалі. У гэты момант яна зусім не думае пра ўваскрасенне, але клапоціцца толькі пра тое, дзе Ён знаходзіцца – мёртвы, укрыты. Напэўна, і Пётр не верыць Магдалене, і толькі пасля таго, як убачыў пустую магілу, успомніў пра абяцанне Хрыста ўваскрэснуць. Іншыя Апосталы павінны былі на працягу васьмі дзён пераконваць святога Тамаша ў тым, што Хрыстус жывы, а Тамаш на працягу васьмі дзён настойваў на тым, што не паверыць, пакуль не пакладзе рукі свае ў раны Хрыста. Гэта з’ява, якую варта ўсвядоміць: вера ў змёртвыхпаўстанне Хрыста нарадзілася не з наіўных імкненняў, не са сведчання людзей, не са сведчання вартаўнікоў, не з погаласак, якія распаўсюджвалі жанчыны, а сярод іх і Марыя Магдалена, не з чутак, якія хадзілі сярод легкаверных людзей. Вера ва ўваскрасенне Езуса сфармавалася з самага пачатку існавання Касцёла, з самога Хрыста, які праз частае сваё аб’яўленне і слова рашуча ўмацоўваў у свядомасці сваіх вучняў перакананне, што Ён сапраўды ўваскрос і жыве. Пры гэтым, робячы такія намаганні, Ён не шкадаваў для Апосталаў суровых слоў: «О неразумныя і марудныя сэрцам, каб паверыць усяму, што прадказвалі прарокі!» (гл. Лк 24, 25). Толькі з гэтых шматлікіх аб’яўленняў Хрыста, якія паўтараліся, нараджаецца перакананне і вера, што Пан сапраўды ўваскрос і жыве, і гэтая вера і перакананне складаюць неад’емную частку хрысціянскай веры. Толькі калі гэта Добрая Навіна – Евангелле Уваскрасення, Евангелле непераможнага жыцця – закараніцца ў Апосталах, у іх свядомасці, – яны стануць вызнаўцамі Хрыста і будуць гатовыя памерці за Яго так, як і Ён памёр за іх, з глыбокай перакананасцю, што гэтак жа, як Хрыстус не памёр назаўсёды, так і яны не памруць назаўсёды. Мінула ўжо дваццаць стагоддзяў з таго часу, калі першы раз Анёл з неба абвясціў жанчынам, якія прыйшлі да пустой ўжо грабніцы Езуса, Хрыстовае Уваскрасенне. Касцёл у сваёй шматвекавой гісторыі няспынна абвяшчае ўваскрасенне Пана, якое стала асноваю хрысціянскай веры і адначасова задаткам нашага ўваскрашэння. Мы молімся ў штодзённай малітве «Веру ў Бога Айца» наступнымі словамі: «... укрыжаваны, памёр і быў пахаваны... і на трэці дзень уваскрос», – гэта значыць вызваліўся з-пад улады смерці, перайшоў у несмяротнае, вечнае жыццё. Пацвярджае гэта святы Павел у Пасланні да Рымлянаў: «Хрыстус, уваскросшы з памерлых, ужо не ўмірае: смерць не мае ўжо ўлады над Ім» (гл. Рым 6, 9). У штодзённай малітве «Веру ў Бога Айца» мы таксама вызнаем: «... уваскрашэнне цела». Пан Езус, праз уцелаўленне з’яднаны з чалавечаю натураю, уваскрос і тым самым даказаў праўдзівасць сваіх слоў: «Я – уваскрасенне і жыццё; хто верыць у Мяне, калі і памрэ, – жыць будзе» (гл. Ян 11, 25). Пацвярджае гэта св. Павел у лісце да Карынцянаў: «Як у Адаме ўсе паміраюць, так у Хрысце ўсе ажывуць» (гл. 1 Кар 15, 22). Менавіта таму Вялікдзень з’яўляецца самым вялікім і самым радасным святам хрысціянства, якое святкуецца дзеля праслаўлення Уваскрослага Хрыста, у якім мы ўскладаем надзею нашага ўваскрашэння. Прыміце пажаданні велікоднага Аллелюя з пастырскім благаславеннем. Кардынал Казімір Свёнтэк, Арцыбіскуп, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі
13.07.2009 13:29
«Езус Хрыстус, Адзіны Збаўца Свету, учора, сёння і назаўсёды». Tertio millennio adveniente, 40     Штогод у гадавіну святой Бэтлеемскай Начы мы збіраемся перад сімвалічнаю і традыцыйнаю стаенкаю, каб схіліць галовы і ўшанаваць пакладзенае ў яслях Божае Дзіця, каб нанава перажыць збаўчую таямніцу Уцелаўлёнага Слова, Езуса Хрыста. Як у часавай прасторы ўжо 20 стагоддзяў, так і ў тэрытарыяльнай прасторы ўжо ўсяго зямнога шара постаць Езуса Хрыста ўвайшла ў гісторыю чалавецтва як уцелаўлёнага Сына Божага, які здзейсніў адкупленне роду людскога праз сваю смерць на крыжы на Галгофе і праз сваё ўваскрэсенне. Кангрэгацыя Веравучэння выдала (6 жніўня 2000 г.) зацверджаную і ўзаконеную Папам Янам Паўлам ІІ Дэкларацыю «Dominus Iesus» аб адзінасці і збаўчай паўсюднасці Езуса Хрыста і Касцёла. Дэкларацыя звяртаецца да дактрыны, выкладзенай у ранейшых дакументах Настаўніцкага Інстытута Касцёла з намерам пацвердзіць ісціны, якія складаюць спадчыну веры Касцёла. Таму слушна і збавенна, каб менавіта мы, маючы перад вачыма бэтлеемскую стаенку, а ў ёй утоеную таямніцу ўцелаўлення Слова Божага, умацоўвалі сябе ў вызнаванні Езуса Хрыста праз доказы, узятыя з гэтай Дэкларацыі. Перадусім трэба моцна верыць у тое, што ў таямніцы Езуса Хрыста, уцелаўлёнага Сына Божага, які ёсць «дарогаю, праўдаю і жыццём» (гл. Ян 14, 6), заключана аб’яўленне паўнаты Божай праўды: «Ніхто не ведае Сына апроч Айца; і Айца не ведае ніхто апроч Сына і таго, каму Сын хоча адкрыць» (гл. Мц 11, 27). Другі Ватыканскі Сабор, верны Божаму слову, навучае: «Найглыбейшая ж праўда пра Бога і пра збаўленне чалавека яснее нам праз гэтае аб’яўленне ў асобе Хрыста, які ёсць адначасова пасрэднікам і паўнатою ўсяго аб’яўлення... Таму Езус Хрыстус, Уцелаўлёнае Слова, чалавек да людзей пасланы, абвяшчае слова Божае і здзяйсняе справу збаўлення, якую Айцец даверыў Яму выканаць. Таму Той, якога калі хтосьці бачыць, бачыць таксама і Айца (гл. Ян 14, 9), усёю сваёю прысутнасцю і з’яўленнем праз словы і ўчынкі, праз знакі і цуды, асабліва ж праз смерць сваю і поўнае хвалы змёртвыхпаўстанне, а ўрэшце праз спасланне Духа праўды, аб’яўленне давёў да канца. Такім чынам, хрысціянскі план збаўлення, як новы і канчатковы запавет, ніколі не перапыніцца, і не трэба ўжо спадзявацца ні на якое новае публічнае аб’яўленне перад хвалебным прыйсцем Пана нашага Езуса Хрыста. Таму энцыкліка «Redemptoris missio» нагадвае Касцёлу пра заданне абвяшчаць Евангелле як паўнату праўды: «У гэтым канчатковым Слове свайго Аб’яўлення Бог даў Сябе пазнаць найбольш поўна: Ён сказаў чалавецтву, кім Ён ёсць. Гэта канчатковае самааб’яўленне Бога – асноўны матыў, дзеля якога Касцёл «ёсць місійны па сваёй прыродзе». Ён не можа не абвяшчаць Евангелля, гэта значыць паўнаты праўды, якую Бог даў нам пазнаць пра самога сябе». Толькі аб’яўленне Езуса Хрыста ўводзіць у нашу гісторыю універсальную і канчатковую праўду аб тым, што ў Езусе Хрысце здзейснілася поўнае і канчатковае аб’яўленне збаўчай таямніцы Бога. Таму словы, учынкі і цэлая гістарычная падзея Езуса, хоць і абмежаваныя як людская рэчаіснасць, аднак маюць суб’ектам Божую Асобу ўцелаўлёнага Слова, сапраўднага Бога і сапраўднага чалавека. Таму маюць у сабе канчатковае і поўнае аб’яўленне збаўчых шляхоў Бога, хоць глыбіня таямніцы Божай сама ў сабе застаецца невычэрпнаю. Таму вера дамагаецца прызнання, што Слова, якое сталася целам, ва ўсёй сваёй таямніцы, што здзяйсняецца ад уцелаўлення да ўслаўлення, ёсць сапраўднаю крыніцаю і дапаўненнем усялякага збаўчага аб’яўлення Бога чалавецтву. Адэкватным адказам на Божае аб’яўленне ёсць паслухмянасць веры, праз якую чалавек па вольнай волі ўвесь давяраецца Богу, аказваючы поўную пакорнасць розуму і волі Богу аб’яўляючаму, і добраахвотна прызнаючы аб’яўленне, Ім дадзенае. Паслухмянасць веры прадугледжвае прыняцце праўды Хрыстовага аб’яўлення, пацверджанага Богам, каторы ёсць самою Праўдаю. Значыць, трэба рашуча вызнаваць навуку веры, якая абвяшчае, што гэта Езус з Назарэта, Сын Марыі – і толькі Ён – ёсць Сынам і Словам Айца. Слова, якое было напачатку ў Бога, ёсць тым самым, якое сталася целам. У Езусе, Сыне Бога жывога, «жыве ўся поўня Боства цялесна» (гл. Клс 2, 9). Ён – Адзінародны Бог, што ва ўлонні Айца, Яго ўмілаваны Сын, у якім мы маем адкупленне – дараванне грахоў. Адназначныя азначэнні паасобных Сабораў Каталіцкага Касцёла, якія вызнаюць, што ёсць адзін і той самы Сын, Пан наш Езус Хрыстус, дасканалы ў Бостве і дасканалы ў чалавечнасці, сапраўдны Бог і сапраўдны чалавек, адзінасутны нам, што датычыць чалавечнасці. Перад вякамі з Айца народжаны як Бог, у акрэсленыя ж часы дзеля нас і дзеля нашага збаўлення нарадзіўся як чалавек з Панны Марыі, Багародзіцы. На гэту тэму адназначна выказаўся Папа Ян Павел ІІ: «Езус – Уцелаўлёнае Слова, адна і непадзельная Асоба. Хрыстус – гэта не хто іншы, як Езус з Назарэта. Гэты ж ёсць Словам Божым, якое сталася чалавекам для збаўлення ўсіх». Настаўніцкі Інстытут Касцёла, верны Божаму аб’яўленню, пацвярджае, што Езус Хрыстус ёсць паўсюдным пасрэднікам і адкупіцелем: «Бо Слова Божае, праз якое ўсё сталася, само сталася целам дзеля таго, каб збавіць усіх і ўсё ў сабе паяднаць. Ён – Той, каго Айцец ўваскрасіў з мёртвых, узвялічыў і пасадзіў праваруч сябе, устанаўляючы Яго суддзёю жывых і памерлых. Гэтае збаўчае пасрэдніцтва прадугледжвае таксама адзінасць збаўчай ахвяры Хрыста, найвышэйшага і вечнага Святара». Такім чынам, мы хочам рашуча вызнаваць як праўду каталіцкай веры тое, што паўсюдная збаўчая воля Бога ў Тройцы Адзінага была споўнена раз і назаўсёды ў таямніцы ўцелаўлення, смерці і змёртвыхпаўстання Сына Божага, Езуса Хрыста. Пачынаючы ад першых вызнаўцаў Езуса, Яго постаць мае такую збаўчую вартасць, што толькі Ён, як уцелаўлёны Сын Божы, па загаду Айца і ў моцы Духа Святога праз сваю смерць на крыжы і ўваскрэсенне прынёс Божае аб’яўленне і жыццё ўсяму чалавецтву і кожнаму чалавеку. У гэтым сэнсе можна і трэба сцвердзіць, што Езус Хрыстус мае асаблівае і адзінае, толькі Яму ўласцівае, выключнае, паўсюднае і абсалютнае значэнне і вартасць для роду людскога і ягонай гісторыі. Менавіта гэтая выключнасць Езуса Хрыста дазваляе выкарыстаць у адносінах да Яго славутыя словы з Апакаліпсіса: «Я – Альфа і Амега, Першы і Апошні, Пачатак і Канец» (гл. Ап 22, 13). Падагульняючы доказы Кангрэгацыі Веравучэння аб адзінасці і збаўчай паўсюднасці Езуса Хрыста, шчыра падзякуем Божаму Дзіцяці за Яго нараджэнне ў бэтлеемскай стаенцы, і адначасова пакажам нашу ўмацаваную веру ў Слова, якое сталася целам, каб здзейсніць справу адкуплення і збаўлення роду людскога. Няхай поўня благаславення ўцелаўлёнага Сына Божага, Езуса Хрыста, сыдзе на дарагіх майму сэрцу вернікаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Пінскай дыяцэзіі. Кардынал Казімір Свёнтэк, Aрцыбіскуп, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі
13.07.2009 13:30
Разам з усім Касцёлам ва ўсім свеце мы перажываем час адзінай у гісторыі падзеі, калі больш за дзве тысячы гадоў таму назад Бог у сваёй бязмежнай любові да людзей даў нам свайго Адзінароднага Сына, які нарадзіўся ў Бэтлеем. Перажываем час Божага Нарадження. Словы Божыя, якія слухаем у гэтыя дні, дазваляюць нам зразумець адносіны, якія былі ў сям’і Езуса, Марыі і Юзафа. Напэўна , усё тое, што перажывалі яны, клопаты і турботы, якія іх хвалявалі, вельмі падобныя сёння да нашых. Евангелле, якое чытаем сёння і якое традыцыйна завецца нядзеляй Святой Сям’і паказвае нам заклапочанасць Марыі і Юзафа з прычыны страты Езуса ў Ерузаліме. На жаль, радаснае свята ў пэўным моманце змяняецца ў трагедыю. Марыя і Юзаф губляюць з вачэй Езуса, які затрымліваецца ў святыні, каб паслухаць, пагутарыць і паразважаць з настаўнікамі. Гэты момант нам, людзям, вельмі знаёмы. Мы добра разумеем іх перапалох: іх боль сэрца, іх слёзы... Яны добра ведалі, хто такі малы Езус. Ведалі, што ён з’яўляецца Богам, так як гэта было аб’яўлена. Значыць яны згубілі Бога. Ці гэтая трагедыя не прыпамінае нам шмат людзей, якія ў сваім жыці губляюць Бога? Гэтыя людзі губляюць не толькі Бога, але і губляюцца самі сябе ў тым жыцці, якое робіцца незразумелым, пераблытаным і неасэнсоўваным. Адбываецца гэта таму, што губляючы Бога, які ёсць любоўю, мы не можам да канца любіць. Навучаныя словамі Святога Айца Яна Паўла ІІ прыпамінаем: “Чалавек не можа жыць без любові. Чалавек застаецца сам для сябе стварэннем не зразумелым, яго жыццё не мае сэнсу, калі яму не абявіцца Любоў, калі ён не сустрэнецца з Любоў’ю, калі ён не зможа дакрануцца да яе і не зможа зрабіць яе сваёю і калі не знойдзе ў ёй жывога ўдзельнцтва.” (Redemptor Hominis, 10) Асноўным месцам , дзе чалавек зможа праявіць і рэалізаваць гэтую любоў, вучыцца кахаць іншых і адчуваць сябе каханым – гэта сужэнства і сям’я. А пачынаецца ўсё гэта з урачыстага святога сакрамэнту сужэнства, які прымаецца перад Богам і перад Касцёлам. Словы гэтай прысягі: “Бяру цябе, (...) у жоны – мужы і абяцаю табе любоў, узаемаразуменне, быць адданай і вернай і не пакідаць цябе аж да смерці” зразумела і ясна акрэсліваюць тое, што для сужэнства з’яўляецца самым галоўным і каштоўным у жыцці. Муж і жонка прысягаюць адзін аднаму каханне, вернасць і прыстойнасць аж да смерці. Блізкай да гэтага таксама з’яўляецца вельмі важная праблема аб нашчадках і іх выхаванні. Для захавання хрысціянскай маралі прыняцце і выхаванне будучага пакалення – гэта дзве асноўныя мэты сям’і і з’яўляюцца асноўнай мэтай гэтага шлюбу. Вядома, што ў большасці нашых сем’яў гэта так і ёсць, таму што жыццё ў асноўным грунтуецца на любові, на ўзаемаразуменні, на клопатах аб другім чалавеку, на клопатах пра тое, каб не мне было добра з іншымі, а каб добра было іншым са мною. Гэта здзейсняецца толькі тады, калі муж і жонка адкрыта прымаюць ласкі святога сакрамэнту сужэнства, калі жывуць з дзецьмі не толькі для сябе, але і для Таго, які за нас памёр на крыжы і змёртвыхпаўстаў. Нажаль, і вельмі нам прыкра тое, што ў шматлікіх сем’ях рэчаіснасць зусім іншая, што шмат іх па розных прычынах перажываюць сур’ёзны крызіс. Таму сярод іх ёсць маці, якія жывуць у адзіноце, сужэнства, якія жывуць у сепарацыі, пакінутыя дзеці, а магчыма нават дайшло да скасавання сям’і. Трэба мець на ўвазе яшчэ і тое, што ў нашым грамадстве балючай праблемай з’яўляецца сужэнства мешаныя, калі адна з старон – каталіцкая, а другая належыць да іншай веры некаталіцкай. І таму гэта бывае драматычна: для аднаго – гэта як жыцёвы проігрыш, для другога – як асабістая трагедыя. Перажываючы за ўсё гэта, Касцёл не ўхіляецца ад гэтых цяжкіх праблемаў, як і тое, што не лічыць,” што ён існуе для таго, каб выдаваць бязлітасны і бяздушны суд над імі, але жадае разсвятліць цемру людскіх драмаў праменнямі Божага Слова, апіраючыся на сведчанні Яго Божай міласэрнасці” (Ecclesia In Europa, c. 92). Святы Айцец паслядоўна падкрэслівае, што вернікі, якія скасавалі шлюб, а пасля яшчэ раз уступілі ў сужэнскі саюз, не гледячы на тое, што яны ўжо пазбаўленыя сакрамэнту сужэнства, яны “не выключаны із супольнасці, а наадварот, яны пакліканыя, каб прымаць удзел у іх жыцці, замацовуючы дух загадаў евангелля” (c. 93). Для таго, каб лягчэй можна было “разсвятліць цемру людскіх драмаў”, Касцёл мае яшчэ магчымасць праз судовы працес, які можа прызнаць несапраўднасць шлюбу. Трэба толькі даказаць, што гэта сужэнства было несапраўдное ад самага яго пачатку. Бывае і такое, што сужэнства як быццам на першы погляд адбылося нармальна, але сапраўдным яно не лічыцца. Адбываецца гэта тады, калі не да конца былі захованыя ўсе юрыдычные патрэбавання альбо сужонкі не выконвалі ўсіх абяцанняў, якія павінны былі выконваць. Але, і гэта трэба падкрэсліць, што распад сужэнства не заўсёды азначае яго несапраўднасць. Сужэнства толькі тады лічыцца несапраўднымі, калі прычына па якой распадаецца сужэнства была да шлюбу альбо калі яна заіснавала ў часе яго існавання. Аднак не мае ні якога значэння для важнасці сакрамэнту сужэнства прычына якая паяўляецца пасля шлюбу але раней яе не было. І таму такі судовы працес не можа быць у ніякім разе “скасаваннем сакрамэнту” або “разводам касцёльным” як гэта кажуць у народзе . Таму яшчэ больш увагі трэба будзе звярнуць на падрыхтоўку нарачоных да сакрамэнту сужэнства праз душпатыраў і пробашчаў. У наступным годзе з дапамогай Бога ў нашай Віцебскай дыяцэзіі пачынае дзейнічаць касцёльны суд, які будзе займацца гэтымі справамі. Мэтай яго будзе дапамагаць выравноўваць сцежкі жыцця людзей, але толькі тады, калі для гэтага будуць сапраўдыя прычыны пра якія ўжо ішла размова вышей. Таму просім Маці Божую Валадарку Азёраў у Браславе праз яе ўставеніцтва, каб гэтую новую справу Біскупскага Суда Віцебскай Дыяцэзіі даверыла Богу. + Уладыслаў Блін Біскуп Віцебскі
13.07.2009 13:31
“О Зорка Бэтлеему, засвяці на небе маім. Так шукаю Цябе сярод ночы, прагну святла Твайго”. Умілаваныя ў Пане, Браты і Сёстры! Разгараецца над светам Зорка, абвяшчаючы надыход Эмануэля, што застанецца з намі як “Бог з намі”, Даўцам супакою і Крыніцаю радасці. Зорка звястуе прыход Пана ўсім людзям на зямлі, як вернікам, так і тым,хто не верыць у Яго. Гэта вялікая радасць, якая ўжо больш дзвюх тысяч гадоў апраменьвае ўсю зямлю. Радасць, якая ахоплівае і нашу дыяцэзіяльную супольнасць, што 13 кастрычніка 2004 г. будзе адзначаць пяцігоддзе свайго існавання. Віцебская дыяцэзія была ўтворана рашэннем Святога Айца Яна Паўла ІІ 13 кастрычніка 1999 года і ўключае ў сябе тэрыторыю Віцебскай вобласці. Пяць гадоў нашай дыяцэзіі – невялікі, але разам з тым значны юбілей. З’яўляецца ён нагодаю для падзякі Богу за Яго прысутнасць сярод нас, у нашых сэрцах, дамах і сем,ях, у супольнасцях парафіяльных. У год юбілею прагнем падзякаваць Хрыстусу за кожнага каплана,кожную сястру і брата законнага, кожнага клерыка і за кожнага з Вас, Сястра і Брат. Відавочным знакам нашай удзячнасці Богу будзе асвячэнне новых святыняў у Шуміліне і Наваполацку, асвячэнне адбудаваных касцелаў ва Ушачах і Відзах. Капліцы ў Бярозаўцы. Супольнай вялікай радасцю стануць капланскія пасвячэнні ў траўні ў Глыбокім. Дарагія мае Дыяцэзыяне! Дзелячыся радасцю з нагоды Таямніцы Нараджэння Пана Езуса, Які прыносіць супакой людзям добрай волі, выказваю ўсім Капланам, Сёстрам законным, Дыяканам, Клерыкам і Братам законным, усім Вернікам Віцебскай дыяцэзіі сардэчныя віншаванні і найлепшыя пажаданні з нагоды Свята Божага Нараджэння і Новага Года. Няхай Міласць, што нарадзілася ў Бэтлееме больш 2000 год таму, падтрымлівае Вашу Веру і надзею на лепшае ў Новым 2004 годзе і ўзмоцніць Вас, каб Вы з радасцю спявалі разам з анёламі: ”Хвала Богу на вышынях, а на зямлі супакой людзям добрай Волі. Няхай гэты спеў будзе гімнам удячнасці за пяць гадоў існавання Віцебскай дыяцэзіі і за ўсё добрае, што здзейснілася цягам тых пяці гадоў у нашых парафіях і сем’ях. Каханым Капланам, Сёстрам законным і ўсім Вернікам Віцебскай дыяцэзіі на радаснае святкаванне Народзінаў Пана і шчаслівыя дні Новага Года ўдзяляю пастырскае Благаславенне. + Уладыслаў Блін Біскуп Віцебскі
13.07.2009 13:37
Умілаваны люд Божы Гродзенскай дыяцэзіі! Каляндарная зіма яшчэ не скончылася, але мы ўжо ахоплены прадчуваннем тых дзён, калі скаваная холадам і заледзянелая зямля абудзіцца ад сну і расквітнее новым жыццём пад цёплымі промнямі вясновага сонца. Менавіта ў такі час разам з усім Касцёлам мы перажываем літургічны перыяд, які называецца Вялікім пастом. Гэта асаблівы час. Усе нашы думкі ў гэты перыяд скіраваны да Езуса Хрыста, Які з любові да нас дабравольна згадзіўся на жудасныя пакуты і аддаў сваё жыццё, прыбіты да цвёрдага дрэва крыжа. Для кожнага з нас Вялікі пост — гэта шанц для ўнутранай перамены, для навяртання, яшчэ адна нагода задумацца над сваім жыццём і змяніць да лепшага тое, што павінна быць зменена. Евангелле, якое чытаецца ў касцёлах у першую нядзелю Вялікага посту, апавядае пра спакушэнне Хрыста ў пустыні. Спакусы датычылі штодзённага хлеба, улады, славы і даверу да Бога, але Езус распазнаў крывадушнасць спакусніка і рашуча адхіліў іх. На жаль, спакусы, якімі сатана выпрабоўваў Езуса Хрыста, заўсёды актуальныя і не абыходзяць кожнага з нас. Таму нам трэба навучыцца распазнаваць хлуслівасць спакуснікаў нашага часу і рашуча адхіляць іх прапановы. Спынімся хаця б на той спакусе, у якой сатана паказвае ўсе валадарствы свету і абяцае аддаць усё гэта Хрысту, аднак, узамен хоча, каб Хрыстус пакланіўся яму і ўшанаваў як Бога. Езус адказаў: «Пану Богу свайму пакланяйся і Яму аднаму служы». На жаль, і ў наш час дастаткова тых, хто зводзіць людзей, пляце перад іх вачыма прывабнае павуцінне прыгожых вобразаў і хоча адарваць ад веры ў праўдзівага Бога. Гэтыя спакуснікі накіроўваюць маласвядомых хрысціянаў на бездарожжа веры: забабоны, прыкметы і нават фанатызм розных сектаў, якія распаўсюдзіліся ў нашай краіне і сеюць спусташальнае зерне ў галовах і сэрцах яе грамадзянаў. У наш час выразна бачныя вынікі вайны з Касцёлам, якая вялася на працягу мінулых дзесяцігоддзяў. Недахоп святароў, забарона катэхізацыі дзяцей і моладзі прывялі большасць людзей да невуцтва ў веры, да павярхоўнасці рэлігійных ведаў. У такіх умовах фальшывыя прарокі заўсёды лёгка знаходзяць прыдатную аўдыторыю. Прыгледзімся да некаторых з іх. На жаль, у нашым грамадстве вельмі папулярнымі з’яўляюцца разнастайныя вераванні і прыкметы, ці, інакш кажучы, – забабоны. Гэта наданне некаторым рэчам, жывёлам, падзеям і нават лічбам важнага значэння і нават звышнатуральнай сілы, якімі яны самі па сабе не маюць. Напрыклад, забабонны чалавек верыць, што нейкі прадмет, калі яго насіць у якасці талісмана, можа абараніць ад няшчасця, што ў такія жыццёва важныя моманты, як шлюб або пахаванне трэба выканаць дадатковыя, нярэдка абсурдныя дзеянні, каб забяспечыць поспех або адвярнуць бяду. Такіх забабонаў у нашым грамадстве існуе шмат. Усе яны прыніжаюць годнасць чалавека. Чалавек павінен кіравацца ў сваім жыцці розумам, а не фатальным страхам перад нечым, чаго ён не разумее. Забабоны — гэта сучасная форма паганскіх вераванняў. У іх няма веры ў Божую любоў, Божую апеку, Божую міласэрнасць, а ёсць вера толькі ў магічныя вынікі нейкіх прадметаў або дзеянняў. Забабоны – гэта грэх, і ад іх трэба катэгарычна адмовіцца. Вера ў магічную сілу пэўных прадметаў або, нават, асобаў можа набыць небяспечныя формы. Перыядычна ў нашым грамадстве з’яўляюцца розныя «знахары», якія нажываюцца на чалавечым няшчасці і прапануюць «цудоўныя аздараўленні». Іх цэлы шэраг – гэта і «бабулькі-шаптухі» з іх заклінаннямі і замовамі ад хваробаў, і біяэнергатэрапеўты, і тыя, дзейнасць якіх непасрэдна абапіраецца на дапамогу нячыстай сілы. Вынікі іх дзейнасці могуць быць вельмі небяспечнымі для людзей, якія карыстаюцца такімі паслугамі. І няхай не падманвае вас тое, што гэтыя людзі нярэдка выкарыстоўваюць рэлігійныя сімвалы, а нават чытаюць хрысціянскія малітвы. Гэтыя жэсты і словы ўжываюцца не ў хрысціянскім духу, але ў духу магічных заклінанняў. Хто жыве ў згодзе з хрысціянскай верай, той шукае ў сваім жыцці благаславення і дапамогі ад Бога, а не ад таямнічых сілаў, якіх можна змусіць да гэтага заклінаннямі. Безумоўна, гісторыя Касцёла ведае цудоўныя аздараўленні, якія здараюцца і цяпер, але ў выпадку іх духоўнае і фізічнае аздараўленне цесна звязаны паміж сабою, а цудатворцам заўсёды з’яўляецца Бог, наш Нябесны Айцец. Немагчыма суаднесці з каталіцкай верай спадзяванне на тое, што лёс чалавека залежыць ад зорак або ад іншых нябесных сілаў. Гараскопы, якім усё больш увагі прысвячаюць у апошні час сродкі масавай інфармацыі, спекулююць на чалавечай цікаўнасці, на жаданні даведацца аб тым, што чакае ў будучыні. А той, хто верыць гараскопам, наіўна прызнае, што яго лёс залежыць не ад яго самога, не ад Божага Провіду, але ад космасу, рабом якога ён з’яўляецца. Часта вера ў гараскопы становіцца падмуркам для новага язычніцкага руху, вызнаўцы якога гавораць пра касмічную энергію, практыкуюць варажбу, выклікаюць духаў. Яны вераць у перасяленне душ і іншыя супярэчлівыя хрысціянскай верай рэчы. Гэты рух, які называюць яшчэ светапоглядам «новага веку» , з’яўляецца мешанінай будызму, індуізму і прымітыўнага язычніцтва. Яго паслядоўнікі часта выкарыстоўваюць хрысціянскія паняцці, надаючы ім іншы сэнс. Такая дактрына, якая настойліва прапагандуецца некаторымі сродкамі масавай інфармацыі, таксама пярэчыць вучэнню Касцёла і стасуецца з каталіцкай верай. Сапраўднай праблемай, якая стаіць не толькі перад Касцёлам, але таксама перад бацькамі і ўсім грамадствам, з’яўляюцца секты. На Беларусі іх вельмі шмат. Ёсць сярод іх такія, якія падпарадкоўваюць чалавека настолькі, што пазбаўляюць яго здольнасці карыстацца розумам і свабодай волі, чалавека змушаюць да абсалютнай паслухмянасці кіраўнікам секты, якія вельмі часта лічаць сябе прарокамі і нават ставяць на месца Бога. Многія секты называюць сябе паслядоўнікамі Хрыста, аднак яны настолькі скажаюць навуку Хрыста, што іх удзельнікі не могуць называцца хрысціянамі. Адны секты, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Беларусі, маюць усходняе паходжанне і рысы азіяцкіх вераванняў, другія з’яўляюцца мешанінай розных поглядаў і культаў, выбраных адвольна кіраўнікамі груп. Аднак усе секты маюць агульную рысу, па якой іх можна распазнаць. Заўсёды на чале секты стаіць кіраўнік, які патрабуе абавязковай паслухмянасці. Сектанты лічаць сябе элітай і перакананыя, што толькі яны будуць збаўленыя. Лагічнае мысленне ў сектах падаўляецца, а думкі і пачуцці людзей узятыя кіраўнікамі пад кантроль. Кіраўнікі сектаў часта вымагаюць ад іх удзельнікаў разрыву з сям’ёй і вялікіх грашовых унёскаў. У некаторых сектах для падпарадкавання выкарыстоўваюцца сродкі псіхічнага ўздзеяння. Святыя сакрамэнты і аўтарытэт Касцёла ўсе секты адмаўляюць. Адной з прычын распаўсюджвання сектаў з’яўляецца нізкая рэлігійная адукацыя католікаў і праваслаўных. Секты прапануюць людзям, стомленым аднастайнасцю жыцця, хуткае вырашэнне іх праблемаў, але гэта шлях уцёкаў ад жыцця, ад адказнасці за сябе і іншых. Прадстаўнікі сектаў падступна ўкараняюцца ў розныя групы моладзі і тут, сярод людзей, якім не хапае жыццёвага вопыту і якія прагнуць добразычлівасці, знаходзяць сваіх ахвяраў. Часта яны дзейнічаюць пад выглядам грамадска-адукацыйных або лекавых цэнтраў, прапануюць усходнія сістэмы трэнінгу, прапагандуюць рознага тыпу дыеты, каб толькі наладзіць кантакты з моладдзю. Бацькі-католікі павінны звярнуць пільную ўвагу на асяроддзе, у якім праводзяць час іх дзеці, аднак не менш важным застаецца веданне прынцыпаў хрысціянскай веры і маральнасці. Трэба больш настойліва клапаціцца пра рэгулярную катэхізацыю дзяцей і моладзі, трэба таксама, каб сярэдняе пакаленне, якое было пазбаўлена магчымасці атрымаць у свой час рэлігійную адукацыю, хацела ліквідаваць, пранамсі часткова, свае прабелы ў гэтай сферы. Для гэтага існуюць каталіцкія газеты, часопісы і кнігі. Яны даступныя кожнаму, трэба толькі захацець іх прачытаць. Трэба слухаць праграмы каталіцкага радыё. Трэба пазнаваць сваю веру, свайго Бога, каб фалышывым прарокам нашага часу даць адказ, які даў Езус спакусніку ў пустыні: «Пану Богу свайму пакланяйся і Яму аднаму служы». Не дастаткова ведаць прынцыпы веры, неабходна ўмацаваць сваю веру малітваю. Святы Айцец заклікае нас у часе гэтага Вялікага посту асаблівым чынам чытаць Малітву Панскую. Гэту малітву нам даў сам Сын Божы, Езус Хрыстус. У ёй змешчаны просьбы аб усім, што нам патрэбна ў жыцці, не абмінаючы таксама зямных патрэбаў. Аднак перадусім яна вучыць, што мы маем у небе Айца і Яму павінны давяраць, да Яго звяртацца з просьбамі, Яму служыць, засцерагаючы сябе і сваіх блізкіх ад фальшывых прарокаў. Няхай Марыя, Сталіца Мудрасці, выпрошвае для ўсіх нас, сваіх дзяцей, сапраўдную мудрасць, якая вельмі патрэбна ў гэтыя цяжкія часы. На велікапосныя пастановы для ўзрастання ў веры і любові да Бога і да людзей да ўсяго сэрца благаслаўляю. У імя Айца і Сына, і Духа Святога. Аляксандр Кашкевіч, Гродзенскі біскуп
13.07.2009 13:44
Дарагія браты і сёстры! Мы перажываем асаблівы час – час Вялікага посту і чакання Вялікадня. Велікодны тыдзень, а асабліва Пасхальны трыдуум з’яўляецца для нас своеасабліваю кульмінацыяй усяго літургічнага года. Гэта ўжо не падрыхтоўка да Вялікадня, але ўжо ўшанаванне Хрыстовай Пасхі праз удзел у Яго Муцы, Смерці і Змёртвыхпаўстанні. Неабходна памятаць, што Смерць і Змёртвыхпаўстанне Хрыста – гэта адно цэлае, гэта вялікая гісторыя. Хрыстос адкупіў чалавецтва не толькі праз Сваю Смерць, але і праз Сваё Змёртвыхпаўстанне, а гэта значыць, усёю Пасхальнаю містэрыяй. Сучасны свет, хоча ён таго альбо не, імкнецца да Бога. Такая прырода і таямніца часу, такая гісторыя чалавека, які належыць да Бога. Бог шчодра пасеяў у сэрцы чалавека кветкі дабрыні і надзеі, а яны, як парасткі, цягнуліся заўсёды да сонейка ... да Бога. Кроплямі Божай крыві і Божага святла набрыняла зямля нашай штодзённасці, а ходзячы па ёй, чалавек вучыўся заўсёды знаходзіць дарогу да Бога. Таму час пакуты і посту – гэта ўпарадкаванне любові, выцягванне з чалавека глыбінных пластоў дабра, час перамены яго сэрца. Такім чынам, гэты перыяд дапамагае спазнаць вартасць смерці і змёртвыхпаўстання, дапамагае глядзець на жыццё чалавека ў перспектыве крыжа. Чалавек, які бярэ на сябе крыж, бяре адначасова і тую любоў, якая сплывае з крыжа на гэтую грэшную зямлю. Таму за гэты час многае ў нас павінна памерці і многае павінна нарадзіцца, асабліва тады, калі мы зможам дакрануцца да «Святла Хрыста» – пасхала, які сімвалізуе ўваскрослага Хрыста, і хрысцільнай вады, якой будуць аднаўляцца прысягі сакрамэнту хросту і якой будзе адбывацца акрапленне грэшнікаў. Хрыстос прадказаў Сваю Смерць і Сваё Змёртвыхпаўстанне. Але ці паверылі Яму нават Яго вучні, калі гэтакога ніколі не было, калі гэтага ніколі не бачылі? Але Той, Каго ўкрыжавалі, у Пасхальную ноч змёртвыхпаўстаў. Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос! - гэтая вялікая радасць будзе гучаць у Пасхальнае свята, таму што і мы змёртвыхпаўстанем, асабліва тыя, хто ўсім сэрцам паверыў у Хрыста – нашага Збаўцу. Нашая вялікая вера ў Хрыста – гэта тая самая каралеўская дарога, якою ішоў Хрыстус, каб перамяніць чалавека ў жывое, непагаснае полымя любові; гэта дарога, якая вядзе хрысціянаў да змёртвыхпаўстання; гэта змёртвыхпаўстанне любові, якое ўжо не памірае; гэта штодзённая логіка крыжа і сэнс змёртвыхпаўстання. Жадаю ўсім вам, каб свята Уваскрашэння Пана стала той духоўнай крынічкай абнаўлення кожнага з нас, каб было праменьчыкам у кожнай сям’і і для кожнага з нас асабіста, каб было святлом для ўсёй нашай дыяцэзіі і для ўсёй нашай Бацькаўшчыны. У духу гэтага Велікоднага віншавання прыміце маю малітву і пастырскае благаслаўленне. Біскуп Уладзіслаў Блін Віцебск, Вялікдзень, 2004 г.
13.07.2009 13:46
«Езус кажа яму: ты паверыў таму, што ўбачыў Мяне; шчаслівы той, хто не бачыў, а паверыў». (гл. Ян 20, 29) «Забралі Пана з грабніцы... не разумелі яшчэ Пісання... словы гэтыя здаліся ім пустаслоўем», – вось некалькі сказаў, узятых з апісання аб’яўлення Хрыста пасля Уваскрасення. Яны выразна адлюстроўваюць настрой, які панаваў сярод вучняў, раскрываюць думкі самых блізкіх Хрысту людзей. Памёр! Гэта ўжо канец. Ці маглі яны думаць інакш: так заканчваецца жыццё ўсіх людзей, нават найбольш паяднаных з Богам – такі закон чалавечага жыцця, такая логіка мыслення чалавека. Аднак у адных і тых жа евангельскіх апавяданнях ёсць і іншы настрой: «Убачыў і паверыў! Тады яны ўзгадалі словы Ягоныя і, вярнуўшыся ад грабніцы, абвясцілі ўсё гэта адзінаццаці...». Ёсць настрой абуджэння веры ў сэрцах людзей. Яны перамаглі страх пасля драматычных падзей пятніцы, сутыкнуліся з пустою грабніцаю, перажылі сустрэчу з Настаўнікам, які ім аб’явіўся, і нарэшце адступіліся ад прынцыпаў чалавечай логікі, пайшлі за Божаю праўдаю – Ён жыве! – і спасылаліся пры гэтым на асабістае сведчанне сустрэчы з Панам. Мабыць, самым яскравым з’яўляецца сведчанне нявернага Тамаша. Падчас аб’яўлення Уваскрослага Езуса ў вечары першага дня тыдня ў доме, дзе знаходзіліся вучні, не было апостала Тамаша. Калі вучні расказвалі яму, што бачылі Езуса, ён сказаў: «Пакуль не ўбачу на руках у Яго ранаў ад цвікоў, і не ўкладу пальца майго ў раны ад цвікоў, і не ўкладу рукі маёй у бок Ягоны, не паверу». А праз восем дзён, калі вучні Яго зноў былі ў доме і Тамаш з імі, Езус прыйшоў пры замкнутых дзвярах, стаў пасярэдзіне і прамовіў: «Спакой вам!». А потым сказаў Тамашу: «Дай сюды палец твой і паглядзі рукі Мае; дай руку тваю і ўкладзі ў бок Мой; і не будзь няверуючым, але веруючым». Тамаш адказаў Яму: «Пан мой і Бог мой». Езус сказаў: «Ты паверыў таму, што ўбачыў Мяне; шчаслівы той, хто не бачыў, а паверыў» (гл. Ян 20, 25-29). О як жа гэтая нявернасць Тамаша найлепш засведчыла Уваскрасенне Езуса Хрыста! Спачатку апосталы з вялікай цяжкасцю прымалі гэту неверагодную праўду, пакуль самі не сталі сведкамі Уваскрасення Езуса. Адзінымі аргументамі для іх былі сведчанні Святога Пісання, пустая грабніца і ўзрушаныя словы жанчын, якім першым аб’явіўся Хрыстус. Нядзіўна, што Тамаш не паверыў апосталам, якія казалі яму, што бачылі Пана, і адрэагаваў катэгарычна і адназначна: «Пакуль не ўбачу на руках у Яго ранаў ад цвікоў, і не ўкладу рукі маёй у бок Ягоны, не паверу». Тамаш хоча ўпэўніцца ў рэальнасці і праўдзівасці слоў апосталаў. І вось Хрыстус не толькі аб’яўляецца Тамашу, каб надаць гэтаму сведчанню асаблівае значэнне, але дазваляе яму дакрануцца да ранаў на Яго руках і ў баку. Усё ж такі з усіх апосталаў і вучняў адзін-адзінюткі Тамаш быў вылучаны такім чынам. (...) Каб лепш зразумець сустрэчу Тамаша з Хрыстом праз восем дзён пасля Яго Уваскрасення, трэба таксама ўзяць пад увагу ранейшае здарэнне, запісанае тым жа евангелістам, у якім прымае ўдзел Тамаш. Апостал становіцца сведкам пустой грабніцы, перажывае цуд уваскрашэння памерлага, бачыць, як Лазар устае з магілы. Пасля Вялікай пятніцы і Вялікай нядзелі Тамаш даведваецца, што грабніца, у якой ляжаў Езус, пустая, а апосталы гавораць яму, што «бачылі Пана». Тамаш катэгарычна адмаўляецца верыць у Змёртвыхпаўстанне Езуса, і толькі пасля таго як убачыць раны на руках і ў баку Уваскрослага, ранейшы няверуючы вымавіць словы веры і праслаўлення: «Пан мой і Бог мой!». Пазней, згодна з традыцыяй, Тамаш накіруецца на Усход. Ён стане прапаведаваць над Еўфратам, дойдзе да Індыі і там будзе заколаты дзідамі. Ён памірае як верны сведка Езуса Хрыста. Разам з іншымі апосталамі і вучнямі Тамаш спадарожнічаў Езусу падчас Яго публічнай дзейнасці, слухаў Яго Добрую Навіну, быў сведкам розных цудаў, якія здзейсніў Езус, сам па даручэнні Настаўніка прымаў актыўны ўдзел у абвяшчэнні Божага валадарства. Але толькі пасля таго, калі апостал сустрэўся з Уваскрослым Езусам, убачыў сляды мукі і смерці на крыжы, адбылося яго поўнае вызнанне веры і поўнае прысвячэнне сябе апостальскай місіі. У свеце ёсць шмат людзей, падобных да Тамаша ў перыяд яго нявер’я. Многія б хацелі мець пацверджанне веры ў Бога канкрэтнымі цудоўнымі знакамі, якія сведчылі б пра Божае існаванне і дзейнасць, аднак сёння праблема веры зводзіцца да таго, што сказаў Езус, адказваючы на вызнанне Тамаша «Пан мой і Бог мой»: «Шчаслівы той, хто не бачыў, а паверыў». Цяпер наша вера чэрпае сведчанні ад тых, хто слухаў, бачыў, дакранаўся да Езуса і перадаў наступным пакаленням. Зрэшты, не чалавек робіць ласку і дабро Богу тым, што верыць. Гэта вера з’яўляецца незвычайнаю Божаю ласкаю для чалавека, таму што Бог у сваёй дабрыні паказвае Сябе людзям у постаці свайго ўкрыжаванага і ўваскрослага Сына. Нам патрэбна менавіта тая вера, якая абапіраецца на праўду смерці і ўваскрасення Езуса Хрыста. Такая вера для нас – благаславенне, ласка, «дарога, праўда і жыццё», і яна вядзе нас па зямным жыцці да лучнасці з Богам у вечнасці. Схіляючы галовы і кленчачы перад Уваскрослым Хрыстом Панам, просім Яго пакорна, каб мы, умацаваныя сведчаннем святога апостала Тамаша праз прызнанне чалавечнасці і Боства Езуса («Пан мой і Бог мой»), кіраваліся ў сваім жыцці і паводзінах запаведдзю Езуса: «Шчаслівы той, хто не бачыў, а паверыў» (гл. Ян 20, 29). І гэта, мае шаноўныя дыяцэзіяне, велікодныя пажаданні, якія падтрымліваю пастырскім благаславеннем. Амэн. Кардынал Казімір Свёнтэк, Арцыбіскуп, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа