Пошук

 
13.07.2009 13:51
Дарагія душпастыры, дарагія вернікі!   У пятніцу, 3 верасня, увесь свет абляцела вестка аб тэрарыстычным акце ў г. Беслан Паўночнай Асеціі. Кожная пагроза з’яўляецца выклікам. Тым больш выклікам з’яўляецца гэты тэрарыстычны акт, які страсянуў грамадскую і рэлігійную свядомасць.   Памеры знішчэння безабаронных маленькіх чалавечых істотаў на тэрыторыі школы, якая з’яўляецца месцам супакою і надзеі на лепшую будучыню, месцам фармавання дзяцей і моладзі — гарантыі развіцця кожнай сям’і і кожнага грамадства, — заклікае нас да паглыбленай рэфлексіі над уціскам і знішчэннем чалавека, створанага па вобразу і падабенству Бога для супрацоўніцтва ў справе паляпшэння свету. Гэты беззаконны ўчынак заклікае нас да малітвы ў інтэнцыі ахвяраў, а таксама ў інтэнцыі тых, хто пацярпеў ад гэтай трагедыі. У духу салідарнасці з ахвярамі настойліва заклікаю да малітвы ў вышэйзгаданых інтэнцыях ва ўсіх парафіях. Прашу таксама аб малітве ў інтэнцыі кіраўнікоў і непасрэдных віноўнікаў тэрарыстычнага акта, каб апамяталіся і адмовіліся ад гэтай бесчалавечай формы імкнення да дасягнення ўласных мэтаў. Бог з’яўляецца Творцам і Панам жыцця — ад яго пачатку ажно да смерці. Кожны чын супраць жыцця з’яўляецца цяжкім парушэннем Божага права, і яго не абміне суд Божай справядлівасці. Дарагія душпастыры! Дарагія вернікі! Пакідаю за вамі выбар формы малітваў. Прасіце аб Божай Міласэрнасці для пацярпелых, а таксама і для тых, хто ўчыніў гэтую страшную трагедыю. Таксама прасіце Бога даць сілы палітыкам і грамадскім дзеячам, каб клапаціліся пра шанаванне правоў чалавека, бо без гэтага, як падкрэслівае Святы Айцец Ян Павел ІІ, не можа быць гаворкі пра тое, каб нарэшце спыніць тэрарызм і вайну. На гэты малітоўны акт усіх сардэчна благаслаўляю Кардынал Казімір Свёнтэк Арцыбіскуп, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі
13.07.2009 14:27
Шаноўныя браты і сёстры, умілаваны народ Божы!   1. Ва ўсіх нашых святынях — як у старажытных, так і ў новазбудаваных, як у багата аздобленых, так і ў сціплых — паўсюль, дзе ў гэтыя святочныя дні мы збіраемся, каб разам узносіць малітвы да нябеснага Айца, наша ўвага скіроўваецца да маленькіх яселькаў, у якіх на сене ляжыць нованароджанае Дзіцятка. Мы глядзім на Яго, і сэрцы напаўняюцца цеплынёю, а ў душу вяртаюцца супакой і радасць.Тое, што адбылося ў Бэтлееме шмат стагоддзяў назад, і сёння застаецца вельмі важным і актуальным, бо і ў наш час усім нам так патрэбны вера, надзея і любоў.   Дзелячыся аплаткам, спяваючы калядкі, мы нанова перажываем Нараджэнне Езуса ў нашым жыцці. У гэты час Бог становіцца асабліва блізкім, і кожны можа пачуць Яго голас у сваім сэрцы, а таксама ў словах Святога Пісання, што гучаць падчас Святой Імшы. Давайце ж уважліва ўслухаемся ў іх, разважаючы пра бясконцую любоў Бога да чалавека, да кожнага з нас, да ўсяго роду людскога, і запросім Езуса ў нашыя сем’і, прымаючы Святую Камунію.   2. У літургіі слова сённяшняй урачыстасці мы чуем: «Шмат разоў і па-рознаму прамаўляў калісьці Бог да айцоў нашых праз прарокаў, у гэтыя апошнія дні прамовіў да нас праз Сына» (гл. Гбр 1, 1-2). Праз Сына, які, будучы спрадвечным Богам, стаў чалавекам. Ён нарадзіўся ў Бэтлееме, нарадзіўся таксама як і ўсе людзі. І першыя, хто ўзрадаваўся Яго прыйсцю на свет, былі Яго Маці Марыя і апякун Юзаф.   У захапленні мы схіляемся перад велічнай таямніцай, пра якую гаворыцца ў Евангеллі: «Напачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова» (гл. Ян 1, 1). «Слова, якое сталася Целам і пасялілася між намі» (гл. Ян 1, 14) — гэта Пан Езус. «У Ім, у Слове, якое сталася Целам, была аб’яўлена не толькі таямніца Бога, але таксама таямніца чалавека. У Ім (у Езусе) чалавек знаходзіць адкупленне і паўнату», – нагадвае нам гэтую праўду Папа Ян Павел ІІ у Апостальскім лісце «Застанься з намі, Пане», прысвечаным Эўхарыстыі (Ян Павел ІІ, Апостальскі ліст, п. 6).   Менавіта гэтую праўду святой веры мы вызнаём, калі прамаўляем словы малітвы «Анёл Панскі». У ёй мы кожны дзень у думках вяртаемся да векапомнай гістарычнай падзеі ў Бэтлееме, перажываем таямніцу любові Бога да нас і ўсведамляем нашую чалавечую годнасць.   3. Уражвае сваёй глыбінёю думка вялікага паэта і мысліцеля Адама Міцкевіча, які нарадзіўся ў Навагрудку ў Вігілію Божага Нараджэння. Ён сказаў: «Дарэмна нарадзіўся Езус у бэтлеемскіх яслях, калі не нарадзіўся ў табе».   Як жа нараджаецца Пан Езус у табе, браце; у табе, сястра; у кожным з нас, вернікаў Ягонага Касцёла? Ён нараджаецца тады, калі чалавек шчыра просіць у Бога прабачэння за свае грахі і прымае Святую Камунію. «У сакрамэнце Эўхарыстыі Збаўца, які дваццаць стагоддзяў назад прыняў цела ва ўлонні Марыі, працягвае ахвяраваць сябе чалавецтву як крыніца Божага жыцця» (Выш. цыт., п. 7). Такім чынам, узгадваючы Нараджэнне Пана Езуса ў Бэтлееме, мы павінны таксама ўсведамляць Яго жаданне нарадзіцца ў нас. Удзел у Імшы і прыняцце Святой Камуніі пасля шчырай споведзі — гэта ўдзел у вялікай справе любові Бога да чалавека, да кожнага з нас; гэта запрашэнне Езуса да сябе і абранне Яго сваім спадарожнікам на жыццёвым шляху, бо менавіта Ён з’яўляецца «Крыніцаю Божага Жыцця» (Тамсама, п. 7). «Актуалізуючы мінулае, Эўхарыстыя разам з тым скіроўвае нас у будучыню — да апошняга прыйсця Хрыста перад канцом свету. Гэты “эсхаталагічны” аспект надае сакрамэнту Эўхарыстыі сілу, якая захапляе і дапамагае з надзеяй крочыць хрысціянскім шляхам» (Тамсама, п. 15). Наймілейшыя! 4. Праз абвешчаны Год Эўхарыстыі, Божы Провід дае цудоўную магчымасць і дапамогу, каб умацаваць нас у зямным вандраванні. На працягу ўсіх гэтых месяцаў, да кастрычніка 2005 года, ідучы за заклікам Святога Айца Яна Паўла ІІ, мы будзем асаблівым чынам разважаць аб «такім вялікім Сакрамэнце». У гэтым разважанні дапаможа нам таксама першы Імшал на беларускай мове, зацверджаны Апостальскай Сталіцай, якім мы пачынаем карыстацца з першых дзён новага года. 5. Сабраныя ва ўрачыстасць Божага Нараджэння каля алтара і яселькаў, каб праз удзел у Эўхарыстыі нанова перажыць збаўчую падзею, удзельнікамі якой сталі бэтлеемскія пастушкі, мы ўсе ўкленчым, калі будзем вымаўляць добра вядомыя нам словы з Вызнання веры: «Ён дзеля нас, людзей, і дзеля нашага збаўлення зышоў з неба. І ўцелавіўся ад Духа Святога з Дзевы Марыі, і стаўся чалавекам». Вось таямніца ўцелаўлення Бога ў Спрадвечным Сыне. Стоячы на каленях, мы выяўляем нашую веру ў гэтую невымоўную рэчаіснасць. 6. Калі прыступаем да Святой Камуніі, святар, паказваючы Найсвяцейшую Гостыю, гаворыць: «Цела Хрыста», і кожны адказвае «Амэн». Гэта слова, якое з’яўляецца выразам нашай веры, а таксама прызнання, праслаўлення і ўдзячнасці. Яно лучыць нас з бэтлеемскімі пастушкамі ў перспектыве той святой ночы, калі «Слова сталася Целам» — Целам і Крывёю Новага Запавету Бога з чалавекам. У Святой Камуніі мы пачынаем разумець, што Бог ёсць любоў. Толькі гэтае ўсведамленне можа вывесці душу чалавека з любых аблудных шляхоў яго зямнога існавання і вызваліць ад пачуцця бязвыхаднасці. Эўхарыстыя — гэта дар Бога, які дае чалавеку сілу пераадольваць нават самыя цяжкія этапы ў яго жыцці. Бэтлеемскія пастушкі, якія паслухаліся нябесных пасланнікаў (пар. Лк 2, 9-14), не толькі да сваёй працы вярнуліся іншымі, але і сябе зразумелі па-іншаму, паўней, радасней. Колькі разоў, падобна да бэтлеемскіх пастушкоў, чалавек наблізіцца да «Слова, якое сталася Целам», — гэта значыць да Езуса — і гасцінна прыме Яго ў Боскай Эўхарыстыі, столькі разоў зменяцца яго адносіны да Бога, да людзей, да навакольнага свету і да асабістага «я». 7. Жадаю вам, умілаваныя браты і сёстры, а таксама ўсім людзям добрай волі глыбейшага ўсведамлення праўды аб тым, што Божае Нараджэнне трывае надалей, бо Хрыстус нараджаецца кожны раз, калі цэлебруецца Святая Імша; Ён хоча пастаянна нараджацца ў нашых сэрцах; Ён працягвае да нас рукі і дорыць нам збаўленне і міласэрнасць, дорыць сваю Любоў. Прытуліце Яго да сябе, прыміце ў свае сем’і і ідзіце з Ім па жыцці, абвяшчаючы хвалу Бога ў небе і супакой людзям добрай волі. Жадаю, каб Божая радасць, нанова абуджаная ва ўрачыстасць Нараджэння Пана, трывала ў вас і сваім святлом праганяла шэрасць будняў у новым 2005 годзе. Няхай дапаможа вам у гэтым традыцыйная і заўсёды новая малітва «Анёл Панскі». Жадаю, каб радасць паяднання з Хрыстом у Эўхарыстыі вы не трымалі толькі ў сабе, але неслі яе сваім блізкім і ўсім, хто з намі жыве і працуе. На ажыццяўленне гэтых і іншых высакародных пажаданняў ад усяго сэрца благаслаўляю. Кардынал Казімір Свёнтэк Арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі
13.07.2009 14:36
Праўда Пасхі «Не бойцеся тых, хто забівае цела, і пасля гэтага не можа больш нічога зрабіць» (Лк 12, 4).     Калі ў Вялікую пятніцу Пілат пачуў вызнанне Хрыста: «Я на тое нарадзіўся і на тое прыйшоў у свет, каб сведчыць аб праўдзе» (Ян 18, 37), то задаў Хрысту пытанне: «Што такое праўда?» (Ян 18, 38). Пытанне Пілата ў Вялікую пятніцу засталося без адказу. Гэты адказ Пілат і Ерузалем пачулі на трэці дзень пасля Вялікай пятніцы — раніцай у Велікодную нядзелю — і, на жаль, ён не быў прыняты ні Пілатам, ні старазапаветным Ерузалемам. А гэта быў надзвычайны адказ, які ўразіў увесь Ерузалем, і па сённяшні дзень уражвае ўсё чалавецтва. Хрыстус, асуджаны Пілатам на смерць, укрыжаваны і пахаваны, уваскрос! Яго грабніца пустая! Вось вялікая праўда, пра якую засведчыў Хрыстус, уваскрослы ў Велікодную раніцу. Для таго Ён нарадзіўся і для таго прыйшоў на свет, каб, прынёсшы сябе ў ахвяру на крыжы за чалавечыя грахі дзеля адкуплення роду людскога, перамагчы смерць і адкрыць для людзей брамы да вечнага жыцця. Чалавек будзе жыць вечна! Жыццё чалавека нельга закрыць у цесных рамках ад нараджэння да смерці. Чалавек павінен сапраўды сысці ў магілу, але з гэтай магілы ён напэўна выйдзе. Ніхто і нішто не можа забіць чалавека назаўсёды, навечна. Пра гэтую Пасхальную праўду Хрыстус сведчыць у Касцёле, які Ён сам заснаваў і ў якім ужо на працягу дваццаці стагоддзяў няспынна прысутнічае ў Боскай Эўхарыстыі. Уваскрослы Хрыстус кажа: «Не бойцеся тых, хто забівае цела, і пасля гэтага не можа больш нічога зрабіць» (Лк 12, 4). Гэтае настаўленне датычыць розных праяваў адносін і дзеянняў, накіраваных супраць паасобных людзей, а таксама супраць розных чалавечых супольнасцяў. Такім чынам, не бойцеся хваробаў, якія нішчаць зямное жыццё чалавека. Не бойцеся калецтва, старасці, якія чыняць чалавека слабым і бездапаможным. Не бойцеся ўсяго таго, што знішчае цела. Гэта праўда, што боль і цярпенне — цяжкі крыж, чалавек не жадае іх прымаць і ў меру сваіх фізічных сіл абараняецца. Але ў святле Велікоднай раніцы ўсе гэтыя зямныя выпрабаванні змяншаюцца і слабнуць. Пакуты зямнога жыцця нельга параўнаць з хвілінай, якая чакае нас у будучым жыцці ў вечнасці. «Радуйцеся і весяліцеся, бо вялікая ўзнагарода вашая ў нябёсах» (Мц 5, 12). Таксама не бойцеся людзей, якія вас мучаць, можа, нават здзекуюцца з вас. Гэта могуць быць суседзі, але могуць быць таксама і члены сям’і. Не бойцеся тых, хто прычыняе вам духоўную ці матэрыяльную крыўду, хто прымушае вас плакаць. Сам Пан Езус зведаў усё гэта: Яго бічавалі, укаранавалі цернем, усклалі крыж на плечы, укрыжавалі, паклалі ў грабніцу. І вось Ён уваскрос і дасягнуў радасці паяднання з Богам Айцом у небе. Святы Павел у сваім лісце да Рымлянаў піша: «Той, Хто ўваскрасіў Хрыста з мёртвых, ажывіць і вашы смяротныя целы Духам сваім, што жыве ў вас» (Рым 8, 11). Не бойцеся тых, хто знішчае духоўныя каштоўнасці, не прызнае праўды, злоўжывае справядлівасцю, абмяжоўвае свабоду, сее нянавісць, забівае нявінных. Прыйдзе час, калі праўда, свабода, справядлівасць і любоў перамогуць, калі запануе Валадарства Хрыста Уваскрослага. І ўрэшце, не бойцеся сатаны і яго вераломства. Бо князь гэтага свету, які шнарыць у пошуках, каб звесці каго-небудзь са шляху праўды і любові, ужо быў асуджаны Хрыстом Уваскрослым. Няма такога граху і такога зла, ад якога дзякуючы Хрысту Уваскросламу немагчыма было б вызваліцца і атрымаць вечнае шчасце. Бо дабро мацнейшае за зло, ласка мацнейшая за грэх, свабода мацнейшая за няволю, любоў мацнейшая за нянавісць, жыццё мацнейшае за смерць. Гэта тая вялікая праўда, якая грунтуецца на факце Змёртвыхпаўстання Пана. Аднак трэба прызнаць, што праўду прымаць часам цяжка. Сёння мы часта шукаем праўду, аднак плануем наперад, якой яна павінна быць. А калі яна не адпавядае нашым разумовым магчымасцям, мы яе не прымаем. Пасхальнай праўды немагчыма пазнаць толькі з дапамогай розуму, асабліва ў цяперашні час, калі людзі дастаткова часта аддаляюцца ад Касцёла, ад веры, ад Бога. Гэтую праўду можна пазнаць і прыняць толькі і выключна з дапамогаю веры. І таму, між іншым, Пілат, хаця ўжо ў Вялікую нядзелю меў адказ на сваё пытанне, гэтай праўды не прыняў. Не зразумеў. Яму не хапіла веры. І яшчэ адно варта ўсвядоміць: вера ў Змёртвыхпаўстанне Хрыста нарадзілася не з наіўных жаданняў; не са сведчання варты, што стаяла каля грабніцы Езуса; не з чутак, якія разносілі жанчыны; не са слоў Магдалены, якая Яго любіла; не з вестак, што кружылі сярод легкаверных людзей. Наадварот, навіна пра змёртвыхпаўстанне Хрыста сутыкалася з недаверам апосталаў да словаў жанчын, Магдалены, а св. Тамаш цэлы тыдзень супраціўляўся, казаў, што не паверыць, пакуль не дакранецца да ранаў і боку Езуса. Вера ў змёртвыхпаўстанне Езуса выйшла з самога Хрыста. Ён сваімі неаднаразовымі з’яўленнямі пасля паўстання з грабніцы, а таксама сваім выразным і рашучым словам абгрунтоўваў у свядомасці вучняў упэўненасць, што сапраўды перад імі іх уваскрослы Настаўнік. Толькі са шматразовых аб’яўленняў і прадказанняў Святога Пісання нарадзілася вера ў Хрыста, які ажыў. Пасля зразумення гэтага надзвычайнага факту ў апосталаў з’явілася гатоўнасць памерці за Хрыста, як і Хрыстус памёр за іх і за ўсіх людзей. Яны набылі таксама ўпэўненасць у тым, што як Хрысус перамог смерць, так і яны атрымаюць вечнае жыццё. Такім чынам, вялікая Нядзеля Змёртвыхпаўстання Пана сталася фундаментам хрысціянскай веры. Кожны, хто хоча паглыбіць веру, павінен прыходзіць да пустой грабніцы Езуса, дзе ляжалі толькі «палатніна і хуста, што была на галаве Яго» (пар. Ян 20, 7). Умацаванне веры — гэта нішто іншае, як нястомныя пошукі Хрыста Уваскрослага, гэта жаданне сустрэцца з Ім. Няхай гэтая Пасхальная праўда — Змёртвыхпаўстанне Хрыста Пана — ажыўляе нашую веру ў Яго прысутнасць да сканчэння вякоў у перамененых постацямі хлеба і віна ў святой Імшы, у святой Камуніі і ў табэрнакулюмах каталіцкіх святыняў. Няхай Уваскрослы Хрыстус, які пастаянна прабывае сярод нас у Эўхарыстыі, будзе крыніцай хрысціянскай мужнасці, каб мы не баяліся, але смела перамагалі ў нашым жыцці і паводзінах усялякія цяжкасці і перашкоды — як цялесныя, так і духоўныя, — згодна з Пасхальнай праўдай аб тым, што чалавек жыве вечна, што любоў мацнейшая за ўсялякае зло, а жыццё перамагае смерць. Будзем жа непарушна з’яднаныя з Езусам Хрыстом Уваскрослым, заўсёды прысутным у Эўхарыстыі, бо гэта ўмацоўвае нас у выпрабаваннях зямнога жыцця і з’яўляецца задаткам нашага змёртвыхпаўстання да хвалебнага жыцця ў вечнасці. Такія мае Велікодныя пажаданні вам, дарагія дыяцэзіяне, і да іх я далучаю сваё пастырскае благаслаўленне. Кардынал Казімір Свёнтэк Арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі
13.07.2009 15:04
«Пойдзем у Бэтлеем і паглядзім, што там сталася» (Лк 2, 15) «А Слова сталася целам і пасялілася між намі» (Ян 1, 14) Ва ўрачыстасць Божага Нараджэння нашыя вочы, нашыя вушы, нашыя сэрцы скіраваны да Бэтлеема, да стайні, да ясляў, бо мы жадаем нанава перажыць збаўчую таямніцу ўцелаўлення Божага Сына.  У гэтую святую Бэтлеемскую Ноч адбылася доўгачаканая сустрэча чалавека з Богам. Для таго, каб належным чынам зразумець і адпаведна ацаніць гэтую сустрэчу, неабходна вярнуцца да часу стварэння чалавека, калі Творца пасяліў яго ў раі, дзе чалавек мог не толькі сустракацца з Богам, але і бачыць Яго твар у твар. На жаль, гэты благаслаўлёны час сустрэчы чалавека з Богам працягваўся не вельмі доўга. Па нашэптванні д’ябла чалавек парушыў Божую забарону пазнання дабра і зла і, у якасці пакарання, быў выгнаны з раю, такім чынам страціўшы прывілей сустракацца з Богам і непасрэдна прабываць з Ім. Для чалавека распачаліся доўгія гады, цэлыя стагоддзі зямнога жыцця ў аддаленасці ад Бога — усемагутнага Творцы, магутнага Валадара, суровага Пана. Праўда, за дабро, за змену да лепшага Бог быў літасцівы да чалавека і прабачаў яго, благаславіў яму, але за новыя адступленні, за грахі ізноў сурова караў. Але ж у сэрцы чалавека пастаянна жыла туга па сустрэчы з Богам, па прабыванні з Ім. Аднак калі чалавек усё больш аддаляўся ад Бога, калі замест пашаны адзінага, сапраўднага Творцы чалавек аддаваўся ідалапаклонству, Бог у сваёй адвечнай дабрыні і любові да сваіх стварэнняў вырашыў спаслаць на зямлю свайго Сына, каб адкупіць чалавечы род, каб навярнуць людзей да сапраўднай веры, каб прымірыцца з чалавекам. «Шмат разоў і па-рознаму прамаўляў калісьці Бог да айцоў нашых праз прарокаў, у гэтыя апошнія дні прамовіў да нас праз Сына» (Гбр 1, 1–2). «Так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, меў жыццё вечнае» (Ян 3, 16). І вось дзве тысячы гадоў таму назад «Слова сталася целам і пасялілася між намі» (Ян 1, 14). Якім жа дзіўным было прыйсце на зямлю Сына Божага, гэтая сустрэча Бога з чалавекам! Здавалася б, што Сыну Божаму больш пасавала б нарадзіцца ў царскім палацы, а пазней — прыняць уладу і Божай моцай наладзіць ва ўсім свеце парадак, угрунтаваны на Божым праве. Аднак Бог абраў цалкам іншы спосаб прыйсця на зямлю. Святы Лука вельмі сцісла апісвае гэтую найвялікшую з падзей, якія калі-небудзь адбываліся на зямлі: «... надышоў час нарадзіць Ёй. І нарадзіла Сына свайго першароднага, і спавіла Яго, і паклала ў яслі, бо не было ім месца ў заездзе» (Лк 2, 6–7). Сярод тых, хто акружаў Дзіцятка Езуса ў бэтлеемскай стайні, не было магутных гэтага свету, а былі толькі пакорная Марыя, убогі Юзаф, некалькі наёмных пастухоў і пара жывёлінаў. А нованароджаны Сын Божы? Ён ляжаў у яслях, бездапаможна варушыў ручкамі, чакаў матчынага малака і час ад часу плакаў ад холаду. Толькі спеў анёлаў «дакументаваў» таямніцу прыйсця Божага Сына на зямлю. Так выглядала сустрэча Бога з чалавекам. Таямніца Божага Нараджэння ў сваім глыбокім вымярэнні з’яўляецца надзвычайнай сустрэчай чалавека з Богам і Бога з чалавекам на працягу гісторыі чалавецтва. У Бэтлееме Юдэйскім распачалася найпрыгажэйшая гісторыя перакрыжавання шляхоў Бога і чалавека: стары свет граху і новы свет ласкі, любоў і прымірэнне дасягаюць найбольшай блізкасці, што адкрывае новую перспектыву гісторыі чалавека і свету. Бог увайшоў у гісторыю чалавецтва, у біяграфію кожнага чалавека, каб выбавіць нас з няволі граху, каб мы нанава «ад Бога нарадзіліся» (пар. Ян 1, 13), сталіся братамі Яго Сына і Яго ўсыноўленымі дзецьмі. У Бэтлееме сустракаюцца вялікая любоў Бога і шчырая вера чалавека. Праз бэтлеемскую стайню Бог спяшаецца да людзей, а людзі вандруюць да Яго. Божы Сын стаў блізкі чалавеку, пасяліўся між людзей: Ён з імі, сярод іх і для іх. Там, у стайні, да Яго працягнуліся шматлікія рукі. І найбольш чулыя рукі Маці, і поўныя клопату рукі Юзафа, і спрацаваныя рукі пастухоў, і добразычлівыя рукі, якія перанеслі Божае Дзіцятка з ясляў у дом, і рукі вучоных Мудрацоў з Усходу. Але да Дзіцяці працягнуліся таксама і рукі нянавісці, забруджаныя крывёю забітых бэтлеемскіх немаўлят. Гэтая Бэтлеемская Ноч сталася сапраўды ноччу чалавечых рук, працягнутых да Бога. Праз трыццаць гадоў скрытага жыцця ў Назарэце Божы Сын Езус Хрыстус распачаў сваю публічную збаўчую дзейнасць. У нястомных сустрэчах з людзьмі на працягу трох гадоў Ён абвяшчаў Добрую Навіну любові да Бога і бліжняга, чыніў шматлікія цуды і ахвяраваў сябе ажно да смерці — крыжовай смерці — дзеля адкуплення чалавечага роду і прымірэння людзей з Богам. Пасля свайго ўваскрасення і ўнебаўшэсця, верны свайму абяцанню — «не пакіну вас сіротамі» (пар. Ян 14, 18), «і вось Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку» (пар. Мц 28, 20), — Езус застаўся ў сваім Касцёле — Яго Містычным Целе, — які атрымаў дары Духа Святога, каб у сустрэчах з людзьмі ў святых сакрамэнтах весці іх да свайго вечнага Валадарства. На Апошняй Вячэры, калі Езус устанавіў Боскую Эўхарыстыю, Ён даў людзям магчымасць штодзённа сустракацца з Ім праз удзел у святой Імшы — аднаўленні Яго крыжовай Ахвяры — праз прыняцце Яго Цела і Крыві ў постацях хлеба і віна, духоўнага спажытку для душы, праз наведванне і адараванне Яго ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, у табэрнакулюме — жывой Эўхарыстычнай Стаенцы. Неабходна часта і доўга заставацца на каленях перад Езусам Хрыстом, утоеным у Эўхарыстыі, каб належным чынам ушаноўваць Яго, каб дзякаваць Яму за атрыманыя ласкі, каб перапрашаць за ўчыненыя знявагі, каб прасіць Яго аб благаслаўленні. І так, пачынаючы ад Бэтлеемскай Ночы, на працягу дзвюх тысяч гадоў ажно да канца гісторыі чалавецтва пастаянна і няспынна адбываюцца сустрэчы Бога з чалавекам і чалавека з Богам. Якія ж невымоўныя дабрыня, міласэрнасць і любоў Бога ў адносінах да людзей! Пастаянныя сустрэчы з Богам даюць чалавеку магчымасць прабываць з Ім ужо ў гэтым зямным жыцці і тым самым гарантуюць атрыманне прывілею вечнага прабывання з Богам у Нябесным Валадарстве. З найлепшымі святочнымі пажаданнямі і пастырскім благаслаўленнем Кардынал Казімір Свёнтэк Арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі .
13.07.2009 15:12
«Дзень, поўны радасці, настаў» — Вось дзень, які Пан учыніў, будзем радавацца ў ім і весяліцца! (Пс 118 (117), 24). Хрыстус Пан сваім Уваскрасеннем абудзіў ва ўсіх вялікую, шчаслівую радасць. «Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана» (пар. Ян 20, 20). Колькі ж радасці зведала Марыя! Касцёл Хрыста апявае гэта ў велікодным марыйным гімне Regina caeli laetare і ў папулярных песнях нашага народа. Якой жа вялікай была радасць Марыі Магдалены, калі раптам яна пачула: «Марыя!», — і ўсклікнула: «Раббуні, — што азначае „Настаўнік“!». Хрыстус усюды, дзе з’яўляўся, выклікаў радасць. Знамянальна, што зніклі ўсе сляды Яго жудаснай Мукі. Засталіся толькі шрамы — доказ, які пераканаў Тамаша. Але не было ўжо цярпення ў душы Хрыста. Ён не згадваў пра зведаныя пакуты, нікога не дакараў, не папракаў, не выказваў прэтэнзій. Калі гартаем старонкі Евангелля, параўноўваем тэксты і супастаўляем іх сінаптычна, каб аднавіць вобраз Хрыста пасля Уваскрасення, мы не знаходзім там нават кроплі болю, смутку ці расчаравання. Хрыстус узвысіўся над усім, што людзі з Ім учынілі. Пётр у сваіх прамовах спасылаўся на Муку і Смерць Хрыста, але Хрыстус сябе паводзіў так, нібы ўсяго гэтага і не было... Яго Справа была настолькі вялікая, магутная, цудоўная і радасная, што ўсё іншае — нават успамін жахлівай Мукі — нібы не існавала! Яго справа стала адказам на спадзяванні пакаленняў, якія чакалі сотні тысяч гадоў. Усе чалавечыя правіны, якія абражаюць Нябеснага Айца, уся нявернасць Ізраэля, які чакаў Месію, паводзіны габрэяў у адносінах да Хрыста, іх нявер’е, вераломства, злосць, гнеў і нянавісць — усё гэта было нічым у Яго вачах у параўнанні з веліччу Справы Адкуплення. Чалавечую слабасць перавысіла Любоў, а любоў абуджае радасць. Таму Хрыстус, здзейсніўшы Справу Адкуплення, даручаную Яму Айцом, узрадаваўся нічым не азмрочанай радасцю. Ён адчуў палёгку, супакой і шчасце. Яго радасць і супакой перадаваліся ўсім, з кім Ён сустракаўся. Хрыстус жадаў гэтай радасці. Ён сам выклікаў яе і прымаў у ёй асабісты жывы ўдзел. Ён бачыў, як радуюцца Яго вучні, ствараў мноства нагодаў для радасці — вельмі чалавечай і звычайнай. Цела Хрыста было пераменена, але Ён так сябе паводзіў, нібыта ніякай змены не адбылося. Яго адносіны да вучняў і акружэння былі звычайнымі і натуральнымі. Ён сядаў разам з імі за стол, дзяліў з імі спажытак. Нават часцей, чым перад Мукай, Ён запрашаў іх есці, заахвочваючы сваім прыкладам: «Хадзіце ж, снедайце...», сам «... узяў хлеб і падаў ім, а таксама і рыбу» (пар. Ян 21, 12–13). На беразе Тыберыядскага возера Ён паклапаціўся пра тое, каб на сапраўдны Вялікдзень падрыхтаваць спажытак для вучняў, занятых лоўляю рыбы. Мы ведаем, што перад Мукаю Езус размнажаў хлябы, але ніколі да гэтага мы не чулі, каб ён сам «кухарыў». Ён зрабіў гэта менавіта пасля Уваскрасення, калі Яму самому гэта было ўжо менш за ўсё патрэбна. Адкуль Езус узяў рыбу, што пёк на вуглях на беразе возера? Гэта таямніца. Ён сказаў яшчэ дадаць толькі што налоўленую рыбу і прыгатаваў вучням сапраўдны пір. Хрыстус Пан не аб’яўляецца вучням у постаці Увакрослага Пераможцы. Ён не падкрэслівае сваёй незвычайнай велічы, хоць Яму мы спяваем у велікодных песнях: «Ён смерць перамог! Ён — Пан наш і Бог». Нічога такога ў Хрысце няма! Ён звычайны і штодзённы, Ён уваходзіць у чалавечыя справы па-чалавечы. Можа, ніколі раней Хрыстус не праяўляў такой сардэчнасці, як пасля Уваскрасення. Ён ужо вырваў з рук сатаны запіс нашых даўгоў, з дапамогай якога той аспрэчваў у Бога сваё права на чалавечы род. Цяпер шатан застаўся з пустымі рукамі, а ў руках Хрыста — усё... Тыя, хто Яго акружае, з’яўляюцца цяпер Яго дзецьмі, здабытымі за вялікую цану — Empti enim estis pretio magno — каштоўнай крывёю Хрыста як Беззаганнага Ягняці... (пар. 1 П 1, 19). Ён стаў на чале грамады людзей, якія ідуць да Айца. Вось Яго дзеці, Яго сябры, Яго самыя блізкія! Колькі ж яны каштавалі Яму! Таму Ён глядзіць на іх, як на адшуканыя скарбы. За знявагі, спазнаныя перад смерцю, Хрыстус пасля Уваскрасення адплаціў людзям дабрынёй, сардэчнасцю, блізкасцю і радасцю. Які ж Ён велікадушны! Пасля Уваскрасення Ён мог добра «адплаціць» фарысеям, кніжнікам, Іраду, Пілату і нават вучням, якія Яго пакінулі, асабліва Пятру, які адрокся ад Яго, — усім! Усім! Ён жа мог запытацца: «А дзе ж вы, сыночкі, дзеліся, калі Я быў на крыжы?». На шчасце, Хрыстус ні пра што такое не пытаўся. Пра гэта ў Евангеллі няма ніводнай згадкі. Ён трымаў сябе так, нібы ўсяго гэтага не было. Як жа гэта цудоўна — забываць і прабачаць! Гэта ўнутрана вызваляе, чыніць чалавека сапраўды вялікім і адначасова блізкім і братэрскім. Менавіта такой з’яўляецца любоў, менавіта такім бывае сапраўднае сяброўства! Хрыстус вучыць уменню быць адно з адным і ўзвышацца над усім, што для нас магло б стаць непрыемным і балючым. Ён вучыць нас забываць. Што было — тое прайшло! Хрыстус увёў нас у новае жыццё і ў новую атмасферу. Вось як паводзіць сябе Хрыстус Уваскрослы. Так павінны паводзіць сябе таксама і мы ў сваім жыцці, на працы і ў адносінах з іншымі людзьмі. Так паводзяць сябе ўсе, хто любіць Хрыста, і ўсе, хто любіць адно аднаго ў Хрысце. Ён нам паказаў, як трэба адносіцца да акружэння, каб жыць у згодзе з братамі. Няхай нашае суіснаванне будзе адзначана Божай радасцю! Няхай дом кожнага з нас будзе домам Божай радасці, домам сяброўства, добразычлівасці, дабрыні і роднасці, дзе ўжо не памятаюць абразаў і не нагадваюць пра спазнаныя крыўды, бо тут валадарыць любоў, якая ўсё перамагае, пра ўсё забываецца і прабачае. Умілаваныя браты і сёстры, з нагоды Велікодных святаў прыміце мае самыя шчырыя пажаданні шчодрых ласкаў і благаславенняў Уваскрослага Хрыста ў вашым асабістым, сямейным і грамадскім жыцці. Кардынал Казімір Свёнтэк Арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі
21.07.2009 16:43
Умілаваныя вернікі Гродзенскай дыяцэзіі! Жыццё святых — гэта гонар паўсюднага Касцёла. Мы спасылаемся на заслугі іх жыцця, калі прыходзім з просьбамі ў Божы храм і верым, што Бог прыслухоўваецца да іх малітваў. Тое, што святыя трываюць у духоўнай лучнасці з намі, мы вызнаем у «Сімвале веры», калі кажам: «Веру ў еднасць святых». І, безумоўна, асаблівая лучнасць звязвае іх з жыхарамі той зямлі, адкуль яны паходзілі і дзе жылі. 27 кастрычніка 2007 г. у базыліцы святога Яна на Латэране адбылася беатыфікацыя сястры змёртвыхпаўстанкі Цэліны Бажэнцкай. На жаль, не ўсе вернікі мелі магчымасць прысутнічаць на гэтай урачыстасці. Я б хацеў заахвоціць вас, дарагія дыяцэзіяне, каб вы бліжэй пазнаёміліся з жыццём благаслаўлёнай Цэліны і таму запрашаю ўсіх зацікаўленых на ўрачыстасць падзякі за дар яе беатыфікацыі, якая адбудзецца 2 мая бягучага года ў Заневічах каля Гродна. Менавіта з гэтай парафіяй і гэтым кутком гродзенскай зямлі быў звязаны доўгі перыяд жыцця благаслаўлёнай Цэліны Бажэнцкай. Цэліна нарадзілася 29 кастрычніка 1833 г. у Антовілі, непадалёку ад Оршы. Паходзіла яна з сям’і Хлудзінскіх. З малых гадоў Цэліна выхоўвалася ў асяроддзі, дзе старанна захоўваліся каталіцкія і нацыянальныя традыцыі. У сям’і Цэліна атрымала добрае выхаванне і адукацыю. Яе духоўнае жыццё развівалася пад уплывам бацькоў, а малітоўнае пытанне — «Божа, што хочаш, каб я ўчыніла са сваім жыццём?» — ніколі не пакідала яе. Паслухмяная волі бацькоў і парадам свайго спаведніка, якія прымала як Божую волю, яна ў 1853 г. узяла шлюб з Юзафам Бажэнцкім, уласнікам Абрэмшчыны. Адносіўся гэты маёнтак да парафіі Заневічы, што непадалёку ад Гродна. Пры гэтым, як яна сама занатавала ў сваіх лістах, Цэліна прадчувала, што «сваё жыццё не закончыць звычайна». Пасля шлюбу яе чакала моцнае і балеснае выпрабаванне, выйсці з якога ёй дапамог давер да Божай апекі. З поўнай адданасцю яна ўвайшла ў ролю жонкі, гаспадыні дому і маці. Цэліна перажыла смерць дваіх сваіх дзяцей-немаўлятак, пры жыцці засталіся дзве дачкі. Цэліна, як гаспадыня дому, вяла дабрачынную працу сярод сельскіх жыхароў. У 1863 г. за дапамогу паўстанцам, разам з дачкой Ядзвігай, якой было ўсяго некалькі тыдняў, трапіла ў царскую турму ў Гродне. Пасля кароткага арышту яе выпусцілі. У Абрэмшчыне Цэліну чакала чарговае выпрабаванне лёсу. Яе мужа Юзафа Бажэнцкага разбіў параліч, і ён не мог хадзіць. Цэліна клапатліва і цярпліва даглядала змучанага хваробай мужа на працягу ўсёй яго доўгай і невылечнай хваробы. Пры гэтым адначасова займалася справамі маёнтку. За некалькі тыдняў да смерці (у 1874 г.) Юзаф Бажэнцкі прадыктаваў тэстамэнт, у якім сведчыў пра любоў, гераічнасць, адвагу і разважлівасць сваёй жонкі. У 1875 г. Цэліна Бажэнцкая прыбыла ў Рым. І там да яе зноў вярнуліся думкі пра манаскае жыццё. Грунтоўна пазнаць сябе і зразумець дарогу, па якой яе вядзе Бог, Цэліне дапамог генерал ордэна змёртвыхпаўстанцаў кс. Пётр Семяненка, які пазней падрыхтаваў яе да заснавання новай кангрэгацыі. Дзякуючы яго духоўнай падтрымцы Цэліна разам з дачкой Ядзвігай прыйшла да рашэння заснаваць жаночае адгалінаванне гэтай супольнасці з кантэмпляцыйна-дзейсным харызматам. Заданнем супольнасці было духоўнае і маральнае адраджэнне жанчыны праз навучанне і хрысціянскае выхаванне дзяўчат. У 1891 г. Цэліна Бажэнцкая атрымала падтрымку ад духоўных уладаў і ва ўзросце 58-мі гадоў узначаліла новую манаскую супольнасць, якая атрымала назву Кангрэгацыі Змёртвыхпаўстанак. У тым жа годзе Цэліна разам з сёстрамі адкрыла ў Кентах каля Бельска (Польшча) першы манаскі дом, а ў 1896 годзе распачала апостальскую працу ў Балгарыі, затым у Чэнстахове і Варшаве, а ў 1900 г. — у Злучаных Штатах Амерыкі. Новая супольнасць развівалася дынамічна. Гэта схіліла сясцёр да таго, каб пашырыць свой харызмат, уключыўшы ў яго клопат пра рух апостальства свецкіх у парафіях. Мэтай свецкага жаночага руху было не толькі асабістае асвячэнне, але і імкненне пашыраць Божае Валадарства і напаўняць духам Евангелля ўсе сферы грамадскага жыцця. Цэліна Бажэнцкая памерла ў Кракаве 26 кастрычніка 1913 г. Беатыфікацыйны працэс маці Цэліны быў распачаты ў Рыме яшчэ ў 1944 г., а дэкрэт пра гераічнасць цнотаў падпісаў Папа Ян Павел ІІ у 1982 г. У 2002 г. у Кракаве было праведзена даследаванне аздараўлення Анджэя Мехежыньскага-Віктара, праўнука маці Цэліны, які цудоўным чынам пасля звароту да Слугі Божай Цэліны з малітвай аб заступніцтве вылечыўся ад цяжкой траўмы пазваночніка. Цуд аздараўлення прыспешыў заканчэнне беатыфікацыйнага працэсу. 16 снежня 2006 г. Папа Бэнэдыкт XVI падпісаў дэкрэт, якім пацвердзіў цуд аздараўлення праз пасрэдніцтва маці Цэліны Бажэнцкай. Незвычайным быў 80-гадовы жыццёвы шлях благаслаўлёнай Цэліны Бажэнцкай. У яе жыцці вылучаюцца чатыры важныя этапы —  як жонкі, маці, удавы і законніцы. У рэалізацыі свайго паклікання на кожным з гэтых этапаў у яе жыцці выразна бачна адзіная мэта людскога паклікання — святасць жыцця. Благаслаўлёная Цэліна, як у мінулым, так і сёння, з’яўляецца прыкладам святасці ў выкананні Божай волі — з поўнай пакорай, адданасцю і глыбокай малітвай. У такім жа духу яна старалася выхоўваць сваіх дачок, каб адзіным імкненнем у іх жыцці і ва ўзрастанні ў святасці была пакора перад Богам. Не парушыла яе вернасці Богу нават раптоўная смерць дачкі Ядзвігі, разам з якой яна заснавала супольнасць. Яна сказала тады такія словы: «Няма таго, што не вытрывала б душа з любові да Пана Езуса». Некалькі разоў Цэліна прыязджала з Рыма ў Абрэмшчыну, дзе яе віталі мясцовыя жыхары, якія ўжо пры жыцці лічылі яе святой. Менавіта ў Абрэмшчыне каля Заневіч, на месцы былога маёнтка з камення, якое засталося ад яго, была пабудавана першая капліца ў гонар благаслаўлёнай Цэліны Бажэнцкай. 2 мая бягучага года капліца будзе асвечана, каб мы маглі выпрошваць Божыя ласкі праз заступніцтва благаслаўлёнай Цэліны Бажэнцкай для ўсіх жыхароў нашай зямлі, асабліва для жонак і маці. Яна з’яўляецца ўзорам і заступніцай для ўсіх, хто цярпліва і ахвярна выконвае абавязкі маці і жонкі. Прыміце ў якасці заахвочвання да годнай рэалізацыі свайго паклікання словы благаслаўлёнай Цэліны Бажэнцкай, якія яна калісьці запісала ў сваім дзённіку: «Малю Хрыста Пана, каб вы пры жыцці ўваскрэслі ў духу, калі спазналі гэтую велізарную ласку быць пакліканымі да такой вялікай і хвалебнай таямніцы. Недастаткова ахапіць гэтую ласку розумам, патрэбна праца над сабой і ўчынкі, якія асвячаюць душу на падставе вялікай пакоры і ўдзячнасці Пану Богу». Ахвярная любоў нясе шчасце блізкім і дае нам надзею на жыццё вечнае. Няхай яна будзе багаццем кожнай сям’і на нашай зямлі — сужэнцаў, бацькоў і дзяцей. Працуйма над сваім асвячэннем і не пераставайма аказваць адно аднаму зразуменне і любоў. Яны здольны перамяніць свет, а нашаму прысвячэнню даць радасць і скіраваць нас да вечнай  любові Бога. Мы верым, што благаслаўлёная Цэліна выпрасіць у Бога духоўныя дары, падтрымае на шляху да неба наш Касцёл і нашыя сем’і. Маючы перад вачыма прыклад яе жыцця, будзем імкнуцца да асвячэння асабістага і грамадскага жыцця, каб яшчэ дакладней выконваць на зямлі Божую волю і некалі атрымаць вечны ўдзел у святасці Бога. Няхай радасць святых Пана стане і нашым удзелам у небе. На руплівае наследаванне жыцця святых Пана і радаснае перажыванне ўрачыстасці падзякі ў нашай дыяцэзіі ў гонар благаслаўлёнай Цэліны сардэчна благаслаўляю. Аляксандр Кашкевіч, Біскуп Гродзенскі Гродна, 10.04.2008 Прашу шаноўных святароў Гродзенскай дыяцэзіі прачытаць гэты ліст у межах гаміліі падчас кожнай святой Імшы ў VI Велікодную нядзелю, 27 красавіка, а таксама азнаёміць вернікаў з праграмай дыяцэзіяльнай урачыстасці падзякі, якая абудзецца 2 мая б. г. у Заневічах.
21.07.2009 18:40
ПАДРЫХТАВАЦЦА ДА ПРЫЙСЦЯ ЎЦЕЛАЎЛЁНАГА СЛОВА Пастырскае пасланне на Адвэнт 2008 года 1. Прадстаўнікі аднаго з афрыканскiх плямёнаў вельмi часта моляцца наступнымi словамi: «Ойча наш, спашлi нам сваё Слова». На пытанне, што азначае гэтая малiтва, яны адказваюць, што такiм чынам моляць Найвышэйшую Iстоту, каб паслала iм чалавека, якi вывеў бы iх на сапраўдную дарогу, дапамагаў бедным, быў лiтасцiвым да дзяцей, лячыў хворых, узмацняў iх, адарыў супакоем i дабрабытам. Гэтая малiтва язычнiкаў вельмi сугучная духу таго лiтургiчнага перыяду, які мы сёння раcпачынаем, — перыяду Адвэнту, часу чакання прыйсця Збаўцы. 2. «Ойча наш, спашлi нам сваё Слова». Гэтая афрыканская малiтва нагадвае нам пра прыйсце таго, каго так доўга чакала чалавецтва, — Богачалавека Езуса Хрыста. Аднак па сваёй сутнасцi Адвэнт не можа быць толькi ўспамінам пра падзеі, якія адбыліся больш за дзве тысячы гадоў таму. Ён павінен стаць часам глыбокага ўсведамлення і перажывання гэтай праўды. Адвэнт павінен стаць благаслаўлёным часам, калі мы нібы нанава будзем перажываць тыя доўгiя тысячагоддзi, на працягу якіх чалавецтва чакала Слова Божае, каб Яно сталася целам i жыло памiж нас; Слова, якое вядзе на добрую дарогу i прыносiць сапраўдны супакой. Чаканне, аднак, не можа праходзіць у дрымоце цi ў сне. Чаканне павінна быць чуваннем. 3. Не да сну, але да чування i тугі па Богу, які ёсць нашым Айцом, заклiкае нас у Адвэнце Касцёл. У гэты час ён прапануе нам разважаць над словамі прарока Iсаi, якога называюць евангелiстам Старога Запавету, бо ён прадказаў прыйсце Сына Божага (пар. Iс 40, 3–5). У Евангеллі Езус заклiкае нас чуваць і быць гатовымі да Ягонага прыйсця (пар. Мк 13, 32–37), і Касцёл вуснамi святога Яна Хрысцiцеля заахвочвае нас падрыхтаваць дарогу Збаўцы, які прыходзіць (пар. Мк 1, 3). Гэта азначае, што нам трэба перажываць Адвэнт не пасіўна, але актыўна. Да дзейснага чування заклiкае нас i вобраз Марыi, якую Касцёл асаблiва праслаўляе i ўшаноўвае ў перыяд Адвэнту. Яна з глыбокаю вераю прымае вестку пра тое, што менавiта Яе Бог абраў стаць Маці Збаўцы. У Яе кароткім станоўчым адказе fiat — «няхай мне станецца паводле твайго слова» (Лк 1, 38) — праяўляецца Яе гатоўнасць стаць дзейснай удзельніцай вялікіх справаў Божых. Яна не спiць i не дрэмле, пасіўна чакаючы Збаўцу, але бярэ актыўны ўдзел у таямніцы Яго прыйсця ў гэты свет. Гэтую праўду асабліва выразна падкрэслiвае кардынал Ёзаф Ратцынгер — сённяшнi Папа Бэнэдыкт XVI — у сваёй вельмi папулярнай i фундаментальнай для нашай веры кнiзе «Уводзіны ў хрысцiянства». Ён пiша, што Марыя з’яўляецца вобразам чакаючага чалавецтва, якое давяраецца дзейнасцi праз дар Божай ласкі і абсалютнай любові, што дасць яму сэнс і збаўленне (пар. Йозеф Ратцингер. Введение в христианство. Москва, 2006, с. 232). Ужо блiзкае Божае Нараджэнне, блiзкі Бог i блiзкая нашая вечнасць. Таму мы не маем права спаць i пасіўна чакаць. Трэба чуваць i рыхтавацца сустрэць прыходзячага Пана. 4. Лiтургiя Адвэнту нагадвае нам пра прыйсце Збаўцы. Найперш пра Яго гiстарычнае прыйсце больш за дваццаць стагоддзяў таму. Потым — пра Яго прыйсце ў Божым слове, у Эўхарыстыi і ў іншых сакрамэнтах. І нарэшце пра нашу сустрэчу з Iм у хвіліну завяршэння нашага зямнога жыцця і Яго другое прыйсце ў хвале ў канцы вякоў. Кожны чалавек, безумоўна, ведае, што кожны пражыты дзень наблiжае яго да смерці, да таго моманту, калі Бог пакліча яго з гэтага свету. Гэта — праўда, пра якую ўсе мы ведаем, але не хочам пра яе гаварыць і нават думаць. Сучасны чалавек, асабліва малады, імкнецца як мага больш урачыста адсвяткаваць свой дзень нараджэння ці Новы Год. Аднак пры гэтым ён часцей за ўсё зусiм не задумваецца над тым, што стаў на год старэйшым, а гэта значыць, што яшчэ на год стаў бліжэй канец ягонага жыцця. Ён жыве пераважна адною хвiлiнаю i хоча ўзяць ад жыцця як мага больш у адпаведнасці з лацiнскаю сентэнцыяй carpe diem — «хапай момант». Насамрэч, з кожным днём усё бліжэй падыходзячы да канца нашага жыцця, мы ўсё больш набліжаемся да Бога, калi iдзем дарогаю, якую Ён сам нам паказаў. 5. У гэты час падрыхтоўкі да Божага Нараджэння Касцёл заклiкае нас з усёю адказнасцю і шчырасцю зазірнуць у нашыя сэрцы, у іх самыя цёмныя закуткi, бо менавіта там тояцца самыя пакрыёмыя нашыя імкненні. Найперш мы павінны адказаць сабе на шэраг пытанняў. Цi гатовае маё сэрца прыняць Збаўцу? Цi не скаванае яно грахом, празмернаю прывязанасцю да зямных справаў? Ці не трапіла маё сэрца ў палон амаральных сувязяў, што з’яўляюцца парушэннем Божага закону аб чыстасці, ці не знаходзіцца ў залежнасці ад адурманьваючай алкагольнай ці наркатычнай атруты? Ці не супраціўляецца яно Божай волі ў тым, што датычыцца еднасцi, адзiнства i непадзельнасцi сям’i як Творцам устаноўленага iнстытуту мужчыны i жанчыны, ці не шукае апраўдання палавых ненармальнасцяў, забойства ненароджаных дзяцей, пазбаўлення жыцця праз эўтаназiю невылечна хворых, кланавання чалавечых істотаў для здабыцця «запасных» органаў? Ці не паддалося сэрца спакусе адмовіцца ад хрысціянскіх каранёў і традыцый, ці няма ў ім імкнення да бескантрольнай свабоды рабіць, што хочацца, не звяртаючы ўвагі на Божыя запаведзі? Ці здольнае яно даваць адэкватную маральную ацэнку маіх паводзінаў? Ці не стала маё сэрца глухім да голасу Пана Бога? Сёння мы перажываем вялiкi парадокс. Нават хрысцiяне чамусьці ўсё часцей спрабуюць шукаць мімалётнага задавальнення ў тым, што ў маральным сэнсе з’яўляецца грахоўным і ў выніку вядзе да роспачы і згубы. Жыццё многіх людзей нібы пацвярджае справядлівасць прымаўкі пра тое, што забаронены плод заўжды здаецца салодкім. І чалавек зноў і зноў дае сябе ашукаць гэтак жа, як былі ўведзены ў зман першыя людзі — нашыя прабацькі Адам і Ева. Вынікам іх непаслухмянасці стала страта раю, а цяжар першароднага граху лёг на ўсё чалавецтва. На жаль, чалавек часта забываецца пра гэтыя наступствы, забываецца пра тое, якім горкім у рэшце рэшт аказваецца адыход ад Бога, да чаго вядзе непаслухмянасць Ягоным запаведзям. Шукаючы недазволенай «слодычы», чалавек робіць памылковы выбар насуперак маральным нормам, пускае ў сваё сэрца агідную грахоўную гнілізну, якая ўсё больш i больш запаўняе сучасны свет. Такім чынам ён прычыняецца да будавання цывiлiзацыі нянавiсцi i смерцi, замест таго, каб будаваць цывiлiзацыю любовi i жыцця. Замест таго, каб з удзячнасцю прымаць з рук Творцы хлеб жыцця, ён беспаспяхова спрабуе насычацца гнілізнаю духоўнай смерці і прапануе гэта іншым. Так, як скамянелыя ў сваiх грахах фарысеi або цар Iрад не змаглi ўбачыць народжанага Збаўцу, так i глухiя да голасу прыходзячага Пана сэрцы не змогуць сустрэць Яго нават у свята Божага Нараджэння. 6. Таму заклiк святога Яна Хрысцiцеля зрабіць роўнымі дарогi Збаўцы, які прыходзіць (пар. Мк 1, 3), як i заклiк самога Хрыста да чування і навяртання (пар. Мк 13, 32–37) павінны стаць праграмаю нашай падрыхтоўкі да Божага Нараджэння. Гэты заклiк — гэта слова Божае, якое з’яўляецца крынiцаю нашай надзеi; слова, якое заусёды жывое i дзейснае (пар. Гбр 4, 12); слова, якое асвятляе нашае жыццё. I таму яно павінна дапамагчы нам падрыхтаваць дарогу прыходзячаму Збаўцы i спрыяць нашаму асабiстаму навяртанню. Трэба памятаць, што гэты заклiк не мае нiчога агульнага з неспакойным чуваннем вартаўніка, што вартуе дабро ад злодзеяў, але тугою па мiласэрным Богу. Некаторым людзям бывае недаспадобы слова «навяртанне», і заклiк Касцёла да навяртання часта выклікае ў іх унутраны пратэст. Каму патрэбна навяртанне? Я рэгулярна хаджу ў касцёл, падтрымлiваю яго сваімі ахвяраваннямі, і мне яшчэ патрэбна навяртанне?! Няхай навяртаюцца бязбожнiкi, грэшнiкi, няверуючыя, але толькi не я! З такiмі цi падобнымі думкамi даводзіцца сустракацца не так ужо і рэдка. Аднак сумнаю праўдаю нашага жыцця з’яўляецца тое, што ўсе мы грашым, а таму няма ніводнага чалавека, якому б не было патрэбнае навяртанне. Яно з’яўляецца ўмоваю, без выканання якой немагчыма годна сустрэць Бога. Навяртацца — гэта значыць кожны дзень нашага жыцця імкнуцца жыць па прыкладзе Хрыста, кожны дзень усё больш i больш прыпадабняцца да Яго, кожны дзень наследваць Яго, кожны дзень адракацца ад уласнага самалюбства i ад усялякага зла, кожны дзень усё больш i больш станавіцца дзецьмi Божымi, а таксама братамi i сёстрамi. Навяртацца — гэта значыць пакінуць грахоўную дарогу, па якой мы ішлі дагэтуль, i вярнуцца на шлях святасці і праўды; змяніць сваё мысленне, змяніць сэрца i змяніць жыццё. Час Адвэнту — спрыяльны час для таго, каб спытацца ў саміх сябе, цi нашае мысленне, сэрца i жыццё сапраўды з’яўляюцца хрысцiянскiмi? Наколькi мы з’яўляемся падобнымi да Хрыста? Цi iдзем за Iм? Цi ў сваiм жыццi кiруемся духам Евангелля? Навяртацца не азначае таго, што, напрыклад, перад святам чалавек паспавядаўся, прыняў Камунію, а на наступны дзень ужо зноў жыве так, як жыў раней. Такі падыход несур’ёзны i не хрыцiянскі. Выкананне абрадаў без грунтоўнай змены жыцця — гэта не што iншае, як самападман, фармальнасць, выкананая «для птушачкі», бо насамрэч нiчога не было зроблена. Сапраўднае навяртанне — гэта ўпарадкаванне жыцця паводле наказаў Езуса, у адпаведнасці з Яго святым Евангеллем, рашучы разрыў са злом i грахом. Грэх — гэта заўсёды адыход ад Бога, а таму нашым адвэнтавым абавязкам павінна стаць вяртанне да Бога з дапамогаю Ягонай ласкi. У гэтым вяртаннi чалавек знойдзе сваё найбольшае шчасце. Трэба памятаць, што пасведчанне хросту, прыналежнасць да пэўнай парафіі цi касцёльнай супольнсцi, і нават касцёльная ўзнагарода не з’яўляюцца гарантыяй збаўлення. У вачах Бога сапраўдную каштоўнасць мае толькi пазітыўны адказ на Ягоны заклiк. Трэба памятаць, што Бог дае ласку навяртання i такім чынам прапануе чалавеку збаўленне, пакідаючы яму поўную свабоду выбару. Бог нiкога ні да чаго не змушае. Ён толькі прапануе, а чалавек або прымае прапанову, або не. Бог не з’яўляецца нашым даўжнiком. Наадварот, мы — ягоныя даўжнікі i таму павінны прасiць Яго: «Адпусцi нам правiны нашыя». Мы можам навяртацца кoжны дзень, але нiколi не будзем навернутымi дастаткова, бо толькi адзiн Бог з’яўляецца дасканалым. 7. Дарагiя браты i сёстры, на пачатку новага лiтургiчнага года, якi распачынаецца Адвэнтам, прымем глыбока ў нашыя сэрцы заклiк да навяртання i падрыхтоўкі дарогi надыходзячаму Збаўцы. Гэта адзiная ўмова годнай падрыхтоўкі да Божага Нараджэння. Калі яна будзе выканана, гэтае свята стане для нас часам, калi Нябесны Айцец сапраўды спашле нам сваё спрадвечнае Слова — нашага Збаўцу; станецца часам нараджэння Бога ў нашых сэрцах. Тады нашыя супольнасці стануць сучасным Бэтлеемам, дзе неспасцігальны i iсны па-за часам Бог уцелавiўся, прыняў вобраз чалавека i з’явiўся нам з чалавечымі сэрцам i абліччам, каб больш не быць Богам далёкiм i недасяжным, а быць сапраўдным Эмануэлем — Богам з намi (пар. Мц 1, 23). Падчас Адвэнту заклікаю ўсіх звярнуць асаблівую ўвагу на чытанне Святога Пісання, бо Божае слова — гэта сам Езус Хрыстус, які прыходзіць да нас як Богачалавек. Час адвэнтавага чакання ў Год святога Апостала Паўла мусіць стаць часам новага ўсведамлення таго, што Божае слова заўсёды жывое і дзейснае (пар. Гбр 4, 12), што яно «трывае навекі» (Іс 40, 8; 1 П 1, 23–25) і змяняе чалавека. На шлях сапраўднага навяртання, падрыхтоўкі дарогi надыходзячаму Збаўцы i прыняцця Яго як уцелаўлёнага Слова нябеснага Айца, давяраючы ўсiх вас апецы Марыi — Маці дзейснага чакання — ад усяго сэрца благаслаўляю ў iмя Айца, i Сына i Духа Святога. Амэн. Арцыбiскуп Тадэвуш Кандрусевiч Мiтрапалiт Мiнска–Магiлёўскi г. Мiнск, 23 лiстапада 2008 г. Урачыстаць Хрыста Валадара Сусвету
11.05.2011 15:56
09.01.2012 08:26
23.02.2012 13:21
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця