Пасланне на Вялікі пост на польскай мове >>>
Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры! Як і кожны год, мы распачынаем перыяд Вялікага посту, які спрыяе духу засяроджання, малітвы і слухання Божага слова. З радасцю і надзеяй я хацеў бы звярнуцца да вас з гэтым вялікапосным пасланнем, разважаючы над словамі сёлетняга паслання на Вялікі пост нашага папы Бэнэдыкта XVI.
Сёлета Вялікі пост мы перажываем у кантэксце Года веры, які «павінен быць запрашэннем да аўтэнтычнага і новага навяртання да Хрыста і місійнай дзейнасці на карысць новай евангелізацыі», як чытаем у дакуменце «Porta Fidei», што абвяшчае Год веры. Давайце ў гэты святы час ажывім сябе і яшчэ раз з большай увагай услухаемся ў словы Хрыста, які абвяшчае Божае Валадарства.
Нашым адказам на збаўчае слова Бога павінна быць вера, поўная даверу. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у сваім пасланні на Вялікі пост 2013 года навучае: «Вера, з’яўляючыся дарам і адказам, дазваляе нам пазнаць праўду Хрыста як уцелаўлёнай і ўкрыжаванай Любові, абсалютнае і дасканалае далучэнне да волі Айца і бясконцую Божую міласэрнасць у адносінах да бліжняга; вера прышчэплівае ў сэрцы і ў розуме моцнае перакананне, што менавіта любоў з’яўляецца адзінай рэчаіснасцю, якая перамагае зло і смерць. Вера заклікае нас глядзець у будучыню з цнотай надзеі і з даверам чакаць часу, калі перамога любові Хрыста дасягне сваёй паўнаты» (Пасланне на Вялікі пост 2013).
Умілаваныя браты і сёстры! У час Вялікага посту, углядаючыся ў крыж Хрыста, як заклікае нас папа Бэнэдыкт XVI, давайце вучыцца прымаць выразнае пасланне гэтага знака нашага збаўлення. Гэта пасланне аб вечнай перамозе над злом і смерцю. Шлях да гэтай перамогі любові пракладзены праз сталае навяртанне і наша ўваскрашэнне ў Хрысце. Разважаючы над Евангеллем, якое дае нам Касцёл на распачацце перыяду пакаяння і навяртання, мы бачым, што Хрыстус сам падказвае нам праграму і сродкі, неабходныя для яе выканання. Гэта тры галіны нашага хрысціянскага жыцця: малітва, міласціна і пост. Яны дапамагаюць нам адкрываць сэрцы на пасхальныя падзеі смерці і ўваскрасення Хрыста.
У адной са сваіх катэхез Святы Айцец Бэнэдыкт XVI навучае: «Малітва, якая з’яўляецца адкрыццём і ўзвышэннем сэрца да Бога, становіцца такім чынам асабістай сувяззю з Ім. А калі нават чалавек забываецца пра свайго Стварыцеля, Бог, жывы і сапраўдны, не перастае першым клікаць чалавека на таямнічую сустрэчу з Ім у малітве». Як сцвярджае Катэхізіс Каталіцкага Касцёла: «У малітве верны Бог заўсёды першы з любоўю выходзіць да чалавека; зварот чалавека да Бога заўсёды з’яўляецца адказам» (KKK 2567).
Дарагія браты і сёстры! Давайце вучыцца больш быць перад Богам, які аб’яўляецца ў Езусе Хрысце. Малітва заўсёды застаецца першай і галоўнай умовай набліжэння да Бога. Таму я заахвочваю вас, каб у гэты святы час вы прысвяцілі больш часу малітве. Яна ж пасадзейнічае таму, што мы выйдзем з абыякавасці жыцця і станем уразлівымі на справы Бога і нашай душы. Добрая малітва таксама з’яўляецца дапамогай у адкрыцці перад Богам закуткоў свайго сэрца. Таму Касцёл у гэты перыяд асабліва нагадвае пра неабходнасць добрай падрыхтоўкі да сакрамэнтальнай споведзі, каб мы маглі перажываць уваскрасенне Хрыста не толькі ў літургіі, але перш за ўсё ў нашай уласнай душы.
Давайце часцей у гэты перыяд затрымлівацца на адарацыі перад Эўхарыстыяй, на разважанні Мукі Пана падчас Крыжовага шляху і набажэнстве Песні жальбы, каб нашае жыццё ўвайшло ў любоў Бога, які пакорна прынізіў сябе, каб узнесці нас аж да Яго.
Другім і неабходным этапам набліжэння да Бога і адкрыцця сябе на Яго з’яўляецца пост, што азначае адчуванне голаду духа, які не ўдасца наталіць чым прыйдзецца. Пост — гэта адчуванне голаду Божага слова, бо толькі яно можа даць адказ на пытанні, якія нас непакояць, і надаць сэнс нашаму жыццю. Штодзённае чытанне Святога Пісання ў сем’ях і апостальскіх супольнасцях можа стаць нашым асабістым словам жыцця. Таму мы павінны яшчэ больш Яго палюбіць. «Божае слова, — як вучыць св. Амброзій, — з’яўляецца жыватворнай лімфай для нашай душы; яно корміць яе, жывіць і вядзе, і няма ніякай іншай рэчы, акрамя Божага слова, якая магла б даць жыццё чалавечай душы» (св. Амброзій, Exp. Ps. 118, 29). Пост звязвае нас з пакутуючым Хрыстом — узорам адмаўлення, які робіць нас мацнейшымі ў змаганнях са слабасцямі і спакусамі. У сёлетнім пасланні на Вялікі пост Святы Айцец Бэнэдыкт XVI так звяртаецца да нас, гаворачы пра пост: «Сапраўдны пост дапамагае зразумець, што вера паказвае нам Бога, які аддаў свайго Сына за нас, і гэтым самым абуджае ў нас пераможную ўпэўненасць, што Бог ёсць Любоў! (...) Вера, свядомая Божай любові, аб’яўленай у прабітым на крыжы Сэрцы Езуса, са свайго боку пабуджае нас да любові. Яна з’яўляецца святлом — па сутнасці адзіным — які ўвесь час нанова рассейвае змрок цёмнага свету і дае нам адвагу на жыццё і дзейнасць».
У хрысціянскай традыцыі пост цесна звязаны з міласцінай. Святы Павел у Пасланні да Эфесцаў паказаў сувязь, якая існуе паміж верай і ўчынкамі любові: «Бо ласкаю вы збаўлены праз веру. І гэта не ад вас, гэта Божы дар. Не ад учынкаў, каб ніхто не хваліўся. Бо мы – Яго справа, створаныя ў Хрысце Езусе для добрых учынкаў, якія Бог (...) падрыхтаваў, каб мы ў іх жылі» (Эф 2, 8–10). «Справы міласэрнасці, — вучыць Святы Айцец у пасланні, — у асноўным не з’яўляюцца пладамі намаганняў чалавека, яны нараджаюцца з самой веры, выходзяць з ласкі, якой Бог дае дастаткова». Айцы Касцёла казалі, што малітва добрая, калі да яе далучаны пост. Святы Грыгорый Вялікі ў сваёй працы «Пастырскія правілы» прыгадваў, што «пост становіцца святым дзякуючы цнотам, якія яму спадарожнічаюць, асабліва любові, дзякуючы кожнаму жэсту велікадушнасці, праз які мы ахвяруем плён нашага адмаўлення бедным і патрабуючым».
Дарагія браты і сёстры! Тыя, хто патрабуе нашай дапамогі, з’яўляюцца нібы інструментам Бога ў даванні ім добрых рэчаў ад добрага сэрца. Давайце асабліва ў гэты святы час паспрабуем аднавіць у сабе чуласць да патрабуючых! Падчас сёлетняга Вялікага посту я заахвочваю кожнага з вас, браты і сёстры, старанна і верна маліцца Богу, адважна змагацца са сваімі слабасцямі і актыўна ўводзіць у жыццё любоў Хрыста! У гэтай інтэнцыі я прашу Маці Міласэрнасці, каб Яна была нашай спадарожніцай на дарозе веры. Яе надзейнаму матчынаму заступніцтву я даручаю ўсю супольнасць гродзенскага Касцёла і ўсім ад шчырага сэрца благаслаўляю.
Аляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі
Гродна, 07.02.2013 г. № 89/13.
Прашу паважаных ксяндзоў пробашчаў і адміністратараў Гродзенскай дыяцэзіі прачытаць дадзенае пасланне падчас кожнай св. Імшы ў I Нядзелю Вялікага посту.