Пошук

21.07.2009 18:40  
ПАДРЫХТАВАЦЦА ДА ПРЫЙСЦЯ ЎЦЕЛАЎЛЁНАГА СЛОВА

Пастырскае пасланне на Адвэнт 2008 года

1. Прадстаўнікі аднаго з афрыканскiх плямёнаў вельмi часта моляцца наступнымi словамi: «Ойча наш, спашлi нам сваё Слова». На пытанне, што азначае гэтая малiтва, яны адказваюць, што такiм чынам моляць Найвышэйшую Iстоту, каб паслала iм чалавека, якi вывеў бы iх на сапраўдную дарогу, дапамагаў бедным, быў лiтасцiвым да дзяцей, лячыў хворых, узмацняў iх, адарыў супакоем i дабрабытам. Гэтая малiтва язычнiкаў вельмi сугучная духу таго лiтургiчнага перыяду, які мы сёння раcпачынаем, — перыяду Адвэнту, часу чакання прыйсця Збаўцы.

2. «Ойча наш, спашлi нам сваё Слова». Гэтая афрыканская малiтва нагадвае нам пра прыйсце таго, каго так доўга чакала чалавецтва, — Богачалавека Езуса Хрыста. Аднак па сваёй сутнасцi Адвэнт не можа быць толькi ўспамінам пра падзеі, якія адбыліся больш за дзве тысячы гадоў таму. Ён павінен стаць часам глыбокага ўсведамлення і перажывання гэтай праўды. Адвэнт павінен стаць благаслаўлёным часам, калі мы нібы нанава будзем перажываць тыя доўгiя тысячагоддзi, на працягу якіх чалавецтва чакала Слова Божае, каб Яно сталася целам i жыло памiж нас; Слова, якое вядзе на добрую дарогу i прыносiць сапраўдны супакой. Чаканне, аднак, не можа праходзіць у дрымоце цi ў сне. Чаканне павінна быць чуваннем.

3. Не да сну, але да чування i тугі па Богу, які ёсць нашым Айцом, заклiкае нас у Адвэнце Касцёл. У гэты час ён прапануе нам разважаць над словамі прарока Iсаi, якога называюць евангелiстам Старога Запавету, бо ён прадказаў прыйсце Сына Божага (пар. Iс 40, 3–5). У Евангеллі Езус заклiкае нас чуваць і быць гатовымі да Ягонага прыйсця (пар. Мк 13, 32–37), і Касцёл вуснамi святога Яна Хрысцiцеля заахвочвае нас падрыхтаваць дарогу Збаўцы, які прыходзіць (пар. Мк 1, 3). Гэта азначае, што нам трэба перажываць Адвэнт не пасіўна, але актыўна.

Да дзейснага чування заклiкае нас i вобраз Марыi, якую Касцёл асаблiва праслаўляе i ўшаноўвае ў перыяд Адвэнту. Яна з глыбокаю вераю прымае вестку пра тое, што менавiта Яе Бог абраў стаць Маці Збаўцы. У Яе кароткім станоўчым адказе fiat — «няхай мне станецца паводле твайго слова» (Лк 1, 38) — праяўляецца Яе гатоўнасць стаць дзейснай удзельніцай вялікіх справаў Божых. Яна не спiць i не дрэмле, пасіўна чакаючы Збаўцу, але бярэ актыўны ўдзел у таямніцы Яго прыйсця ў гэты свет. Гэтую праўду асабліва выразна падкрэслiвае кардынал Ёзаф Ратцынгер — сённяшнi Папа Бэнэдыкт XVI — у сваёй вельмi папулярнай i фундаментальнай для нашай веры кнiзе «Уводзіны ў хрысцiянства». Ён пiша, што Марыя з’яўляецца вобразам чакаючага чалавецтва, якое давяраецца дзейнасцi праз дар Божай ласкі і абсалютнай любові, што дасць яму сэнс і збаўленне (пар. Йозеф Ратцингер. Введение в христианство. Москва, 2006, с. 232).

Ужо блiзкае Божае Нараджэнне, блiзкі Бог i блiзкая нашая вечнасць. Таму мы не маем права спаць i пасіўна чакаць. Трэба чуваць i рыхтавацца сустрэць прыходзячага Пана.

4. Лiтургiя Адвэнту нагадвае нам пра прыйсце Збаўцы. Найперш пра Яго гiстарычнае прыйсце больш за дваццаць стагоддзяў таму. Потым — пра Яго прыйсце ў Божым слове, у Эўхарыстыi і ў іншых сакрамэнтах. І нарэшце пра нашу сустрэчу з Iм у хвіліну завяршэння нашага зямнога жыцця і Яго другое прыйсце ў хвале ў канцы вякоў.

Кожны чалавек, безумоўна, ведае, што кожны пражыты дзень наблiжае яго да смерці, да таго моманту, калі Бог пакліча яго з гэтага свету. Гэта — праўда, пра якую ўсе мы ведаем, але не хочам пра яе гаварыць і нават думаць. Сучасны чалавек, асабліва малады, імкнецца як мага больш урачыста адсвяткаваць свой дзень нараджэння ці Новы Год. Аднак пры гэтым ён часцей за ўсё зусiм не задумваецца над тым, што стаў на год старэйшым, а гэта значыць, што яшчэ на год стаў бліжэй канец ягонага жыцця. Ён жыве пераважна адною хвiлiнаю i хоча ўзяць ад жыцця як мага больш у адпаведнасці з лацiнскаю сентэнцыяй carpe diem — «хапай момант». Насамрэч, з кожным днём усё бліжэй падыходзячы да канца нашага жыцця, мы ўсё больш набліжаемся да Бога, калi iдзем дарогаю, якую Ён сам нам паказаў.

5. У гэты час падрыхтоўкі да Божага Нараджэння Касцёл заклiкае нас з усёю адказнасцю і шчырасцю зазірнуць у нашыя сэрцы, у іх самыя цёмныя закуткi, бо менавіта там тояцца самыя пакрыёмыя нашыя імкненні. Найперш мы павінны адказаць сабе на шэраг пытанняў. Цi гатовае маё сэрца прыняць Збаўцу? Цi не скаванае яно грахом, празмернаю прывязанасцю да зямных справаў? Ці не трапіла маё сэрца ў палон амаральных сувязяў, што з’яўляюцца парушэннем Божага закону аб чыстасці, ці не знаходзіцца ў залежнасці ад адурманьваючай алкагольнай ці наркатычнай атруты? Ці не супраціўляецца яно Божай волі ў тым, што датычыцца еднасцi, адзiнства i непадзельнасцi сям’i як Творцам устаноўленага iнстытуту мужчыны i жанчыны, ці не шукае апраўдання палавых ненармальнасцяў, забойства ненароджаных дзяцей, пазбаўлення жыцця праз эўтаназiю невылечна хворых, кланавання чалавечых істотаў для здабыцця «запасных» органаў? Ці не паддалося сэрца спакусе адмовіцца ад хрысціянскіх каранёў і традыцый, ці няма ў ім імкнення да бескантрольнай свабоды рабіць, што хочацца, не звяртаючы ўвагі на Божыя запаведзі? Ці здольнае яно даваць адэкватную маральную ацэнку маіх паводзінаў? Ці не стала маё сэрца глухім да голасу Пана Бога?

Сёння мы перажываем вялiкi парадокс. Нават хрысцiяне чамусьці ўсё часцей спрабуюць шукаць мімалётнага задавальнення ў тым, што ў маральным сэнсе з’яўляецца грахоўным і ў выніку вядзе да роспачы і згубы. Жыццё многіх людзей нібы пацвярджае справядлівасць прымаўкі пра тое, што забаронены плод заўжды здаецца салодкім.

І чалавек зноў і зноў дае сябе ашукаць гэтак жа, як былі ўведзены ў зман першыя людзі — нашыя прабацькі Адам і Ева.

Вынікам іх непаслухмянасці стала страта раю, а цяжар першароднага граху лёг на ўсё чалавецтва. На жаль, чалавек часта забываецца пра гэтыя наступствы, забываецца пра тое, якім горкім у рэшце рэшт аказваецца адыход ад Бога, да чаго вядзе непаслухмянасць Ягоным запаведзям. Шукаючы недазволенай «слодычы», чалавек робіць памылковы выбар насуперак маральным нормам, пускае ў сваё сэрца агідную грахоўную гнілізну, якая ўсё больш i больш запаўняе сучасны свет. Такім чынам ён прычыняецца да будавання цывiлiзацыі нянавiсцi i смерцi, замест таго, каб будаваць цывiлiзацыю любовi i жыцця. Замест таго, каб з удзячнасцю прымаць з рук Творцы хлеб жыцця, ён беспаспяхова спрабуе насычацца гнілізнаю духоўнай смерці і прапануе гэта іншым. Так, як скамянелыя ў сваiх грахах фарысеi або цар Iрад не змаглi ўбачыць народжанага Збаўцу, так i глухiя да голасу прыходзячага Пана сэрцы не змогуць сустрэць Яго нават у свята Божага Нараджэння.

6. Таму заклiк святога Яна Хрысцiцеля зрабіць роўнымі дарогi Збаўцы, які прыходзіць (пар. Мк 1, 3), як i заклiк самога Хрыста да чування і навяртання (пар. Мк 13, 32–37) павінны стаць праграмаю нашай падрыхтоўкі да Божага Нараджэння. Гэты заклiк — гэта слова Божае, якое з’яўляецца крынiцаю нашай надзеi; слова, якое заусёды жывое i дзейснае (пар. Гбр 4, 12); слова, якое асвятляе нашае жыццё. I таму яно павінна дапамагчы нам падрыхтаваць дарогу прыходзячаму Збаўцы i спрыяць нашаму асабiстаму навяртанню. Трэба памятаць, што гэты заклiк не мае нiчога агульнага з неспакойным чуваннем вартаўніка, што вартуе дабро ад злодзеяў, але тугою па мiласэрным Богу.

Некаторым людзям бывае недаспадобы слова «навяртанне», і заклiк Касцёла да навяртання часта выклікае ў іх унутраны пратэст. Каму патрэбна навяртанне? Я рэгулярна хаджу ў касцёл, падтрымлiваю яго сваімі ахвяраваннямі, і мне яшчэ патрэбна навяртанне?! Няхай навяртаюцца бязбожнiкi, грэшнiкi, няверуючыя, але толькi не я! З такiмі цi падобнымі думкамi даводзіцца сустракацца не так ужо і рэдка. Аднак сумнаю праўдаю нашага жыцця з’яўляецца тое, што ўсе мы грашым, а таму няма ніводнага чалавека, якому б не было патрэбнае навяртанне. Яно з’яўляецца ўмоваю, без выканання якой немагчыма годна сустрэць Бога.

Навяртацца — гэта значыць кожны дзень нашага жыцця імкнуцца жыць па прыкладзе Хрыста, кожны дзень усё больш i больш прыпадабняцца да Яго, кожны дзень наследваць Яго, кожны дзень адракацца ад уласнага самалюбства i ад усялякага зла, кожны дзень усё больш i больш станавіцца дзецьмi Божымi, а таксама братамi i сёстрамi.

Навяртацца — гэта значыць пакінуць грахоўную дарогу, па якой мы ішлі дагэтуль, i вярнуцца на шлях святасці і праўды; змяніць сваё мысленне, змяніць сэрца i змяніць жыццё.

Час Адвэнту — спрыяльны час для таго, каб спытацца ў саміх сябе, цi нашае мысленне, сэрца i жыццё сапраўды з’яўляюцца хрысцiянскiмi? Наколькi мы з’яўляемся падобнымi да Хрыста? Цi iдзем за Iм? Цi ў сваiм жыццi кiруемся духам Евангелля?

Навяртацца не азначае таго, што, напрыклад, перад святам чалавек паспавядаўся, прыняў Камунію, а на наступны дзень ужо зноў жыве так, як жыў раней. Такі падыход несур’ёзны i не хрыцiянскі. Выкананне абрадаў без грунтоўнай змены жыцця — гэта не што iншае, як самападман, фармальнасць, выкананая «для птушачкі», бо насамрэч нiчога не было зроблена. Сапраўднае навяртанне — гэта ўпарадкаванне жыцця паводле наказаў Езуса, у адпаведнасці з Яго святым Евангеллем, рашучы разрыў са злом i грахом. Грэх — гэта заўсёды адыход ад Бога, а таму нашым адвэнтавым абавязкам павінна стаць вяртанне да Бога з дапамогаю Ягонай ласкi. У гэтым вяртаннi чалавек знойдзе сваё найбольшае шчасце.

Трэба памятаць, што пасведчанне хросту, прыналежнасць да пэўнай парафіі цi касцёльнай супольнсцi, і нават касцёльная ўзнагарода не з’яўляюцца гарантыяй збаўлення. У вачах Бога сапраўдную каштоўнасць мае толькi пазітыўны адказ на Ягоны заклiк.

Трэба памятаць, што Бог дае ласку навяртання i такім чынам прапануе чалавеку збаўленне, пакідаючы яму поўную свабоду выбару. Бог нiкога ні да чаго не змушае. Ён толькі прапануе, а чалавек або прымае прапанову, або не.

Бог не з’яўляецца нашым даўжнiком. Наадварот, мы — ягоныя даўжнікі i таму павінны прасiць Яго: «Адпусцi нам правiны нашыя». Мы можам навяртацца кoжны дзень, але нiколi не будзем навернутымi дастаткова, бо толькi адзiн Бог з’яўляецца дасканалым.

7. Дарагiя браты i сёстры, на пачатку новага лiтургiчнага года, якi распачынаецца Адвэнтам, прымем глыбока ў нашыя сэрцы заклiк да навяртання i падрыхтоўкі дарогi надыходзячаму Збаўцы. Гэта адзiная ўмова годнай падрыхтоўкі да Божага Нараджэння. Калі яна будзе выканана, гэтае свята стане для нас часам, калi Нябесны Айцец сапраўды спашле нам сваё спрадвечнае Слова — нашага Збаўцу; станецца часам нараджэння Бога ў нашых сэрцах. Тады нашыя супольнасці стануць сучасным Бэтлеемам, дзе неспасцігальны i iсны па-за часам Бог уцелавiўся, прыняў вобраз чалавека i з’явiўся нам з чалавечымі сэрцам i абліччам, каб больш не быць Богам далёкiм i недасяжным, а быць сапраўдным Эмануэлем — Богам з намi (пар. Мц 1, 23).

Падчас Адвэнту заклікаю ўсіх звярнуць асаблівую ўвагу на чытанне Святога Пісання, бо Божае слова — гэта сам Езус Хрыстус, які прыходзіць да нас як Богачалавек. Час адвэнтавага чакання ў Год святога Апостала Паўла мусіць стаць часам новага ўсведамлення таго, што Божае слова заўсёды жывое і дзейснае (пар. Гбр 4, 12), што яно «трывае навекі» (Іс 40, 8; 1 П 1, 23–25) і змяняе чалавека.

На шлях сапраўднага навяртання, падрыхтоўкі дарогi надыходзячаму Збаўцы i прыняцця Яго як уцелаўлёнага Слова нябеснага Айца, давяраючы ўсiх вас апецы Марыi — Маці дзейснага чакання — ад усяго сэрца благаслаўляю ў iмя Айца, i Сына i Духа Святога. Амэн.

Арцыбiскуп Тадэвуш Кандрусевiч
Мiтрапалiт Мiнска–Магiлёўскi

г. Мiнск, 23 лiстапада 2008 г.
Урачыстаць Хрыста Валадара Сусвету
Абноўлена 05.06.2017 13:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа