Пошук

28.02.2012 15:01  

«…Хрысціянская Сaritas з’яўляецца, перш за ўсё, адказам на тое, што ў канкрэтнай сітуацыі мае непасрэдную важнасць: галодныя павінны быць насычаны, голыя апрануты, хворых трэба лячыць з надзеяй на выздараўленне, вязняў трэба наведваць і г. д. Дабрачынныя арганізацыі Касцёла, пачынаючы ад Сaritas (на дыяцэзіяльным, нацыянальным і міжнародным узроўні), павінны зрабіць усё магчымае, каб былі адпаведныя сродкі і, у першую чаргу, каб былі людзі, здольныя выконваць такую працу» (DCE, 31 a).

Тэкст на польскай мове >>>

Да духавенства, кансэкраваных асобаў, вернікаў i ўсіх людзей добрай волі!

Традыцыйна ў III Нядзелю Вялікага посту адзначаецца Нацыянальны дзень «Caritas». У гэтым годзе ён будзе ўжо IX, што пацвярджае важнасць i неабходнасць перажывання такога дня, калі мы скіроўваем свае думкі і сэрцы да людзей убогіх, якія знаходзяцца ў патрэбе, а таксама да тых, хто бескарысліва апякуецца імі. Аднак перш чым распачнём разважанне над гэтай дабрачыннай дзейнасцю Касцёла, давайце вернемся да сённяшніх чытанняў, да кнігі Зыходу, у якой прадстаўлены Бог, які, з аднаго боку, апякуецца выбраным народам, а з другога з’яўляецца патрабавальным.

Патрабаванні, пра якія ідзе гаворка, гэта не што іншае, як «Дэкалог» запаведзяў, перададзеных Богам праз пасрэдніцтва Майсея, які павёў выбраны народ з егіпецкай зямлі ў Абяцаную зямлю. Памятаем, што выбраны народ прыняў «Дэкалог» як абавязацельства i ўдзячнасць за вызваленне з няволі. Мы пачулі тое, што ведаем ужо вельмі добра: «Не май іншых багоў апроч Мяне; шануй бацьку свайго і маці сваю, не забівай, не чужалож, не крадзі» і г.д. Усё гэта было дадзена чалавеку, каб аблегчыць яму жыццё, каб усталяваць парадак i гармонію ў выбранай супольнасці. Аднак гісторыя выбранага народу паказвае, што чалавек хутка забыў пра свае абавязацельствы, неаднойчы рабіў ідалаў са срэбра i золата, адмаўляючы гэтым у паслухмянасці адзінаму Богу. Далейшая гісторыя, да нараджэння i пасля нараджэння Хрыста, паказвае, што чалавек шмат разоў здраджваў Бога, парушаючы Яго запаведзі. І так дзеецца да сённяшняга дня. Для адных Дэкалог — гэта благаслаўленне, іншыя бачаць у ім абмежаванне сваёй свабоды. Але, як кажа св. Павел, «юдэі патрабуюць знакаў, а грэкі шукаюць мудрасці. Мы ж абвяшчаем Хрыста ўкрыжаванага, які для юдэяў — прычына ўпадку, для язычнікаў — глупства, а для тых, хто пакліканы, і юдэяў, і грэкаў, Ён — Хрыстус, Божая моц і Божая мудрасць» (1 Кар 1, 22–24).

Хрыстус, які для пакліканых з’яўляецца Божай моцай i мудрасцю, з прыйсцем у свет у чалавечай постаці прынёс дапаўненне Дэкалогу — запаведзь любові да Бога i бліжняга. «Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душою тваёю, і ўсім розумам тваім, a бліжняга твайго, як самога сябе». Паўстае пытанне: як можна палюбіць таго, каго ты ніколі не бачыў, г.зн. Бога? Адказ дае нам Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у цытаванай ужо энцыкліцы «Бог ёсть любоў», кажучы, што «сапраўды, ніхто ніколі не бачыў Бога такім, якім Ён ёсць. Аднак Бог не з’яўляецца для нас цалкам нябачным, Ён не застаецца для нас поўнасцю недасяжным. Бог першы палюбіў нас, як кажа ўзгаданае вышэй Пасланне св. Яна (пар. 1 Ян 4, 10), і гэтая любоў Бога аб’явілася сярод нас, зрабілася бачнай, таму што Ён „паслаў у свет Сына свайго Адзінароднага, каб мы жылі праз Яго“ (1 Ян 4, 9). Бог зрабіўся бачным: у Езусе мы можам бачыць Айца (пар. Ян 14, 9)» (DCE, 17). Любоў да Бога i любоў да бліжняга непадзельныя: яны з’яўляюцца адной запаведдзю. Аднак яны абедзве чэрпаюць жыццё з любові, што паходзіць ад Бога, які першым палюбіў нас.

Умілаваныя браты і сёстры! Як канкрэтна мы павінны любіць бліжняга? Адказ дае Святое Пісанне, паказваючы сцэну Апошняга Суду. Тыя, хто рабіў добрыя ўчынкі, увойдуць у вечнае жыццё, тыя ж, хто рабіў дрэнныя ўчынкі, пойдуць на загубу. «Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі» (Мц 25, 40), — кажа Пан Езус тым, каго паставіў па сваёй правіцы. Але былі таксама тыя, хто стаяў ад Яго злева. І яны пачулі словы Пана Езуса, але крыху іншыя: «Чаго вы не зрабілі аднаму з гэтых меншых, таго не зрабілі Мне» (Мц 25, 45). Папа Бэнэдыкт XVI кажа, што «галодныя павінны быць насычаны, голыя апрануты, хворых трэба лячыць з надзеяй на выздараўленне, вязняў трэба наведваць і г. д» (DCE, 31a). Гэта, браты і сёстры, пакліканне i абавязак кожнага чалавека; гэта пакліканне i абавязак супольнасці народаў; гэта пакліканне i абавязак дабрачынных арганізацый, але гэта таксама пакліканне i абавязак супольнасці Касцёла. Таму «дабрачынныя арганізацыі Касцёла, пачынаючы ад Сaritas (на дыяцэзіяльным, нацыянальным і міжнародным узроўні), павінны зрабіць усё магчымае, каб былі адпаведныя сродкі і, у першую чаргу, каб былі людзі, здольныя выконваць такую працу» (DCE, 31 a).

Адзначаючы IX Нацыянальны дзень «Caritas» у Беларусі, будзем наследаваць святых, якія ўчынілі сваё жыццё вялікім служэннем Богу i бліжняму. Асабліва згадваецца постаць св. Марціна Турскага, які спачатку быў жаўнерам, затым манахам і ўрэшце біскупам. Ён да канца зразумеў словы Хрыста наконт любові да бліжняга, таму раздаў усё, што меў. Святы Антоній, абат, даў сведчанне вялікага служэння бліжняму. Пазнаючы Бога, адчуў, што павінен змяніць усё сваё жыццё і прысвяціць сябе служэнню Богу i бліжняму. Нельга не ўзгадаць дзейнасці ў справе хрысціянскай фармацыі, скіраванай перадусім на ўбогіх, якую вялі перш за ўсё манаскія і жабрацкія законы, a потым розныя мужчынскія і жаночыя інстытуты кансэкраванага жыцця на працягу ўсёй гісторыі Касцёла.

Сярод рознай дабрачыннай дзейнасці Касцёла, таксама і Касцёла ў Беларусі, вылучаецца фонд «Caritas». Ён аб’ядноўвае шэраг людзей, якія дапамагаюць тым, хто патрабуе нашай дапамогі. Вакол гэтага фонду збіраюцца маладыя людзі, каб бясплатна, у духу Евангелля служыць убогім, хворым, вязням, пажылым людзям. «Caritas» у Беларусі актыўна ўключаецца ў гэтую дзейнасць, услухоўваючыся ў словы Хрыста: «Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі» (Мц 25, 40).

Сёння, у час крызісу, як маральнага, так і эканамічнага, гэты заклік становіцца найбольш актуальным. Эканамічны крызіс садзейнічае таму, што ў грамадстве ўсё больш з’яўляецца духоўнай і матэрыяльнай беднасці, усё больш залежнасцяў і паталогіі. Многія патрабуюць дапамогі. I менавіта такую дапамогу нясе Каталіцкі Касцёл праз разнастайную дзейнасць, таксама і дабрачынную дзейнасць «Caritas». Зразумела, кожная дабрачынная пазаўрадавая арганізацыя існуе дзякуючы добразычлівасці i ахвярнасці спонсараў, дабрадзеяў з розных дзяржаў, а таксама вернікаў. Без вашай падтрымкі і вашых ахвяраў існаванне і дзейнасць «Caritas» былі б немагчымымі. Спадзяемся і сёння на вашыя ахвяры, якія падтрымаюць нашую справу дапамогі патрабуючым. Чалавек патрабуе ахвярнасці, спадзеючыся на дапамогу з боку іншых тады, калі прыйдзе яго час. Таму, браты і сёстры, будзьце ахвярнымі, падтрымліваючы «Caritas».

Няхай таксама гэты дзень, IX Нацыянальны дзень «Caritas», будзе магчымасцю выказаць сваю ўдзячнасць усім, хто актыўна ўдзельнічае ў дзейнасці гэтай арганізацыі. Выкажам удзячнасць усім валанцёрам, якія часта, нягледзячы на цяжкасці, прысвячаюць свой вольны час іншаму чалавеку. Таксама і вас, хто малітоўна і фінансава падтрымлівае дабрачынную дзейнасць Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, ахопліваем сваім сэрцам.

Марыя, якая паспяшыла да цяжарнай Альжбеты, каб дапамагаць ёй, няхай падтрымлівае ўсіх вас у дзейнасці на карысць убогіх.

Ад сэрца ўсіх Вас благаслаўляем
Каталіцкія Біскупы Беларусі

Гэты ліст трэба прачытаць ва ўсіх касцёлах Беларусі ў III Нядзелю Вялікага посту, 11 сакавіка 2012 г.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч
Старшыня ККББ


Біскуп Антоній Дзям’янка
Генеральны Сакратар ККББ
Старшыня Рады па справах дабрачыннасці,
Міру і справядлівасці


Абноўлена 05.06.2017 13:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця