Пошук

10.07.2013 21:34  

1. 5 ліпеня 2013 г. была абнародавана першая энцыкліка папы Францішка «Lumen fidei» – «Святло веры», падпісаная ва ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла.

Энцыкліка, хаця і была ў большай частцы падрыхтавана Бэнэдыктам XVI, тым не менш лічыцца энцыклікай папы Францішка, які заўважае, што дадаў да падрыхтаванага сваім папярэднікам тэкста некаторыя свае разважанні і думкі (пар. LF 7). Незалежна ад таго, кім і якія часткі тэксту энцыклікі былі напісаны, яе трэба прымаць як навучанне Наступніка святога Пятра аб веры.

Энцыкліка “Lumen fidei” складаецца з уступу, чатырох частак і заканчэння і паказвае, чым з’яўляецца вера для сучаснага чалавека. Яна ў пэўным сэнсе замыкае трыпціх энцыклік аб трох тэалагальных цнотах: “Deus caritas est” – “Бог ёсць любоў” аб любові, “Spe salvi” – “Збаўленыя надзеяй” аб надзеі і “Lumen fidei” – “Святло веры” аб веры.

2. Ва ўступе Папа падкрэслівае, што галоўным матывам энцыклікі з’яўляецца той факт, што Наступнік святога Пятра пакліканы ўмацаваць братоў у веры, якую Бог дае як святло на шляху кожнага чалавека (пар. LF 7). Ён найперш нагадвае пра неабходнасць нанова адкрыць святло веры ў сучасным свеце з мэтай асвяціць сутнасць быцця чалавека, каб дапамагчы яму адрозніваць дабро ад зла у часы, калі вера ўяўляецца некаторымі як ілюзія і нярэдка ацэньваецца як абмежаванне правоў чалавека. Энцыкліка вельмі добра ўпісваецца ў абвешчаны папам Бэнэдыктам ХVI Год веры, распачаты у 50-ю гадавіну адкрыцця Другога Ватыканскага Сабору, які быў Саборам аб веры і заклікаў у цэнтр нашага жыцця паставіць прымат Бога ў Хрысце. Сабор указаў на ззянне веры ў жыцці чалавека, на тое, што вера ўзбагачае чалавечае быццё ва ўсіх яго вымярэннях (пар. LF 6).

Энцыкліка “Lumen fidei”, выкарыстоўваючы зразумелыя для сучаснага чалавека вобразы, такія, як святло, голас, слуханне і адказ, выразна паказвае, чым з’яўляецца вера, а таксама адносіны веры да праўды і да любові.

3. У першай частцы энцыклікі – “Мы паверылі любові” (пар. LF 8-22) – папа Францішак прадстаўляе феномен веры і апісвае, чым яна з’яўляецца: яе не выдумалі людзі і яна не сума чалавечай мудрасці, але Божая ініцыятыва. Для папы Францішка непрымальны погляд на веру як на светапогляд ці нейкія перакананні. Сучасны чалавек згаджаецца на прысутнасць хрысціянства ў сучасным грамадстве, але пад умовай, што Касцёл і Хрыстус будуць прадстаўлены як збор перакананняў, а не як аб’ектыўная праўда. Такім чынам, у такой інтэрпрэтацыі вера як быццам устаўлена ў цесныя рамкі перакананняў і светапогляду. У той жа час святы апостал Павел піша, што яе падмуркам з’яўляецца праўда аб Уваскрасенні Хрыста (пар 1 Кар 15, 7). Праз веру, дзякуючы дзеянню Духа Святога, чалавек адкрываецца на любоў, якая яго перамяняе духоўна, і такім чынам дасягае збаўлення.

4. У другой частцы энцыклікі – “Калі не верыце, то не разумееце” (пар. LF 23-36) – Папа прадстаўляе цесную сувязь паміж верай і праўдай, а таксама паміж верай і любоўю. Праўда веры павінна быць прасякнута любоўю. Абыякавая да праўды вера не збаўляе, а вера без любові страчвае сваю тоеснасць.

Такім чынам, вера звязана з праўдай і любоўю. Вера і любоў не могуць быць аддзелены адна ад адной, таму што толькі любоў перамагае выпрабаванне часам і становіцца крыніцай пазнання. А калі пазнанне праўды нараджаецца з вернай любові да Бога, то праўда і вера знаходзяцца разам. Праўда, якая адкрывае веру, – гэта праўда, сканцэнтраваная на сустрэчы з увасобленым Хрыстом, які дакранаецца да нас і адорвае нас сваёй перамяняючай нашы сэрцы ласкай. Такім чынам, Папа адкрывае разважанні аб дыялогу паміж верай і розумам, а таксама аб Божай праўдзе ў сучасным свеце, у якім яна часта ідэнтыфікуецца з абмежаваннем свабоды.

У той жа час, калі праўда вынікае з любові да Бога, яна не абмяжоўвае свабоды чалавека і вядзе да павагі да іншага чалавека. Таму вера вядзе да дыялогу ў розных сферах жыцця чалавека, а ў галіне навукі яна абуджае крытычнае пачуццё і пашырае гарызонты розуму.
 
Папа таксама заўважае, што тэалогія не магчыма без веры і таму належыць да дынамікі веры і імкнецца да глыбейшага пазнання Бога, кульмінацыяй якога з’яўляецца таямніца Хрыста. Бог – гэта не проста аб’ект, але і суб’ект, які можна і трэба пазнаць. Тэалогія – гэта не толькі слова пра Бога, але прыняцце і імкненне да глыбейшага разумення слова, якое Бог накіроўвае да нас. Уласцівасцю тэалогіі з’яўляецца пакора, якая дазваляе “дакрануцца” да Бога, а таксама згодная з навучаннем Касцёла вера, святло якой з’яўляецца святлом Касцёла. Вучэнне Касцёла не абмяжоўвае тэалогіі, але з’яўляецца адным з яе элементаў, бо гарантуе кантакт з першаснай крыніцай – Хрыстом.

5. У трэцяй частцы разгляданай энцыклікі – “Я даю вам, што атрымаў” (пар. LF 37-49) – Папа канцэнтруецца на важнасці евангелізацыі. Атрыманым дарам веры неабходна дзяліцца з іншымі. Святло Хрыста павінна ззяць на тварах хрысціян і распаўсюджвацца, як полымя, якое запальвае ўсіх з пакалення ў пакаленне. Папа кажа, што Касцёл – гэта наша Маці, якая вучыць нас прамаўляць мовай веры, і прапануе чатыры традыцыйныя шляхі яе перадачы:

- вызнанне веры;
- удзел у сакрамэнтах;
- згоднае з Дэкалогам маральнае жыццё;
- малітва.

Менавіта таму першая энцыкліка папы Францішка мае вялікае пастырскае значэнне для Касцёла ў сучасным свеце, бо ясна заклікае набліжацца да Бога і паказвае адпаведныя для гэтага шляхі.

Выключна важным элементам навучання папы Францішка з’яўляецца тое, што ён падкрэслівае адзінства веры, якое з’яўляецца гарантыяй адзінства Касцёла.

6. У чацвёртай частцы энцыклікі – “Бог падрыхтаваў ім горад” (пар. LF 50-50) – Папа апісвае сувязь паміж верай і агульным дабром, а менавіта, што вера служыць справядлівасці, шанаванню правоў чалавека і захаванню міру. Гэтым самым энцыкліка паказвае, якім чынам вера спрыяе будаванню грамадскіх і сямейных адносін. Яна таксама нагадвае пра ролю веры ў складаных жыццёвых сітуацыях, якімі могуць быць хвароба ці цярпенне, і заахвочвае да захавання створанай Богам прыроды, як нашага супольнага дома.

Папа падкрэслівае, што вера дае надзею і дапамагае ў пераадоленні складаных сітуацый, бо без веры да чалавека прыходзіць страх. Таму Папа заклікае не дазволіць неадкладным рашэнням і прапановам гэтага свету забраць у нас надзею.

7. У “Заканчэнні” (пар. LF 58-60) – “Благаслаўлёная тая, якая паверыла” – Папа запрашае паглядзець на Марыю як ідэальны вобраз веры, бо Яна, згаджаючыся з Божай воляй, з радасцю паверыла. Яе вера была плённай і радаснай. Такой павінна быць і наша вера.

Напрыканцы папа Францішак заахвочвае маліцца да Марыі, Маці Касцёла і нашай веры, каб Яна яе умацоўвала; каб мы адкрываліся на слуханне слова Божага; каб распазнавалі голас Бога і Яго заклік; каб памяталі, што той, хто верыць, не застаецца самотным; каб глядзелі на свет вачыма Езуса і каб Ён быў святлом на нашым жыццёвым шляху.

Такім чынам, энцыкліка “Lumen fidei” з’яўляецца заклікам Пантыфіка адкрыцца на святло веры, ёю жыць і яе перадаваць іншым, у чым праяўляецца дынамізм вучэння Наступніка святога Пятра.

Абноўлена 05.06.2017 13:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця