1. Традыцыйна кожны год Каталіцкі Касцёл 1 студзеня адзначае Сусветны дзень міру, які быў устаноўлены папам Паўлам VI. З гэтай нагоды Пантыфік звяртаецца да народаў свету са спецыяльным Пасланнем. Дэвіз сёлетняга, ужо 46-га, Сусветнага дня міру ўзяты са славутага казання Езуса на гары: «Благаслаўлёныя міратворцы» (пар. Мц 5, 9). Ужо ў самым тытуле гэтага Паслання нагадваецца аб асобай ролі тых, хто змагаецца за мір: яны з’яўляюцца благаслаўлёнымі — гэта азначае, што яны падабаюцца Богу.
Трэба падкрэсліць, што папскія Пасланні на Сусветны дзень міру арганічна ўпісваюцца ў тварэнне культуры міру, бо чытаюць знакі часу і адказваюць на іх выклікі.
Сёлетняе Пасланне канцэнтруецца на наступных прыярытэтах: права на жыццё, на рэлігійную свабоду і на працу. Яно таксама падкрэслівае неабходнасць выпрацаваць новую мадэль развіцця сусветнай гаспадаркі і ролю сям’і ў будаванні ўмоваў, якія спрыяюць міру.
2. Кожны Новы год нясе з сабой новыя чаканні лепшага. Таму на самым пачатку Паслання Пантыфік звяртае ўвагу на тое, што ў наш час паўсюднай глабалізацыі з яе пазітыўнымі і негатыўнымі элементамі, а таксама час крывавых канфліктаў і новых пагроз вайны, растучай няроўнасці паміж багатымі і беднымі, дамінавання эгаістычнага і індывідуалістычнага менталітэту, тэрарызму і міжнароднай злачыннасці, рэлігійнага фундаменталізму і фанатызму неабходна адноўленая і супольная зацікаўленасць у імкненні да супольнага дабра, да развіцця ўсіх людзей і ўсяго чалавека і да ўсталявання міру, бо чалавек створаны для міру, які з’яўляецца Божым дарам (пар. Пасланне 1).
Разважаючы аб благаслаўленні, якое чакае міратворцаў, Папа нагадвае, што яно адносіцца не толькі да будучага жыцця ў вечнасці, але і да зямнога. Божае благаслаўленне міратворцаў нагадвае аб тым, што мір з’яўляецца не толькі месіянскім дарам, але і чалавечым, бо ён базуецца на адкрытым на трансцэндэнтнасць гуманізме і ёсць плёнам узаемнага дару. Умовай міру з’яўляецца адмаўленне ад дыктатуры маральнага рэлятывізму, які пануе ў сучасным свеце. Мір будуецца на ўпісаным Богам у сэрца кожнага чалавека натуральным праве, ахоплівае ўсю чалавечую асобу і прадугледжвае ўдзел усяго чалавека. Гэта мір з Богам, самім сабой і іншымі. Таму для дасягнення міру неабходны дыялог з міласэрным Богам і іншымі людзьмі і імкненне да дасягнення супольнага дабра (пар. Пасланне 2-3).
3. Вялікай сучаснай праблемай застаецца крызіс сям’і, як галоўнай клеткі кожнага грамадства. Таму неабходна з новым запалам падтрымліваць натуральную структуру сям’і, як адзінага і непарушнага саюзу паміж мужчынам і жанчынай, а таксама бараніць і шанаваць жыццё, якое ў сучасным свеце дэвальвуецца (пар. Пасланне 4).
4. Іншай вельмі важнай сучаснай праблемай з’яўляецца праблема рэлігійнай свабоды, права на якую ўпісана ў прыроду самога чалавека. Гэтае права павінна прымацца не толькі як свабода з негатыўнага пункту гледжання, а менавіта «свабода ад» — напрыклад ад абавязкаў і прымусу ў галіне выбару рэлігіі, — але таксама і з пазітыўнага пункту гледжання, як «свабода да» — напрыклад да сведчання аб сваёй рэлігіі і жыцці паводле прынцыпаў веры.
У той жа час у многіх краінах свету, нават у традыцыйных хрысціянскіх краінах, сёння праяўляецца рэлігійная неталерантнасць і нарастае пераслед рэлігіі, а хрысціянства становіцца найбольш пераследуемай рэлігіяй. Ізноў ліецца кроў нявінных вызнаўцаў Хрыста. У сувязі з гэтым неабходна пераасэнсаваць антрапалагічныя і культурныя падставы суіснавання людзей розных культур і рэлігій. Сучаснаму чалавеку ў яго дзейнасці неабходна адносіцца да аўтэнтычнай антрапалогіі, бо там, дзе не захоўваецца натуральнае права, там няма супакою (пар. Пасланне 4).
5. У трываючым ужо некалькі гадоў эканамічным і фінансавым крызісе расце беспрацоўе. У той жа час кіраўнікі найбольш багатых дзяржаў канцэнтруюць сваю ўвагу на спажывецтве. У сувязі з гэтым Папа падкрэслівае, што годнасць чалавека, а таксама гаспадарчыя, палітычныя і сацыяльныя рацыі патрабуюць забяспечыць працу ўсім людзям. А гэта, у сваю чаргу, патрабуе прыняцця новай палітыкі працы для ўсіх людзей (пар. Пасланне 4).
6. У сучасным свеце ўсё часцей праводзяцца дыскусіі аб тым, што неабходна новая мадэль развіцця гаспадаркі. Для гэтага трэба мець адпаведную шкалу каштоўнасцяў згодна з Божым законам — інакш яны страцяць сваю вартасць і прывядуць да паўстання новых бажышчаў. Існуючы эканамічны крызіс неабходна выкарыстаць як хваробу, якая змушае да пошуку адпаведнага леку, гэта азначае новай гаспадарчай мадэлі.
Існуючая цяпер мадэль гаспадаркі, зыходзячы з прынцыпаў індывідуалізму і эгаізму, інспіруе пошук максімальнай выгоды і кансумпцыі. Чалавек імкнецца да асабістай, неабмежаванай і безадказнай свабоды. Ён не хоча несці адказнасць за іншага чалавека і за міжчалавечыя адносіны, якія на самой справе павінен ствараць і падтрымліваць. У той жа час сапраўдны поспех можна дасягнуць праз дар самога сябе, сваіх магчымасцяў, ініцыятыў і г.д. У гаспадарчай дзейнасці будаўнік міру павінен быць тым, хто бароніць правы як прадпрымальнікаў, так і працаўнікоў. Ён павінен працаваць для супольнага дабра.
Неабходна таксама стварыць этыку фінансавых, манетарных і камерцыйных рынкаў. Яны не могуць несці шкоды людзям. Каб перамагчы эканамічны крызіс, людзі, якія працуюць у справе міру, павінны супрацоўнічаць паміж сабой у духу салідарнасці на ўсіх узроўнях — ад мясцовага да міжнароднага (пар. Пасланне 5).
7. Асаблівай справай ёсць падтрымка супольнага дабра сям’і і сацыяльнай справядлівасці, а таксама грамадскага выхавання. Сям’я адыгрывае вялікую ролю ў тварэнні культуры міру. Таму неабходна бараніць правы бацькоў на рэлігійнае выхаванне сваіх дзяцей.
Асаблівую ролю ў будаванні міру адыгрываюць выхаваўчыя інстытуцыі — школы і ўніверсітэты, якія павінны адчуваць сваю адказнасць у гэтай галіне і імкнуцца як мага лепей выканаць гэта заданне (пар. Пасланне 6).
8. Напрыканцы Папа звяртае ўвагу на неабходнасць развіцця педагогікі міру. Яна патрабуе глыбокага духоўнага жыцця, прыняцця ясных маральных каштоўнасцяў і адпаведнага стылю жыцця, каб зло перамагаць дабром. Гэта нялёгкая праца, бо яна закладае духоўную эвалюцыю, выхаванне вышэйшым каштоўнасцям і новае бачанне чалавечай гісторыі. Неабходна адкінуць фальшывы мір, якія абяцаюць бажышчы гэтага свету, і дзейнічаць сумесна, салідарна, мужна і вытрывала (пар. Пасланне 6).
9. Пасланне Бэнэдыкта XVI падкрэслівае вельмі важную думку, што дарогай, якая вядзе да сталага міру, ёсць евангелізацыя. Абвяшчэнне Хрыста і Яго праўды дапамагае людзям аб’яднацца паміж сабой. Таму мір не з’яўляецца толькі марай ці ўтопіяй, але ён магчымы. Яго ўмовай ёсць захоўванне натуральнага права і пашана да чалавека на кожным этапе яго жыцця — ад зачацця да натуральнай смерці, а таксама яго захаванне ў грамадскіх, гаспадарчых і эканамічных адносінах.
Няхай жа чарговы заклік Папы да ўсталявання міру знойдзе водгук у нашых сэрцах, каб мы сваёй малітвай і згоднай з хрысціянскімі нормамі дзейнасцю ўсталёўвалі мір на нашай зямлі, каб ажыццявіліся словы хораў анёльскіх пры нараджэнні Езуса Хрыста: «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі» (пар. Лк 2, 14).
Карыстаючы гэтай нагодай, віншую ўсіх вас, дарагія браты і сёстры, з Новым 2013-м годам і жадаю, каб ён стаў годам вялікіх Божых дароў і Ягонай ласкі, сапраўднага міру, супакою, радасці, дастатку і шчасця. Давяраючы ўсіх вас апецы святой Багародзіцы Марыі, урачыстасць якой сёння адзначаем, ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, + і Сына, і Духа Святога.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Мінск, 25 снежня 2012 г.
Урачыстасць Божага Нараджэння
P.S. Глыбокапаважаныя святары няхай прачытаюць гэты каментарый вернікам 1 студзеня 2013 г. на Новы год.