Пошук

 
13.07.2009 13:42
Шаноўныя браты ў біскупстве, умілаваныя браты ў Хрыстовым святарстве, дарагія алюмны духоўных семінарый, шаноўныя законнікі і законніцы, умілаваны люд Божы Каталіцкага Касцёла на Беларусі! Пры сённяшнім усё хутчэйшым тэмпе жыцця, ва ўмовах пастаяннай мітусні нам неабходна прыпыніцца, каб знайсці час на роздум, на глыбейшае пазнанне важных для нашага жыцця праблем. Адной з такіх праблемаў, над якой нам трэба засяродзіцца, з’яўляецца пакліканне да святарства і роля святара як у жыцці асобнага верніка, так і ў жыцці ўсяго Касцёла. У гэтыя дні ў нас ёсць асаблівая нагода, каб паразважаць пра гэта, таму што неўзабаве мы будзем адзначаць гадавіну радаснай падзеі, цудоўны юбілей святарства. Шэсцьдзесят пяць гадоў назад, 8 красавіка 1939 года, пасля заканчэння духоўнай семінарыі ў Пінску сённяшні іерарх Каталіцкага Касцёла на Беларусі Яго Эмінэнцыя кардынал Казімір Свёнтэк прыняў з рук біскупа Казіміра Букрабы сакрамэнт святарства. Пачатак святарства шаноўнага Юбіляра не быў лёгкім – распачалася вайна і пераслед Касцёла. Некалькі разоў святара арыштоўвалі, дзесяць гадоў ён быў вязнем сталінскіх лагераў. Пяцьдзесят гадоў назад, у 1954 годзе, Казімір Свёнтэк быў вызвалены і распачаў душпастырскую працу ў Пінску. У красавіку 1989 года ён быў прызначаны Генеральным вікарыем Пінскай дыяцэзіі, праз два гады – 21 мая 1991 года – менаваны біскупам. Дзесяць гадоў назад, у лістападзе 1994 года, біскупу Казіміру Свёнтку была нададзена годнасць кардынала. Але сярод гэтых важных гадавін галоўнае месца займае ўсё ж гадавіна святарскіх пасвячэнняў, таму што святарства з’яўляецца асновай усіх іншых падзей у жыцці шаноўнага Юбіляра. Святы Айцец Ян Павел ІІ падчас пяцідзесятай гадавіны сваіх святарскіх пасвячэнняў адзначаў, што такая падзея як юбілей пасвячэнняў з’яўляецца добрай нагодай для разважання на тэму святарства, глыбейшага разумення яго сутнасці. У нашай краіне разуменне сутнасці святарства з’яўляецца вельмі важнай неабходнасцю. Згадаем, што ва ўсходняй частцы Беларусі, на ўсёй яе велізарнай прасторы ў выніку пераследу Касцёла не было аніводнага каталіцкага святара. Такая сітуацыя працягвалася многія дзесяцігоддзі. У выніку некалькі пакаленняў католікаў былі цалкам пазбаўлены магчымасці кантакту са святаром. На іншых тэрыторыях святары хоць і былі, але іх не хапала. Магчымасць кантакту вернікаў са святарамі абцяжарвалася шматлікімі перашкодамі, а для дзяцей і моладзі такі кантакт наогул быў забаронены. Адначасова вялася прапаганда з мэтаю падарваць давер да святароў і высмеяць святарства. Гэта прывяло да таго, што некаторыя людзі і сёння не заўсёды добра ўсведамляюць, кім з’яўляецца каталіцкі святар і якое ён мае заданне. Паспрабуем асэнсаваць: чым з’яўляецца святарства, якую місію выконвае каталіцкі святар? Гэта не простае заданне, таму што, як падкрэслівае Святы Айцец Ян Павел ІІ, «кожнае святарскае пакліканне ў сваёй найглыбейшай аснове – гэта вялікая таямніца, гэта дар, які бясконца пераўзыходзіць чалавека» (Дар і Таямніца, І). Пакліканне з’яўляецца таямніцай Божага абрання. Хрыстус сам сказаў гэта, звяртаючыся да сваіх вучняў: «Не вы Мяне выбралі, але Я вас выбраў і паставіў вас, каб ішлі і прынеслі плод, і каб плод ваш трываў» (гл. Ян 15, 16). У Пасланні да Габрэяў чытаем: «І ніхто сам сабе не бярэ гэтай годнасці, але толькі той, хто пакліканы Богам, як і Аарон» (гл. Гбр 5, 4). Ёсць і застанецца таямніцай Бога: чаму Ён выбірае на сваю службу тых ці іншых людзей, даючы ім разам з пакліканнем адпаведныя духоўныя, інтэлектуальныя і фізічныя схільнасці. Пра гэта вельмі добра сказаў Святы Айцец Ян Павел ІІ: «Людскія словы не ў стане ўзняць цяжар таямніцы, якую нясе ў сабе святарства». Бог не кліча і не выбірае чалавека толькі дзеля дабра самога пакліканага. Святарскае пакліканне з’яўляецца дарам для ўсёй супольнасці Касцёла. Пакліканы Богам павінен служыць люду Божаму, і гэтаму вучыць аўтар Паслання да Габрэяў: «Кожны першасвятар, якога выбіраюць з людзей, прызначаны для людзей у справах Божых, каб прыносіць дары і ахвяры за грахі» (гл. Гбр 5, 1). Хрысціяне на працягу ўсёй гісторыі хрысціянства разумелі святарства як служэнне дзеля карысці духоўнага дабра вернікаў. Сутнасць гэтага служэння заключалася ў адным: весці людзей да Бога. Вялікі Айцец Касцёла з першых стагоддзяў хрысціянства, святы Грыгоры Назіянзскі, пісаў: «Святар павінен душы акрыляць, адрываць іх ад свету, і вобраз Божы, той, які ёсць, шанаваць, а калі ён знікае – вяртаць, калі становіцца невыразным – аднаўляць і ўводзіць Хрыста ў сэрцы праз Духа Святога». На лацінскай мове слова святар азначае pontifex . Дакладны яго пераклад – той, хто будуе мост . У гэтых словах заключаны глыбокі сэнс сутнасці святарства. Такім чынам, яго сутнасць – будаванне мастоў, наладжванне сувязі паміж чалавекам і Богам. Пакліканы Богам, ідучы за Хрыстовым заклікам «ідзі за Мною», святар аддае сябе, усё сваё жыццё ў распараджэнне Хрыста, каб Той мог карыстацца ім як прыладай збаўлення. Прымаючы ад чалавека гэты дар, Хрыстус паслугуецца яго чалавечнасцю. Праз паслугу святара сам Сын Божы становіцца прысутным сярод людзей. Так Збавіцель працягвае і робіць відавочнай сваю дзейнасць. Найлепш гэта бачна ў часе Святой Імшы, падчас Эўхарыстычнай Ахвяры. Тады святар вымаўляе словы, якія ў Вялікі чацвер, напярэдадні сваёй Мукі, вымавіў сам Езус Хрыстус. Цяпер, праз дваццаць стагоддзяў, святар гаворыць Хрыстовы словы: «Гэта ёсць Цела Маё, якое за вас будзе выдадзена. Гэта ёсць Келіх Крыві маёй новага і вечнага Запавету, якая за вас і за многіх будзе праліта дзеля адпушчэння грахоў. Гэта чыніце на Маю памяць». Праз паслугу святара падзеі шматвяковай даўнасці, а менавіта Мука, Смерць і Уваскрэсенне Хрыста становяцца рэчаіснасцю тут і цяпер, на алтары. Тое, што ўчыніў Хрыстус на алтары крыжа, а перад гэтым устанавіў у Вячэрніку як сакрамэнт, святар здзяйсняе цяпер моцай Святога Духа. Словы, якія вымаўляе святар, маюць тое ж самае значэнне, што і словы Хрыста падчас Апошняй Вячэры. Сам Сын Божы становіцца прысутным, каб быць з намі «ва ўсе дні, аж да сканчэння свету» (гл. Мц 28, 20). Гэта ёсць, як вучыць Святы Айцец Ян Павел ІІ, «таемная, хвалюючая ўлада, якую святар мае над Эўхарыстычным Целам Хрыста. Сілаю гэтай улады ён становіцца даўцам найвялікшага дабра Адкуплення, бо дае людзям самога Адкупіцеля» (Дар і Таямніца, IX). Падобным чынам ад імя Хрыста дзейнічае святар, калі ў сакрамэнце Паяднання выконвае Хрыстовы наказ: «Прыміце Духа Святога! Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны, на кім пакінеце, на тым застануцца» (гл. Ян 20, 22-23). Вымаўляючы словы «я адпускаю табе грахі ў імя Айца і Сына, і Духа Святога », святар дзейнічае моцай Хрыста. Такім чынам ён з’яўляецца не толькі сведкам, але і прыладай Божай Міласэрнасці. Святар працягвае і робіць відавочнай дзейнасць Хрыста ў свеце таксама і тым, што абвяшчае Яго Слова, пераказвае радасную навіну – Евангелле. Гэта, як вучыць ІІ Ватыканскі Сабор, з’яўляецца абавязкам святара (Presbyterorum ordinis, 4). У сучасным свеце, перанасычаным інфармацыяй, чалавек губляецца і не заўсёды можа адрозніць праўду ад фальшу, знайсці сваё месца ў свеце і зразумець мэту свайго жыцця. Чалавек часта губляе надзею, і тады яму вельмі патрэбны словы Добрай Навіны, каб зразумець, што ён умілаванае Дзіця Божае, што ён мае ў небе Айца. Трэба нагадваць пра гэтую поўную надзеі праўду, бо «так палюбіў Бог свет, што паслаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае». Абвяшчэнне Добрай Навіны павінна скіроўваецца на тое, каб чалавек не адчуваў сябе адзінокім у свеце. Пачутае слова павінна весці яго да спаткання з Хрыстом, які заўсёды прысутнічае сярод нас, асабліва ў таямніцы Эўхарыстыі. Такім чынам, абвяшчэнне Евангелля і Эўхарыстыя цесна звязаныя з сакрамэнтам святарства. Сучасны чалавек прагне Хрыста, хоць не заўсёды добра ўсведамляе гэта. З патрэбамі эканамічнага, палітычнага або грамадскага характару ён можа звярнуцца да іншых людзей, але Хрыста, які прысутнічае ў поўным надзеі слове, Хрыста, з якім можна сустрэцца ў сакрамэнце пакаяння, Хрыста, прысутнага ў сакрамэнце Эўхарыстыі, ён просіць толькі ў святара. І ў гэтым заключаецца каштоўнасць святарства і незаменная роля святароў. Сёння мы дзякуем добраму Богу за дар святарскага служэння Яго Эмінэнцыі кардынала Казіміра Свёнтка на працягу шасцідзесяці пяці гадоў. Мы ўдзячныя Богу за тое, што шаноўны Юбіляр многія гады атуляе сваёй пастырскай апекай усіх нас. Будзем жа прасіць у Бога, асабліва сёння, шчодрых ласкаў для нашага арцыпастыра. Няхай мужнае сведчанне веры ў цяжкія часы пераследу і ахвярная праца ксяндза кардынала на карысць адбудовы структур Каталіцкага Касцёла на Беларусі будуць прыкладам для наследавання тым маладым людзям, якіх Хрыстус кліча на сваё служэнне. Гады змагання з Касцёлам, недахоп духоўных семінарый, немагчымасць падрыхтоўкі новых святароў – усё гэта яшчэ доўга будзе адчувацца. Аднак мы ведаем, што святарскія пакліканні – гэта Божы дар. Памятаем таксама словы Хрыста: «Жніво вялікае, але работнікаў мала. Прасіце ж Пана жніва, каб паслаў работнікаў на сваю ніву» (гл. Мц 9, 37). Таму звяртаемся да ўсіх вернікаў Касцёла на Беларусі, каб, дзякуючы Богу за дар святарства нашага Мітрапаліта, мы маліліся аб шматлікіх і добрых пакліканнях да святарства. Мы звяртаемся да маладых людзей, якія пачуюць у сваіх сэрцах заклік Хрыста «ідзі за Мной», каб яны не баяліся, але самааддана і радасна пайшлі за голасам Збавіцеля, таму што святарскае пакліканне, паводле слоў Святога Айца, – гэта «евангельскі скарб, за які варта аддаць усё » (пар. Мц 13, 44). Няхай Марыя, Маці святароў, выпрошвае для ксяндза кардынала патрэбныя ласкі, а для ўсяго люду Божага Беларусі новыя, шматлікія і святыя пакліканні да святарства. Біскупы Каталіцкага Касцёла на Беларусі
15.07.2008 16:20
(навэнна распачынаецца ў Вялікую пятніцу) У першую нядзелю пасля Вялікадня – свята Божай Міласэрнасці. Дзень першы Молімся аб міласэрнасці для ўсяго чалавецтва: Езу найміласэрнейшы, толькі Ты літуешся над намі і прабачаеш нам. Не зважай на грахі нашыя, але на давер, які ўскладаем на бясконцую дабрыню Тваю, і прымі ўсіх нас да дому Найлітасцівейшага Сэрца свайго і не адпускай нас з Яго навекі. Просім Цябе праз любоў Тваю, якая яднае Цябе з Айцом і Духам Святым. Ойча спрадвечны, глянь вокам міласэрнасці сваёй на бедных грэшнікаў і на ўсё чалавецтва, якое ўкрыта ў Найлітасцівейшым Сэрцы Езуса, і дзеля Яго балеснай мукі акажы нам сваю міласэрнасць, каб мы праслаўлялі ўсемагутнасць Тваёй міласэрнасці на векі вечныя. Амэн. Чытаецца Вяночак да Божай Міласэрнасці.   Дзень другі Молімся за духавенства, праз якое на чалавецтва сыходзіць Божая Міласэрнасць: Езу найміласэрнейшы, ад Цябе сыходзіць усё добрае, памнож у нас ласку, каб мы годна выконвалі ўчынкі міласэрнасці, каб тыя, што на нас глядзяць, праслаўлялі Айца міласэрнасці, які ёсць у небе. Ойча спрадвечны, глянь вокам міласэрнасці сваёй на супольнасць абраных у вінаградніку сваім, на душы святарскія і манаскія, і адары іх моцаю свайго благаслаўлення, а дзеля пачуццяў Сэрца Сына свайго, у якім душы гэтыя прабываюць, удзялі ім моцы і святла свайго, каб маглі яны весці іншых па дарогах збаўлення, каб разам спявалі хвалу неспасцігальнай міласэрнасці Тваёй на векі вечныя. Амэн. Чытаецца Вяночак да Божай Міласэрнасці.   Дзень трэці Молімся за ўсіх хрысціянаў: Езу найміласэрнейшы, Ты ўсім надзвычай шчодра ўдзяляеш свае ласкі са скарбніцы міласэрнасці сваёй. Прымі нас да найлітасцівейшага Сэрца свайго і не адпускай нас навекі. Просім Цябе аб гэтым праз неспасцігальную любоў Тваю, якою палае Тваё Сэрца да Айца Нябеснага. Ойча спрадвечны, глянь вокам міласэрнасці сваёй на душы верныя як на спадчыну Сына свайго і дзеля Яго балеснай мукі ўдзялі ім сваё благаслаўленне і атуляй іх сваёю пастаяннаю апекаю, каб не страцілі любові і скарбу святой веры, але каб з усімі анёламі і святымі праслаўлялі бязмежную міласэрнасць Тваю праз вякі вечныя. Амэн. Чытаецца Вяночак да Божай Міласэрнасці.   Дзень чацвёрты Молімся за язычнікаў і няверуючых, якія яшчэ не ведаюць пра Божую Міласэрнасць: Езу найміласэрнейшы, Ты – святло ўсяму свету,  прымі да дому Найлітасцівейшага Сэрца свайго душы язычнікаў, якія Цябе яшчэ не ведаюць; няхай промні ласкі Тваёй асветляць іх, каб і яны разам з намі праслаўлялі незвычайную міласэрнасць Тваю, і не адпускай іх з дому Найлітасцівейшага Сэрца свайго. Ойча спрадвечны, глянь вокам міласэрнасці сваёй на душы язычнікаў і тых, хто Цябе яшчэ не ведае і хто прабывае ў Найлітасцівейшым Сэрцы Езуса. Прыцягні іх да святла Евангелля. Учыні, каб і яны праслаўлялі шчодрасць міласэрнасці Тваёй на векі вечныя. Амэн. Чытаецца Вяночак да Божай Міласэрнасці.   Дзень пяты Молімся за тых, хто застаецца па-за Касцёлам, каб вярнуліся ў яго супольнасць: Езу наймiласэрнейшы, Ты – сама дабрыня і не адмаўляеш у святле тым, хто просіць Цябе. Прымі да Найлітасцівейшага Сэрца свайго душы братоў нашых адлучаных, прыцягні іх сваім святлом да еднасці з Касцёлам і не адпускай іх з дому Найлітасцівейшага Сэрца свайго. Учыні, каб і яны праслаўлялі шчодрасць міласэрнасці Тваёй. Ойча спрадвечны, глянь вокам міласэрнасці сваёй на душы братоў нашых адлучаных, асабліва тых, хто растраціў даброты Твае і злоўжываў ласкамі Тваімі, і хто ўпарта прабывае ў сваіх грахах. Не глядзі на іх памылкі, але глядзі на любоў Сына свайго і на балесную муку Ягоную, якую Ён прыняў дзеля іх, таму што і яны прабываюць у Найлітасцівейшым Сэрцы Езуса. Учыні, каб і яны праслаўлялі вялікую міласэрнасць Тваю на векі вечныя. Амэн. Чытаецца Вяночак да Божай Міласэрнасці.   Дзень шосты Молімся за душы ціхія і пакорныя і за дзяцей: Езу наймiласэрнейшы, Ты сам сказаў: «Навучыцеся ад Мяне, бо Я цiхi i пакорны сэрцам» (Мц 11, 29), прымi да дому Найлiтасцiвейшага Сэрца свайго цiхiя i пакорныя душы i душы малых дзяцей. Няхай гэтыя душы прыводзяць у захапленне ўсё неба i будуць асаблiвым упадабаннем Айца Нябеснага, а таксама духмяным букетам перад тронам Божым, ад водару якога сам Бог мае асалоду. Няхай гэтыя душы пастаянна будуць у Найлiтасцiвейшым Сэрцы Тваiм i нястомна спяваюць гiмн любовi i мiласэрнасцi навекi. Ойча спрадвечны, глянь вокам мiласэрнасцi сваёй на душы цiхiя, пакорныя i на душы малых дзяцей, якiя прабываюць у доме Найлiтасцiвейшага Сэрца Езуса. Гэтыя душы найбольш падобныя да Сына Твайго, водар гэтых душаў узносiцца з зямлi i дасягае трона Твайго. Ойча мiласэрнасцi i ўсялякае дабрынi, прашу Цябе праз любоў i ўпадабанне, якiя маеш у гэтых душах, благаславi ўвесь свет, каб усе душы разам спявалi пашану мiласэрнасцi Тваёй праз вякi вечныя. Амэн. Чытаецца Вяночак да Божай Міласэрнасці.   Дзень сёмы Молімся за тых, хто асаблівым чынам ушаноўвае і праслаўляе Божую Міласэрнасць: Езу наймiласэрнейшы, Сэрца Тваё – сама любоў, прымi ў дом Найлiтасцiвейшага Сэрца свайго душы тых, хто асаблiва ўшаноўвае i праслаўляе велiч мiласэрнасцi Тваёй. Душы гэтыя, магутныя сiлаю самога Бога; сярод пакутаў i цяжкасцяў яны iдуць наперад, спадзеючыся на мiласэрнасць Тваю. Паяднаныя з Табою, о Езу, душы гэтыя нясуць усё чалавецтва на плячах сваiх. Яны не будуць асуджаныя сурова, а мiласэрнасць Твая атуліць iх у хвiлiну смерцi. Ойча спрадвечны, глянь вокам мiласэрнасцi сваёй на душы, якiя праслаўляюць i ўшаноўваюць невымоўную годнасць Тваю, Тваю неспасцiгальную мiласэрнасць, якiя прабываюць у Найлiтасцiвейшым Сэрцы Езуса. Душы гэтыя з’яўляюцца жывым Евангеллем, рукi iх поўняцца ўчынкамi мiласэрнасцi, а сэрцы, перапоўненыя радасцю, будуць спяваць песню мiласэрнасцi Найвышэйшаму. Прашу Цябе, Божа, акажы iм мiласэрнасць сваю паводле надзеi i даверу, якiя на Цябе ўскладалi. Няхай споўнiцца на iх абяцанне Езуса, якi сказаў ім, што душы, якiя будуць ушаноўваць гэтую неспасцiгальную мiласэрнасць Ягоную, сам Ён будзе баранiць у жыццi, а асаблiва ў хвіліну смерцi, як сваю хвалу. Амэн. Чытаецца Вяночак да Божай Міласэрнасці.   Дзень восьмы Молімся за душы ў чыстцы: Езу наймiласэрнейшы, якi сказаў: «Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны» (Лк 6, 36). Прымі ў дом Твайго Найлiтасцiвейшага Сэрца душы, якія пакутуюць у чыстцы. Ойча спрадвечны, глянь вокам мiласэрнасцi сваёй на душы, якiя пакутуюць у чыстцы,  i праз балесную муку Езуса Хрыста i праз горыч, якою было залiта Яго Найсвяцейшае Сэрца,  акажы ім мiласэрнасць сваю. Просім Цябе, каб глядзеў на iх не iнакш, як толькi праз раны Наймілейшага Сына свайго, бо верым, што дабрыня Твая і літасць бязмежныя. Амэн. Чытаецца Вяночак да Божай Міласэрнасці.   Дзень дзевяты Молімся за душы абыякавыя, якія былі прычынаю цярпенняў Хрыста Пана ў садзе Аліўным: Езу найміласэрнейшы, Ты – сама лiтасць,  увядзі ў святыню Найлiтасцiвейшага Сэрца свайго ўсе абыякавыя душы. Няхай у гэтым полымi Тваёй чыстай любовi адаграюцца гэтыя зледзянелыя, да мерцвякоў падобныя душы, якiя да гэтага часу выклікалі ў Цябе агiду. О Езу найлiтасцiвейшы, магутнасцю мiласэрнасцi сваёй прыцягнi iх да агню сваёй любовi і адары іх святой любоўю, бо Ты ўсё можаш. Ойча спрадвечны, глянь вокам мiласэрнасцi сваёй на душы абыякавыя, якiя прабываюць у Найлiтасцiвейшым Сэрцы Езуса. Ойча мiласэрнасцi, прашу Цябе: праз балесную муку Сына Твайго i праз трохгадзiннае кананне Яго на крыжы дазволь, каб i яны праслаўлялi бяздоннасць мiласэрнасцi Тваёй на векi вечныя. Амэн. Чытаецца Вяночак да Божай Міласэрнасці.
13.07.2009 13:38
У сустрэчы прынялі ўдзел усе каталіцкія біскупы Беларусі на чале са старшынёй ККББ кардыналам Казімірам Свёнткам. У сувязі з юбілеямі і гадавінамі з жыцця Старшыні ККББ у 2004 г. – 90-годдзем з дня нараджэння (21 кастрычніка), 65-й гадавінай святарскіх пасвечанняў (8 красавіка), 10-годдзем кардынальскай дзейнасці (26 лістапада), 50-годдзем вызвалення з Гулагу, 50-й гадавіны працы ў Пінску – сабраныя абмеркавалі, якім чынам будуць адзначацца гэтыя важныя даты. Пачатак урачыстасцяў адбудзецца 8 красавіка ў Пінску. У Віцебскай дыяцэзіі Кс. Кардынал правядзе юбілейнае набажэнства 26 чэрвеня ў Відзах каля Браслава; у Гродзенскай дыяцэзіі – 3 ліпеня ў Марыйным дыяцэзіяльным санктуарыі ў Тракелях каля Ліды. Працяг Юбілею запланаваны на 21 кастрычніка ў Мінску. Таксама прапанавана правесці ўрачыстае набажэнства ў касцеле св. Джэрарда Маёлі ў Рыме 26-27 лістапада. Старшыня паінфармаваў сабраных аб падрыхтоўцы Паўсюднага Касцёла да ХІ Сіноду Біскупаў, які адбудзецца ў Рыме 2-29 кастрычніка 2005 г. Тэмай Сіноду будзе “Эўхарыстыя – крыніца і вяршыня жыцця і місіі Касцёла”. Старшыня паінфармаваў таксама аб працах у Касцёле над скарочанай версіяй Катэхізіса Каталіцкага Касцёла і аб прыблізным тэрміне выдання гэтай версіі (150 старонак). Віцебскі ардынарый паінфармаваў аб утварэнні ў яго дыяцэзіі касцельнага суда. З дазволу Ксяндза Кардынала другой інстанцыяй суда для Віцебскай дыяцэзіі будзе касцельны суд Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. У сувязі з небяспекай, якая існуе для жыцця чалавека на розных этапах яго развіцця і неабходнасці яго абароны сабраныя вырашылі выдаць Пастырскі ліст ККББ на гэтую тэму і абвясціць яго ва ўсіх касцёлах на Беларусі ў 3-ю Вялікодную нядзелю. Вялося абмеркаванне сацыяльнага страхавання грамадзян Беларусі, якія працуюць у рэлігійных арганізацыях. Абмяркоўваліся таксама справы, звязаныя з дапамогай, прызначанай для ахвяраў землятрусу ў Іране. Была падкрэслена ахвярнасць вернікаў і іх адкрытасць на праблемы пацярпелых. Біскуп Антоні Дзям’янка, Генеральны сакратар ККББ
15.07.2008 16:19
Вяночак да Божай Міласэрнасці Пан Езус прадыктаваў святой Фаустыне ў Вільні 13–14 верасня 1935 года як малітву для суцішвання Божага гневу і перапрашэння за грахі нашыя і ўсяго свету. «Праз гэты Вяночак ты выпрасіш усё, калі тое, аб чым просіш, будзе згодна з Маёю воляю» («Дзённік», 1731). «Калі пры паміраючым чытаюць гэты Вяночак, суцішыцца Божы гнеў, і бязмежная міласэрнасць агорне душу» («Дзённік», 811). Молімся на звычайным ружанцы. Напачатку: Ойча наш... Вітай, Марыя... Веру ў Бога... На вялікіх пацерках: Ойча Спрадвечны, ахвярую Табе Цела і Кроў, Душу і Боскасць наймілейшага Сына Твайго і Пана нашага, Езуса Хрыста, каб перапрасіць за грахі нашыя і ўсяго свету ( 1 раз ). На малых пацерках: Дзеля Яго балеснай мукі будзь міласэрны да нас і да ўсяго свету ( 10 разоў ). На заканчэнне: Святы Божа, Святы Моцны, Святы Несмяротны, – змілуйся над намі і над усім светам! ( 3 разы ) Езу, давяраю Табе. Затым можна памаліцца літанію да Божай Міласэрнасці .
13.07.2009 12:53
У Пленарным пасяджэнні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, якое прайшло 25 чэрвеня 2009 года ў памяшканні Сакратарыяту ККББ у Мінску па вул. Кальцова, 153, прынялі ўдзел усе члены ККББ. Прысутнічалі таксама Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч, сакратар Апостальскай Нунцыятуры ў Беларусі кс. прэлат Крыспін Вітальд Дубель, Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў у Беларусі кс. архімандрыт Ян Сяргей Гаек МІС. У сувязі з заканчэннем тэрміну паўнамоцтваў Старшыні, Віцэ-старшыні і Генеральнага сакратара ККББ на пачатку пасяджэння былі праведзены выбары на гэтыя пасады. Тайным галасаваннем было выбрана кіраўніцтва Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ў папярэднім складзе тэрмінам на наступныя 3 гады, згодна са статутам ККББ. Старшынём ККББ на новы тэрмін абраны Яго Эксцэленцыя Аляксандр Кашкевіч, біскуп Гродзенскі, Віцэ-старшынём — Яго Эксцэленцыя Уладзіслаў Блін, біскуп Віцебскі, Генеральным сакратаром — Яго Эксцэленцыя Антоні Дзям’янка, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Канферэнцыя Біскупаў чарговы раз выказалася аб тым, што пераклад літургічных тэкстаў павінен адпавядаць нарматывам, пададзеным у інструкцыі Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў Liturgiam authenthicam , а менавіта: пераклад літургічных тэкстаў рымскай Літургіі павінен рабіцца з лацінскай мовы і быць не столькі мастацкім творам, колькі дакладнай перадачай на нацыянальных мовах арыгінальных тэкстаў. Зробленыя пераклады літургічных тэкстаў на беларускую мову прызнаныя адпаведнымі гэтым патрабаванням. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч паведаміў прысутным аб набажэнствах, запланаваных падчас урачыстасці Маці Божай Будслаўскай, якія пройдуць 1–2 ліпеня ў Нацыянальным санктуарыі ў Будславе. Сабраныя абмеркавалі пытанні, звязаныя з падрыхтоўкай біскупаў да візіту Ad limina Apostolorum , які прызначаны на снежань бягучага года. У сувязі з Годам святарства сабраныя ўхвалілі ініцыятыву правядзення сустрэчы святароў і кансэкраваных асобаў з усёй Беларусі, якая адбудзецца ва ўспамін апекуна святароў святога Яна Марыі Віянэя 4 жніўня ў касцёле святых Сымона і Алены ў Мінску. Былі таксама абмеркаваны некаторыя іншыя справы, актуальныя для Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне.
15.07.2008 16:14
Літанія да Найсвяцейшага Сэрца Езуса Прысвячэнне роду людскога Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса Перапрашэнне Найсвяцейшага Сэрца Езуса Малітва да Хрыста Валадара qqq Абяцанні, якія даў Езус Хрыстус св. Маргарыце Марыі Алякок для тых, хто ўшаноўвае Яго Боскае Сэрца: Дам ім усе неабходныя ласкі. Згода і спакой будуць панаваць у іх сем’ях. Буду суцяшаць іх у кожным смутку. Буду для іх бяспечным прытулкам пры жыцці, а асабліва – пры смерці. Удзялю шчодрае благаслаўленне ўсім іхнім пачынанням. Грэшнікі знойдуць у Маім Сэрцы крыніцу бясконцай міласэрнасці. Абыякавыя душы стануцца адданымі. Адданыя душы хутка дойдуць да вышыняў дасканаласці. Буду благаслаўляць дамы, дзе будзе знаходзіцца і ўшаноўвацца абраз Майго Сэрца. Святарам дам сілу зрабіць чулымі самыя зацвярдзелыя сэрцы. Імёны тых, хто будзе пашыраць гэтае набажэнства, будуць упісаны ў Маё Сэрца і застануцца ў Ім назаўсёды. Абяцаю ў шчодрай міласэрнасці Майго Сэрца, што ўсіх, хто на працягу дзевяці месяцаў у першыя пятніцы будзе прымаць святую Камунію, Мая ўсемагутная любоў адорыць ласкаю шчырага пакаяння; што не памруць ні ў стане без Маёй ласкі, ні без cвятых сакрамэнтаў, і што Сэрца Маё станецца для іх бяспечным прытулкам у часіну смерці. qqq Літанія да Найсвяцейшага Сэрца Езуса Кірые, элейсон,        Хрыстэ, элейсон,  Кірые, элейсон. Хрыстэ, пачуй нас,        Хрыстэ, выслухай нас. Ойча з неба, Божа,        – змілуйся над намі. Сыне, Адкупіцель свету, Божа,        – змілуйся над намі. Духу Святы, Божа,        – змілуйся над намі. Святая Тройца, адзіны Божа,        – змілуйся над намі. Сэрца Езуса, Сына Айца Спрадвечнага,        – змілуйся над намі. Сэрца Езуса, ва ўлонні Дзевы Маці Духам Святым створанае,        – змілуйся над намі. Сэрца Езуса, са Словам Божым істотна з’яднанае,        – змілуйся над намі. Сэрца Езуса, бязмежнай велічы,        – змілуйся над намі. Сэрца Езуса, святыня Бога,        – змілуйся над намі. Сэрца Езуса, сяліба Найвышэйшага,        – змілуйся над намі. Сэрца Езуса, доме Божы і брама неба,        – змілуйся над намі. Сэрца Езуса, палымнеючае вогнішча міласці,        – змілуйся над намі. Сэрца Езуса, справядлівасці і любові скарбніца,        – змілуйся над намі. Сэрца Езуса, дабрыні і любові поўнае,        – змілуйся над намі. Сэрца Езуса, усіх цнотаў глыбіня бяздонная,        – змілуйся над намі. Сэрца Езуса, усялякай хвалы найдастойнейшае,        – змілуйся над намі. Сэрца Езуса, Валадар і з’яднанне ўсіх сэрцаў,        – змілуйся над намі. Сэрца Езуса, у якім усе скарбы мудрасці і ўмеласці,        – змілуйся над намі. Сэрца Езуса, у якім уся паўната Боства,        – змілуйся над намі. Сэрца Езуса, упадабанне Айца Нябеснага,        – змілуйся над намі. Сэрца Езуса, з паўнаты якога мы ўсе атрымалі,        – змілуйся над намі. Сэрца Езуса, прага адвечных вышыняў,        – змілуйся над намі. Сэрца Езуса, цярплівае і вялікай міласэрнасці,        – змілуйся над намі. Сэрца Езуса, шчодрае для ўсіх, хто да Цябе звяртаецца,        – змілуйся над намі. Сэрца Езуса, крыніца жыцця     і святасці,        – змілуйся над намі. Сэрца Езуса, уміласціўленне за грахі нашыя,        – змілуйся над намі. Сэрца Езуса, напоўненае знявагамі,        – змілуйся над намі. Сэрца Езуса, злачынствамі нашымі змучанае,        – змілуйся над намі. Сэрца Езуса, паслухмянае ажно да смерці,        – змілуйся над намі. Сэрца Езуса, дзідай прабітае,        – змілуйся над намі. Сэрца Езуса, крыніца ўсялякага суцяшэння,        – змілуйся над намі. Сэрца Езуса, жыццё і ўваскрашэнне нашае,        – змілуйся над намі. Сэрца Езуса, супакой і паяднанне нашае,        – змілуйся над намі. Сэрца Езуса, жывая ахвяра за грахі нашыя,        – змілуйся над намі. Сэрца Езуса, збаўленне тых, хто на Цябе спадзяецца,        – змілуйся над намі. Сэрца Езуса, надзея тых, хто ў Табе памірае,        – змілуйся над намі. Сэрца Езуса, радасць усіх святых,        – змілуйся над намі. Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету,        – даруй нам, Пане. Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету,        – выслухай нас, Пане. Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету,        – змілуйся над намі. С.: Езу ціхі і пакорны сэрцам, Н.: Учыні сэрцы нашыя да Твайго падобнымі. Молімся: Усемагутны вечны Божа, глянь на Сэрца наймілейшага Сына свайго, на хвалу і ахвяру, якую Ён складае Табе за нас, грэшных. Змілуйся над тымі, хто просіць Тваёй міласэрнасці і даруй ім у імя Сына свайго Езуса Хрыста. Які з Табою жыве і валадарыць на векі вечныя. Н.: Амэн. qqq Прысвячэнне роду людскога Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса С.: О Езу наймілейшы, Адкупіцель роду людскога, глянь на тых, хто пакорна схіляецца да падножжа Твайго алтара. Н.: Мы Твая ўласнасць і Табе належаць хочам. С.: Сёння кожны з нас шчыра аддаецца Найсвяцейшаму Сэрцу Твайму, каб яшчэ больш з’яднацца з Табою. Многія зусім не ведаюць Цябе, многія адвярнуліся ад Цябе, пагарджаючы запаведзямі Тваімі. Змілуйся над аднымі і другімі, о Езу найласкавейшы, і прытулі ўсіх да святога Сэрца свайго. Валадаром будзь нам, о Езу, – не толькі вернікам, якія ніколі не адступіліся ад Цябе, але і сынам марнатраўным, якія Цябе пакінулі. Н.: Дапамажы, каб як найхутчэй вярнуліся яны ў бацькоўскі дом і не згінулі ад нястачы і голаду. С.: Будзь Валадаром для тых, хто памылкова ці праз нязгоду адлучыўся ад Цябе, прывядзі іх да прыстанку праўды і адзінства веры, каб хутка настала адна аўчарня і адзін пастыр. Адары Касцёл Твой бяспечнаю свабодаю. Дай усім народам супакой і згоду. Учыні, каб на ўсёй зямлі, ад краю да краю, адзін узносіўся голас. Н.: Хвала Божаму Сэрцу, праз якое прыйшло для нас збаўленне. Яму хвала і пашана навекі. Амэн. qqq Перапрашэнне Найсвяцейшага Сэрца Езуса С.: Пане Езу Хрыстэ, мы, што сабраліся ў гэтай святыні, хочам пакланіцца Твайму Найсвяцейшаму Сэрцу, поўнаму бязмежнай любові. Усведамляючы сваю няўдзячнасць і зневажанне Тваёй любові, хочам перапрасіць Цябе за нашыя грахі. С.: За грэх бязвер’я, за знішчэнне веры ў сэрцах дзяцей і моладзі, за пагарджанне Тваімі запаведзямі ў нашым асабістым і грамадскім жыцці, за тое, што хоць і з’яднаныя мы з Табою праз святы хрост, але не імкнемся больш пазнаць і палюбіць Цябе. Н.: Даруй, Пане, даруй народу Твайму, бо навекі міласэрнасць Твая. С.: За знявагу святаў, за непатрэбную працу ў нядзелю і святочныя дні, а таксама за марнаванне часу коштам святой Імшы і нягоднае прыманне святой Камуніі, за ўсялякую абыякавасць у адносінах да Цябе, які прысутнічаеш у Найсвяцейшым Сакрамэнце. Н.: Даруй, Пане, даруй... С.: За разбіццё сужэнстваў і парушэнне сужэнскай вернасці, за забойства ненароджаных дзяцей, за грахі п’янства, за распусту і за кожны дрэнны прыклад, які мы далі нашым бліжнім. Н.: Даруй, Пане, даруй... С.: За нешанаванне грамадскай маёмасці, за несумленнасць у працы, за ўсялякую нядобразычлівасць і абыякавасць да патрэбаў людзей, за ўсё, што супярэчыць Тваёй запаведзі любові. Н.: Даруй, Пане, даруй... С.: За недахоп мужнасці ў вызнаванні Цябе і адказнасці за Твой Касцёл, за тое, што ставілі матэрыяльныя каштоўнасці вышэй за Цябе, за абыякавасць бацькоў і дарослых да хрысціянскага выхавання дзяцей і моладзі, за тое, што не сведчым аб Табе ў свеце, які нас акружае. Н.: Даруй, Пане, даруй... С.: Пане, пачуй малітвы нашыя. Н.: А просьбы нашыя няхай да Цябе дойдуць. Молімся: Сэрца Езуса, найдастойнейшае любові, у знак нашай удзячнасці і дзеля направы крыўды, нанесенай Табе праз нашыя правіны, аддаем Табе нашыя сэрцы і абяцаем, з ласкі Тваёй больш ніколі не абражаць Цябе. Просім, умацуй нас у гэтым пастанаўленні. Н.: Амэн. qqq Малітва да Хрыста Валадара Пане Езу Хрыстэ, прызнаем Цябе за Валадара сусвету. Усё, што сталася, створана для Цябе. Ажыццяўляй адносна нас усе Твае правы. Аднаўляем абяцанні, якія мы давалі ў час хросту. Выракаемся сатаны і ўсялякай яго пыхі, і ўсіх спраў ягоных і абяцаем жыць, як належыць добрым хрысціянам, а перадусім абавязваемся рабіць усё дзеля таго, каб перамаглі правы Бога і Твайго Касцёла. Боскае Сэрца Езуса, ахвяруем Табе нашыя добрыя памкненні дзеля таго, каб усе сэрцы прызналі Тваю святую каралеўскую ўладу і каб Валадарства Твайго супакою ўмацавалася ва ўсім свеце. Амэн.
13.07.2009 13:03
Дарагія браты ў святарстве! У адпаведнасці з рашэннем Святога Айца Бэнэдыкта XVI, 19 чэрвеня 2009 года ў паўсюдным Касцёле распачнецца Год святарства, дэвіз якога — «Вернасць Хрыста, вернасць святара». Ён будзе ўрачыста распачаты падчас Нешпараў урачыстасці Найсвяцейшага Сэрца Езуса. У Рым прыбудуць рэліквіі святога Яна Марыі Віянэя, які ў Год святарства будзе абвешчаны апекуном усіх святароў у свеце. Запланавана таксама публікацыя зборніка выказванняў Святога Айца на тэму жыцця і місіі святароў у наш час. Рыхтуючыся да гэтых падзеяў, мы жадаем нанава асэнсаваць велізарную ролю святароў у фармаванні рэлігійнага і грамадскага жыцця. Аднак выкананне гэтага задання залежыць ад духоўнай дасканаласці святара, ад яго асабістай святасці. Менавіта з гэтага павінны браць пачатак усе іншыя яго справы і дзеянні. Асабліва таму, што сучасны свет часта зводзіць людзей на аблудныя шляхі. На жаль, некаторыя святары таксама даюць сябе звесці. Таму мы далучаемся да словаў Слугі Божага Яна Паўла ІІ і настойліва просім усіх вас, дарагія браты ў святарстве: «Падобна да Езуса, <святар> павінен адмовіцца ад усялякай палітычнай дзейнасці, асабліва тады — а гэта амаль заўсёды непазбежна, — калі гэтая палітыка мае прадузяты характар, каб заставацца чалавекам для ўсіх на падставе братэрства, а таксама, калі гэта будзе прынята, духоўнага айцоўства» ( Генеральная аўдыенцыя, 28 ліпеня 1993 г. ). Таксама і Кангрэгацыя па справах духавенства выразна падкрэслівае, што «святар, з’яўляючыся служыцелем Касцёла, які з прычыны сваёй універсальнасці і каталіцкасці не можа звязвацца з аніякімі гістарычнымі абставінамі, павінен стаяць вышэй за любыя палітычныя прыхільнасці» ( Дырэкторый пра служэнне і жыццё святароў, 33 ). Папа Бэнэдыкт XVI даносіць да духавенства думку, што «вернікі чакаюць ад святароў толькі аднаго: каб яны былі спецыялістамі ў галіне сустрэчы чалавека з Богам. Ад святара не патрабуецца, каб ён быў прафесіяналам у эканамічных, будаўнічых ці палітычных справах. Ад яго чакаюць толькі аднаго — а менавіта, каб ён быў прафесіяналам у сферы духоўнага жыцця» ( Прамова ў варшаўскай катэдры, 25 мая 2006 г. ). Настойліва заахвочваем усіх вас няспынна звяртацца да вытокаў і быць з Хрыстом. Пакліканне да святарства і сакрамэнтальнага жыцця — гэта незвычайны Божы дар, што з’яўляецца праяваю вялікага плана Любові і Збаўлення, які Бог мае для кожнага чалавека і для ўсяго чалавецтва. Святы Павел, якога мы асаблівым чынам узгадваем у Год, прысвечаны яму, так піша ў Пасланні да Эфесцаў: «Благаслаўлёны Бог і Айцец Пана нашага Езуса Хрыста, які благаславіў нас у Хрысце ўсялякім духоўным благаслаўленнем на нябёсах, бо Ён выбраў нас у Ім перад стварэннем свету, каб мы былі святымі і беззаганнымі перад Ім у любові» ( Эф 1, 3–4 ). Дарагія браты ў святарстве, не паддавайцеся страху перад абліччам цяжкасцяў ці сумненняў. Памятайце пра вашае галоўнае заданне, даверанае вам Хрыстом — навучаць народы, і не дайце звесці сябе на аблудныя шляхі! Майце давер да Бога і верна ідзіце за Езусам, і так станеце сведкамі радасці, што струменіць з блізкай еднасці са Збаўцам. Ад усяго сэрца благаслаўляем усіх вас і тых, каму вы служыце. Каталіцкія біскупы Беларусі
15.07.2008 16:07
Малітоўныя заклікі Літанія да Найсвяцейшай Тройцы Малітва да Найсвяцейшай Тройцы Малітва св. Аўгустына да Найсвяцейшай Тройцы qqq Малітоўныя заклікі С.: У імя Айца і Сына, і Духа Святога. Н.: Амэн. Бог Айцец нас стварыў, Бог Сын нас адкупіў, Бог Дух Святы нас асвячае. Альбо Перакананыя ў гэтых бясконцых ласках, у духу ўдзячнасці і пакорнай просьбы молімся да Найсвяцейшай Тройцы: Цябе заклікаем, Цябе просім, о Найсвяцейшая Тройца! Н.: Цябе заклікаем, Цябе просім, о Найсвяцейшая Тройца! – Ратуй стварэнне, дай  суцяшэнне! – Спашлі Духа свайго ў сэрца маё! – Дапамажы ў патрэбе таму, хто просіць Цябе! – Даруй нам правіны дзеля Тваёй літасці! – Адхiлі голад, войны, учыні час спакойным! – Дай дар любові і пабожнасці! – Давай шчасце Твайму люду як свайму! – Сцеражы ў ім жывых, барані канаючых! – Дай нам быць у небе, просім Цябе! С.: Благаслаўлёны Ты, Пане, на небе. Н.: Праслаўлены і годны бясконцай хвалы навекі. С.: Пане, выслухай малітву нашу. Н.: А просьбы нашыя няхай да Цябе дойдуць. Альбо С.: Вызнаем нашую веру ў Бога ў Святой Тройцы Адзінага, паўтараючы: верым у Цябе. Н.: Верым у Цябе. – Божа Ойча ўсемагутны, які ў сваёй спрадвечнай мудрасці стварыў сусвет і няспынна яго аднаўляеш. – Божа Ойча, які ў сваёй бясконцай міласэрнасці справядліва кіруеш усім светам. – Сыне Божы, які з невыказнай любові да чалавека стаўся ва ўсім падобным да нас, акрамя граху. – Сыне Божы, які аддаў сваё жыццё на крыжы, каб збавіць чалавецтва. – Духу Святы, які сваім святлом адорваеш людзей ва ўсе часы. – Духу Святы, які ствараеш чыстыя сэрцы і напаўняеш іх любоўю. С.: Няхай будзе праслаўлена Найсвяцейшая Тройца і непадзельная еднасць, бо аб’явіла нам сваю міласэрнасць. Н.: Амэн. qqq Літанія да Найсвяцейшай Тройцы (для прыватнага чытання) Кірые, элейсон, Хрыстэ, элейсон, Кірые, элейсон. Хрыстэ, пачуй нас, Хрыстэ, выслухай нас. Ойча з неба, Божа,        – змілуйся над намі. Сыне, Адкупіцель свету, Божа,        – змілуйся над намі. Духу Святы, Божа,        – змілуйся над намі. Святая Тройца, адзіны Божа,        – змілуйся над намі. Найсвяцейшая Тройца, адзіны Божа, праз якога і ў якім усё існуе,        – змілуйся над намі. Найсвяцейшая Тройца, адзіны Божа, які Провідам сваім як Айцец усім кіруеш,        – змілуйся над намі. Найсвяцейшая Тройца, адзіны Божа, літасцівы, цярплівы і вялікай міласэрнасці,        – змілуйся над намі. Найсвяцейшая Тройца, адзіны Божа, Валадар над валадарамі, Пан над усімі пануючымі,        – змілуйся над намі. Найсвяцейшая Тройца, адзіны Божа, які не жадаеш згубы грэшнага чалавека,        – змілуйся над намі. Найсвяцейшая Тройца, адзіны Божа, які тых, хто пакутуе, атуляеш сваёю ласкаю,        – змілуйся над намі. Найсвяцейшая Тройца, адзіны Божа, імя якога – Бясконцая Міласэрнасць,         – змілуйся над намі. Будзь да нас літасцівы, – даруй нам, Пане. Будзь да нас літасцівы, – выслухай нас, Пане. Ад зла ўсялякага        – выбаў нас, Пане. Ад пажару, голаду, вайны і заразы        – выбаў нас, Пане. Ад раптоўнай і неспадзяванай смерці        – выбаў нас, Пане. Праз усемагутнасць Тваю, Бога Айца і Стварыцеля нашага,        – выбаў нас, Пане. Праз уцелаўленне, муку і смерць Тваю, Бога Сына, Збаўцы нашага,        – выбаў нас, Пане. Праз асвячэнне Тваё, Бога Духа Святога, Суцяшыцеля нашага,        – выбаў нас, Пане. Праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі і ўсіх святых Тваіх        – выбаў нас, Пане. Мы, нягодныя стварэнні Твае, просім Цябе        – выслухай нас, Пане. Каб мы Цябе, Бога нашага, усім сэрцам, усёю душою і ўсёю моцаю нашаю любілі,        – выслухай нас, Пане. Каб мы запаведзі Твае і навуку верна захоўвалі,        – выслухай нас, Пане. Каб згоду і супакой паміж уладаю і людзьмі        – выслухай нас, Пане. Ты памножыць меў ласку,        – выслухай нас, Пане. Каб край наш ад усялякіх суровых пакаранняў Тваёй справядлівасці захаваць меў ласку,        – выслухай нас, Пане. Каб нам грахі нашыя адпусціць і да хвалы Твайго Валадарства прыняць меў ласку,        – выслухай нас, Пане. Святы Божа, Святы Моцны, Святы Несмяротны,        – даруй нам, Пане. Святы Божа, Святы Моцны, Святы Несмяротны,        – выслухай нас, Пане. Святы Божа, Святы Моцны, Святы Несмяротны,         – змілуйся над намі. Молімся: Усемагутны вечны Божа, які даў сваім слугам у вызнаванні сапраўднай веры пазнаць хвалу Тройцы вечнай і ў сіле велічы ўслаўляць еднасць Боскасці, пакорна просім, каб мы сілаю гэтай веры заўсёды былі захаваныя ад усялякай небяспекі. Які жывеш і валадарыш на векі вечныя. Усе: Амэн. qqq Малітва да Найсвяцейшай Тройцы Дзякуем Табе, Божа, што меў ласку аб’явіць нам праўду аб сабе, адзіным Богу, які жывеш у Трох Асобах. Спрадвечны, святы і ўсемагутны Божа Ойча, спрадвечны, святы і ўсемагутны Сыне Божы, спрадвечны, святы і ўсемагутны Духу Святы, няхай праслаўляюць Цябе ўсе народы. Божа, у Тройцы адзіны, веру, што Ты прабываеш у нас дзякуючы асвячальнай ласцы, веру, што, атрымліваючы Божае жыццё, мы прымаем таксама і Цябе. Божа, Ты робіш нас высакароднымі, асвячаеш нас і ўзвышаеш, каб станавіліся мы годным памяшканнем для Цябе. Дзякуем Табе за гэтую вялікую ласку. Святы Божа, пакорна просім Цябе: кіруй намі, падтрымлівай у нас веру ў Тваю прысутнасць, дапамагай нам, каб ва ўсіх учынках мы памяталі пра сваю годнасць і праз хрысціянскае жыццё выказвалі сваю ўдзячнасць за ласку Твайго, Божа, жыцця ў нас. Удзяляй нам таксама, Божа ў Тройцы адзіны, вялікі дар трывання ў добрым да канца свайго жыцця, а пасля дазволь нам сузіраць Цябе тварам у твар, жыць з Табою вечна і цешыцца бясконцым прабываннем з Табою. Амэн. qqq Малітва св. Аўгустына да Найсвяцейшай Тройцы Усемагутны Пане, у Тройцы адзіны Божа, які быў, ёсць і будзеш навекі! Табе давяраю сёння і на ўсе часы душу, цела, пачуцці мае, усе думкі мае, словы і ўчынкі, веру і нястомнасць у добрым, каб Ты сцярог іх кожную хвіліну майго жыцця. Выслухай мяне, о Найсвяцейшая Тройца, і абарані мяне ад усялякага зла, асабліва ад кожнай нявернасці ў адносінах да Цябе, ад усіх нагодаў да граху і ад усіх бачных і нябачных непрыяцеляў. Прашу аб гэтым праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі, праз малітвы святых патрыярхаў, заступніцтва святых Апосталаў, вернасць мучанікаў, чыстасць паннаў і заслугі Тваіх выбраных слугаў. Амэн.
13.07.2009 13:06
Мінск, 03.04.2009 г . Да ўвагі ўсіх святароў Рыма-каталіцкага Касцёла на Беларусі і каталіцкіх выдавецтваў Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі перадае да ведама вялебных святароў, а праз іх — усіх вернікаў, змест Ліста да Святога Айца Бэнэдыкта XVI , які быў прыняты на чарговым пасяджэнні ККББ 3 красавіка гэтага года і дасланы найдастойнейшаму адрасату. У лісце падаецца душпастырская праграма «Салідарныя з Папам», якая будзе рэалізавана да канца 2009 года. У гэтым дакуменце мы звяртаемся з заклікам да ўсіх, названых у Лісце , творча ажыццяўляць канкрэтную праграму, асвятляючы некаторыя яе пункты. Для кожнай дыяцэзіі вызначаны свой тыдзень, названы «Чуванне з Папам», падчас якога душпастыры павінны ў сваіх асяродках арганізаваць малітву ў інтэнцыі Святога Айца Бэнэдыкта XVI, а таксама знаёміць вернікаў з яго біяграфіяй і вучэннем. Кожны душпастыр арганізуе Папскі тыдзень у адпаведнасці са сваімі магчымасцямі і магчымасцямі вернікаў. Душпастыр архікатэдральнай парафіі павінен будзе паклапаціцца пра тое, каб у кожную першую нядзелю месяца святая Імша, якая транслюецца па радыё, цэлебравалася ў інтэнцыі Святога Айца, а святароў, якія будуць яе цэлебраваць, просім абвяшчаць у гаміліі папскае веравучэнне. Сёлетнія пілігрымкі ў дыяцэзіяльныя Марыйныя санктуарыі павінны насіць папскі характар. У абвяшчэнні папскага веравучэння трэба выкарыстоўваць энцыклікі, пасланні, і прамовы, з якімі можна пазнаёміцца на беларускай мове, а таксама па-руску і па-польску. Для зручнасці ў дадатку падаецца Бібліяграфічны каталог папскіх выказванняў, змешчаных на старонках часопісаў «Ave Maria» і «Дыялог». Акрамя таго, багатаю крыніцаю Папскага вучэння з’яўляецца часопіс L’Osservatore Romano , які выходзіць на многіх мовах, у тым ліку па-польску, Wiadomości KAI і Інтэрнэт. Дэканы ў выпадку патрэбы павінны аказваць дапамогу душпастырам сваіх дэканатаў у атрыманні папскага вучэння з пералічаных крыніцаў. Падчас тыдняў «Чуванне з Папам» было б добра змяшчаць партрэт Папы ў святынях на бачным месцы. «Салідарныя з Папам» — гэта першая праграма Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, цалкам прысвечаная Бэнэдыкту XVI. У Лісце сказана, што яе рэалізацыя стане для нас таксама «працягам падрыхтоўкі да доўгачаканай сустрэчы з Пятром нашага часу на беларускай зямлі». У сувязі з гэтым узнікае патрэба сабраць душпастырскі вопыт, карысны для распрацоўкі наступнай папскай праграмы. Выпрабаванаю формаю збору вопыта з’яўляецца хроніка душпастырскай дзейнасці паасобных парафій, санктуарыяў, міжпарафіяльных і дыяцэзіяльных падзей і г. д. Гэтым разам можна скласці парафіяльную хроніку пад назваю «Салідарныя з Папам 2009» (фармат А 4), у якой можна было б змясціць, напрыклад, праграму паасобных тыдняў (усяго іх запланавана сем), фотахроніку розных момантаў у рэалізацыі парафіяльнай папскай праграмы, творы мясцовай самадзейнасці (напрыклад, вершы), конкурс ведаў пра Папу і інш. Святары перададуць хронікі біскупам на першай малітоўнай сустрэчы духавенства ў 2010 годзе. Даручаючы вялебным святарам і ўсім, названым у Лісце , выкананне такіх важных душпастырскіх заданняў, спадзяемся, што любоў да Святога Айца і апостальскі запал падкажуць шмат творчых задумаў, магчымых для ажыццяўлення, дзеля будавання адзінства з Пятром нашага часу. На радасную і плённую рэалізацыю праграмы «Салідарныя з Папам» благаслаўляем біскупы Каталіцкага Касцёла ў Беларусі
15.07.2008 16:03
Літанія да Духа Святога Малітва да Духа Святога Малiтва аб сямi дарах Духа Святога qqq Літанія да Духа Святога (для прыватнага чытання) Кірые, элейсон,        Хрыстэ, элейсон, Кірые, элейсон. Хрыстэ, пачуй нас,        Хрыстэ, выслухай нас. Ойча з неба, Божа,        – змілуйся над намі. Сыне, Адкупіцель свету, Божа,        – змілуйся над намі. Духу Святы, Божа,        – змілуйся над намі. Святая Тройца, адзіны Божа,        – змілуйся над намі. Духу Святы мудрасці,        – змілуйся над намі. Духу Святы розуму,        – змілуйся над намі. Духу Святы рады,        – змілуйся над намі. Духу Святы мужнасці,        – змілуйся над намі. Духу Святы ўмеласці,        – змілуйся над намі. Духу Святы пабожнасці,        – змілуйся над намі. Духу Святы боязі Божай,        – змілуйся над намі. Духу Святы,     Святло прарокаў і Апосталаў,        – змілуйся над намі. Духу Святы, наш Суцяшыцелю,        – змілуйся над намі. Будзь да нас літасцівы,        – даруй нам, Духу Святы, Божа. Будзь да нас літасцівы,        – выслухай нас, Духу Святы, Божа. Ад празмернага спадзявання на Божую міласэрнасць,        – выбаў нас, Духу Святы, Божа. Ад усялякай роспачы і сумнення ў Божай ласцы,        – выбаў нас, Духу Святы, Божа. Ад супраціўлення спазнанай праўдзе веры,        – выбаў нас, Духу Святы, Божа. Ад зайздрасці бліжняму, які мае Божую ласку,        – выбаў нас, Духу Святы, Божа. Ад закамянеласці сэрца,        – выбаў нас, Духу Святы, Божа. Ад смерці без пакаяння,        – выбаў нас, Духу Святы, Божа. Ад усялякіх злых і распусных учынкаў і думак,        – выбаў нас, Духу Святы, Божа. Ад раптоўнай і неспадзяванай смерці,        – выбаў нас, Духу Святы, Божа. Ад кары вечнай,        – выбаў нас, Духу Святы, Божа. Праз цудадзейную справу Тваю пры зачацці Езуса Хрыста,        – выбаў нас, Духу Святы, Божа. Праз прыйсце Тваё ў языках вогненных,        – выбаў нас, Духу Святы, Божа. Мы, грэшныя, Цябе просім,        – выслухай нас, Духу Святы, Божа. Каб Касцёл  Твой святы накіроўваць і захоўваць у згодзе меў ласку,        – выслухай нас, Духу Святы, Божа. Каб нас у пабожнасці і пакоры ўзмацніць меў ласку,        – выслухай нас, Духу Святы, Божа. Каб нас сталасцю і мужнасцю адарыць меў ласку,        – выслухай нас, Духу Святы, Божа. Каб думкі нашыя да жадання нябесных спраў узнесці меў ласку,        – выслухай нас, Духу Святы, Божа. Каб нас ачысціць і для годнага жыцця дзеля Цябе прысвяціць меў ласку,        – выслухай нас, Духу Святы, Божа. Каб нас у цярпенні нашым суцешыць меў ласку,        – выслухай нас, Духу Святы, Божа. Каб нас у міласці сваёй упэўніць меў ласку,        – выслухай нас, Духу Святы, Божа. Каб нас усіх да хвалы вечнай давесці меў ласку,        – выслухай нас, Духу Святы, Божа. Каб мы Цябе любілі і дзеля Цябе грахоў асцерагаліся,        – выслухай нас, Духу Святы, Божа. Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету,        – даруй нам, Пане. Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету,        – выслухай нас, Пане. Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету,        – змілуйся над намі. С.: Сэрца чыстае ствары ўва мне, Божа. Н.: І духа справядлівасці аднаві ў душы маёй. С.: Пане, выслухай малітвы нашыя. Н.: А просьбы нашыя няхай да Цябе дойдуць. Молімся: Прыйдзі, Духу Святы, напоўні сэрцы сваіх верных і запалі ў іх агонь Тваёй любові, які сабраў усе народы ў адзінстве веры, каб Твая ласка асвяціла нашыя сэрцы і ахоўвала нас ад усялякага зла. Праз Хрыста, Пана нашага. Н.: Амэн. qqq Малітва да Духа Святога Духу Святы, які сышоў у самым пачатку Касцёла на Апосталаў і верных, каб асвяціць іх розум, запаліць сэрцы і ўмацаваць у веры. Просім Цябе: будзь заўсёды таксама з намі, напаўняй нас Тваімі дарамі, прасвятляй у сумненнях, суцяшай у смутку, ратуй у небяспецы, выбаўляй ад памылак, падымай пры падзенні, кіруй намі мудрасцю Тваёй, яднай нас узаемнай хрысціянскай любоўю, каб усе мы жылі ў згодзе і святой еднасці як адна Божая сям’я. Давядзі ўсіх нас да шчаслівай вечнасці, каб там з усімі анёламі і святымі мы выказвалі Табе ўдзячнасць і хвалу на векі вечныя. Амэн. Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу... qqq Малiтва аб сямi дарах Духа Святога Дух Найсвяцейшы, Суцяшыцель, які асвячаеш душы нашыя! Дай мне дар мудрасці , каб асягнуў я і палюбіў спрадвечную Праўду і ніколі не аддаваў перавагі багаццям гэтага свету перад вечнымі. Асвяці мяне дарам розуму , каб спасціг, наколькі дазваляе недасканаласць людская, абвешчаныя Табою праўды веры. Асвяці мяне дарам рады , каб быў разважлівым пры небяспецы жыцця на зямлі і здзяйсняў волю Божую. Дай мне дар мужнасці , каб перамагаў спакусы ворага і пераносіў магчымы пераслед. Адары ўмеласцю , каб пераканаўся я ў сваёй нязначнасці і ў велічы спраў, Табою створаных. Каб усё адносіў да Бога паводле пачуццяў Сэрца Езуса і пагарджаў марнасцю гэтага свету. Дай мне дар пабожнасці , каб прывіў у сабе любоў да разважання ў малітве і ў тым, што адносіцца да службы Божай. Дай мне дар боязі Божай , каб старанна ўхіляўся ад усяго, што магло б пакрыўдзіць Цябе, каб баяўся граху больш, чым смерці, і гэта толькі з-за любові да Цябе. Да гэтых усіх дароў, о Духу Святы, дай дар пакаяння, каб аплакваў грахі свае і мог задаволіць Божую справядлівасць. Напоўні, Духу Святы, сэрца маё Божай любоўю, ласкаю і вытрымкаю, каб жыў я па-хрысціянску і памёр Амэн.
13.07.2009 13:12
У пасяджэнні прынялі ўдзел усе каталіцкія біскупы Беларусі на чале са старшынёй ККББ кардыналам Казімірам Свёнткам. Старшыня падагульніў візіт біскупаў «ad limina», які меў месца 10-16 лютага бягучага года, у 3 аспектах: Папскім, літургічна-рэлігійным і адміністрацыйна-справаздаўчым. Абмяркоўвалася, якім чынам Касцёл на Беларусі прыме ўдзел у святкаванні 25-гадовага юбілею Пантыфікату Папы Яна Паўла ІІ, што адзначаецца ў гэтым годзе. Разглядалася магчымасць арганізацыі пілігрымкі ў Рым, а таксама ўключэння адпаведных тэм у катэхезу і каталіцкія сродкі масавай інфармацыі. У сувязі з абвяшчэннем Года Ружанца таксама пастаноўлена заахвоціць чытаць ружанец у малітоўных групах у інтэнцыі Святога Айца. Канферэнцыя зацвердзіла пераклад на беларускую мову «Missale Romanum. Editio typica III», які быў прадстаўлены Мінска-Магілёўскай Мітрапалітальнай камісіяй па перакладзе літургічных тэкстаў. Пасля таго, як Кангрэгацыя па справах Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў зацвердзіць яго, гэты Імшал будзе абавязковым для карыстання ва ўсіх касцёлах нашай краіны. Старшыня ККББ паведаміў аб перакладзе на беларускую мову Апостальскага ліста «Rosarium Virginus Mariae» і аб выданні 2000 экземпляраў гэтага Ліста. Дырэктар Нацыянальнага Caritas зрабіў справаздачу аб дзейнасці Caritas за 2002 год. Сабраныя абмеркавалі правядзенне Агульнанацыянальнага дня Caritas у 3-ю нядзелю Вялікага посту. Біскупы разгледзелі і адобрылі тэкст касцёльных запаведзяў. Пасля зацвярджэння гэтага тэксту Кангрэгацыяй веравучэння новая фармулёўка касцёльных запаведзяў будзе абвешчана вернікам усёй краіны. Было прынята рашэнне аб змяшчэнні інтэрнэт-сайта ККББ з адпаведнай інфармацыяй з кожнай дыяцэзіі. Афіцыйным сайтам Каталіцкага Касцёла на Беларусі з’яўляецца сайт: www.catholic.by. Былі абмеркаваны таксама іншыя душпастырскія патрэбы Касцёла на Беларусі. 3 сакавіка 2003 г., г. Пінск  
15.07.2008 16:02
Святая гадзіна адбываецца ў касцёле перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам альбо асабіста – на ўспамін малітвы Хрыста ў садзе Аліўным. Ахвяруецца ў інтэнцыі суцяшэння Божага Сэрца, якое вельмі цярпела ў садзе Аліўным за нашыя грахі. Вызнанне веры С.: Верым, Пане Езу Хрыстэ, што з бясконцай любові да нас Ты ўстанавіў Найсвяцейшы Сакрамэнт. Н.: О Езу, умацуй веру нашу! С.: Верым, што ў кожнай Імшы святой праз святарскае служэнне перамяняеш сваёю ўсемагутнасцю хлеб і віно ў Цела і Кроў сваю! Н.: О Езу, умацуй веру нашу! С.: Верым, што ў гэтай Найсвяцейшай Гостыі прысутнічаеш з Целам і Крывёю, Душою і Боствам як наш Бог і Збаўца! Н.: О Езу, умацуй веру нашу! С.: Верым, бо Ты сам гэта аб’явіў, бо так вучыць Твой святы Каталіцкі Касцёл! Н.: О Езу, умацуй веру нашу! С.: Верым больш, чым калі б бачылі Цябе вочы нашыя і рукі дакраналіся да ранаў Тваіх, бо пачуцці падмануць нас могуць, а вера – ніколі. Н.: О Езу, умацуй веру нашу! С.: О Езу, умацуй веру нашу, каб бачылі мы Цябе не толькі вачыма веры, але і вачыма любові, і былі заўсёды мілымі Сэрцу Твайму. Н.: Амэн. Ушанаванне С.: З найглыбейшаю вераю, пакораю і любоўю схіляемся да ног Тваіх, Божа ўсемагутны, і аддаем Табе пашану. Ушаноўваем Боства і Уцелаўленне Тваё, укрытае ў постаці хлеба. Н.: Прымі, Езу, нашу глыбокую пашану! С.: Ушаноўваем цела Тваё, за нас укрыжаванае, і кроў Тваю, за нас пралітую. Н.: Прымі, Езу, нашу глыбокую пашану! С.: Ушаноўваем Сэрца Тваё, для нас заўсёды адкрытае. Н.: Прымі, Езу, нашу глыбокую пашану! С.: Ушаноўваем Цябе за сябе і за тых, хто Цябе не ведае альбо, яшчэ горш, – словам і жыццём зневажае Цябе. Н.: Прымі, Езу, нашу глыбокую пашану! С.: Ушаноўваем Цябе з усімі душамі на зямлі і ў чыстцы, разам са святымі і анёламі ў небе, разам з Каралевай нашай Багародзіцай Марыяй. Н.: Прымі, Езу, нашу глыбокую пашану! С.: Ушаноўваем Цябе, Сыне Бога жывога, з Айцом і Духам Святым. Н.: Няхай будзе праслаўлёны Найсвяцейшы Сакрамэнт, цяпер і заўсёды, і на векі вечныя. Амэн. Удзячнасць С.: Прымі, о Езу, нашу ўдзячнасць за ўсе ласкі, асабліва за гэты бясцэнны дар Тваёй любові, за тое, што ўстанавіў Найсвяцейшы Сакрамэнт. Н.: Дзякуем Табе, Пане Езу! С.: За тое, што дваццаць вякоў ахвяруешся штодзённа на кожным алтары. Н.: Дзякуем Табе, Пане Езу! С.: За тое, што прысутнічаеш няспынна ў кожным касцёле ва ўсім свеце. Н.: Дзякуем Табе, Пане Езу! С.: За тое, што нас паклікаў да свайго Вячэрніка, якім з’яўляецца Твой святы Касцёл, і дазваляеш нам удзельнічаць у Вячэры нябеснай. Н.: Дзякуем Табе, Пане Езу! С.: За тое, што прымаеш нашыя пакланенні, слухаеш нашыя просьбы і благаслаўляеш Твой люд. Н.: Дзякуем Табе, Пане Езу! Перапрашэнне С.: Пане Езу, Божа ўсемагутны, з глыбіні сэрцаў нашых перапрашаем Цябе за ўсе знявагі, якія ад пачатку аж дагэтуль церпіш, за ўсе грахі, блюзнерствы і святатацтвы. Н.: Перапрашаем Цябе, Божа! С.: За ўсе занядбанні нядзельнай святой Імшы. Н.: Перапрашаем Цябе, Божа! С.: За занядбанне Велікоднай святой Камуніі, а таксама за недастойнае альбо непабожнае прыманне Цела і Крыві Тваёй. Н.: Перапрашаем Цябе, Божа! С.: За ўсялякія знявагі, учыненыя ў святынях Тваіх. Н.: Перапрашаем Цябе, Божа! С.: За ўсе грахі і нявернасць нашу. Н.: Перапрашаем Цябе, Божа! С.: За ўсялякую няўдзячнасць людскую. Н.: Перапрашаем Цябе, Божа! Ахвяраванне С.: Ахвяруем Твайму Божаму Сэрцу сябе саміх і ўсё, што маем, як і Ты аддаў нам сябе самога. Ахвяруем розум, каб Цябе ўсё лепш спасцігаў, і сэрца, каб Цябе ўсё мацней любіла, і волю, каб Тваёй волі усё больш верна служыла, і ўсё жыццё нашае, каб на хвалу Тваю палымнела, і ўсю вечнасць нашу, каб вечна шанаваць і любіць Цябе бясконца. Нашу шчырую волю ахвяры выказваем словамі: «У рукі Твае аддаю, Божа, сябе самога, жыццё і смерць маю». Н.: У рукі Твае аддаю, о Пане Божа! С.: Усе мае імкненні, намеры і працу. Н.: У рукі Твае аддаю, о Пане Божа! С.: Усе мае радасці і смуткі. Н.: У рукі Твае аддаю, о Пане Божа! С.: Удачы і няўдачы мае. Н.: У рукі Твае аддаю, о Пане Божа! С.: Усіх, каго люблю і хто мяне любіць. Н.: У рукі Твае аддаю, о Пане Божа! С.: Прыяцеляў, іх дабро і пасвячэнне, ворагаў і паяднанне нашае. Н.: У рукі Твае аддаю, о Пане Божа! С.: Сем’і нашы і ўсё грамадства. Н.: У рукі Твае аддаю, о Пане Божа! С.: Касцёл Твой і Святога Айца. Н.: У рукі Твае аддаю, о Пане Божа! С.: Галодных, прагнучых, асірацелых і бяздомных. Н.: У рукі Твае аддаю, о Пане Божа! Ойча наш... Суплікацыя Святы Божа, Святы Моцны, Святы Несмяротны, змілуйся над намі! ( Паўтараецца тройчы. ) Ад пажару, голаду, вайны і заразы,        – барані нас, Божа! Ад раптоўнай і неспадзяванай смерці,        – сцеражы нас, Божа! Каб Касцёл свой святы каталіцкі бараніць і ўзвышаць меў ласку,        – Цябе просім, Божа! Каб Айца Святога і ўсе духоўныя станы ў пабожнай еднасці захаваць меў ласку,          – Цябе просім, Божа! Каб нас у святой службе Тваёй умацаваць меў ласку,        – Цябе просім, Божа! Каб нас да шчырага пакаяння давесці меў ласку,        – Цябе просім, Божа! Каб ураджай даць і захаваць яго меў ласку,        – Цябе просім, Божа! Мы, грэшныя, Цябе, Бога, просім,        – выслухай нас, Божа! О, Езу, Езу, Езу,        – змілуйся над намі! О, Марыя, Панна і Маці Божая,        – заступіся за нас! Малітва праслаўлення Хай будзе Бог праслаўлёны. Хай славіцца імя Яго святое. Хай будзе праслаўлёны Езус Хрыстус,        сапраўдны Бог і Чалавек сапраўдны. Хай будзе ўзвялічана імя Хрыстова. Хай будзе праслаўлена        Найсвяцейшае Сэрца Езуса. Хай будзе праслаўлена        Найдаражэйшая Кроў Езуса. Хай будзе ўзвялічаны Езус Хрыстус        у Найсвяцейшым Сакрамэнце. Хай будзе праслаўлены        Дух Святы Суцяшыцель. Хай будзе ўшанавана        Найсвяцейшая Панна Марыя. Хай будзе ўшанавана        Яе святое і беззаганнае зачацце. Хай будзе ўшанавана        поўнае хвалы Яе ўнебаўзяцце. Хай будзе ўшанавана        імя Марыі, Панны і Маці. Хай будзе ўшанаваны святы Юзаф,        Яе прачысты абраннік. Хай славіцца Бог у сваіх анёлах        і ўсіх святых. Амэн.
13.07.2009 13:15
Дарагія святары і ўмілаваны люд Божы! Касцёл Хрыстовы ад пачатку свайго існавання выконваў заданні, даручаныя яму сваім Заснавальнікам. Да іх адносяцца: абвяшчэнне Божага слова, справаванне святых сакрамэнтаў, а таксама справы міласэрнасці. Гэтая патройная місія вынікае з выразнага наказу Хрыста, а таксама з прыкладу Яго жыцця. Такім чынам, Езус, які аб’явіў нам міласэрнага Айца, прагне, каб мы як Яго вучні, неслі гэты воблік Бога ўсім людзям па ўсёй зямлі. У жыцці Езуса слова суправаджалася чынам. Таму аб любові Айца да людзей Ён засведчыў не толькі словам, але таксама сваімі канкрэтнымі ўчынкамі і сваімі адносінамі да слабых і прыгнечаных, хворых і засмучаных, грэшных і пакрыўджаных, бедных і самотных. Ён, які прайшоў праз жыццё, «робячы дабро ўсім», мог спаслацца на самога сябе і сказаць: «Я даў вам прыклад, каб вы любілі адзін аднаго». Хрыстус не толькі сам дапамагаў людзям у іх матэрыяльнай і духоўнай патрэбе, але таксама з самага пачатку сваёй публічнай дзейнасці вучыў сваіх вучняў аказваць дапамогу тым, каму яна патрэбна. Да гэтага клопату Ён пастаянна іх заклікаў, часам нават выразна патрабаваў ад іх, каб яны былі выканаўцамі Яго любові. Перад адыходам з гэтага свету Ён яшчэ раз даручыў ім выконваць справы любові, а любоў учыніў знакам прыналежнасці да Яго. «Па тым пазнаюць усе, што вы Мае вучні, калі будзеце любіць адзін аднаго» (пар. Ян 13, 35). Пасля атрымання Духа Святога апосталы не толькі пачалі абвяшчаць слова Божае, але таксама з запалам яны сведчылі пра Хрыста ўчынкамі любові. Дабрачынная дзейнасць першага Касцёла была ўкампанавана ў сукупнасць рэлігійнага жыцця. Лічыцца, што яна з’яўляецца інтэгральнаю часткаю Хрыстовага пасланніцтва. Таму першыя хрысціяне «трывалі ў навуцы апостальскай, у супольнасці, ламанні хлеба і ў малітвах» (пар. Дз 2, 42). Гэтае старажытнае сведчанне паказвае, што Касцёл ад пачатку свайго існавання выконваў свае асноўныя функцыі: прапаведванне слова Божага, літургію і дыяконію, ці інакш кажучы «службу Богу і службу братам». Гэтыя функцыі былі да такой ступені паяднаныя паміж сабою, што адна без другой не магла эфектыўна ажыццяўляцца. Святы апостал Якуб на літургічных сходах перасцерагаў і выразна пратэставаў супраць дыскрымінацыі ўбогіх, нагадваючы, што той, хто клапоціцца пра інтарэсы багатых і адначасова пагарджае беднымі, – парушае Божае права (пар. Як 2, 1-13). Гэтая патройная місія Касцёла нарадзіла ў хрысціянаў усведамленне таго, што без любові да бліжняга няма аўтэнтычнай службы Божай і годнага святкавання Вячэры Панскай. Гэта выразна пацвярджае святы Павел у Першым Пасланні да Карынцянаў (11, 17-34). Касцёл па-рознаму ажыццяўляў наказы Хрыстовай любові. Будаваліся дамы для сірот, інвалідаў, нямоглых і пажылых людзей, а для аказання дапамогі бедным ствараліся розныя брацтвы, члены якіх гэтай мэце прысвячалі сваё жыццё, свае здольнасці, свой час. Для ажыццяўлення гэтай мэты Бог на працягу стагоддзяў натхняў на стварэнне шматлікіх мужчынскіх і жаночых манаскіх супольнасцяў. Другі Ватыканскі Сабор асаблівым чынам падкрэсліў, што дабрачынная дзейнасць з’яўляецца абавязкам і неад’емным правам люду Божага, а таксама сферай сваёй дзейнасці яна павінна ахопліваць усіх людзей і задавольваць усе іх патрэбы, «дзе б ні знаходзіліся тыя, каму патрэбна ежа і піццё, вопратка, жыллё, лекі, праца, адукацыя і сродкі, неабходныя для годнага жыцця чалавека, а таксама тыя, хто пакутуе ад бедстваў і хваробаў, пакутуе на чужыне альбо ў турме – усюды хрысціянская любоў павінна шукаць і знаходзіць іх, суцяшаць дбайным клопатам і падтрымліваць, аказваць ім дапамогу» (DA 8). Дабрачынная дзейнасць Касцёла з самага пачатку не мела арганізаваных структур. Яна выконвалася лакальнымі Касцёламі, законамі, групамі дабраахвотнікаў і асобнымі людзьмі. Спробы ўніфікаваць гэту дзейнасць і яе цэнтралізаваць распачаліся напрыканцы ХІХ стагоддзя. У першай палове ХХ стагоддзя пачалі з’яўляцца дыяцэзіяльныя Caritas, потым нацыянальныя, і яны паспрыялі стварэнню агульнай сусветнай арганізацыі Caritas пад назваю «Caritas Internationalis» – «Сусветны Caritas». Нягледзячы на тое, што людзі ў розных кутках свету гавораць на розных мовах, для азначэння дабрачыннай акцыі была выкарыстаная агульная назва «Caritas» – гэта значыць Любоў. Сэнс назвы разумеюць усе, як тыя, хто сведчыць пра гэтую любоў канкрэтнай дзейнасцю, так і тыя, хто яе атрымлівае. Сядзіба сакратарыяту Caritas знаходзіцца ў Рыме, які мае свае прадстаўніцтвы ў розных кутках свету. Гэты сакратарыят быў створаны ў 1950 годзе і ў яго склад уваходзяць прадстаўнікі Caritas 154 краінаў. Сусветны Caritas прымае рашэнні, што датычаць справаў дабрачыннасці, для вырашэння якіх трэба як мага хутчэй мабілізаваць, напрыклад, дапамогу пасля розных стыхійных бедстваў: катастрофаў, паводак, у выпадку ваенных дзеянняў і розных няшчасных здарэнняў. Фінансы для дапамогі ў такіх сітуацыях Сусветны Caritas бярэ з ахвяраванняў, якія складаюць людзі з розных краінаў. Сусветны Caritas не толькі дапамагае людзям у надзвычайных справах, але таксама прымае пад увагу матэрыяльныя і духоўныя патрэбы розных народаў, якія вынікаюць са складанай сітуацыі іх жыцця. Да такіх краінаў адносіцца таксама і Беларусь. Сусветны Caritas даручыў аддзяленню Caritas аўстрыйскай дыяцэзіі Лінц апекавацца тымі людзьмі на Беларусі, якім патрэбна дапамога. Праз пасрэдніцтва Caritas гэтай дыяцэзіі на працягу 8 гадоў Беларусь атрымлівае разнастайную дапамогу, якая перадаецца найбольш патрабуючым сем’ям, дзіцячым дамам, бальніцам, сацыяльным арганізацыям, а таксама тым, каму патрэбна дапамога ў паасобных парафіях. Вялікую дапамогу мы атрымліваем таксама ад іншых касцёльных дабрачынных арганізацый Caritas розных краінаў: Польшчы, Італіі, Францыі, Англіі, Ірландыі. Рэгістрацыя арганізацыі Caritas на Беларусі адбылася ў 1994 годдзе, на падставе якой Caritas атрымала юрыдычны статус, што дало ёй магчымасць дзейнічаць адпаведна з законам, а таксама больш зладжана працаваць. Ва ўсіх чатырох дыяцэзіях Беларусі дзейнічае Caritas, а ў 1999 г. была створана таксама арганізацыя «Нацыянальны Карытас», у заданні якой уваходзіць прэзентацыя Беларусі на міжнароднай арэне і каардынацыя дабрачыннай дзейнасці ва ўсёй краіне. Паколькі дзейнасць дыяцэзіяльнай арганізацыі Caritas не можа ахапіць усе мясцовасці Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі звяртаецца з просьбаю да ўсіх душпастыраў, каб у сваіх парафіях яны стваралі дабрачынныя парафіяльныя суполкі. У склад такой суполкі павінны ўвайсці асобы, якія вызначаюцца асаблівай рэлігійнасцю і добрасумленным жыццём. Для душпастыра парафіі яны павінны стаць дзейснаю дапамогаю ў ажыццяўленні заданняў міласэрнасці на тэрыторыі парафіі. Гэта могуць быць асобы, вызначаныя душпастырам пасля адпаведнай кансультацыі з парафіянамі альбо яны могуць быць выбраныя парафіянамі, калі душпастыр палічыць гэта слушным. Дзейнасць дабрачыннай суполкі ў парафіі будзе сведчаннем далучэння парафіі да справы міласэрнасці, а таксама аб’ектам кананічнай візітацыі. Дабрачынная дзейнасць парафіяльных суполак павінна быць разнастайнай. У іх заданні будуць уваходзіць: аказванне неадкладнай дапамогі патрабуючым, клопат пра бальніцы, сацыяльныя асяродкі, дзіцячыя дамы, прытулкі, таварыствы інвалідаў, шматдзетныя і няпоўныя сем’і, а таксама пра іншых людзей, якія знаходзяцца ў крытычных сітуацыях. Патрабуючыя асобы, якія падчас такіх стыхійных бедстваў, як пажар альбо паводка панеслі вялікія матэрыяльныя страты, таксама знаходзяцца пад апекай Caritas. У заданні парафіяльнай суполкі таксама будзе ўваходзіць арганізацыя пунктаў харчавання для найбольш патрабуючых людзей. У Мінску, Баранавічах, Віцебску і Полацку такія сталоўкі ёсць і кіруюць імі свецкія асобы, у Гродне і Гомелі сталоўкамі кіруюць законныя сёстры. З 1995 г. Caritas выдае часопіс-квартальнік «Misericordia», прысвечаны дабрачыннай тэматыцы, які таксама асвятляе дзейнасць гэтай арганізацыі на тэрыторыі чатырох дыяцэзій. Аказванне дапамогі патрабуючым – гэта таксама сведчанне любові да Бога. Самой дэкларацыі любові да Бога без пацвярджэння любові да бліжняга не дастаткова. Святы Ян выразна вучыць, што «хто мае дастатак у свеце, але, бачачы брата свайго ў патрэбе, зачыняе ад яго сэрца сваё, – дык як прабывае ў ім любоў Божая» (1 Ян 3, 17-18). Нічога дзіўнага, што св. Ян выразна абвяшчае першынства братэрскай любові над непасрэднай любоўю да Бога. Можа, гэтую праўду нам будзе цяжка зразумець, але мы павінны памятаць, што любоў да бліжняга мае ўплыў на ўдасканаленне нас у любові да Бога (1 Ян 4, 12). Аказванне дапамогі патрабуючым з’яўляецца таксама ўчынкам, які садзейнічае нашаму збаўленню. Катэхізіс пералічвае тры добрыя ўчынкі: малітва, пост і міласціна. Калі міласціна стаіць нароўні з малітваю, гэта значыць, што яна мае такую ж самую звышнатуральную каштоўнасць, як і малітва. На апошнім судзе нас будуць судзіць з любові, і любоў да бліжняга стане крытэрыем нашага збаўлення. Для аказвання дапамогі бедным патрэбны матэрыяльныя сродкі. Нягледзячы на тое, што Касцёл напрацягу ўсіх стагоддзяў свайго існавання абвяшчаў і рэалізоўваў дабрачынныя справы, ён не стварыў сучасных спосабаў збору сродкаў на гэтыя мэты. Таму і сёння спосабам збору сродкаў на дабрачынныя мэты з’яўляюцца ахвяраванні, як гэта рабіў святы Павел і святы Барнаба, якія ў 45 годзе ў багатай Антыёхіі, Македоніі і Карынце збіралі ахвяры для галадаючых хрысціянаў у Ерузалеме (Дз 11, 27-30). Св. Павел, гаворачы аб дапамозе бедным, не карыстаўся свецкім выразам «узнос» ці «збор», але гэтую акцыю называў ажыццяўленнем любові. Гэтае азначэнне мы хочам таксама выкарыстаць, прадстаўляючы да ведама вернікаў, што трэці тыдзень Вялікага посту – гэта значыць 23 сакавіка бягучага года – вызначаны Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, як «Дзень Caritas у Касцёле на Беларусі». Ва ўсіх каталіцкіх парафіях нашай краіны будуць збірацца ахвяраванні на дабрачынныя мэты і мы таксама просім аб гэтых ахвяраваннях ўсіх католікаў Беларусі. Няхай яны будуць ажыццяўленнем нашай супольнай братэрскай любові, няхай яны таксама будуць дарам, які мы складаем самаму Богу. Няхай заахвочваннем будуць для нас словы Святога Айца Яна Паўла ІІ: «Кожнага з нас голад і бяда іншых неяк кранае. На кожным з нас ляжыць частка адказнасці за гэтае несправядлівае становішча. Давайце дзяліцца хлебам з тымі, хто яго не мае альбо мае яго менш за нас! Давайце адкрываць нашыя сэрцы на патрэбы братоў і сясцёр, якія церпяць з прычыны голаду і нястачы! Часам яны саромеюцца прызнацца ў гэтым і ўтойваюць сваю бяду. Трэба ім тактоўна працягнуць братнюю руку дапамогі». Бог Айцец міласэрнасці працягвае нам сваю далонь, выходзіць насустрач чалавеку. Ён прагне гэта рабіць таксама праз кожнага з нас! На гэтую высакародную мэту ад усяго сэрца ўсіх благаслаўляем у імя Айца, Сына і Духа Святога.   Каталіцкія біскупы Беларусі
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.