Пошук

 
13.07.2009 14:24
[ 21 верасня 2004 г. сядзіба Дыяцэзіяльнай курыі ў Гродне ] У пасяджэнні прынялі ўдзел усе каталіцкія біскупы Беларусі разам са Старшынёй ККББ Кардыналам Казімірам Свёнткам. На пачатку старшыня прывітаў кс. Генрыха Ягадзінскага, часовага паверанага Апостальскай нунцыятуры ў Мінску і запрасіў яго прыняць удзел у пасяджэнні. Старшыня паведаміў прысутным пра прызначэнне Апостальскай Сталіцай Апостальскага нунцыя ў Беларусі. Ім стаў пралат Марцін Відавіч, які да гэтай пасады з’яўляўся супрацоўнікам дзяржаўнага сакратарыяту. Ад імя Канферэнцыі яму было выслана віншаванне з нагоды прызначэння. Быў разгледжаны план візіта ў Беларусь кардынала Альфонсо Труіллё, Старшыні Папскай Рады па справах сям’і, які адбудзецца 22–26 кастрычніка гг. Падчас гэтага візіта кардынал сустрэнецца з духавенствам і вернікамі 23 кастрычніка ў Мінску і 24 кастрычніка ў Гродне. Ксёндз Генрых Ягадзінскі прадставіў сабраным кароткі змест апошняй Інструкцыі аб захаванні і пазбяганні пэўных рэчаў, якія датычаць Найсвяцейшай Эўхарыстыі Старшыні Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў кардынала Арынзэ. Сабраныя атрымалі праект рэгуляміна Сакратарыяту ККББ, адкрытага з 1 верасня гг. з мэтай унясення магчымых паправак. Старшыня Рады па справах сям’і выказаў намер апрацаваць у працоўнай групе Інструкцыю душпастырства сем’яў для ўсёй краіны. Сабраныя падтрымалі прапанаваную ініцыятыву. Удзельнікі Канферэнцыі выказалі згоду на выданне малога Каталіцкага Катэхізіса ў перакладзе на беларускую мову. Старшыня паведаміў, што 27 верасня гг. ён уручыць Папе Рымскаму экзэмпляр новага Імшала (Editio typica tertia) на беларускай мове. Адказны за душпастырства моладзі прадставіў фармацыйныя матэрыялы і азнаёміў з умовамі ўдзелу ў Сусветным дні моладзі, які адбудзецца ў наступным годзе ў Кёльне. Былі абмеркаваныя таксама іншыя душпастырскія патрэбы Касцёла ў Беларусі. Біскуп Антоні Дзям’янка, Генеральны сакратар
14.07.2008 14:39
Галоўныя праўды хрысціянскай веры Сем сакрамэнтаў Касцёла Пяць умоваў сакрамэнту пакаяння Дзве запаведзі любові Дзесяць Божых запаведзяў Пяць касцёльных наказаў Сем галоўных грахоў Грахі супраць Духа Святога Грахі, якія наклікаюць Божую помсту Грахі іншых па нашай віне Найважнейшыя хрысціянскія ўчынкі Учынкі міласэрнасці для душы бліжняга Учынкі міласэрнасці для цела бліжняга Тэалагічныя цноты Кардынальныя цноты Чатыры апошнія рэчы Дары Духа Святога Плады Духа Святога Евангельскія парады Восем благаслаўленняў Хрысціянскае прывітанне Галоўныя праўды хрысціянскай веры Ёсць адзін Бог. Бог — Суддзя справядлівы: за добрае ўзнагароджвае, а за злое карае. Бог — адзін у трох Асобах: Бог Айцец, Сын Божы і Дух Святы. Сын Божы стаўся чалавекам і памёр на крыжы дзеля нашага збаўлення. Душа чалавека несмяротная. Ласка Божая неабходная для збаўлення. Сем сакрамэнтаў Касцёла Хрост. Канфірмацыя. Эўхарыстыя. Пакаянне. Намашчэнне хворых. Пасвячэнне. Сужэнства. Пяць умоваў сакрамэнту пакаяння Рахунак сумлення. Жаль за грахі. Цвёрдае пастанаўленне выправіцца. Шчырая споведзь. Выкананне прызначанай пакуты. Дзве запаведзі любові Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім розумам тваім. Любі бліжняга твайго, як самога сябе. Дзесяць Божых запаведзяў Я – Пан Бог твой, які вывеў цябе з зямлі егіпецкай, з дому няволі. Не май іншых багоў, апроч Мяне. Не ўжывай імя Пана Бога твайго дарэмна. Памятай дзень святы святкаваць. Шануй бацьку свайго і маці сваю. Не забівай. Не чужалож. Не крадзі. Не сведчы фальшыва супраць бліжняга твайго. Не пажадай жонкі бліжняга твайго. Не пажадай нічога, што належыць бліжняму твайму. Пяць касцёльных наказаў У нядзелі і прадпісаныя святы ўдзельнічаць у св. Імшы і не рабіць неабавязковай працы. Прынамсі раз у год прыступіць да сакрамэнту пакаяння. Прынамсі раз у год, у Велікодны перыяд, прыняць св. Камунію. Захоўваць ва ўстаноўленыя дні пост і ўстрыманне ад мясных страў, а ў перыяды пакаяння не ўдзельнічаць у забавах. Дапамагаць у патрэбах супольнасці Касцёла. Сем галоўных грахоў Пыха. Хцівасць. Зайздрасць. Гнеў. Распуста. Неўмеркаванасць у ежы і піцці. Лянота. Грахі супраць Духа Святога Грашыць, празмерна спадзеючыся на Божую міласэрнасць. Роспач альбо сумненне ў Божай ласцы. Супраціўляцца спазнанай праўдзе веры. Зайздросціць бліжняму, які мае Божую ласку. Закамянеласць у грахах. Адкладаць пакаянне аж да смерці. Грахі, якія наклікаюць Божую помсту Наўмыснае забойства. Садомскі грэх. Крыўда ўбогага, удавы і сіраты. Затрымліванне належнай платы. Грахі іншых па нашай віне Загадваць грашыць. Намаўляць да граху. Дазваляць грашыць. Раіць грашыць. Хваліць грэх. Замоўчваць грэх. Не караць граху. Дапамагаць грашыць. Абараняць грэх. Найважнейшыя хрысціянскія ўчынкі Малітва. Пост. Міласціна. Учынкі міласэрнасці для душы бліжняга Настаўляць грэшнікаў. Вучыць тых, хто не ведае. Раіць тым, хто сумняваецца. Суцяшаць засмучаных. Зносіць цярпліва знявагу. Дараваць ахвотна крыўду. Маліцца за жывых і памерлых. Учынкі міласэрнасці для цела бліжняга Накарміць галодных. Напаіць сасмаглых. Адзець нагіх. Прыняць у дом падарожных. Адведваць хворых. Суцяшаць вязняў. Пахаваць памерлых. Тэалагічныя цноты Вера. Надзея. Любоў. Кардынальныя цноты Разважлівасць. Справядлівасць. Мужнасць. Устрыманасць. Чатыры апошнія рэчы Смерць. Суд . Пекла. Рай. Дары Духа Святога Мудрасць. Розум. Рада. Мужнасць. Умеласць. Пабожнасць. Боязь Божая. Плады Духа Святога Любоў. Радасць. Спакой. Доўгацярплівасць. Спагадлівасць. Дабрыня. Велікадушнасць. Вернасць. Лагоднасць. Сціпласць. Умеркаванасць. Чыстасць. Евангельскія парады Убогасць. Чыстасць. Паслухмянасць. Восем благаслаўленняў Шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае. Шчаслівыя засмучаныя, бо яны суцешаныя будуць. Шчаслівыя лагодныя, бо яны зямлю атрымаюць у спадчыну. Шчаслівыя галодныя і прагнучыя справядлівасці, бо яны насычаныя будуць. Шчаслівыя міласэрныя, бо яны міласэрнасць спазнаюць. Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць. Шчаслівыя міратворцы, бо яны сынамі Божымі названыя будуць. Шчаслівыя, каго пераследуюць за справядлівасць, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае. Хрысціянскае прывітанне Пахвалёны Езус Хрыстус!     – На векі вечныя. Амэн. альбо: Хвала Хрысту!     – Хвала навекі.
13.07.2009 14:33
[ 28 снежня 2004 г., Мінск ] У пасяджэнні прынялі ўдзел усе каталіцкія біскупы Беларусі разам са Старшынёй ККББ кардыналам Казімірам Свёнткам. Старшыня паведаміў прысутным аб прызначэнні Святым Айцом 14 снежня біскупа Антонія Дзям’янка Дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і аб адначасовым звальненні яго з пасады Дапаможнага біскупа Гродзенскай дыяцэзіі. Прысутныя зацвердзілі душпастырскую праграму на 2005 г., распрацаваную з улікам абвешчанага Святым Айцом Года Эўхарыстыі. Гэтая праграма ўключае між іншым наступныя ініцыятывы: дэкараванне святыняў эўхарыстычнымі сімваламі і сімваламі пакліканняў; клопат пра бяспечнае і годнае захоўванне Найвяцейшага Сакрамэнта ў табернакулюме; утварэнне дыцяэзіяльных камітэтаў эўхарыстычных святкаванняў; распрацоўка Календара адарацыі ў кожнай парафіі; правядзенне Эўхарыстычных кангрэсаў у Будслаўскім, Тракельскім, Удзельскім і Лагішынскім санктуарыях; засяроджанне асаблівай увагі ў лістападзе, месяцы пакліканняў, на пакліканнях да святарства і манаскага жыцця праз: сімпозіумы у кожнай дыяцэзіі; малітвы аб святарскіх і манаскіх пакліканнях у парафіях і сем’ях; малітвы за памерлых духоўных і кансэкраваных асобаў; правядзенне катэхезаў і выпуск бюлетэняў на тэму пакліканняў; сведчанні і катэхезы, сустрэчы клерыкаў з міністрантамі, моладдзю і вернікамі ва ўрачыстасць Хрыста Валадара ў розных парафіях па ўсёй краіне. стварэнне ўмоў для прыняцця Святой Камуніі хворымі і пажылымі людзьмі прынамсі раз у месяц; стварэнне ў касцёлах адпаведных умоў для адарацыі вернікамі Найсвяцейшага Сакрамэнта на працягу тыдня; арганізацыя пілігрымак у санктуарыі, у тым ліку для дзяцей, якія прынялі Першую Камунію; асвятленне эўхарыстычных тэмаў у сродках масавай інфармацыі (часопісах, газетах, Інтэрнэце); абвяшчэнне казанняў на тэму Эўхарыстыі на працягу года, у тым ліку падчас святой Імшы па радыё; праяўленне ініцыятывы адносна пабудовы святыні Божага Цела ў кожнай дыяцэзіі, асабліва ў новых мікрараёнах вялікіх гарадоў. Прысутныя прынялі прадстаўлены Старшынёю пераклад на беларускую мову Цырыманіялу пасвечанняў біскупа, святара, дыякана. Тэкст Цырыманіялу будзе высланы ў Кангрэгацыю Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў для зацверджання. Старшыня Рады па справах моладзі пазнаёміў прысутных з ходам падрыхтоўкі да Сусветных дзён моладзі, якія адбудуцца ў Кёльне 16–21 жніўня 2005 г. Старшыня паінфармаваў прысутных аб выданні адпаведнага дэкрэту, які ўводзіцца ў дзеянне з 1 студзеня 2005 г. і абавязвае пры цэлебраванні святой Імшы на беларускай мове карыстацца выключна зацверджаным тэкстам Імшалу Editio typica III. Прынята рашэнне выдаць на 3-ю нядзелю Вялікага посту Пастырскі ліст ККББ аб «Карытасе». Віцебскі біскуп падзяліўся вопытам арганізацыі ў яго дыяцэзіі ўжо ў трэці раз Дзён хрысціянскай культуры. Былі абмеркаваны таксама іншыя душпастырскія патрэбы Касцёла ў Беларусі. Біскуп Антоні Дзям’янка, Генеральны сакратар
15.07.2008 15:43
(для прыватнага чытання) Кірые, элейсон,        Хрыстэ, элейсон, Кірые, элейсон. Хрыстэ, пачуй нас,        Хрыстэ, выслухай нас. Ойча з неба, Божа,        – змілуйся над намі. Сыне, Адкупіцель свету, Божа,        – змілуйся над намі. Духу Святы, Божа,        – змілуйся над намі. Святая Тройца, адзіны Божа,        – змілуйся над намі. Сэрца Марыі, пры зачацці грэхам не закранутае,        – маліся за нас. Сэрца Марыі, ласкі поўнае,        – маліся за нас. Сэрца Марыі, з Сэрцам Езуса найбліжэй з’яднанае,        – маліся за нас. Сэрца Марыі, благаслаўлёнае між усімі сэрцамі,        – маліся за нас. Сэрца Марыі, найчысцейшае,        – маліся за нас. Сэрца Марыі, найпакорнейшае,        – маліся за нас. Сэрца Марыі, наймілейшае,        – маліся за нас. Сэрца Марыі, годная Святыня Найсвяцейшай Тройцы,        – маліся за нас. Сэрца Марыі, Святыня Бога ўцелаўлёнага,        – маліся за нас. Сэрца Марыі, ад граху першароднага захаванае,        – маліся за нас. Сэрца Марыі, у адведзінах новымі ласкамі ўпрыгожанае,        – маліся за нас. Сэрца Марыі, пры нараджэнні Хрыста дзівоснай радасцю напоўненае,        – маліся за нас. Сэрца Марыі, пры ахвяраванні мечам балесці пранізанае,        – маліся за нас. Сэрца Марыі, пры знаходжанні Езуса вельмі ўзрадаванае,        – маліся за нас. Сэрца Марыі, з Езусам самотным у садзе Аліўным жальбаю ахопленае,        – маліся за нас. Сэрца Марыі, пры бічаванні Хрыста страшна змучанае,        – маліся за нас. Сэрца Марыі, пры ўкаранаванні Хрыста цернямі пакуты прабітае,        – маліся за нас. Сэрца Марыі, пры нясенні крыжа Хрыстом спачуваннем ахопленае,        – маліся за нас. Сэрца Марыі, дасканалая ахвяра Божай Любові,        – маліся за нас. Сэрца Марыі, з Езусам да крыжа прыбітае,        – маліся за нас. Сэрца Марыі, разам з Езусам церпячае,        – маліся за нас. Сэрца Марыі, з памерлым Езусам у смутку пахаванае,        – маліся за нас. Сэрца Марыі, з уваскрослым Езусам радасцю ажыўленае,        – маліся за нас. Сэрца Марыі, пры ўнебаўшэсці Езуса радасцю напоўненае,        – маліся за нас. Сэрца Марыі, пры спасланні Духа Святога зноў асвячанае,        – маліся за нас. Сэрца Марыі, пры ўнебаўзяцці над усімі святымі ўзвышанае,        – маліся за нас. Сэрца Марыі, суцяшэнне засмучаных,        – маліся за нас. Сэрца Марыі, прытулак і надзея грэшнікаў,        – маліся за нас. Сэрца Марыі, надзея паміраючых,        – маліся за нас. Сэрца Марыі, трон міласэрнасці,        – маліся за нас. Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету,        – даруй нам, Пане. Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету,        – выслухай нас, Пане. Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету,        – змілуйся над намі. Хрыстэ, пачуй нас,        Хрыстэ, выслухай нас. Кірые элейсон,        Хрыстэ элейсон, Кірые элейсон. С.: Марыя Беззаганная, ціхая і пакорная сэрцам. Н.: Учыні сэрцы нашыя падобнымі да Сэрца Пана Езуса. Молімся: Божа дабрыні, які дзеля збаўлення грэшнікаў і дзеля дапамогі ўбогім пажадаў, каб Сэрца Панны Марыі праз сваю любоў і міласэрнасць было падобным да Божага Сэрца Езуса Хрыста, Твайго Сына; учыні, каб мы, аддаючы пашану Яе найцудоўнейшаму Сэрцу, праз Яе заслугі і заступніцтва заслужылі мець сэрца, падобнае да Сэрца Езуса. Які жыве і валадарыць на векі вечныя. Н.: Амэн.
13.07.2009 14:35
Пастырскі ліст Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Перыяд Вялікага посту, які мы цяпер перажываем, з’яўляецца найлепшай нагодай для разважання пра вялікую любоў Бога, аб’яўленую ў місіі Езуса Хрыста, асабліва ў таямніцы Яго крыжовай ахвяры, якая няспынна ўзнаўляецца ў Эўхарыстыі. Жадаючы, каб таямніца Адкуплення і таямніца Эўхарыстыі сталі прадметам нашага разважання, Святы Айцец Ян Павел ІІ устанавіў Год Эўхарыстыі і ў Апостальскім лісце “Застанься з намі, Пане” (7 кастрычніка 2004 г.) даў нам парады, як належыць перажыць гэты год. Сённяшняя нядзеля ў нашай краіне прысвечана дабрачыннай арганізацыі “Карытас”, мэта дзейнасці якой — клопат пра найбольш бедных, пра тых, хто ў нястачы. Гэты клопат вынікае з нашай братняй любові, якая сваю сілу чэрпае з ахвярнай любові Хрыста, аб’яўленай ў Яго сакрамэнтальнай прысутнасці ў Эўхарыстыі. Такім чынам, можна сказаць, што дзейсная братняя любоў — гэта выраз свядомай удзячнасці Езусу за Яго сакрамэнтальную прысутнасць сярод нас. Таму ў гэтым Пастырскім лісце, ідучы за парадамі Святога Айца, мы імкнёмся паяднаць сваю свядомасць з Вялікай Таямніцай нашай веры і выявіць цесную сувязь, якая існуе паміж Эўхарыстыяй і дзейснай любоўю да бліжняга. “Пан Езус у тую ноч, калі быў выдадзены” (1 Кар 11, 23), устанавіў Эўхарыстычную Ахвяру свайго Цела і сваёй Крыві. Словы св. Паўла з’яўляюцца не толькі ўспамінам той падзеі ў Вячэрніку, але ўзнаўляюць сакрамэнтальную прысутнасць Езуса Хрыста і Яго Крыжовую Ахвяру. Гэтая праўда добра выражаецца ў словах, якія кажа народ Божы ў адказ на словы святара: “Гэта вялікая таямніца веры” — “Абвяшчаем смерць Тваю, Пане Езу”. Касцёл атрымаў Эўхарыстыю ад Хрыста, свайго Пана, не як адзін са шматлікіх каштоўных дароў, але як самы каштоўны дар, бо гэта — дар самога сябе, Яго ўласнай асобы. Дар Эўхарыстыі — гэта дар Божага збаўлення. Гэты дар не абмежаваны толькі мінулым, ён не з’яўляецца толькі ўспамінам былых падзей, бо тое, што Хрыстус учыніў для нас, перанёсшы столькі пакут дзеля ўсіх людзей, належыць да Божай вечнасці і пераўзыходзіць усе часы. Калі Касцёл здзяйсняе Эўхарыстыю — успамін Смерці і Змёртвыхпаўстання Хрыста, — здзяйсняецца справа нашага збаўлення. Дзякуючы гэтаму кожны вернік можа ў ёй удзельнічаць і карыстацца яе невычэрпнымі пладамі. Гэта вера, якою на працягу вякоў жылі пакаленні, якую нязменна абвяшчаў Касцёл, праз усе вякі заахвочваючы верных да ўдзячнасці (Павел VI, урачыстае вызнанне веры, 30.06.1968 г.). Што ж яшчэ мог учыніць для нас Езус? У Эўхарыстыі аб’яўляецца любоў Хрыста, якая ідзе ажно да канца; любоў, якая не ведае межаў (пар. 1 Кар 13, 1). Эўхарыстыя ў такім разуменні была прадметам асаблівага ўшанавання з самага пачатку яе існавання. Так сцвярджае вялікі настаўнік веры св. Тамаш Аквінскі, які ў сваіх працах напісаў, што здзяйсненне Найсвяцейшай Ахвяры мае такую ж вартасць, як і смерць Пана Езуса на крыжы. Святы Ян Віянэй таксама вучыў, што мучаніцтва чалавека за веру мае меншую вартасць, чым Ахвяра святой Імшы. Мучаніцтва за веру — гэта ахвяра чалавека для Бога, а святая Імша — гэта Ахвяра Бога для чалавека. Вынікам гэтага вучэння былі словы Папы Пія XII, на выказванні якога абапіраўся таксама ІІ Ватыканскі Сабор. Ён казаў, што Ахвяра Галгофы не адрозніваецца ад ахвяры, якая складаецца на алтарах нашых касцёлаў, бо кожны алтар — гэта ўзгорак, на якім узвышаецца крыж з Укрыжаваным і працягваецца паяднанне чалавека з Богам. Падсумаваннем вучэння Касцёла пра Эўхарыстыю з’яўляецца энцыкліка Святога Айца Яна Паўла ІІ пра Эўхарыстыю ў жыцці Касцёла Ecclesia de Eucharistia , абвешчаная 17 чэрвеня 2003 года. У ёй Святы Айцец выразна кажа, што Хрыстус раз і назаўсёды прынёс ахвяру і даверыў яе Касцёлу, каб складаў яе як Ахвяру і карміў ёю верных да сканчэння свету. Святы Айцец зноў выразна падкрэслівае, што ў Эўхарыстыі ёсць сіла, якая нас унутрана перамяняе, умацоўвае і сее ў нас зерне надзеі ў нашай зямной вандроўцы. У Эўхарыстыі таксама нараджаецца і ажывае місія кожнага чалавека ў Касцёле. На падставе гэтага Святы Айцец разважае над праблемай грамадскага значэння Эўхарыстыі. Хрысціяне, спажываючы Эўхарыстыю, умацоўваюць сваю душу. З Эўхарыстыі паходзіць дар любові і салідарнасці, бо сакрамэнт алтара нельга аддзяліць ад запаведзі ўзаемнай любові (Год Эўхарыстыі — Дакументы Касцёла, с. 109). Не выпадкова ў Евангеллі св. Яна мы не знаходзім апісання ўстанаўлення Эўхарыстыі, але чытаем пра тое, як Езус абмывае ногі Апосталам (Ян 13, 1-10). Такім чынам Пан Езус аб’явіў любоў, якая не пануе, а служыць. Сённяшняму свету так патрэбныя менавіта такія простыя і канкрэтныя знакі любові. Іх мерай з’яўляецца Эўхарыстыя, і нам усім неабходныя тыя знакі як прыклады для наследавання. Аднак не трэба думаць, што толькі сёння мы пачалі гаварыць пра грамадскае значэнне Эўхарыстыі. Гэтыя прынцыпы былі ўжо вядомыя ў першыя стагоддзі хрысціянства. Ужо ў ІІ стагоддзі св. Ігнацый з Антыёхіі акрэслівае хрысціянаў як тых, хто захоўвае прадпісанне адносна нядзелі, а таксама жыве верай у Змёртвыхпаўстанне Хрыста і Яго рэальную прысутнасць падчас цэлебрацыі Эўхарыстыі. Святы Юстын нагадвае, каб тыя, хто жыве ў дастатку, падзяліліся, як палічаць патрэбным, сабранымі дарамі, каб перадалі іх таму, хто ўзначальвае супольнасць, а той няхай дапаможа сіротам і ўдовам, пакінутым з-за хваробы ці па іншай прычыне, а таксама чужаземцам і вязням. Карацей кажучы, няхай дапаможа ўсім, хто ў патрэбе (Год Эўхарыстыі — Дакументы Касцёла, с. 110). Такім чынам, святая Камунія ўсім дае свае плады, умацоўвае нашую еднасць з Хрыстом, аддзяляе нас ад граху, заахвочвае дапамагаць бедным і дае задатак вечнага жыцця (ККК 1391–1398). Плады святой Камуніі не аднолькавыя ва ўсіх, яны залежаць ад падрыхтоўкі да святой Імшы і падзякі пасля яе. Святы Тамаш Аквінскі нават піша, што ласка святой Камуніі ўзрастае па меры таго, як узрастае падзяка. Маючы на ўвазе ўзрастанне нашых заслуг праз розныя добрыя ўчынкі, мы хацелі б перанесці малітоўную падзяку пасля святой Камуніі на “падзяку ўчынкам”, якая рэалізуецца праз дзейсную дапамогу бедным і патрабуючым. Такая падзяка для таго, хто прымае святую Камунію, стане заслугай, а для бедных — духоўнай радасцю ад атрыманай дапамогі. Няхай з узрастаннем колькасці людзей, якія прымаюць святую Камунію, павялічваецца колькасць учынкаў міласэрнасці і памяншаецца колькасць тых бліжніх, якія жывуць у нястачы. Праз нашыя ўчынкі міласэрнасці паводле слоў св. Яна Хрызастома мы будзем “зямлю ператвараць у неба”. Дзякуючы гэтаму нашая хрысціянская любоў, якая канцэнтруецца на Эўхарыстыі як пачатку, будзе працягвацца ў канкрэтным служэнні чалавеку і будаваць свет паводле Божай задумы (“Я — з вамі”, адвэнтавыя рэкалекцыі, с. 98). Плады дабрачыннай працы паасобных людзей, хоць яны і збаўчыя, у сённяшняй рэчаіснасці не такія шматлікія, як у арганізаванай групе. Не ўсе людзі ведаюць адзін аднаго. Сярод нас жыве шмат бедных, пра якіх ніхто не ведае, якім ніхто не дапамагае, а яны з-за нясмеласці не адважваюцца прасіць іншых аб дапамозе. Дапамога паасобных людзей заўсёды будзе адзінкавай і залежнай ад індывідуальных магчымасцяў. Паўсюдную дапамогу, якая ахоплівае ўсіх тых, хто жыве ў нястачы, можа арганізаваць толькі парафія, якая з’яўляецца супольнасцю вернікаў. Парафія павінна дзейнічаць праз парафіяльную дабрачынную групу, якая можа складацца з адпаведных людзей, здольных прысвяціць сябе ахвярнай працы. Члены камітэта павінны добра ведаць сітуацыю ў парафіі і мець больш блізкі кантакт з беднымі. Кіраўніком групы павінен быць пробашч парафіі, і яго таксама трэба інфармаваць аб патрэбах парафіі. Парафіяльная група павінна ўзяць на сябе ўсе ініцыятывы, якія датычаць дапамогі бедным, а таксама здабывання фінансавых сродкаў і іх размеркавання. У размеркаванні дапамогі нельга кіравацца выключна рэлігійнымі меркаваннямі, але неабходна аказваць дапамогу згодна з вучэннем Хрыста. Трэба, каб паўставалі і дзейнічалі на нашай зямлі парафіяльныя дабрачынныя групы. Ажыўленне дабрачыннай дзейнасці ў парафіі будзе найлепшым пладом Эўхарыстычнага Года і трывалай падзякай Езусу, які прабывае між намі і прыходзіць у нашыя сэрцы. На гэтую плённую працу шчырым сэрцам благаслаўляем: у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Біскупы Каталіцкага Касцёла ў Беларусі
15.07.2008 15:43
(для прыватнага чытання) Ойча з неба, Божа,        – змiлуйся над намі. Сыне, Адкупіцель свету, Божа,        – змiлуйся над намі. Духу Святы, Божа,        – змiлуйся над намі. Святая Тройца, адзiны Божа,        – змiлуйся над намі. Святая Марыя,        – малiся за яго (яе, іх). Брама нябесная,        – малiся за яго (яе, іх). Каралева ўнебаўзятая,        – малiся за яго (яе, іх). Святы Міхале,          – малiся за яго (яе, іх).           Святы Яне Хрысціцелю,        – малiся за яго (яе, іх). Святы Юзэфе,        – малiся за яго (яе, іх). Святы N. (апякун памерлага),        – малiся за яго (яе, іх). Усе святыя Божыя,             – малiцеся за яго (яе, іх). Будзь да яго (яе, іх) міласцівы,        – выбаў яго (яе, іх), Пане. Ад усялякага зла        – выбаў яго (яе, іх), Пане. Ад цярпенняў у чыстцы        – выбаў яго (яе, іх), Пане. Праз уцелаўленне Тваё        – выбаў яго (яе, іх), Пане. Праз нараджэнне Тваё        – выбаў яго (яе, іх), Пане. Праз хрост і святы пост Твой        – выбаў яго (яе, іх), Пане. Праз крыж і муку Тваю        – выбаў яго (яе, іх), Пане. Праз смерць і пахаванне Тваё        – выбаў яго (яе, іх), Пане. Праз уваскрасенне Тваё        – выбаў яго (яе, іх), Пане. Праз унебаўшэсце Тваё        – выбаў яго (яе, іх), Пане. Праз спасланне Духа Святога        – выбаў яго (яе, іх), Пане. Праз хвалебнае прыйсце Тваё        – выбаў яго (яе, іх), Пане. Адпусціць нам грахі май ласку,        – Цябе просім, выслухай нас, Пане. Розум наш прагненнем неба запаліць май ласку,        – Цябе просім, выслухай нас, Пане. Нас ад раптоўнай і неспадзяванай смерці захаваць май ласку,        – Цябе просім, выслухай нас, Пане. Душы нашыя, братоў, родных і дабрадзеяў нашых ад вечнай згубы выратаваць май ласку,        – Цябе просім, выслухай нас, Пане. Дабрадзеям нашым вечную ўзнагароду даць май ласку,        – Цябе просім, выслухай нас, Пане. Нашых настаўнікаў і выхавацеляў вечным святлом адарыць май ласку,        – Цябе просім, выслухай нас, Пане. Душы ўсіх ахвяраў аварый, катастрофаў і войнаў сваёй міласэрнасцю атуліць май ласку,        – Цябе просім, выслухай нас, Пане. Усім верным памерлым вечны супакой і радасць у хвале ўваскрашэння даць май ласку,        – Цябе просім, выслухай нас, Пане. Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету,        – змілуйся над намі. Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету,        – змілуйся над намі. Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету,        – змілуйся над намі. Молімся: Божа, Ты ўчыніў, што Твой Сын перамог смерць і ўзышоў на неба, дай Тваім памерлым слугам стаць удзельнікамі Яго перамогі над смерцю, каб маглі вечна сузіраць Цябе, свайго Стварыцеля і Адкупіцеля. Праз Хрыста, Пана нашага. Н.: Амэн.
13.07.2009 14:41
4 красавіка біскупы Каталіцкага Касцёла на Беларусі накіравалі ліст у Ватыкан Яго Эмінэнцыі кардыналу Эдуарду Марцінэсу Самало – Камерленгу Святога Каталіцкага Касцёла.           Яго Эмінэнцыі          Кардыналу Эдуарду Марцінэсу Самало          Камерленга Святога Каталіцкага Касцёла          Ватыкан          Ваша Эмінэнцыя,          У вігілію нядзелі Божай Міласэрнасці мы атрымалі сумную вестку: Святы Айцец Ян Павел ІІ адышоў у дом Нябеснага Айца.          Мы, біскупы Рымска-Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, разам з усім народам Божым з глыбокім болем перажываем адыход у вечнасць нашага Айца.          У нашым болю мы яднаемся з усім Касцёлам і прабываем у малітоўным чуванні разам з усімі вернікамі.          Мы асаблівым чынам удзячныя Божаму Провіду за вялікую любоў, з якой Святы Айцец адносіўся да народаў Усходняй Еўропы, за тое, што можам сёння радавацца адраджэнню Касцёла на нашай зямлі.          У дні, напоўненыя болем, мы з надзеяй услухоўваемся ў словы Адкупіцеля: «Я — уваскрасенне і жыццё. Кожны, хто верыць у Мяне, не памрэ навекі» (пар. Ян 11, 25-26).          Нябеснаму Айцу, шчодраму на міласэрнасць, даручаем душу нашага Святога Айца Яна Паўла ІІ, а таксама ўзносім малітвы за ўвесь Касцёл, спадзеючыся, што ў асобе Яна Паўла ІІ ён будзе мець свайго заступніка перад Панам.          Біскупы Рымска-Каталіцкага Касцёла ў Беларусі
11.02.2013 03:30
Пасланне на Вялікі пост на польскай мове >>> БОГУ — ТАК, ЗЛОМУ ДУХУ — НЕ Глыбокапаважаныя браты і сёстры! 1. У Папяльцовую сераду мы распачалі новы літургічны перыяд — Вялікі пост — час падрыхтоўкі да святкавання самай вялікай таямніцы збаўлення: мукі, смерці і ўваскрасення Хрыста, час духоўнага адраджэння і ўмацавання нашай веры. У гэты асаблівы час мы павінны імкнуцца да спаткання з Хрыстом церпячым, укрыжаваным і ўваскрослым. Божы Провід дае нам сорак дзён, каб разам з ім іх адпаведна перажыць. Праз пакуту і адмаўленне ад гучных забаў мы будзем разважаць пра цярпенні і муку нашага Збаўцы. Нам таксама неабходна перажыць смерць, а менавіта памерці для граху, каб разам з Хрыстом уваскрэснуць да новага жыцця. Уводзячы нас у час Вялікага посту, Бог хоча, каб мы чарговы раз перажылі шлях духоўнага ачышчэння і перамены ў імкненні да сустрэчы з Ім.
15.07.2008 16:35
Назва Гадзінкі паходзіць ад слова «гадзіна». У кляштарах малітвы, якія манахі адгаворваюць у пэўныя гадзіны дня, маюць назву Літургія гадзінаў (Liturgia horarum) . Спевы гімнаў і малітваў Гадзінак укладзеныя па прыкладзе Літургіі гадзінаў , адкуль іх асобныя назвы: Ютрань, Першая Гадзіна, Трэцяя Гадзіна, Нешпары і г. д. Малітва Гадзінак праслаўляе таямніцу Беззаганнага Зачацця Багародзіцы, якая Божаю ласкаю была захаваная ад першароднага грэху. Ютрань Пачынайце, вусны нашы,        Маці праслаўляці, Пачынайце гімн хвалы        радасна спяваці. Будзь нам, Маці міласэрна,        сталай дапамогай, Барані нас ад спакус і шатана злога. Хвала Богу ў Тройцы вечнай        і Айцу, і Сыну, І Святому Духу ўсцяж,        на вякі, няспынна. Як была пашана Пану,        хай заўсёды будзе — На зямлі хай праз вякі        Бога славяць людзі. Гімн Радуйся, Пані Святая, неба Валадарка, Ты светлая, як зорка,        што ўзыйшла над ранкам. Радуйся, поўная ласкі,        яснасць незямная, Ратуй нас ад шатана, Маці Прасвятая. Пані, Цябе сам Бог Моцны,        Творца чалавека, Абраў за Маці Слова,        што жыло спрадвеку. Слова, што свет сатварыла —        неба над зямлёю, Паіла ўсё жывое чыстаю вадою. Бог узлюбіў Цябе, Маці,        і ўчыніў святою, Адамаў грэх моц страціў,        Пані, прад Табою. Кантар: Выбраў Яе Бог і па-над усім узвялічыў. Н.: І абраў Яе, быццам дом, у якім сам прабывае. К.: Пані, пачуй малітвы нашыя. Н.: А просьбы нашы няхай да Цябе дойдуць. Молімся: Святая Марыя, Валадарка неба, Маці Пана нашага Езуса Хрыста і Пані свету, якая нікога не пакідаеш і нікім не пагарджаеш, глянь на нас, о наша Пані, ласкавым позіркам Тваёй міласэрнасці і выпрасі нам у свайго Сына дараванне нашых правінаў, каб мы, хто цяпер пра Тваё Беззаганнае Зачацце пабожным сэрцам разважае, маглі атрымаць у небе ўзнагароду вечнага жыцця; няхай жа нам так учыніць Табою народжаны Твой Сын, а наш Пан Езус Хрыстус, які з Айцом і Святым Духам жыве і валадарыць, у Тройцы Святой адзіны Бог на векі вечныя. Амэн. К.: Пані, пачуй маленні нашыя. Н.: А просьбы нашы няхай да Цябе дойдуць. К.: Праслаўляйма Пана. Н.: Богу хвала. К.: А душы верных памерлых праз Божую міласэрнасць няхай адпачываюць у супакоі вечным. Н.: Амэн. Першая гадзіна Будзь нам, Маці міласэрна,        вернай дапамогай, Барані нас ад спакус і шатана злога. Хвала Богу ў Тройцы вечнай        і Айцу, і Сыну, І Святому Духу ўсцяж,        на вякі, няспынна. Як была пашана Пану,        хай заўсёды будзе — На зямлі хай праз вякі        Бога славяць людзі. Гімн Радуйся, мудрая Маці,        дом святы для Бога, Які калоны здобяць велічна, прыгожа. Пошасцям свету Ты, Пані,        сталася бядою, Бо ва улонні маці ўжо была святою. Маці зямлі, Ты ў неба        і у святасць Брама, Якуба зорка ясна і анёлаў Пані. Пострах шатана, ратуй нас        ад яго напасцяў, Ты прыстань хрысціянаў        у горы і няшчасці. К.: Сам Яе сатварыў у Святым Духу. Н.: І над справамі рук сваіх Яе ўзвялічыў. К.: Пані, пачуй маленні нашыя. Н.: А просьбы нашыя няхай да Цябе дойдуць. Молімся: Святая Марыя, Валадарка неба, Маці Пана нашага Езуса Хрыста і Пані свету, якая нікога не пакідаеш і нікім не пагарджаеш, глянь на нас, о наша Пані, ласкавым позіркам Тваёй міласэрнасці і выпрасі нам у свайго Сына дараванне нашых правінаў, каб мы, хто цяпер пра Тваё Беззаганнае Зачацце пабожным сэрцам разважае, маглі атрымаць у небе ўзнагароду вечнага жыцця; няхай жа нам так учыніць Табою народжаны Твой Сын, а наш Пан Езус Хрыстус, які з Айцом і Святым Духам жыве і валадарыць, у Тройцы Святой адзіны Бог на векі вечныя. Амэн. Трэцяя гадзіна Будзь нам, Маці міласэрна,        вернай дапамогай, Барані нас ад спакус і шатана злога. Хвала Богу ў Тройцы вечнай        і Айцу, і Сыну, І Святому Духу ўсцяж,        на вякі, няспынна. Як была пашана Пану,        хай заўсёды будзе — На зямлі хай праз вякі        Бога славяць людзі. Гімн Радуйся, трон Саламонаў,        запавет Святога, Вясёлка з фарбаў райскіх        Творцы Незямнога. Ты, як агонь Майсееў,        Богам палымнееш, Як посах Ааронаў, нібы цвет квітнееш. Райская Брама замкнёна,        мёду пласт Самсона, Руно, што мацавала мужнасць Гедыёна. Сын Твой Святы і адзіны        Бог Праўдзівы з неба, Цябе ўсцярог ад грэху нашай маці Евы. Толькі Цябе, Маці Слова,        Бог абраў спрадвеку, Каб Ты была нявіннай,        і без плямаў грэху. К: Я жыву на вышынях. Н.: А трон мой у слупе аблокаў. К.: Пані, пачуй малітвы нашыя. Н.: А просьбы нашы няхай да Цябе дойдуць. Молімся: Святая Марыя, Валадарка неба, Маці Пана нашага Езуса Хрыста і Пані свету, якая нікога не пакідаеш і нікім не пагарджаеш, глянь на нас, о наша Пані, ласкавым позіркам Тваёй міласэрнасці і выпрасі нам у свайго Сына дараванне нашых правінаў, каб мы, хто цяпер пра Тваё Беззаганнае Зачацце пабожным сэрцам разважае, маглі атрымаць у небе ўзнагароду вечнага жыцця; няхай жа нам так учыніць Табою народжаны Твой Сын, а наш Пан Езус Хрыстус, які з Айцом і Святым Духам жыве і валадарыць, у Тройцы Святой адзіны Бог на векі вечныя. Амэн. Шостая гадзіна Будзь нам, Маці міласэрна,        вернай дапамогай, Барані нас ад спакус і шатана злога. Хвала Богу ў Тройцы вечнай        і Айцу, і Сыну, І Святому Духу ўсцяж,        на вякі, няспынна. Як была пашана Пану,        хай заўсёды будзе — На зямлі хай праз вякі        Бога славяць людзі. Гімн Радуйся, Тройцы сяліба,        Божая Святыня, Палац святы анёлаў,        дзеваў Храм нявінных. Ты суцяшэнне журботных,        сад удзячных думак, Ты сіла цярплівых, чысціні дарунак. О Благаслаўлёная Пані,        Ты зямля святая, Нявіннасці і цнотаў, дар таемны маеш. Быццам святы горад Божы,        ці на Усходзе брама, Любоўю, ласкай светлай        ззяеш, Беззаганна! К.: Быццам лілея паміж церняў. Н.: Так і мая ўмілаваная паміж дачок Адама. К.: Пані, пачуй малітвы нашыя. Н.: А просьбы нашы няхай да Цябе дойдуць. Молімся: Святая Марыя, Валадарка неба, Маці Пана нашага Езуса Хрыста і Пані свету, якая нікога не пакідаеш і нікім не пагарджаеш, глянь на нас, о наша Пані, ласкавым позіркам Тваёй міласэрнасці і выпрасі нам у свайго Сына дараванне нашых правінаў, каб мы, хто цяпер пра Тваё Беззаганнае Зачацце пабожным сэрцам разважае, маглі атрымаць у небе ўзнагароду вечнага жыцця; няхай жа нам так учыніць Табою народжаны Твой Сын, а наш Пан Езус Хрыстус, які з Айцом і Святым Духам жыве і валадарыць, у Тройцы Святой адзіны Бог на векі вечныя. Амэн. Дзевятая гадзіна Будзь нам, Маці міласэрна,        вернай дапамогай, Барані нас ад спакус і шатана злога. Хвала Богу ў Тройцы вечнай        і Айцу, і Сыну, І Святому Духу ўсцяж,        на вякі, няспынна. Як была пашана Пану,        хай заўсёды будзе — На зямлі хай праз вякі        Бога славяць людзі. Гімн Радуйся, прыстань уцёкшых,        вежа справядлівых, Прыгожая, як хорам,        узведзены Давідам. Ты пры зачацці любоўю,        ласкай палымнела, Ад яснасці той пекла ў немачы самлела. Мужная Панна Святая,        як сама Юдыта, Што люд свой ратавала,        у палон здабыты. Хлебам карміў увесь Егіпет,        слаўны сын Рахэлі, Марыі Сын ад смерці збавіў        свет збуцвелы. К.: Якая ж Ты прыгожая, наша Пані. Н.: А правіны грэху першароднага ў Табе не знайшлося. К.: Пані, пачуй малітвы нашыя. Н.: А просьбы нашы няхай да Цябе дойдуць. Молімся: Святая Марыя, Валадарка неба, Маці Пана нашага Езуса Хрыста і Пані свету, якая нікога не пакідаеш і нікім не пагарджаеш, глянь на нас, о наша Пані, ласкавым позіркам Тваёй міласэрнасці і выпрасі нам у свайго Сына дараванне нашых правінаў, каб мы, хто цяпер пра Тваё Беззаганнае Зачацце пабожным сэрцам разважае, маглі атрымаць у небе ўзнагароду вечнага жыцця; няхай жа нам так учыніць Табою народжаны Твой Сын, а наш Пан Езус Хрыстус, які з Айцом і Святым Духам жыве і валадарыць, у Тройцы Святой адзіны Бог на векі вечныя. Амэн. Нешпары Будзь нам, Маці міласэрна,        вернай дапамогай, Барані нас ад спакус і шатана злога. Хвала Богу ў Тройцы вечнай        і Айцу, і Сыну, І Святому Духу ўсцяж,        на вякі, няспынна. Як была пашана Пану,        хай заўсёды будзе — На зямлі хай праз вякі        Бога славяць людзі. Гімн Радуйся, о яснасць свету,        верных дапамога, Ты кроў дала і цела Сыну Пана Бога. Каб чалавек у даліне грэху не загінуў, А годным стаўся неба,        хвалы херубімаў. Промнямі сонца святога,        зіхаціць Марыя — Зачатая без грэху чыстая лілея. Цвет паміж церняў — Марыя        мужна змея топча, Як месяц ясны ў поўні,        цемру губіць ноччу. К.: Я ўчыніла, каб на небе няспынна ўзыходзіла сонца. Н.: І быццам імгліца ўсю зямлю агарнула. К.: Пані, пачуй малітвы нашыя. Н.: А просьбы нашы няхай да Цябе дойдуць. Молімся: Святая Марыя, Валадарка неба, Маці Пана нашага Езуса Хрыста і Пані свету, якая нікога не пакідаеш і нікім не пагарджаеш, глянь на нас, о наша Пані, ласкавым позіркам Тваёй міласэрнасці і выпрасі нам у свайго Сына дараванне нашых правінаў, каб мы, хто цяпер пра Тваё Беззаганнае Зачацце пабожным сэрцам разважае, маглі атрымаць у небе ўзнагароду вечнага жыцця; няхай жа нам так учыніць Табою народжаны Твой Сын, а наш Пан Езус Хрыстус, які з Айцом і Святым Духам жыве і валадарыць, у Тройцы Святой адзіны Бог на векі вечныя. Амэн. Напрыканцы дня Хай жа дасць нам Сын Твой любы ласку навяртання, Хай даруе нам грахі, не спашле карання. Будзь нам, Маці міласэрна,        вернай дапамогай, Барані нас ад спакус і шатана злога. Хвала Богу ў Тройцы вечнай        і Айцу, і Сыну, І Святому Духу ўсцяж,        на вякі, няспынна. Як была пашана Пану,        хай заўсёды будзе — На зямлі хай праз вякі        Бога славяць людзі. Гімн Радуйся, о Маці цноты,        святасці дзявочай, Напоўненая ласкай у вянку святочным. О Беззаганная Маці, чысціня анёлаў, Стаіш ля трона Бога — галава ў кароне. Ласку для нас спарадзіла,        ветлая, Прачыста. Ты грэшнікаў надзея,        тых, што тонуць, прыстань. Райская Брама для слабых,        грэшных абарона, Вядзі нас на сустрэчу з Богам на Сіёне. К.: Тваё імя, о Марыя, як алей духмяны. Н.: А Твае слугі моцна Цябе ўзлюбілі. К.: Пані, пачуй малітвы нашыя. Н.: А просьбы нашы няхай да Цябе дойдуць. Молімся: Святая Марыя, Валадарка неба, Маці Пана нашага Езуса Хрыста і Пані свету, якая нікога не пакідаеш і нікім не пагарджаеш, глянь на нас, о наша Пані, ласкавым позіркам Тваёй міласэрнасці і выпрасі нам у свайго Сына дараванне нашых правінаў, каб мы, хто цяпер пра Тваё Беззаганнае Зачацце пабожным сэрцам разважае, маглі атрымаць у небе ўзнагароду вечнага жыцця; няхай жа нам так учыніць Табою народжаны Твой Сын, а наш Пан Езус Хрыстус, які з Айцом і Святым Духам жыве і валадарыць, у Тройцы Святой адзіны Бог на векі вечныя. Амэн. Ахвяраванне Гадзінак Пані, прымі спеў Гадзінак,        што Табе мы ўзносім, З паклонам і пакорай дапамогі просім. Шляхам збаўленным, о Маці,        нас вядзі да раю. Прыбудзь да ложа смерці,        не пакінь пры сконе. Антыфона О Квеце Ружы, што грэх першародны амінула, і злога ўчынку бруду не спазнала. К.: Пры сваім Зачацці, о Пані, Ты была Беззаганнай. Н.: Маліся за нас да Бога Айца, бо Ягонага Ты нарадзіла Сына. Молімся: Божа, Ты праз Беззаганнае Зачацце Найсвяцейшай Панны падрыхтаваў свайму Сыну годнае прабыванне ў нявінным улонні, і праз заслугі будучай смерці Хрыста захаваў Яе ад усялякай правіны. Дазволь нам праз Яе заступніцтва дайсці да Цябе без грэху. Праз Пана нашага Езуса Хрыста, які з Табою жыве і валадарыць у еднасці Духа Святога, Бог праз усе вякі вечныя. Н.: Амэн.
13.07.2009 14:44
Найдастойнейшыя Біскупы, Вялебныя Святары, Шаноўныя Сёстры Законныя, Дарагі народзе Божы, HABEMUS PAPAM — У НАС ЁСЦЬ ПАПА! 19 красавіка 2005 года ў 17 гадзін 50 хвілін (па сярэднееўрапейскім часе) з коміна над Сікстынскай Капэлай пайшоў белы дым, а праз некалькі хвілін пачалі біць званы базылікі Святога Пятра і на балконе з’явіўся новавыбраны Папа, да гэтага часу — кардынал Ёзаф Ратцынгер, які ўзяў сабе імя Бэнэдыкт XVI. Браты і сёстры, мы дзелімся з вамі гэтай вялікай радасцю, што ахапіла ўвесь Касцёл і ўсіх людзей добрай волі. Пасля амаль 27 гадоў выдатнага пантыфікату адышоўшага да вечнасці Папы Яна Паўла ІІ, моцаю Духа Святога, што кіруе Касцёлам, Калегія Кардыналаў выбрала чарговага Наступніка святога Пятра, які з балкону базылікі ўдзяліў сваё першае благаслаўленне Urbi et orbi — Гораду і свету. Мы сардэчна вітаем Папу Бэнэдыкта XVI і жадаем яму шчодрых дароў Святога Духа ў кіраванні Касцёлам ў справах веры і маралі, працягваючы апостальскае служэнне, прынятае ім ад Вялікага і, напэўна, Святога яго Папярэдніка Папы Яна Паўла ІІ. Цвёрда, шчыра і пераканаўча запэўніваем Папу Бэнэдыкта XVI у нашай вернасці, паслушэнстве і любові як да новага Намесніка Хрыста. Абяцаем Яго Святасці Папу Бэнэдыкту XVI нашую нястомную малітву у Яго інтэнцыі, каб Бог адарыў яго доўгім жыццём, моцным здароўем і нязломнаю сілаю душы і цела ў выкананні апостальскай місіі перад Богам, Касцёлам і светам. Цалуем персцень Рыбака — знак Пятровай улады. Мінск, 20 красавіка 2005 г. Кардынал Казімір Свёнтэк Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
15.07.2008 16:34
Падчас аб’яўленняў у Фаціме Маці Божая паабяцала тым, хто будзе перапрашаць Яе Беззаганнае Сэрца ў першыя суботы, што Яна будзе прысутнічаць у хвіліну іх смерці «разам з усімі ласкамі, патрэбнымі для збаўлення». Чаму ўстаноўлена менавіта пяць перапрашальных суботаў? « Дачка мая , – сказаў Езус сястры Люцыі, – прычына простая. Гэта датычыць пяці відаў знявагаў і абразаў, якімі зневажаецца Беззаганнае Сэрца Марыі ». Затым Збаўца ўказаў на гэтыя знявагі: Абраза Беззаганнага Зачацця; Абраза Яе Дзявоцтва; Абраза Яе Божага Мацярынства; Усе тыя знявагі, якімі імкнуцца адкрыта пасеяць у сэрцах дзяцей абыякавасць, пагарду і нават нянавісць да Беззаганнай Маці; Блюзнерствы, якімі зневажаюць Маці Божую ў Яе святых выявах.   Набажэнства першых суботаў павінна абудзіць у нас прагу пастаяннага перапрашэння Бога і Беззаганнага Сэрца Марыі за грахі, блюзнерствы і абыякавасць людзей. Тыя, хто практыкуе набажэнства першых суботаў, павінны вучыцца жыць у духу штодзённага перапрашэння, прыклад якога нам даюць фацімскія дзеці. Умовы перапрашэння Беззаганнага Сэрца Марыі: Споведзь у першую суботу месяца; Святая Камунія ў першую суботу месяца; Ружанец перапрашэння (5 таямніцаў). Разважанне над таямніцай (15 хвілін). Ружанец перапрашэння за знявагі, учыненыя Беззаганнаму Сэрцу Марыі Ён адгаворваецца так, як звычайны Ружанец, з той розніцаю, што пасля кожнай малітвы Вітай, Марыя...   дадаюцца наступныя заклікі, у кожнай таямніцы іншыя: Захавай і памнож у нас веру ў Тваё Беззаганнае Зачацце! Захавай і памнож у нас веру ў Тваё непарушнае Дзявоцтва! Захавай і памнож у нас веру ў Тваю годнасць сапраўднай Божай Маці! Захавай і памнож у нас праслаўленне і любоў да Тваіх абразоў! Распалі ва ўсіх сэрцах прагу набажэнства і любоў да Цябе. Малітва О Марыя, праз набажэнствы першых суботаў месяца прагну перапрасіць за пяць відаў знявагаў і абра2заў Твайго Беззаганнага Сэрца. Прымі гэта маё перапрашэнне за блюзнерствы, скіраваныя супраць Твайго Беззаганнага Зачацця, Твайго Дзявоцтва і Твайго Божага Мацярынства. Ахвярую Табе гэтае маё перапрашэнне, прашу прабачэння для тых, хто не прызнае Цябе за Маці ўсяго чалавецтва і хто сее ў сэрцах дзяцей абыякавасць, ігнараванне і нават нянавісць да Цябе. Урэшце прагну перапрасіць за знявагі, прычыненыя Табе тымі, хто дазваляе сабе апаганьваць Твае святыя выявы. Жадаючы суцешыць Тваё Беззаганнае Сэрца і дасягнуць спаўнення маіх просьбаў, прагну цяпер памаліцца гэты святы Ружанец. Адгаворваецца 5 таямніцаў, як пры звычайнай малітве на ружанцы, толькi ў чарговых дзесятках Ружанца пасля кожнай малітвы Вітай, Марыя чытаецца адпаведная просьба (гл. с. 452). Малітва анёла з Фацімы (перапрашaльнaя) О мой Езу, прабач нам грахі нашыя, захавай нас ад агню пякельнага, прывядзі ўсе душы на неба і дапамажы асабліва тым, каму найбольш патрэбна Твая міласэрнасць. ( Чытаецца пасля кожнай таямніцы ). Малітва на заканчэнне Каралева Ружанца святога, наша Фацімская Пані! Дзякую Табе за дапамогу, якую Ты мне аказала. Тваё фацімскае пасланне – гэта праява мацярынскай любові. Ты прагнеш усіх уратаваць і кожнага хочаш прывесці на неба. Хвала і праслаўленне Айцу і Сыну, і Духу Святому за гэту поўную велічы Каралеву неба, за Яе фацімскае пасланне і за выслухоўванне нашых просьбаў. Амэн. Малітва анёла з Фацімы Праслаўленнe Бога О Божа мой, веру ў Цябе, праслаўляю Цябе, давяраю Табе і люблю Цябе. Прашу ў Цябе прабачэння для тых, хто не верыць у Цябе, не праслаўляе Цябе, не давярае Табе і не любіць Цябе. Амэн. Малітва да Найсвяцейшай Тройцы О Найсвяцейшая Тройца, Айцец, Сын і Дух Святы. З глыбокаю пакораю хвалу Табе аддаю і ахвярую Табе Найсвяцейшае Цела і Кроў, Душу і Боскасць Пана нашага Езуса Хрыста, прысутнага на ўсіх алтарах усяго свету, як перапрашэнне за знявагі, святатацтва і абыякавасць, якімі Яго абражаюць. Праз бясконцыя заслугі Яго Найсвяцейшага Сэрца і праз заступніцтва Беззаганнага Сэрца Марыі прашу ў Цябе ласкі навяртання бедных грэшнікаў. Амэн.
13.07.2009 14:52
«Я — Хлеб Жыцця» (Ян 6, 35) .   Дарагія святары! Шаноўныя сёстры законныя! Умілаваныя браты і сёстры!   У кастрычніку 2004 г. Святы Айцец Ян Павел ІІ распачаў Год Эўхарыстыі, які будзе працягвацца да кастрычніка 2005 г. У гэты час увесь Каталіцкі Касцёл, усе дыяцэзіяльныя і парафіяльныя супольнасці павінны засяродзіцца на Вялікай Таямніцы, якую пакінуў нам Хрыстус, калі падчас Апошняй Вячэры прамовіў такія знамянальныя словы: «Бярыце і ешце з гэтага ўсе, бо гэта ёсць Цела Маё, якое за вас будзе выдана. (...) Бярыце і піце (...) гэта ёсць келіх Крыві Маёй новага і вечнага запавету, якая за вас і за многіх будзе праліта дзеля адпушчэння грахоў», — і дадаў: «Гэта чыніце на Маю памяць». З таго памятнага моманту Касцёл прабывае ў нястомным захапленні перад гэтым дарам, які пакінуў яму Пан Езус, застаўшыся ў Таямніцы Эўхарыстыі.   Год Эўхарыстыі, на думку Святога Айца Яна Паўла ІІ, павінен быць своеасаблівым працягам Вялікага Юбілею, калі ўвесь Касцёл быў запрошаны ўглядацца ў аблічча Хрыста. Год Эўхарыстыі мы адзначаем услед за Годам Ружанца, каб уваходзіць у гэтую таямніцу разам з Марыяй, якая найбольш поўна сузірала Аблічча Езуса, Божага Сына, які ад Яе прыняў чалавечае Цела. Менавіта гэтае чалавечае Цела Ён склаў у Ахвяру за збаўленне свету, цудоўным чынам застаючыся з намі і для нас у Таямніцы Эўхарыстыі. Святы Айцец Ян Павел ІІ заклікае ўвесь Касцёл асаблівым чынам сузіраць, ушаноўваць, адараваць гэты невымоўны Сакрамэнт. «Ecclesia de Eucharistia vivit» («Касцёл жыве дзякуючы Эўхарыстыі») — такімі словамі Святы Айцец Ян Павел ІІ распачынае энцыкліку «Ecclesia de Eucharistia» . У ёй Папа нагадвае вучэнне ІІ Ватыканскага Сабора, згодна з якім Эўхарыстычная Ахвяра з’яўляецца «крыніцай і разам з тым вяршыняй усяго хрысціянскага жыцця». «Бо ў Найсвяцейшай Эўхарыстыі заключаецца ўсё духоўнае багацце Касцёла, гэта значыць, сам Хрыстус, наша Пасха і Хлеб жывы, які праз сваё ажыўленае Духам Святым і жыватворнае Цела дае жыццё людзям» (EccE, 1) . Касцёл нарадзіўся з пасхальнай таямніцы, якая ахоплівае ўсе тыя падзеі, што мелі месца ў Вячэрніку, а пазней — у Садзе Аліўным і, урэшце, нязмерную Крыжовую ахвяру Пана Езуса, якая была прынесена на Кальварыі. Кожная святая Імша з’яўляецца не толькі ўспамінам усіх гэтых падзеяў, але таксама іх актуалізацыяй. Упэўненасцю ў гэтым жыла хрысціянская супольнасць з самага пачатку Касцёла. Ужо ў першых апісаннях Дзеяў Апосталаў можна прачытаць, што яны верна «трывалі ў навуцы апостальскай, у супольнасці і ламанні хлеба, ды ў малітвах» (Дз 2, 42) . «Ламанне хлеба» азначае менавіта Эўхарыстыю. «Устанаўленне Эўхарыстыі ў вечар Вялікага чацвярга падчас Апошняй Вячэры сакрамэнтальным чынам папярэджвала падзеі, якія ў хуткім часе павінны былі адбыцца, пачынаючы ад канання ў Гефсіманіі, (...) дзе Хрыстус на малітве перажываў смяротную трывогу, „і быў пот Яго як кроплі крыві, што падалі на зямлю“ (Лк 22, 44) . Распачыналася праліццё крыві — тае самай Крыві, якую крыху раней Ён ахвяраваў Касцёлу як напой зба ўлення ў сакрамэнце Эўхарыстыі; канчаткова яна будзе пралітая на Галгофе і станецца прыладаю нашага Адкуплення» (ЕссЕ, 3) . Сапраўды, гэта была гадзіна нашага адкуплення. Хрыстус, хоць і перажываў бязмежную трывогу, ведаў, што прыйшоў дзеля гэтае гадзіны: Ён прыйшоў здзейсніць справу адкуплення чалавека — адкуплення ўсіх людзей, бо ўсіх Ён палюбіў. «І што мне сказаць? Ойча, збаў Мяне ад гэтае гадзіны; але ж дзеля гэтае гадзіны Я і прыйшоў» (Ян 12, 27) . «У тое месца і ў тую гадзіну духоўна пераносіцца кожны святар, які цэлебруе святую Імшу, разам з супольнасцю хрысціянаў, якая ў ёй удзельнічае» (ЕссЕ, 4) . «Кожны раз, калі Касцёл цэлебруе Эўхарыстыю, вернікі могуць пэўным чынам нанава перажываць досвед двух вучняў з Эмаус: „І тады расплюшчыліся ў іх вочы, і яны пазналі Яго“ (Лк 24, 31) (ЕссЕ, 6) . Святы Тамаш Аквінскі, вялікі філосаф і тэолаг, які, спасцігаючы глыбіню гэтай Таямніцы, ствараў гімны на ўшанаванне Найсвяцейшага Сакрамэнту, пісаў літургічныя тэксты на свята Божага Цела, паказвае, наколькі слабы чалавечы розум, калі дакранаецца да гэтай вялікай таямніцы: «Праслаўляю з верай, Божа мой, Цябе, Ты пад відам хлеба скрыты для мяне. З сэрцам, поўным веры, Божа, прад Табой, усё губляе вартасць у велічы Тваёй...». Так, «Касцёл атрымаў Эўхарыстыю ад Хрыста, свайго Пана, не ў якасці аднаго з многіх каштоўных дароў, — тлумачыць далей Святы Айцец, — але як найвялікшы дар, бо гэта дар самога сябе, дар уласнай асобы ў яе святой чалавечнасці, а таксама дар Яго справы збаўлення» (ЕссЕ, 11) . Mane nobiscum Domine («Застанься з намі, Пане») Глыбокая асабістая сустрэча з Езусам, утоеным у Таямніцы Эўхарыстыі, перамяняе жыццё чалавека. Усемагутны Бог, які ёсць Любоў, Святасць і Мудрасць, стварыў чалавека: «І стварыў Бог чалавека паводле вобразу Свайго, паводле вобразу Божага стварыў яго» (Быц 1, 27) . Чалавек, адораны Любоўю, Святасцю і Мудрасцю, паддаючыся спакусам шатана, зацірае ў сабе гэтыя рысы, але калі ў Эўхарыстыі з верай і любоўю да Пана Бога прымае Божае Цела і Кроў, ён аднаўляе і павялічвае ў сабе Любоў, Святасць і Мудрасць. Эўхарыстыя — гэта найбольш дзейсны сродак для таго, каб перамагчы свае недахопы, і самы кароткі шлях да дасканаласці. «Прыйдзіце да Мяне ўсе працуючыя і абцяжараныя, і Я супакою вас» (Мц 11, 28) . Эўхарыстыя адкрывае нашыя вочы на пазнанне праўды, а сэрцы напаўняе любоўю. Эўхарыстыя з’яўляецца таямніцай святла «перадусім таму, што ў кожнай святой Імшы літургія Божага слова папярэднічае эўхарыстычнай літургіі: гэта еднасць двух „сталоў“ — стала Слова і стала Хлеба» (MnD, 11) . У клопаце пра духоўнае дабро вернікаў Айцы ІІ Ватыканскага Сабора выказалі жаданне, каб была адчынена для вернікаў скарбніца Святога Пісання. Таму Касцёл даў дазвол, каб падчас літургіі чыталіся фрагменты з Бібліі на нацыянальнай мове, зразумелай для ўсіх. Гэта сапраўдны дар, бо «калі ў Касцёле чытаецца Святое Пісанне, прамаўляе сам Хрыстус». Таму пабожнае слуханне Слова і разважанне ў маўчанні так неабходныя для таго, каб Божае Слова ўвайшло ў нашае жыццё і яго асвяціла. Нішто таксама не заменіць гамілію, падчас якой святар растлумачвае прачытанае Слова Божае (гл. MnD, 13) . Год Эўхарыстыі накіроўвае позірк веруючых на Езуса ў табэрнакулюме, прысутнасць якога павінна з’яўляцца «нібы полюсам прыцяжэння для ўсё большай колькасці душаў, любячых Яго, здольных доўгі час слухаць Яго голас і амаль адчуваць, як б’ецца Яго сэрца» (MnD, 18) . Святы Айцец заахвочвае законныя і парафіяльныя супольнасці распачаць эўхарыстычную адарацыю таксама па-за святой Імшой. Нам трэба доўгі час заставацца на кленчніку перад Езусам Хрыстом, прысутным у Эўхарыстыі, перапрашаць нашай верай і любоўю за тыя занядбанні, забыццё і нават знявагі, якія церпіць наш Збаўца ў многіх месцах свету (гл. MnD, 18) . Святы Айцец раіць вернікам звярнуць асаблівую ўвагу таксама на ўдзел у нядзельнай Эўхарыстыі, каб нанава адкрываць і ў поўні перажываць нядзелю як дзень Панскі і дзень Касцёла (MnD, 23) . Дазволіць, каб Эўхарыстыя вяла цябе Моц, зачэрпнутая з Эўхарыстыі, вызначае шляхі нашага апостальства. Так было ў выпадку вучняў з Эмаус, якія, пазнаўшы Езуса пры ламанні хлеба, «у той жа час вярнуліся ў Ерузалем» (пар. Лк 24, 33), каб перадаць тое, што ўбачылі і пачулі. Чалавек, які сапраўды перажыў сустрэчу з Езусам, спажываючы Яго Цела і Яго Кроў, не ў стане захаваць толькі для сябе радасць, якую перажывае. Сустрэча з Хрыстом абуджае ў Касцёле і ў кожным хрысціяніне вострую патрэбу сведчыць і евангелізаваць. Словы «Ідзіце ў супакоі Хрыста», якія святар прамаўляе ў канцы кожнай святой Імшы, з’яўляюцца наказам, які пабуджае кожнага хрысціяніна прыняць актыўны ўдзел у распаўсюджванні Евангелля і ажыўлення грамадства хрысціянскім духам (гл. MnD, 24) . Хрысціянін павінен дазволіць, каб Эўхарыстыя вяла яго, бо яна з’яўляецца сапраўднай сілай у штодзённасці чалавека і вызначае ў пэўнай ступені праграму яго жыцця. У Год Эўхарыстыі хрысціяне павінны прыкласці намаганні, каб яшчэ з большай моцай сведчыць аб прысутнасці Бога ў свеце. Нельга баяцца казаць пра Бога, але трэба нават з гордасцю насіць знакі веры. Ян Павел ІІ заклікае адкрывацца на «культуру Эўхарыстыі», якая пабуджае актыўна ўдзельнічаць у будаванні больш справядлівага і братэрскага грамадства (MnD, 26) . Гэтая культура не дазваляе чалавеку заставацца абыякавым да розных патрэбаў бліжніх. Трэба адкрываць вочы, каб у бліжэйшым аружэнні, у парафіі ці асяроддзі заўважыць людзей, якія ў нястачы, а таксама знаходзіць спосабы добразычлівай дапамогі ім. У гэтых адносінах кожны чалавек можа нешта ўчыніць. Важная не толькі матэрыяльная дапамога — хоць і яна часам бывае неабходнай, каб чалавек мог справіцца з крызісам ці нястачай, — але ж існуюць разнастайныя формы ўбоства: хваробы, самота старых людзей, цяжкасці, якія перажываюць беспрацоўныя, і іншыя няшчасці. «Мы не павінны ашукваць саміх сябе: толькі па ўзаемнай любові і клопату пра патрабуючых нас пазнаюць як сапраўдных вучняў Хрыста (пар. Ян 13, 35; Мц 31–46) . Менавіта гэта з’яўляецца крытэрыем, паводле якога будзе мерацца сапраўднасць нашых эўхарыстычных цэлебрацый» (MnD, 28) . «Прымаючы ўдзел у Эўхарыстыі, мы можам ужо тут, на зямлі, перажываць неба, валодаць гэтым шчасцем як прадчуваннем будучай паўнаты, якая абдыме чалавека да канца» (EccE, 18) . «У гэты Год не перастаём дзякаваць Богу за тое, што «ў пакорным знаку хлеба і віна, перамененых у Яго Цела і Яго Кроў, — чытаем у заканчэнні ліста Mane nobiscum Domine , — Хрыстус падарожнічае разам з намі, як нашая моц і наш віятык, і чыніць нас сведкамі надзеі для ўсіх». Калі перад гэтай таямніцай розум чалавека адчувае ўласную абмежаванасць, то сэрца, асвечанае ласкаю Духа Святога, добра ведае, якую трэба прыняць паставу, паглыбляючыся ў адарацыю і любоў без межаў. Учынім жа сваімі пачуцці святога Тамаша Аквінскага, знакамітага тэолага і адначасова палымянага песняра Хрыста Эўхарыстычнага; дазволім, каб і нашая душа адкрылася ў надзеі на сузіранне мэты, да якой імкнецца сэрца, што прагне радасці і спакою: Добры Пастыр, сапраўдны Хлебе, Езу, змілуйся над намі; накармі нас і беражы, давядзі нас да вечнага багацця ў краіне жывых. Ты, які ўсё ведаеш і можаш, які нас корміш на зямлі, давядзі сваіх братоў да гасціны нябеснай, да радасці Тваіх святых (ЕссЕ, 62).   З пастырскім благаслаўленнем, Каталіцкія Біскупы Беларусі
15.07.2008 16:24
Cвяты ружанец Як маліцца на ружанцы Таямніцы Святога ружанца Cвяты Ружанец У старажытнасці быў цудоўны звычай ахвяраваць асабліва годным людзям вянкі, сплеценыя з ружаў. Хрысціяне ўшаноўвалі Хрыста, Маці Божую і святых, складаючы ружавыя вянкі на алтар. Ружанец (на лаціне rosarium – ружавы кветнік) – пэўны спосаб малітвы, паслядоўнасць якой адлічваецца, нібы па пялёстках ружы, што разгортваецца ярусамі па пяць малітваў у кожным. Малітва гэта спалучаная з роздумам пра падзеі з жыцця Езуса і Панны Марыі, што ўтвараюць чатыры часткі Ружанца – радасныя таямніцы, балесныя таямніцы, таямніцы святла і хвалебныя. Сам спосаб малітвы прыйшоў з хрысціянскага Усходу, дзе з’явіўся прыкладна ў ІІІ ст. Кожная асобная малітва (паклон) адзначалася вузельчыкам на вяроўцы. Праз пяць стагоддзяў ён прыйшоў на Захад, дзе атрымаў лацінскую назву Pater noster (ад першых словаў малітвы Ойча наш , адсюль і беларускія «пацеркі»). Сучасная форма Ружанца ўсталявалася ў 1470-х гадах праз дамініканаў Алана дэ Рупэ і Якуба Шпрэнгера і была ўпершыню надрукаваная ў 1481 г. У 1520 г. яна была асвечаная папам Львом Х і названая Ружанцам Найсвяцейшай Панны Марыі. Актуальнасць ружанцовай малітвы для нашага часу падкрэсліў папа Ян Павел ІІ. У 2002 г. Святы Айцец выдаў Апостальскі ліст Rosarium Virginis Mariae , у якім запрасіў нанава адкрыць Ружанец і дапоўніў яго новаю часткаю – таямніцамі святла, прысвечанымі публічнай дзейнасці Хрыста. Ружанец – «вянок ружаў» – нібы з найлепшых кветак сплецены з найдаражэйшых малітваў: Ойча наш , якой навучыў нас сам Пан Езус, і Вітай, Марыя , якою віталі Марыю Божы пасланец арханёл Габрыэль і святая Альжбета, маці Яна Хрысціцеля. Ружанцам завецца таксама нізка асаблівым чынам змацаваных пацерак (драўляных, касцяных, бурштынавых і інш.), дзе кожнаю пацеркаю адзначаецца асобная малітва. Як маліцца на ружанцы Звычайна Ружанец пачынаецца ўступнымі малітвамі, якія гаворацца на крыжыку і пяці першых пацерках. Зрабіўшы знак крыжа і кажучы У імя Айца , гавораць, трымаючы крыжык, Веру ў Бога Айца , затым на першай пацерцы – Ойча наш , на трох наступных – тры Вітай, Марыя і на пятай – Хвала Айцу . Ружанец складаецца з чатырох частак, у кожную з якіх уваходзяць пяць таямніцаў. У кожнай таямніцы на першай асобнай пацерцы гаворыцца Ойча наш , на дзесяці змацаваных разам пацерках – дзесяць Вітай, Марыя , і на наступнай, асобнай пацерцы – Хвала Айцу і Сыну , а таксама: О Марыя, без граху першароднага зачатая, маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае! На гэтай жа пацерцы гаворыцца і малітва, якую прасіла дадаваць пасля кожнае дзесяткі Маці Божая падчас свайго аб’яўлення ў Фаціме: О мой Езу, прабач нам грахі нашыя, захавай нас ад агню пякельнага, правядзі ўсе душы на неба і дапамажы асабліва тым, каму найбольш патрэбна Твая міласэрнасць. На гэтай жа пацерцы гаворыцца таксама і Ойча наш наступнай таямніцы. Пацеркі, якімі мы карыстаемся, маюць пяць дзесяткаў, падзеленых між сабою пяццю асобнымі пацеркамі. Таму, перабраўшы іх адзін раз, мы можам памаліцца толькі адну частку Ружанца. Каб згаварыць яго цалкам, неабходна перабраць пацеркі чатыры разы. На пачатку кожнай таямніцы звычайна прыгадваем яе сэнс і разважаем аб жыцці Езуса і Марыі. Разважанне – найважнейшы сэнс Ружанца. Без яго Ружанец падобны да цела без душы. Адгаворваючы Ружанец без разважанняў, мы часта ператвараем яго ў паўтарэнне слоў. Ёсць розныя спосабы разважання таямніцаў Ружанца. Напачатку можна разважаць, дапамагаючы сабе тэкстамі, пададзенымі ніжэй. Пазней, глыбей спасцігшы Ружанец, можна абапірацца на ўласныя разважанні. Гэты вянок малітваў і разважанняў называюць яшчэ «малым Евангеллем», «лесвіцаю ў неба». 1 «Веру ў Бога...» 1 раз 2 «Ойча наш...» 1 раз 3 «Вітай, Марыя...» 3 разы 4 «Хвала Айцу...» 1 раз 4 Назваць таямніцу Ружанца 4 «Ойча наш...» 1 раз 5 «Вітай, Марыя...» 10 разоў 6 «Хвала Айцу...» 1 раз 6 Назваць наступную таямніцу Ружанца 6 «Ойча наш...» 1 раз 7 «Вітай, Марыя...» 10 разоў Таямніцы Святога ружанца Радасныя таямніцы Звеставанне Найсвяцейшай Панне Марыі Адведзіны Паннай Марыяй святой Альжбеты Нараджэнне Езуса Хрыста Ахвяраванне Хрыста ў святыні Езуса знаходзяць у Ерузалемскай святыні Таямніцы святла Хрост Езуса ў Ярдане Езус аб'яўляе сябе на вяселлі ў Кане Абвяшчэнне Божага Валадарства і заклік да навяртання Перамяненне Езуса на гары Табор Устанаўленне Эўхарыстыі Балесныя таямніцы Малітва Езуса ў садзе Аліўным Бічаванне Езуса Укаранаванне Езуса цернем Езус нясе крыж на гару Кальварыйскую Укрыжаванне і смерць Езуса Хвалебныя таямніцы Уваскрасенне Хрыста Унебаўшэсце Хрыста Спасланне Духа Святога Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі Укаранаванне Найсвяцейшай Панны Марыі Радасныя таямніцы (молімся ў панядзелак і суботу) І. Звеставанне Найсвяцейшай Панне Марыі (пар. Лк 1, 26–38) У шосты ж месяц Бог паслаў анёла Габрыэля ў горад Галілейскі, які называўся Назарэт, да Дзевы, заручанай з мужам па імені Юзаф, з дому Давіда, а імя Дзевы – Марыя. Анёл, увайшоўшы да Яе, сказаў: «Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою». І сказаў Ёй анёл: «Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Пана. І вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына, і дасі Яму імя Езус». Тады Марыя сказала: «Вось я, Слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова». ІІ. Адведзіны Паннай Марыяй святой Альжбеты (пар. Лк 1, 39–47) Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшалася ў горную краіну, у горад Юды. І ўвайшла ў дом Захарыі, і прывітала Альжбету. Напоўнілася Альжбета Духам Святым. І ўсклікнула моцным голасам, і сказала: «Благаслаўлёная Ты між жанчынамі і благаслаўлёны плод улоння Твайго!» І сказала Марыя: «Велічае душа мая Пана, і ўзрадаваўся дух мой у Богу, Маім Збаўцы». ІІІ. Нараджэнне Езуса Хрыста (пар. Лк 2, 6–11) Калі ж яны былі там, надышоў час нарадзіць Ёй. І нарадзіла Сына свайго, і паклала ў яслі, но не было ім месца ў заездзе. У той ваколіцы былі на полі пастухі, якія вартавалі ўначы свой статак. Раптам з’явіўся ім анёл Пана, і хвала Пана асвяціла іх, і вялікі страх ахапіў іх. І сказаў ім анёл: «Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народа, бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан». ІV. Ахвяраванне Хрыста ў святыні (пар. Лк 2, 22– 35) Калі мінулі дні іх ачышчэння паводле закону Майсея, бацькі Езуса прынеслі Яго ў Ерузалем, каб прадставіць перад Панам. Быў у Ерузалеме чалавек, імя якога Сімяон. Ён узяў Яго на рукі, благаславіў Бога і сказаў: «Вочы мае ўбачылі збаўленне Тваё, якое падрыхтаваў Ты перад абліччам усіх народаў». І сказаў Марыі, Маці Яго: «Вось Гэты прызначаны на падзенне і на паўстанне многіх у Ізраэлi, і на знак, якому супраціўляцца будуць. І праз тваю душу пройдзе меч, каб выявіліся думкі многіх сэрцаў». V. Езуса знаходзяць у Ерузалемскай святыні (пар. Лк 2, 43–49) Засталося Дзіця Езус у Ерузалеме, і не заўважылі гэтага Ягоныя бацькі. Пасля трох дзён знайшлі Яго ў святыні. Ён сядзеў сярод настаўнікаў, слухаючы іх і пытаючыся ў іх. І сказала Яму Маці Ягоная: «Сыне, чаму Ты зрабіў нам гэтак? Вось айцец Твой і Я ў вялікім смутку шукалі Цябе». І сказаў ім: «Чаго вы Мяне шукалі? Ці вы не ведалі, што Мне трэба быць у тым, што належыць Айцу Майму?»   Таямніцы святла (молімся ў чацвер) І. Хрост Езуса ў Ярдане (пар. Мц 3, 16-17) Калі Езус ахрысціўся, адразу выйшаў з вады, і раскрыліся Яму нябёсы, і ўбачыў Духа Божага, які спускаўся, як голуб, і сыходзіў на Яго. І голас з неба прамовіў: «Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў». ІІ. Езус аб’яўляе сябе на вяселлі ў Кане (пар. Ян 2, 1. 3. 7-9. 11) У Кане Галілейскай было вяселле. І, калі не хапіла віна, Маці Езуса сказала Яму: «Не маюць віна». Езус сказаў: «Напоўніце збаны вадою». І кажа ім: «Цяпер зачарпніце і занясіце кіраўніку вяселля». Кіраўнік вяселля пакаштаваў ваду, што стала віном. Такі пачатак цудаў учыніў Езус у Кане Галілейскай. ІІІ. Абвяшчэнне Божага Валадарства і заклік да навяртання (пар. Мк 1, 14-15; Лк 8, 1) Пасля таго, як выдалі Яна, прыйшоў Езус у Галілею, прапаведуючы Евангелле Божае і кажучы, што настаў час і наблізілася Валадарства Божае: кайцеся і верце ў Евангелле. Пасля праходзіў Ён па гарадах і вёсках, прапаведуючы і абвяшчаючы Добрую Навіну аб Валадарстве Божым. ІV. Перамяненне Езуса на гары Табор (пар. Лк 9, 28-29. 35) Езус узяў з сабою Пятра, Яна і Якуба і ўзышоў на гару памаліцца. І калі Ён маліўся, выгляд твару Яго перамяніўся, і вопратка Ягоная стала бліскуча-белай. А з воблака пачуўся голас, які казаў: «Гэта Сын Мой выбраны, Яго слухайце». V. Устанаўленне Эўхарыстыі (пар. Мц 26, 26-28) І калі яны елі, Езус узяў хлеб, благаславіў, ламаў і даваў вучням, кажучы: «Бярыце і ешце; гэта Цела Маё». Потым узяў келіх і, падзякаваўшы, даў ім, кажучы: «Піце з яго ўсе;  бо гэта Кроў Мая новага запавету, якая будзе праліта за многіх дзеля адпушчэння грахоў».    Балесныя таямніцы (молімся ў аўторак і пятніцу) І. Малітва Езуса ў садзе Аліўным (пар. Лк 22, 41–45) Езус адышоў ад іх на адлегласць, што камень можна дакінуць, укленчыў і маліўся, кажучы: «Ойча, калі Ты хочаш, адхілі ад Мяне гэты келіх. Але не Мая воля, а Твая няхай станецца». І з’явіўся Яму Анёл з неба, суцяшаючы Яго. І, страшэнна пакутуючы, Ён маліўся яшчэ больш. І быў пот Ягоны, быццам кроплі крыві, што падалі на зямлю. Калі ўстаў пасля малітвы і прыйшоў да вучняў, Ён убачыў, што яны заснулі, змучаныя тугою. ІІ. Бічаванне Езуса (пар. Мц 27, 22–25, Ян 19,1) Кажа ім Пілат: «А што мне рабіць з Езусам, якога завуць Хрыстом?» Кажуць усе: «Няхай будзе ўкрыжаваны!» Пілат, убачыўшы, што нічога не дапамагае, а хваляванне ўзрастае, узяў ваду і абмыў рукі перад людзьмі, кажучы: «Невінаваты я ў гэтай крыві. Глядзіце самі». І ўвесь народ адказаў: «Кроў Яго на нас і на дзецях нашых!» Тады Пілат узяў Езуса і бічаваў Яго. ІІІ. Укаранаванне Езуса цернем (пар. Мц 27, 27–30) Тады жаўнеры намесніка, завёўшы Езуса ў прэторыю, сабралі каля Яго цэлую кагорту. Распранулі Яго і накінулі на Яго чырвоны плашч, сплялі вянок з церня і ўсклалі Яму на галаву, і далі Яму ў правую руку трысціну. Становячыся перад Ім на калені, насміхаліся з Яго, кажучы: «Вітай, Кароль Юдэйскі!» І плявалі на Яго, бралі трысціну і білі Яго па галаве. ІV. Езус нясе крыж на гару Кальварыйскую (пар. Мц 27, 31; Лк 23, 26–28) А калі высмеялі, знялі з Яго плашч і апранулі ў адзенне Ягонае, і павялі Яго на ўкрыжаванне. Калі павялі Яго, схапілі нейкага Сымона Кірынэйца, які вяртаўся з поля, і ўсклалі на яго крыж, каб нёс за Езусам. Ішло за Ім вялікае мноства людзей і жанчын, якія плакалі і галасілі па Ім. А Езус звярнуўся да іх і сказаў: «Дочкі ерузалемскія, не плачце па Мне, а плачце па сабе і па дзецях вашых». V. Укрыжаванне і смерць Езуса (пар. Ян 19, 17–27; Лк 23, 44–46) І, несучы для сябе крыж, Ён выйшаў на месца, якое называлася Месцам Чэрапа, па-габрэйску — Галгота. Там укрыжавалі Яго. А з Ім двух іншых, з аднаго і з другога боку, а пасярэдзіне Езуса. Стаялі ж каля крыжа Езуса Маці Ягоная і сястра Маці Ягонай, Марыя Клеопава, і Марыя Магдалена. Езус, убачыўшы Маці і вучня, які стаяў побач і якога Ён любіў, сказаў: «Жанчына, вось сын Твой». Потым сказаў вучню: «Вось Маці твая!» І з гэтага часу вучань узяў Яе да сябе. І было каля шостай гадзіны, і цемра ахінула ўсю зямлю аж да дзевятай гадзіны. Сонца зацьмілася, і заслона ў святыні разарвалася пасярэдзіне. І Езус закрычаў моцным голасам: «Ойча, у рукі Твае аддаю дух Мой». І, сказаўшы гэта, сканаў.   Хвалебныя таямніцы (молімся ў сераду і нядзелю) І. Уваскрасенне Хрыста (пар. Мц 28, 1–9) На світанні першага дня тыдня прыйшла Марыя Магдалена і другая Марыя паглядзець магілу. І вось стаўся вялікі землятрус, бо анёл Пана, які сышоў з неба, падышоў, адсунуў камень і сеў на ім. Выгляд жа ягоны быў, як маланка, і адзенне ягонае было белае, як снег. Ад страху перад ім задрыжэлі вартаўнікі і сталі, як мёртвыя. Анёл жа, прамаўляючы да жанчын, сказаў: «Не бойцеся, бо ведаю, што вы шукаеце Езуса ўкрыжаванага. Няма Яго тут, Ён уваскрос, як сказаў». І вось Езус, выйшаўшы ім насустрач, сказаў: «Вітайце!» Яны ж, падышоўшы, абнялі ногі Ягоныя і пакланіліся Яму. ІІ. Унебаўшэсце Хрыста (пар. Лк 24, 46–51; Дз 1, 10–11) Езус сказаў сваім вучням: «Так напісана, што Месія павінен цярпець і ўваскрэснуць на трэці дзень з мёртвых, і ў Ягонае імя павінна абвяшчацца пакаянне дзеля адпушчэння грахоў усім народам, пачынаючы ад Ерузалема. А вы сведкі гэтага». Потым вывеў іх аж да Бэтаніі і, падняўшы рукі свае, благаславіў іх. І, калі благаслаўляў іх, развітаўся з імі і ўзнёсся на неба. І калі яны пільна ўзіраліся ў неба, як Ён узыходзіў, вось два мужы сталі перад імі ў белым адзенні і сказалі: «Мужы галілейскія, чаго стаіце і ўглядаецеся ў неба? Гэты Езус, узяты ад вас на неба, прыйдзе таксама, як вы бачылі Яго, калі Ён узыходзіў на неба». ІІІ. Спасланне Духа Святога (пар. Лк 24, 49; Дз 2, 1–4) «А вы заставайцеся ў горадзе, пакуль не апранецеся ў моц з вышыні». Калі настаў дзень Пяцідзесятніцы, усе былі разам на адным месцы. І раптам узняўся шум з неба, нібы павеў моцнага ветру, і напоўніў увесь дом, дзе сядзелі яны. І з’явіліся ім языкі падзеленыя, быццам ад агня, і затрымаліся на кожным з іх. І напоўніліся ўсе Духам Святым, і пачалі гаварыць на іншых мовах, як Дух даваў ім прамаўляць. ІV. Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі (пар. Лк 1, 46–52) І сказала Марыя: «Велічае душа мая Пана, і ўзрадаваўся дух мой у Богу, маім Збаўцы, Бо ўзглянуў Бог на пакору сваёй слугі, і цяпер благаслаўляць Мяне будуць усе пакаленні. Бо вялікае ўчыніў Мне Усемагутны, а імя Яго Святое. Паказаў моц сваёй правіцы, рассеяў тых, хто пыхлівыя сэрцам, скінуў магутных з трона і ўзвысіў пакорных». V. Укаранаванне Найсвяцейшай Панны Марыі (пар. Ап 12, 1.10) І вялікі знак з’явіўся ў небе: жанчына, апранутая ў сонца, і месяц пад ступнямі ног Яе, і на галаве Яе вянок з дванаццаці зорак. І пачуў я голас моцны, які казаў у небе: «Цяпер настала збаўленне, і сіла, і валадаранне Бога нашага, і ўлада Хрыста Ягонага, бо скінуты абвінаваўца братоў нашых, які дзень і ноч абвінавачваў іх перад Богам нашым».
13.07.2009 14:54
[ 30 чэрвеня 2005 г., Мінск ]   У пасяджэнні прынялі ўдзел усе каталіцкія біскупы Беларусі на чале са Старшынёй ККББ кардыналам Казімірам Свёнткам. Прысутнічаў таксама арцыбіскуп Марцін Відавіч, Апостальскі Нунцый на Беларусі.   Напачатку старшыня звярнуў увагу, што гэта ХХV юбілейнае пасяджэнне членаў ККББ. Ён узгадаў аб умовах і акалічнасцях першага пасяджэння і намаганнях, якія былі зроблены дзеля таго, каб Канферэнцыя магла выконваць свае абавязкі.   Старшыня паведаміў аб рашэнні Апостальскай Сталіцы прадоўжыць тэрмін дзейнасці Статутаў ККББ на 5 гадоў – уключна да 2010 г. Сабраныя падзяліліся меркаваннямі аб душпастырскіх праграмах у парафіях і дыяцэзіях на наступныя 2 гады. Біскупы ўхвалілі прапанову па стварэнні праграмы ўшанавання памяці Божага Слугі Яна Паўла ІІ, працэс беатыфікацыі якога быў урачыста распачаты 28 чэрвеня і падчас Пантыфікату якога адрадзіліся структуры Каталіцкага Касцёла на Беларусі.   Быў прадстаўлены выдадзены нядаўна Кампендыўм Катэхізіса Каталіцкага Касцёла . Біскупы пастанавілі ў бліжэйшы час зрабіць яго пераклад на беларускую мову.   Сабраныя абмяркоўвалі справы, звязаныя з фармацыяй кандыдатаў да святарства. Старшыня зазначыў, што арганізоўваецца спецыяльны асяродак для душпастырства пакліканняў.   Разглядаліся магчымасці арганізацыі гадавога падрыхтоўчага курсу для кандыдатаў у духоўныя семінарыі.   У сувязі з існуючай патрэбай абмяркоўваліся пытанні, якія датычаць сацыяльнага і пенсійнага забеспячэння святароў.   На пасяджэнні былі зацверджаны нормы адносна выступлення духоўных асобаў на радыё, тэлебачанні і ў прэсе.   Абмяркоўваліся таксама іншыя душпастырскія патрэбы Касцёла на Беларусі. Біскуп Антоні Дзям’янка, Генеральны сакратар KKББ
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа