21 верасня 2007 года Святы Ацец Бэнэдыкт XVI прызначыў Яго Эксцэленцыю Арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які да гэтага часу з’яўляўся Мітрапалітам архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве, Мітрапалітам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
На працягу года я спаўняў абавязкі Апостальскага Адміністратара Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і жадаў бы сёння з гэтай нагоды выказаць сваю шчырую ўдзячнасць усім тым, хто працаваў на карысць Касцёла.
Сардэчную падзяку выказваю сваім найбліжэйшым супрацоўнікам, святарам — як законнікам, так і дыяцэзіяльным святарам, — за добрасумленную працу на жніве Пана. Свае словы скіроўваю ў адрас клерыкаў з просьбай вытрываць у пакліканні. Дзякую сёстрам і братам законным за супрацоўніцтва і дапамогу ў розных служэннях, а таксама за іх працу. Дзякую ўсім тым, хто з дапамогаю друкаванага слова і аўдыёвізуальных сродкаў пашыраў Добрую Навіну ў чалавечых сэрцах. Дзякую вам, народзе Божы, за веліч вашых сэрцаў у прыняцці Божых праўдаў і за вашае сведчанне веры ў розныя перыяды гісторыі Касцёла на Беларусі.
За ўсё ўчыненае вамі дабро і зразуменне няхай усіх вас благаславіць Добры Бог. У нашых малітвах будзем з удзячнасцю памятаць пра папярэдняга Мітрапаліта кардынала Казіміра Свёнтка. Будзем маліцца за арцыбіскупа Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча. Ад вашага і ад свайго імя я даслаў арцыбіскупу тэлеграму з віншаваннямі.
Пра дзень урачыстага ўваходу ў мінскую архікатэдру арцыбіскупа Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча будзе зроблена спецыяльнае паведамленне.
Біскуп Антоні Дзям’янка
Апостальскі Адміністратар
Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі