[30 чэрвеня 2005 г., Мінск]
У пасяджэнні прынялі ўдзел усе каталіцкія біскупы Беларусі на чале са Старшынёй ККББ кардыналам Казімірам Свёнткам. Прысутнічаў таксама арцыбіскуп Марцін Відавіч, Апостальскі Нунцый на Беларусі.
Напачатку старшыня звярнуў увагу, што гэта ХХV юбілейнае пасяджэнне членаў ККББ. Ён узгадаў аб умовах і акалічнасцях першага пасяджэння і намаганнях, якія былі зроблены дзеля таго, каб Канферэнцыя магла выконваць свае абавязкі.
Старшыня паведаміў аб рашэнні Апостальскай Сталіцы прадоўжыць тэрмін дзейнасці Статутаў ККББ на 5 гадоў – уключна да 2010 г. Сабраныя падзяліліся меркаваннямі аб душпастырскіх праграмах у парафіях і дыяцэзіях на наступныя 2 гады. Біскупы ўхвалілі прапанову па стварэнні праграмы ўшанавання памяці Божага Слугі Яна Паўла ІІ, працэс беатыфікацыі якога быў урачыста распачаты 28 чэрвеня і падчас Пантыфікату якога адрадзіліся структуры Каталіцкага Касцёла на Беларусі.
Быў прадстаўлены выдадзены нядаўна Кампендыўм Катэхізіса Каталіцкага Касцёла. Біскупы пастанавілі ў бліжэйшы час зрабіць яго пераклад на беларускую мову.
Сабраныя абмяркоўвалі справы, звязаныя з фармацыяй кандыдатаў да святарства. Старшыня зазначыў, што арганізоўваецца спецыяльны асяродак для душпастырства пакліканняў.
Разглядаліся магчымасці арганізацыі гадавога падрыхтоўчага курсу для кандыдатаў у духоўныя семінарыі.
У сувязі з існуючай патрэбай абмяркоўваліся пытанні, якія датычаць сацыяльнага і пенсійнага забеспячэння святароў.
На пасяджэнні былі зацверджаны нормы адносна выступлення духоўных асобаў на радыё, тэлебачанні і ў прэсе.
Абмяркоўваліся таксама іншыя душпастырскія патрэбы Касцёла на Беларусі.
Біскуп Антоні Дзям’янка,
Генеральны сакратар KKББ
Генеральны сакратар KKББ