Пошук

07.05.2013 23:05  

«Таму, калі ты вуснамі сваімі будзеш вызнаваць, што Езус ёсць Панам, і ў сэрцы сваім верыць, што Бог уваскрасіў Яго з мёртвых, будзеш збаўлены. Бо сэрцам вераць для апраўдання, а вуснамі вызнаюць для збаўлення».

(Рым 10, 9-10)

Дарагія дыяцэзіяне!

Нашая дыяцэзія пад кіраўніцтвам майго вялікага папярэдніка святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка ў 2007 годзе адзначала 350-ю гадавіну мучаніцкай смерці св. Андрэя Баболі пад дэвізам: «Быць сведкам веры сёння!»

Вы прымалі ўдзел у набажэнствах у гонар святога Андрэя асабліва тады, калі ў парафіі прывозілі яго рэліквіі, абраз з ягонага санктуарыя ў Янаве Палескім, і ў іх прысутнасці перажывалі святыя парафіяльныя місіі. Падчас місій у прысутнасці рэліквій вы складалі пашану нашаму апекуну, задумваліся над сведчаннем яго веры, прыглядаліся да сваёй веры, чэрпалі запал да жыцця паводле Божых запаведзяў, ажыўлялі ў сабе жаданне паяднання паміж хрысціянамі. Акрамя таго, многія з вас пашыралі свае веды пра Апостала Палесся, удзельнічаючы ў конкурсе пад назвай «Святы Андрэй Баболя – верны вызнаўца Бога і Касцёла ажно да мучаніцкай смерці».

Узгадваючы падзеі тых дзён, мы жадаем сёння, у 75-ю гадавіну кананізацыі Андрэя Баболі, здзейсненую папам Піем ХІ 17 красавіка 1938 г., асаблівым чынам падзякаваць Божаму Провіду і Апостальскай Сталіцы за дар узнясення яго да хвалы алтара.

Кананізацыя – гэта дар, беспамылковае выказванне Касцёла, моцай якога аддаецца пашана дадзенаму святому ва ўсім Касцёле.

Акрамя чалавечых доказаў, неабходных для атрымання ўпэўненасці, што дадзены Слуга Божы сапраўды заслужыў, каб яго адарылі тытулам «святы», канчаткова рашаючы голас Бога прамаўляе праз цудадзейныя знакі. У выпадку Баболі гэта быў цуд аздараўлення ў 1922 г. Іды Капецкай з Крыніцы, якая пакутавала на размякчэнне касцей, а таксама цуд аздараўлення сястры Алаізы Дабжынскай у 1933 г. у Рыме ад ракавай пухліны.

Мае дарагія дыяцэзіяне!

За дар Божага Провіду на ўзроўні Паўсюднага Касцёла, якім з’яўляецца кананізацыя, належыць дзякаваць эклезіяльна, гэта значыць уключаючыся  ў дзейнасць Касцёла паводле жадання Пятра нашых часоў — спачатку Бэнэдыкта XVI, які абвесціў Год веры, а пасля – папы Францішка, які заклікае, каб мы «падарожнічалі, будавалі і вызнавалі Езуса Хрыста і Касцёл».

Падарожнічаць


«Нашае жыццё – гэта падарожжа, і нядобра, калі мы затрымліваемся. Трэба падарожнічаць няспынна, у прысутнасці Пана, у святле Пана, стараючыся жыць беззаганна...» (Папа Францішак, 14.03.2013, КАІ 12, с. 5).

Святы Андрэй Баболя падарожнічаў няспынна і даходзіў да жыхароў вёсак, у якіх быў вельмі нізкі ўзровень рэлігійнага жыцця. Ён навучаў катэхізісу, удзяляў святыя сакрамэнты, навучаў, як трэба па-хрысціянску жыць. Ён атуляў асаблівай апекай занядбаную моладзь. Яго жыццё і ахвярная дзейнасць дзеля зямнога і вечнага шчасця людзей з’яўляюцца для кожнага з нас пасланнем: «падарожнічаць, каб евангелізаваць, каб збаўчае пасланне Хрыста дайшло да ўсіх людзей і да кожнага асабіста, каб, пранікаючы іх знутры, сваёю моцаю ствараць з іх “новае чалавецтва” (пар. Ewangelii nuntiandi,18).

Езус паказвае нам шлях: трэба выйсці, каб сведчыць; выйсці і зацікавіцца братам; выйсці, каб падзяліцца; выйсці, каб спытаць, зразумець брата, яго сітуацыю» (Kard. J.M.Bergoglio, 09.2012, KAI, 13/14, 2013, с. 22).

Трэба нам ісці, як святому Андрэю, да хрысціянаў, якія калісьці паверылі, але па розных прычынах не клапаціліся пра развіццё сваёй веры. Яны калісьці прынялі хрост, але вера ў іх жыцці адыгрывала мінімальнае значэнне альбо наогул перастала адыгрываць якое-небудзь значэнне. Гэтыя людзі ведаюць хрысціянства павярхоўна або маюць аб ім фальшывае ўяўленне, і таму яны недаверлівыя, а нават часам варожа ставяцца да Хрыста, да хрысціянскай веры, да Касцёла. Аднак яны жывуць у хрысціянскім асяроддзі, якое няспынна ўносіць у іх жыццё новыя элементы веры. Гэтае асяроддзе ствараеце вы, мае дарагія дыяцэзіяне, напрыклад праз сямейную малітву, добрыя ўчынкі, чытанне Святога Пісання і каталіцкіх часопісаў, рэгулярна ўдзельнічаючы ў святой Імшы і святкаванні па-каталіцку, спажываючы супольны пасілак і ўспамінаючы продкаў і падзеі з жыцця сям’і. Старайцеся «парушыць» сэрца блізкага вам ахрышчанага чалавека, каб ён нанава абудзіў у сабе веру, аднавіў яе і згодна з ёю жыў і сведчыў, што Езус Хрыстус жыве і жадае кожнага хрысціяніна напоўніць моцай сведчання пра Яго (пар. Redemptoris missio, 33).

Наступны крок нашага жыцця – гэта будаванне. Будаванне Касцёла, Хрыстовай Нявесты, на жывым вуглавым камені, якім з’яўляецца сам Пан.

Будаваць

Святы Андрэй меў жывую свядомасць уласнай адказнасці за Хрыстовы Касцёл і за пашырэнне Евангелля, таму браўся за сваю частку ў пабудове Божага Валадарства там, дзе яму прыпала жыць. Ці ў Вільні, служачы хворым ад эпідэміі, ці ў Нясвіжы і Полацку, навучаючы і выхоўваючы моладзь, ці таксама выконваючы абавязкі рэктара касцёла св. Казіміра ў Вільні, настаяцеля ў Бабруйску, прапаведніка, спаведніка – ён заўсёды спраўляўся з разнастайнымі выклікамі, дзейнічаючы дзеля чалавека, дзеля яго годнасці і хрысціянскай культуры.

Папа Рымскі Пій ХІІ у энцыкліцы пра святога Андрэя Баболю пісаў наступнае: «…Не палохаючыся ні смерці, ні катаванняў, палаючы любоўю да Бога і бліжніх, ён дабравольна ўвайшоў у гэтую сутычку, каб усімі сродкамі ратаваць [людзей] перад вырачэннем ад веры <…>, а таксама нястомна ўмацоўваць усіх у вызнаванні Хрыстовай праўды. Аднак сталася так, што 16 мая 1657 года, у свята Унебаўшэсця Пана, ён быў схоплены ў ваколіцах Янава ворагамі каталіцызму. Гэты палон, як можна меркаваць, не выклікаў у яго трывогі, а хутчэй прынёс боскую радасць, бо вядома, што ён заўсёды прагнуў мучаніцтва і ніколі не забываўся пра словы Божага Збаўцы: „Шчаслівыя вы, калі будуць вас зневажаць, пераследаваць і ўсяляк зласловіць несправядліва за Мяне. Радуйцеся і весяліцеся, бо вялікая ўзнагарода вашая ў нябёсах“ (Мц 5, 11–12). Уздрыгвае душа пры ўспамінанні ўсіх тых пакутаў, якія з нязломнаю мужнасцю і непахіснаю вераю выцерпеў гэты Хрыстовы герой. <…> У гэтых пакутах Мучанік стаў нароўні з найслаўнейшымі пераможцамі, якіх ушаноўвае Каталіцкі Касцёл» (Invicti Athletae Christi, 15–18).

Мае дарагія!

Кожны з нас на моцы святога хросту ўдзельнічае ў прароцкай, святарскай і каралеўскай місіі Езуса Хрыста. Гэтая боская сіла неабходная і дастатковая для нас, каб абвяшчаць Евангелле, каб здзяйсняць культ, каб перамагаць зло і таго, ад каго яно паходзіць; каб будаваць сталую супольнасць вернікаў, ствараць з Хрыстом і святым Андрэем «новае чалавецтва» ўсюды там, дзе кожнаму з нас прыйшлося жыць. Бо тут, а не дзесьці ў іншым месцы, затрымаў цябе Божы Провід, бо тут ты патрэбны Богу і чалавеку. Калі тут ты маеш служыць людзям і грамадству (36), выступаючы ў абарону чалавечай годнасці (37), баронячы непарушнае права на жыццё (38), свабоду рэлігіі (39), уключаючыся ў справу хрысціянскага пранікнення культуры (44), служачы сваім жыццём, якое паходзіць з чыстай і глыбокай веры (нумары з Christifideles laici).

Неабходна будаваць шматлікія рэчы, трэба шмат падарожнічаць, але заўсёды ў адзінстве з Езусам Хрыстом і Касцёлам, даючы сведчанне сваёй веры.

Вызнаваць

Святы Андрэй захоўваў у сваім сэрцы і разважаў над словамі святога апостала Паўла: «Гора мне, калі б я не абвяшчаў Евангелле». Любоў да Бога і чалавека пабуджала і прыспешвала яго да творчага вызнавання сваёй прыналежнасці да Хрыста Замучанага і Уваскрослага.

Калі паразважаць над апостальскім дынамізмам святога Андрэя, то, здаецца, чуецца яго вызнанне разам з іншым евангелізатарам, Божым шаленцам – Паўлам з Тарсу: «Жыву ўжо не я, але жыве ўва мне Хрыстус Укрыжаваны і Уваскрослы (пар. Гал 2, 20), якога я вызнаю перад кожным чалаввекам, каб станавіцца чалавекам!» Гэты выключны святар-законнік фарміраваў сваё жыццё паводле ўзору, які даў нам Хрыстус. Ён верыў, што жыццё Хрыста пранізвае яго ўласнае жыццё, і гэтай каштоўнасцю ён адорваў іншых людзей. Сваёю ахвярнаю любоўю да Бога і чалавека ён стаў у шэраг з найвялікшымі святымі мучанікамі Касцёла, якіх мы, згодна са словамі святога Палікарпа, «любім як вучняў і паслядоўнікаў Пана, бо яны былі непараўнальна адданыя свайму Валадару і Настаўніку» (Martyrium Polycarpi, 17).

Евангелічнае вандраванне святога Андрэя, будаванне і вызнаванне Езуса Хрыста, асабліва на Палессі, прывяло да таго, што яго назвалі «Апосталам Піншчыны» і «душахватам». Таксама і сёння нам вельмі патрэбныя такія сведкі веры.

Дзяліцца верай – гэта не аднаразовая справа. Гэта адмысловы стыль быцця: жыць верай штодзённа, у сумных і радасных сітуацыях, нават калі нічога не гаворыцца, яна выпраменьваецца. Гэта і ёсць вызнаванне, абвяшчэнне Бога.

Малітва ў жыцці веруючага чалавека – гэта ўваход у блізкія адносіны з Богам. Вобраз чалавека на малітве, яго схіленыя калені «расказваюць» пра Бога і могуць пабуджаць сузіральніка да рэлігійнай рэфлексіі.

Прымаючы святыя сакрамэнты, чалавек умацоўваецца Божай ласкай, здабывае радасць жыцця і ўменне справіцца з жыццёвымі выклікамі. Гэтае асабістае яднанне з Богам з’яўляецца паставай, перадачай веры.

Калі малітва, сакрамэнты для веруючых людзей – гэта крыніца іх моцы сведчання аб веры ў Бога, то для няверуючай асобы яны могуць быць незразумелыя і іх значэнне будзе недаацэньваццца. Тады неабходнае слова, поўнае ласкі і моцы, мудрасці і лагоднай адвагі.

На думку многіх, актыўнасць у служэнні ўбогім – гэта найлепшы спосаб дзяліцца сваёй верай і досведам Бога. Да гэтага евангелічнага спосабу кіруе нашыя сэрцы папа Францішак сваёй паставай і шматлікімі выказваннямі, як тады, калі праводзіў евангелізацыю і апостальства ў Аргенціне, так і цяпер у Італіі.

Мы ведаем з досведу, што сяброўства таксама важнае, калі нехта дзеліцца досведам Бога з іншымі. Аднак, як намаганні дзеля убогіх, так і сяброўства не былі б сапраўдныя і трывалыя без любові. Аказваць бескарыслівую любоў — гэта абвяшчаць Евангелле. Чалавек, парушаны любоўю, адкрывае сэрцы, становіцца «глебай, гатовай для пасеву» Божага слова.

Цяпер, калі людзі сумняваюцца практычна ва ўсім, неабходна сведчыць аб веры: веры жывой, поўнай і сталай, якая здолее ўстаяць перад абвінавачваннямі ў бок Бога і Касцёла.

«Будзем жа, як Андрэй Баболя, людзьмі нязломнай веры. Захаваем яе і будзем бараніць з усіх сілаў. Няхай нам перадасца яго апостальская руплівасць і няхай кожны паводле сваіх сілаў і магчымасцяў прычыніцца да ўмацавання і пашырэння Хрыстовага валадарства на зямлі» (Пій 12, энцыкліка “Invicti athletae Christi”, выд. 16.05.1957 з нагоды 300 гадавіны мучаніцтв св. А. Баболі).

«Без імкнення за Богам мы замкнуліся б у сабе, без будавання свайго жыцця на Хрысце мы ўзносілі б, як дзеці, замкі з пяску, а без вызнавання Хрыста мы б вызнавалі „д’ябальскі свет“» (Пар. Папа Францішак, гамілія 14.03.2013).
 
«Просім міласэрнага Айца, каб мы жылі ў паўнаце той верай, якую атрымалі як дар у дзень нашага хросту, каб мы маглі пра яе сведчыць радасна і адважна. Гэта будзе нашае найлепшае служэнне для справы адзінства хрысціянаў, служэнне надзеі свету, які яшчэ ўсцяж пазначаны падзеламі, канфліктамі і спаборніцтвамі» (Папа Францішак, 20.03.2013).

Святы Андрэй Баболя, ты, які так палюбіў нашага Пана Езуса Хрыста, што ад маладосці прысвяціў сябе на Яго служэнне і поўнасцю аддаўся здабыванню душ прыкладам жыцця і словам, не ашчаджаючы ніякіх намаганняў, ажно пакуль мучаніцкай смерцю не ўвянчаў сваё апостальскае жыццё, молім цябе, праз твае заслугі ў Бога і любоў да Яго, якою ты жыў, выпрасі нам ласку, якой вельмі прагнем, а менавіта каб мы чэрпалі з твайго духа – дух, з тваёй мудрасці – мудрасць, з тваёй пабожнасці – напоўніліся пабожнасцю, а з твайго апостальскага дынамізму мелі апостальскую паставу. Дапамагай нам на працягу ўсяго жыцця, каб мы па тваім прыкладзе заўсёды заставаліся з’яднанымі з Сэрцам Езуса і пад апекай Яго Беззагананнай Маці вандравалі, будавалі і вызнавалі Езуса Хрыста і Касцёл. Каб мы былі сведкамі веры сёння. Амэн.

+ Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі

Гэтае Пасланне, а таксама праграму ўрачыстасці ў гонар св. Андрэя Баболі належыць абвясціць у касцёлах Пінскай дыяцэзіі ў нядзелю 12 мая 2013 г.     

Абноўлена 05.06.2017 13:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця