Пошук

11.02.2013 03:30  
Пасланне на Вялікі пост на польскай мове >>>


БОГУ — ТАК, ЗЛОМУ ДУХУ — НЕ

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. У Папяльцовую сераду мы распачалі новы літургічны перыяд — Вялікі пост — час падрыхтоўкі да святкавання самай вялікай таямніцы збаўлення: мукі, смерці і ўваскрасення Хрыста, час духоўнага адраджэння і ўмацавання нашай веры. У гэты асаблівы час мы павінны імкнуцца да спаткання з Хрыстом церпячым, укрыжаваным і ўваскрослым. Божы Провід дае нам сорак дзён, каб разам з ім іх адпаведна перажыць. Праз пакуту і адмаўленне ад гучных забаў мы будзем разважаць пра цярпенні і муку нашага Збаўцы. Нам таксама неабходна перажыць смерць, а менавіта памерці для граху, каб разам з Хрыстом уваскрэснуць да новага жыцця. Уводзячы нас у час Вялікага посту, Бог хоча, каб мы чарговы раз перажылі шлях духоўнага ачышчэння і перамены ў імкненні да сустрэчы з Ім.

2. Жадаючы весці нас шляхам перамены, Бог указвае нам на Хрыста, які сорак дзён і начэй прабываў на пустыні. У біблійнай сімволіцы пустыня з’яўляецца знакам краіны смерці і пазбаўленай Божага благаслаўлення зямлі. Яна з’яўляецца месцам дэманаў, якія пагражаюць жыццю чалавека. У Святым Пісанні ёсць многа аповедаў аб Божай волі вывесці людзей з зямлі смерці — пустыні — у Зямлю Абяцаную, у краіну жыцця.

У гісторыі Ізраэля пустыня прадстаўляецца перадусім пераходам з егіпецкай няволі ў Зямлю Абяцаную. Падчас трываючага сорак гадоў пераходу габрэі шмат разоў зведалі Божую апеку, але адначасова сустрэлі і шмат цяжкасцяў, якія ставілі пад сумніў іх веру ў Бога і давер Яму. Яны вельмі часта сустракаліся са спакусамі і паддаваліся ім. Праз гэта яны страчвалі веру ў Бога і ў Яго апеку над імі.

3. Падобную сітуацыю перажыў Езус. Ён сорак дзён і начэй знаходзіўся на пустыні, захоўваў пост і маліўся. Яго, моцна аслабленага і галоднага, спакушаў злы дух, падобна таму, як ён спакушаў габрэяў на пустыні. Злы дух імкнуўся пахіснуць Яго давер да Нябеснага Айца і хацеў, каб Хрыстус выпрабаваў Яго.

Першая спакуса — гэта спакуса хлебам. Д’ябал прапанаваў Хрысту перамяніць камень у хлеб і такім чынам заспакоіць голад. Гэтым самым злы дух жадаў, каб Езус імкнуўся да неадкладнага задавальнення сваіх патрэбаў і такім чынам паставіў іх у цэнтры жыцця. Ці не так ёсць у сучасным свеце? Чаго мы найбольш хочам і чаму мы найбольш прысвячаем увагу? Падобна старажытным рымлянам, мы хочам хлеба і відовішчаў. Імкненне да багацця любым коштам і да бестурботнага жыцця найбольш займае сучаснага чалавека. Езус, аднак, не прыняў гэтай прапановы і станоўча адказаў, што не адзіным хлебам жыве чалавек, але і словам Божым, якое выходзіць з Ягоных вуснаў (пар. Лк 4, 4), што азначае выконваннем Божай волі.

Другая спакуса — гэта спакуса ўладай. Злы дух паказаў Езусу ўсе валадарствы свету і паабяцаў даць уладу над імі, калі Ён паклоніцца яму. Як часта мы імкнёмся да ўлады, не зважаючы на Божы закон і правы іншых людзей! Як часта сучасны чалавек адмаўляецца ад веры ў Бога, каб толькі мець лепшую пасаду! А як паступіў Езус? Ён рашуча адмовіўся ад такой прапановы і падкрэсліў, што адзіным Валадаром свету з’яўляецца Бог і толькі Яму трэба служыць.

І нарэшце, апошняя спакуса — гэта прапанова выпрабаваць Нябеснага Айца. Сатана прапаноўваў Езусу кінуцца з гары галавой уніз і чакаць, каб Бог уратаваў Яго ад смерці. Як часта падобнае чыніць чалавек. Ён кажа: Божа, калі Ты існуеш, то Ты мяне ўратуеш, нават калі я буду паступаць неразважліва і падвяргаць сябе небяспецы. Езус ізноў станоўча не прыняў прапанову, кажучы, што нельга выпрабоўваць Бога.

Такім чынам, Езус не прыняў прапаноў злога духа і гэтым самым перамог яго, застаўшыся верным свайму Нябеснаму Айцу.

Тут трэба падкрэсліць, што падчас спакусаў Езус не сказаў злому духу: «Чаго ж ты Мяне спакушаеш? Я ж Сын Божы і таму не магу быць галодным. Мне належыць уся ўлада, і як Бог Я не магу выпрабоўваць свайго Нябеснага Айца». Не, Езус так не адказаў. Езус — як Бог і Чалавек — прадстаў перад д’яблам у сваім чалавечым абліччы, Ён заняў месца галодных, бедных, пакінутых і слабых. Менавіта таму, застаючыся верным свайму Нябеснаму Айцу, Ён адказаў злому духу так, як павінен быў адказаць і як павінен адказваць кожны хрысціянін.

5. Паводзіны Езуса з’яўляюцца прыкладам для нас. Мы, падобна габрэям, вандруючым з егіпецкай няволі ў Зямлю Абяцаную, і падобна Езусу знаходзімся на сваёй пустыні. Гэтай пустыняй з’яўляецца нашае жыццё. Гэты свет і штодзённасць з’яўляюцца месцам і часам нашага падарожжа ў Зямлю Абяцаную, у вечнасць, да жыцця з Богам. На гэтым шляху мы сустракаем шмат цяжкасцяў і нас спакушае злы дух, які жадае, каб мы адышлі ад Бога. Падобна як Хрысту, таксама і нам сатана прапануе розныя спакусы. І ў першую чаргу імі з’яўляюцца такія, як

  • спакуса неадкладнага заспакаення сваіх патрэбаў і дасягнення зямнога шчасця, нават коштам незахавання Божага закону;
  • спакуса, не захоўваючы маральны закон, атрымаць уладу і гэтым самым прызнаць валадаранне злога духа над намі;
  • спакуса выпрабоўваць Бога праз падвяржэнне саміх сябе небяспецы, каб спраўдзіць, ці ўратуе Ён нас.

Гэтыя спакусы нярэдка ўзнікаюць у нашым жыцці як шляху ў Нябесны Ерузалем. Мы зведваем іх сілу і нашу слабасць адносна іх так, што без Божай дапамогі не можам іх перамагчы. Другі Ватыканскі Сабор у Пастырскай канстытуцыі пра Касцёл у сучасным свеце прадстаўляе змаганне чалавека са спакусамі наступным чынам: «Усё жыццё чалавека, індывідуальнае і калектыўнае, уяўляецца як барацьба паміж дабром і злом, паміж святлом і цемрай. Больш таго, чалавек адкрывае, што ён няздольны эфектыўна змагацца са злом, так, што кожны адчувае сябе як бы закутым у кайданы. Але сам Пан прыйшоў, каб вызваліць і ўзмацніць чалавека, унутрана аднаўляючы яго і выкідаючы прэч князя гэтага свету (пар. Ян 12, 31)» (GS 13).

6. Такой з’яўляецца рэальная сітуацыя чалавека ў свеце. Зло часта здаецца мацнейшым за нас. Мы ведаем, чым ёсць дабро, і ў той жа час чынім зло. Але евангельскі аповед пра спакушэнне Хрыста нясе надзею, бо Езус перамагае спакусу і злога духа. Яго перамога над ім у пустыні з’яўляецца прадказаннем будучай канчатковай перамогі на дрэве крыжа. Злы дух быў пераможаны смерцю і ўваскрасеннем Хрыста. Ад таго часу д’ябал не мае права панаваць над светам і чалавекам.

Усё гэта не азначае, што ён не будзе нас спакушаць. Ён будзе гэта чыніць, бо такая яго прырода. Прычым спосабы спакушэння змяняюцца. Аднак веруючы чалавек не павінен паддавацца злому духу. Езус перамог яго і дае нам удзел у сваёй перамозе. Таму і мы можам перамагчы д’ябла. Такім чынам спакуса становіцца нагодай для перамогі над злым духам і сваімі слабасцямі. Нездарма святы апостал Павел піша: «Вы не былі выпрабаваныя па-над людскія сілы. Бог, які ёсць верным, не дазволіць выпрабоўваць вас больш, чым маеце сілы, але разам з выпрабаваннем дасць і выйсце, каб вы маглі вытрываць» (1 Кар 10, 13). Таму спакуса, якую зведваем, можа і павінна быць пераможана.

7. Як гэта ўчыніць?

Адказ знаходзім у евангельскім аповедзе аб спакушэнні Хрыста. Евангеліст Лука падкрэслівае, што Езус быў «напоўнены Духам Святым» (Лк 4, 1). Езус — гэта Месія, што азначае, што Ён поўны Духа Святога, які дае сілу для змагання са злом. Гэта непасрэдны наказ нам. Мы павінны быць напоўнены Духам Святым. Яго мы атрымліваем у сакрамэнце хросту і асабліва ў сакрамэнце канфірмацыі. Ён умацоўвае нас у сакрамэнце Эўхарыстыі. Неабходна толькі дазволіць Яму дзейнічаць, а не закрывацца на Яго. Для гэтага неабходна на малітве і праз сакрамэнтальнае жыццё адкрыцца на Яго прысутнасць і дзейнасць. Ён вучыць нас адрозніваць дабро ад зла, вучыць таксама не ўступаць у дыскусію са злым духам, якая можа прывесці да духоўнага падзення.

8. Падчас Вялікага посту мы чуем заклік да чування, бо наша вера паддадзена выпрабаванням. Д’ябал, імкнучыся аслабіць нашу веру, пастаянна нас спакушае. Пры гэтым ён абяцае шчасце. Трэба памятаць, што спакуса — гэта толькі прыгожая ўпакоўка, унутры якой нічога няма. Адкрываючы яе, мы адчуваем глыбокае расчараванне. Так ёсць ад хвіліны першай спакусы яшчэ ў раі. Нашым першым бацькам злы дух абяцаў, што стануць роўнымі Богу і будуць шчаслівымі. Для гэтага трэба было так мала — толькі сарваць плод з забароненага дрэва.

У чым крыецца іх самая вялікая памылка? У тым, што замест таго, каб даверыцца Богу, яны пачалі давяраць падбухторванням д’ябла. Больш таго, яны пачалі весці з ім размову і такім чынам уцягнуліся ў пастаўленую ім пастку. Якім быў фінал гэтай размовы? Добра ведаем, што замест шчасця ў іх сэрцах засталася пустэча і смутак.

Падобным чынам паступае з намі злы дух. Напрыклад, Бог кажа і Касцёл навучае, што трэба святкаваць нядзелю і ісці да касцёла на святую Імшу. А злы дух шэпча: «Чаго туды ісці, лепей адпачыць перад тэлевізарам, паехаць за горад на рыбалку, схадзіць на рынак або ў супермаркет і г.д.». І нам часта гэта здаецца слушным. Мы пачынаем сумнявацца. А гэта ўжо першы крок да таго, каб спакуса перамагла.

А як нам не дапусціць гэтага і самім перамагчы спакусу? Паглядзім на Езуса. Ён не ўступае ні ў якія дыскусіі са злым духам і адразу адхіляе яго прапановы. Таму і нам нельга ўступаць у размову са злым духам, нельга з ім таргавацца. Такім чынам мы не дазволім яму пасеяць у нашых сэрцах няўпэўненасць, якая адкрывае шлях да яго перамогі. У той жа час шлях да нашай перамогі — гэта вернасць Богу і Ягонай волі.

9. Дарагія браты і сёстры!

Распачынаючы Вялікі пост у Год веры, спытаем у саміх сябе: «Як мы паводзім сябе падчас спакусаў? Уступаем у дыскусію з д’яблам ці не? Прымаем яго прапанову ці яе адхіляем?» Калі не ведаем, як паступіць, то скіруем свой позірк на Хрыста. Яго прыклад — гэта прыклад кожнаму хрысціяніну, як супрацьстаяць злому духу і захаваць несапсаванай нашу веру, каб яна не затухала, а прысутнічала ў нашым штодзённым жыцці. Прыклад Хрыста кажа не кантактаваць са злым духам і адхіляць яго прапановы. А для гэтага трэба прасіць Бога аб дапамозе, бо без Яго нічога не зможам учыніць (пар. Ян 15, 5).

У малітве «Ойча наш…» Езус навучыў нас прасіць Бога, каб мы не паддаваліся спакусе, але заўсёды заставаліся вернымі Яму. Няхай жа на пачатку Вялікага посту гэтая малітва дапаможа нам адкрыцца на дзеянне Духа Святога, каб мы шчасліва вандравалі праз нашу пустыню ў Божае Валадарства. Трэба памятаць, што ў пустыні нашых змаганняў са злом Бог не пакінуў нас адных і заўсёды знаходзіцца побач, каб прыйсці да нас з дапамогай. Неабходна толькі даверыцца Яму. Ён жадае прывесці нас да сябе i перамяніць так, каб мы маглі разам са святым апосталам  Паўлам сказаць: «ужо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстус» (Гал 2, 20) — як падкрэслівае папа Бэнэдыкт XVI у сёлетнім Пасланні на Вялікі пост (пар. ПВП-13, 2).

На гэты шлях вялікапоснага вандравання па нашай жыццёвай пустыні, на шлях чування, навяртання і духоўнага аднаўлення з мэтай глыбейшага адкрыцця веры і яе ўмацавання, давяраючы ўсіх вас апецы Марыі, ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, + і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 2 лютага 2013 г.
Свята Ахвяравання Пана


Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:
1. Бэнэдыкт XVI. Пасланне на Вялікі пост на 2013 г. (ПВП-13).


P.S. Глыбокапаважаныя святары няхай прачытаюць гэтае Пасланне вернікам у І Нядзелю Вялікага посту — 17 лютага 2013 г.

Абноўлена 05.06.2017 13:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа