Пошук

13.07.2009 13:37  
Умілаваны люд Божы Гродзенскай дыяцэзіі!

Каляндарная зіма яшчэ не скончылася, але мы ўжо ахоплены прадчуваннем тых дзён, калі скаваная холадам і заледзянелая зямля абудзіцца ад сну і расквітнее новым жыццём пад цёплымі промнямі вясновага сонца. Менавіта ў такі час разам з усім Касцёлам мы перажываем літургічны перыяд, які называецца Вялікім пастом. Гэта асаблівы час. Усе нашы думкі ў гэты перыяд скіраваны да Езуса Хрыста, Які з любові да нас дабравольна згадзіўся на жудасныя пакуты і аддаў сваё жыццё, прыбіты да цвёрдага дрэва крыжа. Для кожнага з нас Вялікі пост — гэта шанц для ўнутранай перамены, для навяртання, яшчэ адна нагода задумацца над сваім жыццём і змяніць да лепшага тое, што павінна быць зменена.

Евангелле, якое чытаецца ў касцёлах у першую нядзелю Вялікага посту, апавядае пра спакушэнне Хрыста ў пустыні. Спакусы датычылі штодзённага хлеба, улады, славы і даверу да Бога, але Езус распазнаў крывадушнасць спакусніка і рашуча адхіліў іх.

На жаль, спакусы, якімі сатана выпрабоўваў Езуса Хрыста, заўсёды актуальныя і не абыходзяць кожнага з нас. Таму нам трэба навучыцца распазнаваць хлуслівасць спакуснікаў нашага часу і рашуча адхіляць іх прапановы.

Спынімся хаця б на той спакусе, у якой сатана паказвае ўсе валадарствы свету і абяцае аддаць усё гэта Хрысту, аднак, узамен хоча, каб Хрыстус пакланіўся яму і ўшанаваў як Бога. Езус адказаў: «Пану Богу свайму пакланяйся і Яму аднаму служы».

На жаль, і ў наш час дастаткова тых, хто зводзіць людзей, пляце перад іх вачыма прывабнае павуцінне прыгожых вобразаў і хоча адарваць ад веры ў праўдзівага Бога. Гэтыя спакуснікі накіроўваюць маласвядомых хрысціянаў на бездарожжа веры: забабоны, прыкметы і нават фанатызм розных сектаў, якія распаўсюдзіліся ў нашай краіне і сеюць спусташальнае зерне ў галовах і сэрцах яе грамадзянаў.

У наш час выразна бачныя вынікі вайны з Касцёлам, якая вялася на працягу мінулых дзесяцігоддзяў. Недахоп святароў, забарона катэхізацыі дзяцей і моладзі прывялі большасць людзей да невуцтва ў веры, да павярхоўнасці рэлігійных ведаў. У такіх умовах фальшывыя прарокі заўсёды лёгка знаходзяць прыдатную аўдыторыю. Прыгледзімся да некаторых з іх.

На жаль, у нашым грамадстве вельмі папулярнымі з’яўляюцца разнастайныя вераванні і прыкметы, ці, інакш кажучы, – забабоны. Гэта наданне некаторым рэчам, жывёлам, падзеям і нават лічбам важнага значэння і нават звышнатуральнай сілы, якімі яны самі па сабе не маюць. Напрыклад, забабонны чалавек верыць, што нейкі прадмет, калі яго насіць у якасці талісмана, можа абараніць ад няшчасця, што ў такія жыццёва важныя моманты, як шлюб або пахаванне трэба выканаць дадатковыя, нярэдка абсурдныя дзеянні, каб забяспечыць поспех або адвярнуць бяду. Такіх забабонаў у нашым грамадстве існуе шмат. Усе яны прыніжаюць годнасць чалавека. Чалавек павінен кіравацца ў сваім жыцці розумам, а не фатальным страхам перад нечым, чаго ён не разумее. Забабоны — гэта сучасная форма паганскіх вераванняў. У іх няма веры ў Божую любоў, Божую апеку, Божую міласэрнасць, а ёсць вера толькі ў магічныя вынікі нейкіх прадметаў або дзеянняў. Забабоны – гэта грэх, і ад іх трэба катэгарычна адмовіцца.

Вера ў магічную сілу пэўных прадметаў або, нават, асобаў можа набыць небяспечныя формы. Перыядычна ў нашым грамадстве з’яўляюцца розныя «знахары», якія нажываюцца на чалавечым няшчасці і прапануюць «цудоўныя аздараўленні». Іх цэлы шэраг – гэта і «бабулькі-шаптухі» з іх заклінаннямі і замовамі ад хваробаў, і біяэнергатэрапеўты, і тыя, дзейнасць якіх непасрэдна абапіраецца на дапамогу нячыстай сілы. Вынікі іх дзейнасці могуць быць вельмі небяспечнымі для людзей, якія карыстаюцца такімі паслугамі. І няхай не падманвае вас тое, што гэтыя людзі нярэдка выкарыстоўваюць рэлігійныя сімвалы, а нават чытаюць хрысціянскія малітвы. Гэтыя жэсты і словы ўжываюцца не ў хрысціянскім духу, але ў духу магічных заклінанняў. Хто жыве ў згодзе з хрысціянскай верай, той шукае ў сваім жыцці благаславення і дапамогі ад Бога, а не ад таямнічых сілаў, якіх можна змусіць да гэтага заклінаннямі. Безумоўна, гісторыя Касцёла ведае цудоўныя аздараўленні, якія здараюцца і цяпер, але ў выпадку іх духоўнае і фізічнае аздараўленне цесна звязаны паміж сабою, а цудатворцам заўсёды з’яўляецца Бог, наш Нябесны Айцец.

Немагчыма суаднесці з каталіцкай верай спадзяванне на тое, што лёс чалавека залежыць ад зорак або ад іншых нябесных сілаў. Гараскопы, якім усё больш увагі прысвячаюць у апошні час сродкі масавай інфармацыі, спекулююць на чалавечай цікаўнасці, на жаданні даведацца аб тым, што чакае ў будучыні. А той, хто верыць гараскопам, наіўна прызнае, што яго лёс залежыць не ад яго самога, не ад Божага Провіду, але ад космасу, рабом якога ён з’яўляецца.

Часта вера ў гараскопы становіцца падмуркам для новага язычніцкага руху, вызнаўцы якога гавораць пра касмічную энергію, практыкуюць варажбу, выклікаюць духаў. Яны вераць у перасяленне душ і іншыя супярэчлівыя хрысціянскай верай рэчы. Гэты рух, які называюць яшчэ светапоглядам «новага веку», з’яўляецца мешанінай будызму, індуізму і прымітыўнага язычніцтва. Яго паслядоўнікі часта выкарыстоўваюць хрысціянскія паняцці, надаючы ім іншы сэнс. Такая дактрына, якая настойліва прапагандуецца некаторымі сродкамі масавай інфармацыі, таксама пярэчыць вучэнню Касцёла і стасуецца з каталіцкай верай.

Сапраўднай праблемай, якая стаіць не толькі перад Касцёлам, але таксама перад бацькамі і ўсім грамадствам, з’яўляюцца секты. На Беларусі іх вельмі шмат. Ёсць сярод іх такія, якія падпарадкоўваюць чалавека настолькі, што пазбаўляюць яго здольнасці карыстацца розумам і свабодай волі, чалавека змушаюць да абсалютнай паслухмянасці кіраўнікам секты, якія вельмі часта лічаць сябе прарокамі і нават ставяць на месца Бога.

Многія секты называюць сябе паслядоўнікамі Хрыста, аднак яны настолькі скажаюць навуку Хрыста, што іх удзельнікі не могуць называцца хрысціянамі. Адны секты, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Беларусі, маюць усходняе паходжанне і рысы азіяцкіх вераванняў, другія з’яўляюцца мешанінай розных поглядаў і культаў, выбраных адвольна кіраўнікамі груп. Аднак усе секты маюць агульную рысу, па якой іх можна распазнаць. Заўсёды на чале секты стаіць кіраўнік, які патрабуе абавязковай паслухмянасці. Сектанты лічаць сябе элітай і перакананыя, што толькі яны будуць збаўленыя. Лагічнае мысленне ў сектах падаўляецца, а думкі і пачуцці людзей узятыя кіраўнікамі пад кантроль. Кіраўнікі сектаў часта вымагаюць ад іх удзельнікаў разрыву з сям’ёй і вялікіх грашовых унёскаў. У некаторых сектах для падпарадкавання выкарыстоўваюцца сродкі псіхічнага ўздзеяння. Святыя сакрамэнты і аўтарытэт Касцёла ўсе секты адмаўляюць.

Адной з прычын распаўсюджвання сектаў з’яўляецца нізкая рэлігійная адукацыя католікаў і праваслаўных. Секты прапануюць людзям, стомленым аднастайнасцю жыцця, хуткае вырашэнне іх праблемаў, але гэта шлях уцёкаў ад жыцця, ад адказнасці за сябе і іншых. Прадстаўнікі сектаў падступна ўкараняюцца ў розныя групы моладзі і тут, сярод людзей, якім не хапае жыццёвага вопыту і якія прагнуць добразычлівасці, знаходзяць сваіх ахвяраў. Часта яны дзейнічаюць пад выглядам грамадска-адукацыйных або лекавых цэнтраў, прапануюць усходнія сістэмы трэнінгу, прапагандуюць рознага тыпу дыеты, каб толькі наладзіць кантакты з моладдзю.

Бацькі-католікі павінны звярнуць пільную ўвагу на асяроддзе, у якім праводзяць час іх дзеці, аднак не менш важным застаецца веданне прынцыпаў хрысціянскай веры і маральнасці. Трэба больш настойліва клапаціцца пра рэгулярную катэхізацыю дзяцей і моладзі, трэба таксама, каб сярэдняе пакаленне, якое было пазбаўлена магчымасці атрымаць у свой час рэлігійную адукацыю, хацела ліквідаваць, пранамсі часткова, свае прабелы ў гэтай сферы. Для гэтага існуюць каталіцкія газеты, часопісы і кнігі. Яны даступныя кожнаму, трэба толькі захацець іх прачытаць. Трэба слухаць праграмы каталіцкага радыё. Трэба пазнаваць сваю веру, свайго Бога, каб фалышывым прарокам нашага часу даць адказ, які даў Езус спакусніку ў пустыні: «Пану Богу свайму пакланяйся і Яму аднаму служы».

Не дастаткова ведаць прынцыпы веры, неабходна ўмацаваць сваю веру малітваю. Святы Айцец заклікае нас у часе гэтага Вялікага посту асаблівым чынам чытаць Малітву Панскую. Гэту малітву нам даў сам Сын Божы, Езус Хрыстус. У ёй змешчаны просьбы аб усім, што нам патрэбна ў жыцці, не абмінаючы таксама зямных патрэбаў. Аднак перадусім яна вучыць, што мы маем у небе Айца і Яму павінны давяраць, да Яго звяртацца з просьбамі, Яму служыць, засцерагаючы сябе і сваіх блізкіх ад фальшывых прарокаў.

Няхай Марыя, Сталіца Мудрасці, выпрошвае для ўсіх нас, сваіх дзяцей, сапраўдную мудрасць, якая вельмі патрэбна ў гэтыя цяжкія часы.

На велікапосныя пастановы для ўзрастання ў веры і любові да Бога і да людзей да ўсяго сэрца благаслаўляю. У імя Айца і Сына, і Духа Святога.

Аляксандр Кашкевіч,
Гродзенскі біскуп
Абноўлена 05.06.2017 13:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа