Пошук

21.07.2009 15:27  
Браты ў святарскім і біскупскім служэнні, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры ў Хрысце!

1. 2008 год, які распачынаецца, у Каталіцкім Касцёле будзе адзначаны шэрагам выключна важных падзеяў, якія датычацца абвяшчэння Божага слова і яго значэння ў жыцці як кожнага верніка, так і ўсяго Касцёла. Гэта перадусім чарговы Сінод Біскупаў, прысвечаны слову Божаму ў жыцці і місіі Касцёла, які будзе праходзіць у Ватыкане ў кастрычніку, а таксама Год нястомнага прапаведніка Божага слова язычнікам святога апостала Паўла, які распачнецца 28 чэрвеня. Кіруючыся меркаваннямі больш поўнага ўдзелу ў пастырскай праграме Паўсюднага Касцёла, Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі прыняла рашэнне прысвяціць гэты год слову Божаму як крыніцы надзеі. Гэта таксама перагукаецца з вучэннем Святога Айца Бэнэдыкта XVI, пададзеным у яго апошняй энцыкліцы Spe salvi — «У надзеі мы збаўленыя», у якой Папа дае сведчанне Бібліі пра надзею (Spe salvi, 4–9).

 
2. У эпоху ўзрастання секулярызму, маральнага рэлятывізму, што вядзе да адмаўлення трываласці і нязменнасці маральнага закона, прапаганды «цывілізацыі смерці» і адыходу ад «цывілізацыі жыцця», негатыўных адносінаў да маральных каштоўнасцяў, панавання духу спажывальніцтва і іншых заганаў сучаснага свету толькі Хрыстус застаецца нашай надзеяй. Ён, Слова Божае, спрадвеку існае ва ўлонні Айца (пар. Ян 1, 18), так палюбіў нас, што дзеля нас і нашага збаўлення прыняў чалавечую натуру. Бог аб’явіўся нам з чалавечым абліччам і сэрцам, падзяліў з намі нашае жыццё ва ўсім, акрамя граху. Вызнанне гэтай праўды знаходзіцца ў сэрцы хрысціянскай веры, якая заснавана на вялікіх евангельскіх каштоўнасцях і таму можа станоўча ўплываць на жыццё, гісторыю і культуру розных народаў, — навучае Ян Павел ІІ (пар. Еcclesia іn Еuropa, 19).

Таму толькі звярнуўшыся да Хрыста, можна зноў знайсці страчаную надзею, якая надае жыццю сэнс. Хрыстус жа жыве і дзейнічае ў сваім Касцёле, у якім Ён праз Духа Святога працягвае сваю збаўчую справу (пар. Dei Verbum 7; пар. Еcclesia іn Еuropa, 22).

Перад Унебаўшэсцем Хрыстус звярнуўся да Апосталаў са словамі: «Ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Вучыце іх захоўваць усё, што Я загадаў вам. І вось Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку» (Мц 28, 19–20). Ідучы за гэтым запаветам Пана, Касцёл нястомна абвяшчае Евангелле надзеі (пар. Еcclesia іn Еuropa, 45), каб свет паверыў і жыў надзеяй. Гэта місія Касцёла, бо вера нараджаецца са слухання. Як жа можна паверыць, не пачуўшы? А як можна пачуць, калі ніхто не абвяшчае? (пар. Рым 10, 14.17), — падкрэслівае святы Апостал Павел.

 
3. Святое Пісанне часта называюць «Кнігай надзеі». І сапраўды, Стары Запавет — гэта час месіянскай надзеі. Новы Запавет — час яшчэ не спраўджанай надзеі чакання другога прыйсця Хрыста ў хвале. Надзея Старога Запавету здзейснілася праз прыйсце ў свет Сына Божага і Яго збаўчую місію. Пакаленні людзей Новага Запавету жывуць надзеяй Яго новага прыйсця ў хвале.

Пра надзею апавядаюць ужо першыя старонкі Старога Запавету. Можа гэта выглядае і парадаксальна, але пакаранне за грэх прабацькоў адначасова стала крыніцаю надзеі. Бог сказаў злому духу: «устанаўлю варожасць паміж табою і паміж жанчынаю, і паміж патомствам тваім, і паміж яе патомствам. Яно сатрэ табе галаву, а ты сатрэш яго пяту» (Быц 3, 15). Гэтыя словы сталі прадказаннем перамогі над сіламі зла і такім чынам далі надзею. Таму нездарма гэты тэкст называецца «Протаевангеллем» ці «першай Добрай Навіной». Надзеяй на ўдзел у гэтай перамозе жыло чалавецтва да часу прыйсця ў свет Хрыста і Яго Уваскрасення.

Гэтую надзею абуджалі, падтрымлівалі і ажыўлялі запаветы Бога з выбраным народам. Прадметам гэтых запаветаў часта былі матэрыяльныя і зямныя даброты, благаслаўленне, урадлівасць, дастатак малака і мёду ў зямлі абяцанай і г.д. (пар. Быц 12, 1-3; 49; Зых 3, 8.17). Усё гэта давала надзею на будучыню. Увесь Стары Запавет — гэта час надзеі на прыйсце ў свет Месіі і адкупленне з няволі граху, а надзея, народжаная ў момант абвяшчэння Богам Протаевангелля, стала пачаткам часу месіянскага чаканння.

Новы Запавет паказвае асаблівую сувязь чалавечай надзеі з абяцаннямі Бога. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла вучыць, што «надзея — гэта багаслоўская цнота, праз якую мы жадаем як нашага шчасця Валадарства Нябеснага і вечнага жыцця, ускладаючы наша спадзяванне на абяцанні Хрыста і абапіраючыся не на свае ўласныя сілы, але на падтрымку ласкі Духа Святога» (ККК 1817).

Святы Апостал Павел — гэта апостал і адначасова багаслоў надзеі. У Пасланні да Эфесцаў ён гаворыць, што ахрышчаныя сталіся спадкаемцамі ў Хрысце, на якога раней спадзяваліся (пар. Эф 1, 11-12). У пасланні да Рымлянаў вучыць пра надзею шчасця вечнага: «Бо мы збаўлены праз надзею» (Рым 8, 24). «Дзякуем Богу і Айцу нашага Пана Езуса Хрыста, заўсёды молячыся за вас, бо мы пачулі пра вашую веру ў Хрысце Езусе і пра любоў, якую маеце да ўсіх святых дзеля надзеі, што захавана для вас у нябёсах» (Клс 1, 3–5), — кажа святы Павел у Пасланні да Каласянаў. Таму жыццё хрысціяніна — гэта трыванне ў надзеі будучай хвалы.

Апостал народаў асабліва падкрэслівае ролю Святога Пісання для цноты надзеі: «Усё, што напісана было раней, напісана дзеля нашага павучэння, каб мы праз вытрываласць і заахвочванне Пісанняў мелі надзею» (Рым 15, 4). Таму на тых, хто абвяшчае Евангелле, ускладзена асаблівая адказнасць за абвяшчэнне надзеі. «Гора мне, калі я не абвяшчаю Евангелля» (1 Кар 9, 16), — усклікае апостал Павел.

 
4. У жыцці кожнага чалавека і грамадства надзея павінна быць задаткам будучыні. Гэта тая цнота, якая не толькі пакідае след у гісторыі чалавецтва, але і стварае яе, каб з Божай дапамогай весці людзей ў будучыню. Пры гэтым неабходна звярнуць увагу на сувязь, якая існуе паміж надзеяй і верай, прычым у аспекце таго, што вера з’яўляецца надзеяй, як вучыць Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у сваёй энцыкліцы пра збаўленне праз надзею (пар. Spe salvi, 2). Ужо Другі Ватыканскі Сабор падкрэсліў, што кожны чалавек павінен ісці шляхам жывой веры, якая абуджае надзею і дзейнічае праз любоў (пар. Lumen gentium, 41), а Слуга Божы Ян Павел ІІ у сваёй Апостальскай адгартацыі «Касцёл у Еўропе» адзначае, што наша спадзяванне ўкаранёна ў Хрысце і грунтуецца на веры ў Збаўцу (пар. Ecclesia in Europa, 18–22), якога абвяшчае Евангелле. Такім чынам, трэба з надзеяй верыць у існаванне таго, што павінна стаць прадметам нашага пазнання ці валодання. Нярэдка слова «надзея» азначае тое самае, што і «вера». Нездарма Бэнэдыкт XVI кажа, што «надзея» па сваёй сутнасці з’яўляецца цэнтральным словам біблейскай веры (пар. Spe salvi, 2).

Надзея павінна рэалізавацца ў супрацоўніцтве з Богам. Усё залежыць ад самога чалавека і ад яго добрай волі. Бог нас ні да чаго не прымушае, Ён толькі заклікае да цнатлівага жыцця. Бэнэдыкт XVI у сувязі з гэтым навучае, што чалавеку патрэбны Бог, каб мець надзею (пар. Spe salvi, 23).

У надзеі знаходзіць крыніцу імкненне чалавека пазнаваць існуючы свет і авалодваць ім. У залежнасці ад таго, чым мы імкнемся валодаць, нашая надзея можа быць праўдзівай і памылковай. Прыкладам апошняй з’яўляецца імкненне да матэрыяльных дабротаў як жыццёвай мэты, а таксама імкненне да бяздзейнага і амаральнага жыцця, наркотыкаў, алкаголю, насілля, несправядлівасці і гэтак далей. Другі Ватыканскі Сабор нагадвае, што нельга цешыць сябе памылковай надзеяй, і навучае, што сярод трывогаў нашага часу Касцёл не губляе надзеі і заўсёды імкнецца несці апостальскую вестку сучаснаму свету: «вось цяпер час спрыяльны» для таго, каб перамяніліся сэрцы, «вось цяпер дзень збаўлення» (пар. 2 Кар 6, 2; Gaudium et spes, 82).

Хрысціянін павінен жыць надзеяй і не можа быць абыякавым да таго, што з’яўляецца прадметам гэтай надзеі. Таму святы апостал Павел заклікае, каб багатыя спадзяваліся не на багацце, а на Бога (пар. 1 Цім 6, 17).

Надзея дапамагае пераадольваць неймаверныя цяжкасці і выпрабаванні. Гэта пацвярджаюць тыя, хто прайшоў праз ссылкі і канцэнтрацыйныя лагеры. Дзень пры дні яны жылі надзеяй як быццам насуперак надзеі (пар. Рым 4, 18). Папа Бэнэдыкт XVI ставіць у прыклад в’етнамскага кардынала Нгуен ван Туана, які правёў у зняволенні трынаццаць гадоў, дзевяць якіх — у ізаляцыі. У сітуацыі, здавалася б, поўнага адчаю магчымасць слухаць Бога і размаўляць з Ім умацоўвала ў ім сілу надзеі (пар. Spe salvi, 32). Тут таксама варта згадаць і Сведку веры кардынала Казіміра Свёнтка, які, хоць атрымаў спачатку смяротны прысуд, а потым быў асуджаны на ссылку ў лагеры, без рэшты даручыў сябе Богу і на Яго ўсклаў сваю надзею, якая яго не падвяла. Як бачым, нястомная надзея на лепшае з’яўляецца неад’емнаю часткаю сутнасці хрысціянства.

Надзея з’яўляецца таксама «лекам» ад усялякіх «хваробаў», перадусім — недасканаласцяў і недахопаў. Як прырода не зносіць пустэчы, якая павінна быць запоўнена, так і ў сэрцах веруючых надзея выпраўляе недасканаласці і дапаўняе недахопы. Зло — гэта адсутнасць дабра, або маральная пустэча, таму надзея, якая запаўняе гэтую пустэчу, з’яўляецца эквівалентам дабра. Пажаданне «лепшай будучыні», дзякуючы самому пажаданню «паляпшэння», становіцца канструктыўным і нясе надзею.

Жыццё кожнага чалавека — гэта чаканне, якое без надзеі было б пустой тратай часу. Дзякуючы цноце надзеі чаканне становіцца прадуктыўным, а жыццё чалавека — своеасаблівым перыядам адвэнту, які дае надзею на вечнае жыццё, пра што цудоўна кажа Святы Айцец Бэнэдыкт XVI. Дзякуючы надзеі мы можам супрацьстаяць цяжкасцям сучаснага жыцця і яго выклікам. І хоць хрысціяне не ведаюць, што іх чакае ў будучыні, тым не менш, яны ўпэўненыя, што іх жыццё не скончыцца пустэчаю. Усё гэта гарантуе ім якасна новае жыццё на гэтай зямлі (пар. Spe salvi, 1–2).

 
5. Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!

Жыццё чалавека па Божай задуме павінна быць напоўнена надзеяй і імкненнем да вызначанай мэты. Таму святы Апостал Павел шкадуе аб лёсе язычнікаў, якія бядуюць, не маючы надзеі (пар. 1 Тэс 4, 13). Аўтар Паслання да Габрэяў кажа, што надзея для душы — гэта бяспечны і моцны якар (пар. Гбр 6, 19), а кардынал Ёзаф Ратцынгер, сённяшні Папа Бэнэдыкт XVI, падкрэслівае, што надзея, скіроўваючы чалавека да сузірання Божага аблічча, вядзе да сапраўднага духоўнага аздараўлення і насычэння (пар. W drodze do Jezusa Chrystusa, с. 29).

Год, які распачынаецца, — Год Божага слова як крыніцы надзеі — павінен наблізіць нас да Хрыста, якога мы пазнаем у Святым Пісанні, каб няўхільна трымацца вызнання надзеі (пар. Гбр 10, 23) і ніколі не адступаць ад яго (пар. Гбр 10, 35).

Сёння, ва ўрачыстасць Трох Каралёў, мы сузіраем таямніцу Аб’яўлення Пана. Бэтлеемская зорка, як сімвал надзеі, прывяла іх да Дзіцяці Езуса, у якім вачамі веры яны распазналі доўгачаканага Месію. Святы Грыгорый Назіянзскі кажа, што з Аб’яўленнем Бога завяршылася эпоха астралогіі, бо, пачынаючы з гэтага моманту, зоркі чалавечых лёсаў рухаюцца ўжо па арбітах, вызначаных Хрыстом. Гэта значыць, што надалей ужо не законы космасу ці прыроды, як меркавалі да Хрыста, кіруюць светам і чалавекам, але Бог-Асоба (пар. Spe salvi, 5). У асобе трох Магаў, якіх традыцыя называе Каралямі, Бог аб’явіў сябе народам. Сёння праз сваё Слова Ён аб’яўляе сябе нам, людзям ужо XXI стагоддзя, аб’яўляе як надзею, бо пазнаць Бога — азначае атрымаць надзею (пар. Spe salvi, 3).

Таму няхай абвяшчэнне Евангелля надзеі стане нашай славай і сэнсам існавання, як заклікае Слуга Божы Ян Павел ІІ (пар. Ecclesia in Europa, 45), каб кожны чалавек спадзяваўся на слова Пана (пар. Пс 130(129), 5).

Няхай Слова Божае, якое дае надзею, будзе святлом на нашым шляху (пар. Пс 119(118), 105), каб мы не заблукалі ў свеце, поўным неонавых агнёў і адначасова прасякнутым духоўнаю цемраю.

Год, які распачынаецца, няхай спрыяе ўмацаванню міжхрысціянскіх адносінаў, асабліва Каталіцкага Касцёла з Праваслаўнай Царквою. Бо Святое Пісанне разам з Традыцыяй з’яўляецца крыніцай веры як для католікаў, так і для праваслаўных. Менавіта яно і агульная пазіцыя адносна асноўных праблемаў сучаснага свету з яго выклікамі дазваляюць нам сцвярджаць, што значна больш ёсць таго, што нас аб’ядноўвае, чым таго, што падзяляе.

Даручаючы ўсіх вас Марыі, Маці надзеі, на шлях абвяшчэння і захоўвання Божага Слова як крыніцы нашай надзеі ад усяго сэрца благаслаўляю ў Імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Мінск, 1 студзеня 2008 г.
Урачыстасць Святой Багародзіцы Марыі

Абноўлена 05.06.2017 13:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа