Пошук

13.07.2009 14:52  
«Я — Хлеб Жыцця» (Ян 6, 35).
 
Дарагія святары! Шаноўныя сёстры законныя! Умілаваныя браты і сёстры!
 
У кастрычніку 2004 г. Святы Айцец Ян Павел ІІ распачаў Год Эўхарыстыі, які будзе працягвацца да кастрычніка 2005 г. У гэты час увесь Каталіцкі Касцёл, усе дыяцэзіяльныя і парафіяльныя супольнасці павінны засяродзіцца на Вялікай Таямніцы, якую пакінуў нам Хрыстус, калі падчас Апошняй Вячэры прамовіў такія знамянальныя словы: «Бярыце і ешце з гэтага ўсе, бо гэта ёсць Цела Маё, якое за вас будзе выдана. (...) Бярыце і піце (...) гэта ёсць келіх Крыві Маёй новага і вечнага запавету, якая за вас і за многіх будзе праліта дзеля адпушчэння грахоў», — і дадаў: «Гэта чыніце на Маю памяць». З таго памятнага моманту Касцёл прабывае ў нястомным захапленні перад гэтым дарам, які пакінуў яму Пан Езус, застаўшыся ў Таямніцы Эўхарыстыі.
 
Год Эўхарыстыі, на думку Святога Айца Яна Паўла ІІ, павінен быць своеасаблівым працягам Вялікага Юбілею, калі ўвесь Касцёл быў запрошаны ўглядацца ў аблічча Хрыста. Год Эўхарыстыі мы адзначаем услед за Годам Ружанца, каб уваходзіць у гэтую таямніцу разам з Марыяй, якая найбольш поўна сузірала Аблічча Езуса, Божага Сына, які ад Яе прыняў чалавечае Цела. Менавіта гэтае чалавечае Цела Ён склаў у Ахвяру за збаўленне свету, цудоўным чынам застаючыся з намі і для нас у Таямніцы Эўхарыстыі. Святы Айцец Ян Павел ІІ заклікае ўвесь Касцёл асаблівым чынам сузіраць, ушаноўваць, адараваць гэты невымоўны Сакрамэнт.


«Ecclesia de Eucharistia vivit» («Касцёл жыве дзякуючы Эўхарыстыі») — такімі словамі Святы Айцец Ян Павел ІІ распачынае энцыкліку «Ecclesia de Eucharistia». У ёй Папа нагадвае вучэнне ІІ Ватыканскага Сабора, згодна з якім Эўхарыстычная Ахвяра з’яўляецца «крыніцай і разам з тым вяршыняй усяго хрысціянскага жыцця». «Бо ў Найсвяцейшай Эўхарыстыі заключаецца ўсё духоўнае багацце Касцёла, гэта значыць, сам Хрыстус, наша Пасха і Хлеб жывы, які праз сваё ажыўленае Духам Святым і жыватворнае Цела дае жыццё людзям» (EccE, 1).

Касцёл нарадзіўся з пасхальнай таямніцы, якая ахоплівае ўсе тыя падзеі, што мелі месца ў Вячэрніку, а пазней — у Садзе Аліўным і, урэшце, нязмерную Крыжовую ахвяру Пана Езуса, якая была прынесена на Кальварыі. Кожная святая Імша з’яўляецца не толькі ўспамінам усіх гэтых падзеяў, але таксама іх актуалізацыяй. Упэўненасцю ў гэтым жыла хрысціянская супольнасць з самага пачатку Касцёла. Ужо ў першых апісаннях Дзеяў Апосталаў можна прачытаць, што яны верна «трывалі ў навуцы апостальскай, у супольнасці і ламанні хлеба, ды ў малітвах» (Дз 2, 42). «Ламанне хлеба» азначае менавіта Эўхарыстыю. «Устанаўленне Эўхарыстыі ў вечар Вялікага чацвярга падчас Апошняй Вячэры сакрамэнтальным чынам папярэджвала падзеі, якія ў хуткім часе павінны былі адбыцца, пачынаючы ад канання ў Гефсіманіі, (...) дзе Хрыстус на малітве перажываў смяротную трывогу, „і быў пот Яго як кроплі крыві, што падалі на зямлю“ (Лк 22, 44). Распачыналася праліццё крыві — тае самай Крыві, якую крыху раней Ён ахвяраваў Касцёлу як напой зба

ўлення ў сакрамэнце Эўхарыстыі; канчаткова яна будзе пралітая на Галгофе і станецца прыладаю нашага Адкуплення» (ЕссЕ, 3). Сапраўды, гэта была гадзіна нашага адкуплення. Хрыстус, хоць і перажываў бязмежную трывогу, ведаў, што прыйшоў дзеля гэтае гадзіны: Ён прыйшоў здзейсніць справу адкуплення чалавека — адкуплення ўсіх людзей, бо ўсіх Ён палюбіў. «І што мне сказаць? Ойча, збаў Мяне ад гэтае гадзіны; але ж дзеля гэтае гадзіны Я і прыйшоў» (Ян 12, 27). «У тое месца і ў тую гадзіну духоўна пераносіцца кожны святар, які цэлебруе святую Імшу, разам з супольнасцю хрысціянаў, якая ў ёй удзельнічае» (ЕссЕ, 4).

«Кожны раз, калі Касцёл цэлебруе Эўхарыстыю, вернікі могуць пэўным чынам нанава перажываць досвед двух вучняў з Эмаус: „І тады расплюшчыліся ў іх вочы, і яны пазналі Яго“ (Лк 24, 31) (ЕссЕ, 6).

Святы Тамаш Аквінскі, вялікі філосаф і тэолаг, які, спасцігаючы глыбіню гэтай Таямніцы, ствараў гімны на ўшанаванне Найсвяцейшага Сакрамэнту, пісаў літургічныя тэксты на свята Божага Цела, паказвае, наколькі слабы чалавечы розум, калі дакранаецца да гэтай вялікай таямніцы: «Праслаўляю з верай, Божа мой, Цябе, Ты пад відам хлеба скрыты для мяне. З сэрцам, поўным веры, Божа, прад Табой, усё губляе вартасць у велічы Тваёй...».

Так, «Касцёл атрымаў Эўхарыстыю ад Хрыста, свайго Пана, не ў якасці аднаго з многіх каштоўных дароў, — тлумачыць далей Святы Айцец, — але як найвялікшы дар, бо гэта дар самога сябе, дар уласнай асобы ў яе святой чалавечнасці, а таксама дар Яго справы збаўлення» (ЕссЕ, 11).

Mane nobiscum Domine («Застанься з намі, Пане»)

Глыбокая асабістая сустрэча з Езусам, утоеным у Таямніцы Эўхарыстыі, перамяняе жыццё чалавека.

Усемагутны Бог, які ёсць Любоў, Святасць і Мудрасць, стварыў чалавека: «І стварыў Бог чалавека паводле вобразу Свайго, паводле вобразу Божага стварыў яго» (Быц 1, 27). Чалавек, адораны Любоўю, Святасцю і Мудрасцю, паддаючыся спакусам шатана, зацірае ў сабе гэтыя рысы, але калі ў Эўхарыстыі з верай і любоўю да Пана Бога прымае Божае Цела і Кроў, ён аднаўляе і павялічвае ў сабе Любоў, Святасць і Мудрасць. Эўхарыстыя — гэта найбольш дзейсны сродак для таго, каб перамагчы свае недахопы, і самы кароткі шлях да дасканаласці. «Прыйдзіце да Мяне ўсе працуючыя і абцяжараныя, і Я супакою вас» (Мц 11, 28). Эўхарыстыя адкрывае нашыя вочы на пазнанне праўды, а сэрцы напаўняе любоўю.

Эўхарыстыя з’яўляецца таямніцай святла «перадусім таму, што ў кожнай святой Імшы літургія Божага слова папярэднічае эўхарыстычнай літургіі: гэта еднасць двух „сталоў“ — стала Слова і стала Хлеба» (MnD, 11). У клопаце пра духоўнае дабро вернікаў Айцы ІІ Ватыканскага Сабора выказалі жаданне, каб была адчынена для вернікаў скарбніца Святога Пісання. Таму Касцёл даў дазвол, каб падчас літургіі чыталіся фрагменты з Бібліі на нацыянальнай мове, зразумелай для ўсіх. Гэта сапраўдны дар, бо «калі ў Касцёле чытаецца Святое Пісанне, прамаўляе сам Хрыстус». Таму пабожнае слуханне Слова і разважанне ў маўчанні так неабходныя для таго, каб Божае Слова ўвайшло ў нашае жыццё і яго асвяціла. Нішто таксама не заменіць гамілію, падчас якой святар растлумачвае прачытанае Слова Божае (гл. MnD, 13).

Год Эўхарыстыі накіроўвае позірк веруючых на Езуса ў табэрнакулюме, прысутнасць якога павінна з’яўляцца «нібы полюсам прыцяжэння для ўсё большай колькасці душаў, любячых Яго, здольных доўгі час слухаць Яго голас і амаль адчуваць, як б’ецца Яго сэрца» (MnD, 18). Святы Айцец заахвочвае законныя і парафіяльныя супольнасці распачаць эўхарыстычную адарацыю таксама па-за святой Імшой. Нам трэба доўгі час заставацца на кленчніку перад Езусам Хрыстом, прысутным у Эўхарыстыі, перапрашаць нашай верай і любоўю за тыя занядбанні, забыццё і нават знявагі, якія церпіць наш Збаўца ў многіх месцах свету (гл. MnD, 18).

Святы Айцец раіць вернікам звярнуць асаблівую ўвагу таксама на ўдзел у нядзельнай Эўхарыстыі, каб нанава адкрываць і ў поўні перажываць нядзелю як дзень Панскі і дзень Касцёла (MnD, 23).

Дазволіць, каб Эўхарыстыя вяла цябе

Моц, зачэрпнутая з Эўхарыстыі, вызначае шляхі нашага апостальства. Так было ў выпадку вучняў з Эмаус, якія, пазнаўшы Езуса пры ламанні хлеба, «у той жа час вярнуліся ў Ерузалем» (пар. Лк 24, 33), каб перадаць тое, што ўбачылі і пачулі. Чалавек, які сапраўды перажыў сустрэчу з Езусам, спажываючы Яго Цела і Яго Кроў, не ў стане захаваць толькі для сябе радасць, якую перажывае. Сустрэча з Хрыстом абуджае ў Касцёле і ў кожным хрысціяніне вострую патрэбу сведчыць і евангелізаваць. Словы «Ідзіце ў супакоі Хрыста», якія святар прамаўляе ў канцы кожнай святой Імшы, з’яўляюцца наказам, які пабуджае кожнага хрысціяніна прыняць актыўны ўдзел у распаўсюджванні Евангелля і ажыўлення грамадства хрысціянскім духам (гл. MnD, 24).

Хрысціянін павінен дазволіць, каб Эўхарыстыя вяла яго, бо яна з’яўляецца сапраўднай сілай у штодзённасці чалавека і вызначае ў пэўнай ступені праграму яго жыцця.

У Год Эўхарыстыі хрысціяне павінны прыкласці намаганні, каб яшчэ з большай моцай сведчыць аб прысутнасці Бога ў свеце. Нельга баяцца казаць пра Бога, але трэба нават з гордасцю насіць знакі веры. Ян Павел ІІ заклікае адкрывацца на «культуру Эўхарыстыі», якая пабуджае актыўна ўдзельнічаць у будаванні больш справядлівага і братэрскага грамадства (MnD, 26). Гэтая культура не дазваляе чалавеку заставацца абыякавым да розных патрэбаў бліжніх. Трэба адкрываць вочы, каб у бліжэйшым аружэнні, у парафіі ці асяроддзі заўважыць людзей, якія ў нястачы, а таксама знаходзіць спосабы добразычлівай дапамогі ім. У гэтых адносінах кожны чалавек можа нешта ўчыніць. Важная не толькі матэрыяльная дапамога — хоць і яна часам бывае неабходнай, каб чалавек мог справіцца з крызісам ці нястачай, — але ж існуюць разнастайныя формы ўбоства: хваробы, самота старых людзей, цяжкасці, якія перажываюць беспрацоўныя, і іншыя няшчасці. «Мы не павінны ашукваць саміх сябе: толькі па ўзаемнай любові і клопату пра патрабуючых нас пазнаюць як сапраўдных вучняў Хрыста (пар. Ян 13, 35; Мц 31–46). Менавіта гэта з’яўляецца крытэрыем, паводле якога будзе мерацца сапраўднасць нашых эўхарыстычных цэлебрацый» (MnD, 28).

«Прымаючы ўдзел у Эўхарыстыі, мы можам ужо тут, на зямлі, перажываць неба, валодаць гэтым шчасцем як прадчуваннем будучай паўнаты, якая абдыме чалавека да канца» (EccE, 18). «У гэты Год не перастаём дзякаваць Богу за тое, што «ў пакорным знаку хлеба і віна, перамененых у Яго Цела і Яго Кроў, — чытаем у заканчэнні ліста Mane nobiscum Domine, — Хрыстус падарожнічае разам з намі, як нашая моц і наш віятык, і чыніць нас сведкамі надзеі для ўсіх».

Калі перад гэтай таямніцай розум чалавека адчувае ўласную абмежаванасць, то сэрца, асвечанае ласкаю Духа Святога, добра ведае, якую трэба прыняць паставу, паглыбляючыся ў адарацыю і любоў без межаў.

Учынім жа сваімі пачуцці святога Тамаша Аквінскага, знакамітага тэолага і адначасова палымянага песняра Хрыста Эўхарыстычнага; дазволім, каб і нашая душа адкрылася ў надзеі на сузіранне мэты, да якой імкнецца сэрца, што прагне радасці і спакою:

Добры Пастыр, сапраўдны Хлебе,
Езу, змілуйся над намі;
накармі нас і беражы,
давядзі нас да вечнага багацця
ў краіне жывых.
Ты, які ўсё ведаеш і можаш,
які нас корміш на зямлі,
давядзі сваіх братоў
да гасціны нябеснай,
да радасці Тваіх святых (ЕссЕ, 62).

 
З пастырскім благаслаўленнем,
Каталіцкія Біскупы Беларусі
Абноўлена 27.06.2017 16:04
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.